Вы тут

У Беларусі прайшоў рэспубліканскі суботнік. Сабралі галоўнае


Наталля Качанава: Выдатна, што мы ўсе ў адзіным парыве робім для сваёй краіны важныя і патрэбныя справы

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ўзяла ўдзел у рэспубліканскім суботніку. Спікер верхняй палаты парламента, сенатары і работнікі сакратарыяту разам са школьнікамі, сувораўцамі, членамі БРСМ і Маладзёжнага парламента добраўпарадкавалі тэрыторыю мемарыяльнага комплекса «Масюкоўшчына», дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся канцэнтрацыйны лагер смерці і загінула каля 80 тысяч чалавек. 

Комплекс быў абраны невыпадкова — у Год гістарычнай памяці такія месцы мусіць наведаць кожны. Ён знаходзіцца пад патранатам Савета Рэспублікі, а Наталля Качанава асабіста апякуецца размешчаным на тэрыторыі комплекса музеем. 

— Традыцыйна ў нашай краіне ў красавіку праводзіцца рэспубліканскі суботнік. Хаця, вядома, у Мінску прыводзіць у парадак гарадскія тэрыторыі, мемарыяльныя комплексы пачалі ўжо даўно, бо быў аб’яўлены месячнік па навядзенні парадку. Але мы ўсе разам у гэты дзень, калі аб’яўляецца рэспубліканскі суботнік, выходзім, каб зрабіць нашу краіну больш прыгожай, прывесці ў парадак нашы гарады, раённыя цэнтры. Сёння мы высаджваем ядловец у гэтым святым месцы не толькі для гараджан, але і для жыхароў усёй Беларусі. Гэта наша памяць. І ў Год гістарычнай памяці гэтыя падзеі асабліва адклікаюцца ў сэрцы кожнага з нас. Сёння мы разам, і гэта цудоўна. Выдатна, што мы ўсе ў адзіным парыве робім для сваёй краіны важныя і патрэбныя справы, — адзначыла Наталля Качанава.

Сімвалічна, што менавіта моладзь было вырашана заахвоціць да прыборкі тэрыторыі разам з прадстаўнікамі ўлады. Таму вучні школ Цэнтральнага раёна сталіцы, курсанты сувораўскага вучылішча, Маладзёжны парламент і члены БРСМ — усяго каля 200 прадстаўнікоў працоўнага дэсанту — высадзілі кусты ядлоўцу, елкі і іншыя дрэвы, прыбралі і добраўпарадкавалі тэрыторыю мемарыяльнага комплекса. 

— Школьнікі, сувораўцы, дзеці нашых супрацоўнікаў, Маладзёжны парламент — мы разам, таму што павінны перадаваць тыя слаўныя традыцыі, якія ёсць у нашай маладой Беларусі, нашай моладзі і наступным пакаленням. Гэта важна, што ёсць такая пераемнасць, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Мемарыяльны комплекс «Масюкоўшчына» — помнік ваеннапалонным і мірнаму насельніцтву, сагнанаму з Мінска і навакольных вёсак. У гады Вялікай Айчыннай гэта быў адзін з буйных канцэнтрацыйных лагераў смерці на акупаванай немцамі савецкай тэрыторыі, насіў назву «Шталаг-352». Тут прымянялася асабліва жорсткая сістэма катаванняў, а людзі ўтрымліваліся не толькі ў барака і хлявах, але і пад адкрытым небам у любую пару года, ад чаго пераважная іх большасць гінула амаль адразу. З ліпеня 1941 года па 3 ліпеня 1944 года ў «Шталагу-352» загінула каля 80 тысяч салдат і афіцэраў, а таксама мірных жыхароў. Сёння ў іх гонар у парку ўстаноўлена белая ратонда, дзе пад шклом ляжыць Кніга Памяці, у якую занесены прозвішчы каля 10 тысяч былых вязняў «Шталага-352», якія ўдалося ўстанавіць. А вось імёны больш за 70 тысяч загінулых да гэтага часу так і застаюцца невядомымі.

— Члены Савета Рэспублікі, яго сакратарыят патраніруем гэта месца, наводзім парадак. Падзеі разгортваліся на гэтай тэрыторыі жудасныя: людзі знаходзіліся ў канцлагеры пад адкрытым небам у любое надвор’е, зімой. Сёння тут знаходзіцца храм, ёсць музей. І гэты музей павінен наведаць кожны для таго, каб памятаць, ведаць і не дапусціць такой трагедыі, якую перажылі нашыя старэйшыя пакаленні, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Алена КРАВЕЦ


Андрэйчанка: сумесная праца на агульную карысць — шматвяковая славянская традыцыя

Сумесная праца на агульную карысць — шматвяковая славянская традыцыя, заявіў журналістам падчас рэспубліканскага суботніка старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, перадае БелТА.

Сёння дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прымаюць удзел у рэспубліканскім суботніку. Парламентарыі працуюць на аб’ектах, размешчаных у выбарчых акругах. У Мінску група дэпутатаў на чале са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам прымае ўдзел у добраўпарадкаванні парку Дружбы Народаў на пляцоўцы побач з прыходам Храма іконы Божай Маці «Спатоленне загінулых».

На мерапрыемстве парламентарыі азнаёмяцца з гісторыяй храма і ўскладуць кветкі да памятнага знака «Ахвярам Чарнобыля».

«Сумесная праца на агульную карысць — гэта шматвяковая славянская традыцыя. І мы ведаем, што нашы продкі ў няпростыя часы аднаўлялі нашу краіну, вялі грандыёзныя будоўлі, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка. — У Год гістарычнай памяці мы ўспамінаем тых, хто аддаў сваё жыццё за Радзіму не толькі ў ваенны, але і ў мірны час. Таму сёння мы прыйшлі на гэта месца, каб прадоўжыць добраўпарадкаванне тэрыторыі, на якой знаходзіцца храм і памятны знак у гонар подзвігу ліквідатараў і ахвяр Чарнобыльскай трагедыі».

Спікер канстатаваў: «Гэтым мы падкрэсліваем, што мы памятаем, шануем беларускія традыцыі, падтрымліваем сувязь пакаленняў. Думаю, што гэта вельмі важна, асабліва ў наш час».

Фота Віктара ДРАЧОВА


Сергеенка: у Год гістарычнай памяці сістэматызуем усе памятныя мясціны Беларусі

Калектыў Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі прыняў удзел у рэспубліканскім суботніку ў мемарыяльным комплексе ў вёсцы Літавец Дзяржынскага раёна, перадае БелТА.

Работнікі Адміністрацыі Прэзідэнта ўсклалі вянкі і кветкі да мемарыяльнага комплексу і ўшанавалі бязвінна знішчаных у час Вялікай Айчыннай вайны мірных жыхароў мінутай маўчання.

«У Год гістарычнай памяці арганізуем шэраг розных мерапрыемстваў, адзін з напрамкаў — правесці сістэматызацыю ўсіх нашых памятных мясцін, такіх як вёска Літавец, пахаванняў, месцаў баявых дзеянняў. Увекавечваючы памяць, мы павінны ўспамінаць людзей, якія пралівалі кроў, гінулі за нашу Радзіму», — сказаў Ігар Сергеенка.

Паводле яго слоў, трэба прыводзіць сюды моладзь і больш расказваць аб гераічным і трагічным мінулым краіны. «Сёння нам расказала экскурсавод, дырэктар Дзяржынскага гісторыка-краязнаўчага музея Галіна Вашкевіч, аб трагічных днях 1941 года. 29 вёсак за ўвесь час вайны ў раёне былі знішчаны. Тры вёскі, у тым ліку Літавец, не адрадзіліся. Тут дзейнічаў партызанскі атрад, які аказваў супраціўленне ворагу. У 1943 годзе карная аперацыя абарвала жыцці 196 чалавек, якія пражывалі ў вёсцы ціхім, спакойным, мірным жыццём да вайны, а затым змагаліся з фашыстамі, — расказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Такіх вёсак сотні на тэрыторыі Беларусі. На могілках вёсак у мемарыяльным комплексе ў Хатыні адлюстравана кароткая гісторыя гэтага населенага пункта».

Працоўны дэсант добраўпарадкоўвае мемарыяльны комплекс, прыбіраючы прылеглую тэрыторыю і высаджваючы саджанцы елкі. «Усе настроены на актыўную работу. Суботнік — гэта традыцыя. Заўсёды, калі прыходзіць вясенні час, фарбаванне аб’ектаў, пасадка дрэў, будаўнічыя работы — гэта ў нейкім сэнсе ачышчэнне, адраджэнне прыроды перад набліжэннем лета. Трэба дапамагчы гэтым працэсам», — звярнуў увагу Ігар Сергеенка.

Вёска Літавец была знішчана ў час карнай аперацыі «Якаб» 14 студзеня 1943 года. У 1956 годзе на месцы вёскі паставілі невялікі помнік, а на паўднёвай ускраіне — помнік партызанам атрада «Баявы». У 1986 годзе на месцы вёскі аўтарская група пад кіраўніцтвам Святланы Баравой узвяла мемарыяльны комплекс.

Фота Анатоля КЛЯШЧУКА


Галоўчанка: мы зараз па-новаму адкрываем трагічныя старонкі гісторыі Беларусі

Мы зараз па-новаму адкрываем трагічныя старонкі гісторыі Беларусі, сказаў сёння прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка ў час рэспубліканскага суботніка, перадае БелТА.

«Мы цяпер па новай адкрываем для сябе трагічныя старонкі гісторыі Беларусі. Заўсёды на слыху былі найбольш значныя помнікі, да якіх былі пратаптаныя шырокія сцежкі, якія наведвалі дэлегацыі і турысты, — гэта Хатынь, Трасцянец, Трэблінка. Цяпер дзякуючы працы гісторыкаў, Генеральнай пракуратуры, якая расследуе справу аб генацыдзе беларускага народа, мы зноўку адкрываем гэтыя трагічныя старонкі», — сказаў Раман Галоўчанка.

Прэм’ер-міністр адзначыў, што цяпер пагроза нацызму і генацыду па розных прыкметах нікуды не сышла.

«Уся Беларусь пакрыта ранамі. Чым больш мы будзем памятаць пра іх, тым ярчэй будзе наша гатоўнасць змагацца за суверэнітэт, незалежнасць краіны. Спадзяюся, мы зможам ніколі больш не дапусціць паўтарэння падобнага ў гісторыі нашага народа», — падкрэсліў ён.

Прэм’ер-міністр разам з намеснікамі і супрацоўнікамі апарата Саўміна працаваў у Чэрвеньскім раёне на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Папова града», дзе падчас вайны нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі цэлую вёску. Раман Галоўчанка заклаў тут алею з клёнаў. Побач з кожным помнікам, які сімвалізуе спалены дом, прадстаўнікі Саўміна пасадзілі рабіны.


Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта: аднаўленне лясной гаспадаркі — адзін з важных напрамкаў нашай працы

Аднаўленне лясной гаспадаркі — адзін з важных напрамкаў нашай працы, заявіў журналістам у час рэспубліканскага суботніка Кіраўнік справамі Прэзідэнта Валерый Іваноў, перадае БелТА.

Сёння Валерый Іваноў разам з работнікамі апарата кіраўніка справамі Прэзідэнта наводзіў парадак на тэрыторыі брацкай магілы экіпажа самаходнай прылады танкістаў 25-га асобнага гвардзейскага знішчальна-супрацьтанкавага дывізіёна 26-й гвардзейскай стралковай дывізіі ў вёсцы Шаршуны Мінскага раёна. Далей у ДЛГУ «Краснасельскае» Мінскага раёна прайшлі высадкі саджанцаў елкі звычайнай.

«Усе работнікі апарата кіраўніка справамі Прэзідэнта сёння выйшлі на рэспубліканскі суботнік», — адзначыў Валерый Іваноў.

Паводле яго слоў, усе супрацоўнікі загадзя былі размеркаваны па прадпрыемствам і арганізацыям. «Частка супрацоўнікаў працуе сёння на сельскагаспадарчых прадпрыемствах, частка — выехала ў замацаваныя за намі арганізацыі, — падкрэсліў кіраўнік спраў Прэзідэнта. — Аднаўленне лясной гаспадаркі — адзін з важных напрамкаў нашай працы. Штогод пры непасрэдным удзеле нашых супрацоўнікаў атрымоўваецца аднавіць каля 1,5 тыс.га лесу. Немалыя намаганні накіраваныя таксама і на догляд, на распрацоўку лясных угоддзяў».

Валерый Іваноў адзначыў, што сіламі супрацоўнікаў кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, прыцягнутымі арганізацыямі, за тыдзень высаджана 300 га лесу. «І гэта далёка не канчатковы вынік. Мы не толькі праводзім высадку дрэў, але і ўдзельнічаем у нарыхтоўчых і аднаўленчых працах», — канстатаваў ён.

У Беларусі 16 красавіка праходзіць рэспубліканскі суботнік. Будуць добраўпарадкаваны і прыведзены ў парадак рабочыя месцы, аб’екты і тэрыторыі населеных пунктаў, гісторыка-культурныя каштоўнасці, мемарыяльныя комплексы, месцы баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны. Пры гэтым галоўны прынцып удзелу ў рэспубліканскім суботніку — добраахвотнасць.

Фота «СБ. Беларусь сёння»


На месцы Шталага 324 у Гродне з’явіцца мемарыяльны комплекс

Аб гэтым падчас суботніка паведаміў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.

У Гродзенскай вобласці нямала знакавых месцаў, якія звязаны з увекавечваннем памяці ахвяраў вайны. Усе яны будуць ахоплены ўвагай падчас суботніка.

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Ўладзімір Каранік разам з іншымі работнікамі аблвыканкама прыняў удзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі воінскага пахавання — Шталагу 324. Гэта лагер ваеннапалонных, якія стаяў у раёне воінскай часткі на Фолюшы і Каўбасіно і быў створаны ў першыя дні вайны. Лагер існаваў з 1941 па 1945 гады і займаў плошчу ў 50 гектараў. За пару гадоў праз яго прайшлі 36 тысяч чалавек, 15 тысяч ваеннапалонных і мірных жыхароў было растраляна. На гэтым месцы ўстаноўлены высокі помнік.

— Жыхары вобласці вельмі актыўна адгукнуліся на заклік выйсці на суботнік. Мы бачым, што ідзе работа па навядзенні парадку на прыдамавых тэрыторыях, установах і арганізацыях. Мы для работы органаў улады абралі месца Шталаг 324 — перасылачны лагер, дзе загінулі тысячы людзей, і наша задача — навесці тут парадак. Лічу, што ў Год гістарычнай памяці менавіта такім месцам варта надаваць асаблівую ўвагу, гэта наш святы абавязак. Прыемна, што ў акцыі прымаюць удзел кадэты, значыць сувязь пакаленняў захоўваецца, мы перадаём гэты памяць моладзі, каб гэта бяда больш ніколі не прыйшла на нашу зямлю, — зазначыў Уладзімір Каранік.

Па словах кіраўніка рэгіёна, ёсць намер стварыць на месцы шталага цэлы мемарыяльны комплекс. Сёлета будуць праведзены перадпраектныя работы па яго далейшай рэканструкцыі. Мяркуецца, што плошча будучага мемарыяла складзе 2,5 гектары. Тут плануецца размясціць не толькі экспазіцыю былога лагеры ваеннапалонных, але і дадаць інфармацыю па вызваленні ўсіх раёнаў Беларусі. На тэрыторыі мемарыяла прапануецца стварыць інсталяцыю канцлагера з зямлянкамі і вагонамі, на якіх прывозілі палонных. Асобная экспазіцыя будзе прысвечана спаленым вёскам Гродзеншчыны са «Званом памяці». Будуць працаваць светадыёдныя экраны.

Таксама ёсць намер узвесці побач з мемарыялам царкву. Такім чынам, гэта тэрыторыя стане сапраўдным мемарыяльным комплексам, дзе кожны прысутны зможа адчуць усе жахі вайны.

У Год гістарычнай памяці асаблівая ўвага надаецца азеляненню, добраўпарадкаванні тэрыторыі, прывядзенне ў належны стан мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, месцам пахавання воінаў і партызан часоў Вялікай Айчыннай вайны. Сродкі суботніка будуць накіраваны на фінансаванне рамонта і мадэрнізацыі мемарыяльнага комплекса «Хатынь».

Дарэчы, у мінулым годзе гродзенцамі на суботніку зарабілі 770 тысяч рублёў. Большая частка сродкаў была накіравана на ахову здароўя рэспублікі, умацаванне матэрыяльна тэхнічнай базы медыцынскіх устаноў. А сродкі, якія засталіся ў рэгіёне пайшлі на рамонт і рэканструкцыю гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ


У Магілёўскай вобласці суботнік прайшоў пад знакам Года гістарычнай памяці

Пасадка дрэў, добраўпарадкаванне тэрыторый аб’ектаў і населеных пунктаў, гісторыка-культурных каштоўнасцей, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызан часоў Вялікай Айчыннай вайны — гэтыя кірункі сталі асноўнымі, дзе падчас рэспубліканскага суботніка шчыравалі жыхары Магілёўшчыны. 

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка быў заняты на работах у Клічаўскім раёне, дзе знаходзіцца мемарыял у гонар партызанаў у Усакіна. Разам з прадстаўнікамі абласной улады і Клічаўскага раёна ён закладваў ліпавую алею ў памяць аб спаленых вёсках Вязень і Сялец. «Галоўны прынцып удзелу ў рэспубліканскім суботніку — добраахвотнасць, — падкрэсліў ён. — Людзі маюць магчымасць унесці ўклад у добрую справу па добраўпарадкаванні і прывядзенні ў належны стан аб’ектаў і тэрыторый мемарыяльных помнікаў, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым годзе мы адзначаем Год гістарычнай памяці і ўсе работы на суботніку звязаныя з гэтымі падзеямі.»
Губернатар падкрэсліў, што сёння робяцца спробы сказіць гісторыю і раскалоць грамадства. «Нас прымушаюць забыцца пра той жах, які перажыў беларускі народ, — рэзюмаваў Анатоль Ісачанка. — У такіх месцах, як гэта, дзе ў жніўні 1942-га года былі спалены разам з жыхарамі вёскі Вязень і Сялец, востра разумееш, як важна помніць і захоўваць дакладную гісторыю. Бо няма нічога больш важнага, чым мірнае неба над галавой. Калі глядзіш навіны і чытаеш, што сёння адбываецца ў свеце, яшчэ мацней разумееш — у аснове павінны быць мір і спакой.»

У Магілёве адной з масавых пляцовак стаў парк Падміколле. Магілёўскі гарвыканкам на чале з мэрам горада Уладзімірам Цумаравым закладваў там кляновыя і дубовыя алеі. 

— Парк з кожным годам становіцца ўсе лепш і лепш, — паведаміў Уладзімір Міхайлавіч карэспандэнту «Звязды». — Гэта будзе цудоўная пляцоўка на плошчы 124 гектара, усю гэтую вялікую тэрыторыю прывядзем у парадак,установім малыя архітэктурныя формы, зробім дадатковыя аб’екты культурна-забаўляльнага прызначэння. Ён адзначыў, што хоць надвор’е ветранае і дажджлівае, але сама атмасфера, якая пануе на пляцоўцы, стварае ўтульнасць. 
На асобных участках парка дыслацыраваліся гарадскія і абласныя службы — упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама, Камітэт дзяржкантролю, пракуратура і іншыя. Камітэт дзяржкантролю заклаў алею яшчэ ў 2019-м годзе, на гэты раз супрацоўнікі пасадзілі тут новыя дрэвы і пачысцілі камень-памятны знак.
Па ўсяму гораду каля ведамстваў, арганізацый і прадпрыемстваў іх супрацоўнікі наводзілі марафет, мылі і фарбавалі агароджу, прыбіралі смецце, чысцілі бардзюры. 

Наведзены парадак на мемарыяльным комплексе «Зямлянка» і брацкай магіле на вуліцы Лазарэнка ў Магілёве. Удзел у добраўпарадкаванні мемарыялу батальёну міліцыі ў вёскі Гаі прынялі міністр МУС Іван Кубракоў і яго намеснік Дзмітрый Карзюк

Аблкамітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з актывам БРСМ правёў акцыю па уборцы заказніка «Пячэрскі лесапарк». У рамках акцыі «Дрэва героя», ініцыяванай Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, пасаджана алея з 25 туй у парку 20 гадоў Перамогі у Бялынічах, праведзена добраўпарадкаванне і пасадка дрэў на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу ў вёсцы Рабавічы Слаўгарадскага раёна.

Грошы, заробленыя на суботніку, часткова будуць накіраваны на капітальны рамонт з мадэрнізацыяй і элементамі рэстаўрацыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і Таццяны ПАДЛІПСКАЙ


Віктар ХРЭНІН: Год гістарычнай памяці аб’ядноўвае наш народ 

Міністр абароны разам з калектывам працаваў у вёсцы Юхнаўка, якая знаходзіцца непадалёк ад Мінска. Тут устаноўлены абеліск невядомаму салдату. У гэтым месцы пахаваны чырвонаармеец, які ў 1941-м годзе загінуў падчас абароны населенага пункта.

— Кіраўніком дзяржавы 2022 год аб’яўлены Годам гістарычнай памяці: гэта тое, што аб’ядноўвае наш народ, — адзначыў міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар ХРЭНІН. — Гэта той фундамент, на якім будуецца наша будучыня. Не дай бог нашым людзям забыцца пра нашу гісторыю. Мы добра ведаем, што той народ, які не памятае сваю гісторыю, свае карані, не мае будучыні. Памяць аб абаронцах нашай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны асабліва актуальная для беларускага народа. Народа, які ў гады вайны адчуў генацыд.

Гэта асабліва актуальна, па словах кіраўніка абароннага ведамства, у нашы дні: калі захад агрэсіўна навязвае сваё меркаванне, ідзе мілітарызацыя, адраджаецца нацызм, льюцца плыні бруду і падману. «Для нас важна захоўваць гістарычную памяць, перадаць яе будучаму пакаленню, як абярэг, — акцэнтаваў увагу Віктар Хрэнін. — Мы павінны памятаць і ведаць кожнае такое месца на нашай зямлі, а ў нашай краіне іх вельмі шмат. Той народ, які шануе памяць аб продках, якія аддалі свае жыцці, абаранялі для нас мірнае неба, лічыцца годным нашчадкам народа-пераможцы. Гэта свайго роду прышчэпка ад экстрэмізму, радыкалізму і фашызму, які квітнее каля нашых граніц. Галоўная задача Узброеных Сіл — абараніць нашу зямлю, нашых людзей, нашы сем’і. Мы робім гэта разам, шануючы і памятаючы традыцыі, закладзеныя нашымі продкамі».

Вераніка КАНЮТА

Фота «Ваяр»


Кіраўніцтва МУС прыняло ўдзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі мемарыяльнага комплексу на Магілёўшчыне

Мемарыял, прысвечаны байцам батальёна міліцыі Канстанціна Уладзімірава, знаходзіцца ў вёсцы Гаі непадалёк ад абласнога цэнтра. На гэтым рубяжы абароны Магілёва з 12 па 18 ліпеня 1941 года батальён міліцыі капітана Уладзімірава вёў няроўны бой з акупантамі. Шэсць сутак без адпачынку — міліцыянеры стаялі на смерць. З 250 байцоў падраздзялення ў жывых засталося ўсяго 19 чалавек...

Як адзначыў падчас суботніка міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Іван КУБРАКОЎ, сёння будуць разгледжаны пытанні, звязаныя з рэстаўрацыяй помніка. «Сіламі нашых афіцэраў па ўсёй рэспубліцы сабарана звыш 230 тысяч рублёў, — паведаміў кіраўнік міліцэйскага ведамства. — Гэта ўнікальны помнік супрацоўнікам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, таму мы павінны гэтую памяць увекавечыць».

Іван Кубракоў таксама праанансаваў маштабнае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня Перамогі, якое пройдзе на гэтым месцы 7-га мая. Запланаваны аўтапрабег, канцэрт-рэквіем, рэканструкцыя апошняга бою байцоў легендарнага батальёна.

— Мы хочам расказаць усяму свету аб гераізме нашых міліцыянераў у гады Вялікай Айчыннай вайны, зрабіць так, каб да гэтага помніка ішлі людзі, — падкрэсліў кіраўнік ведамства. — Сюды прыедуць супрацоўнікі органаў унутраных спраў з усіх рэгіёнаў, запросім школьнікаў Магілёўскай вобласці, каб яны даведаліся, што адбывалася ў першыя дні вайны. Запрашаем усіх жадаючых. Абавязкова прыходзьце з дзецьмі!

Да слова, падчас рэспубліканскага суботніка супрацоўнікі міліцыі з усёй краіны прывялі ў парадак мемарыяльныя комплексы, месцы баявой і воінскай славы, пахаванні вайскоўцаў і партызанаў, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. 

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС


Калектыў Акадэміі МУС навёў парадак на аб’ектах не толькі ў Мінску, а і за яго межамі

Курсанты факультэта міліцыі грамадскай бяспекі дапамагалі ў добраўпарадкаванні мемарыяльнага комплексу байцам батальёна Уладзімірава пад Магілёвам, дзе падчас суботніка працавалі праваахоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў на чале з кіраўніком ведамства генерал-лейтэнантам міліцыі Іванам Кубраковым.

Начальнік галоўнай міліцэйскай ВНУ генерал-маёр міліцыі Аляксандр Васільеў сумесна з асабовым складам з самай раніцы працаваў на набярэжнай Свіслачы. Тут знаходзіцца знакавае месца для любога чалавека, які носіць або насіў міліцэйскія пагоны, — помнік супрацоўнікам унутраных спраў і ваеннаслужачым унутраных войск МУС Беларусі, якія загінулі пры выкананні службовага і воінскага абавязку. 

Курсанты крымінальна-выканаўчага факультэта на чале з намеснікам начальніка акадэміі па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні падпалкоўнікам міліцыі Русланам Цясленка навялі парадак на месцах пахаванняў былых кіраўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў. Затым праваахоўнікі і іх будучая змена ўшанавалі памяць кіраўнікоў міліцэйскага ведамства.

Курсанты следча-экспертнага факультэта працавалі на тэрыторыі сталічнага Храма іконы Божай Маці «Спагнанне загінулых», а будучыя супрацоўнікі крымінальнай міліцыі навялі чысціню ў Музеі МУС. 

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Акадэміі МУС


Ратавальнікі ўсёй краіны прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку

Міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім СІНЯЎСКІ разам са сваімі намеснікамі і кіраўнікамі падраздзяленняў цэнтральнага апарата навялі парадак на аэрадроме «Ліпкі», што пад Мінскам. 

У Год гістарычнай памяці супрацоўнікі МНС паклалі пачатак планамернай працы па азеляненні тэрыторыі нашай краіны. Акрамя навядзення парадку на прылеглай тэрыторыі, ратавальнікі добраўпарадкавалі лясны масіў каля аэрадрома і заклалі фруктовы сад да 20-годдзя ўтварэння авіяцыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Усяго высадзілі звыш 370 дрэў.

Да рэспубліканскага суботніка далучылася і больш чым 450 супрацоўнікаў Універсітэта грамадзянскай абароны МНС і яго філіялаў. Працоўны дэсант навучальнай установы не толькі азеляняў і добраўпарадкоўваў знешнюю і ўнутраную тэрыторыю ВНУ, а і актыўна ўключыўся ў працу па ачыстцы тэрыторыі сталічнага лесапарка «Мядзвежына» ад сухіх дрэў, смецця і леташняга лісця. 

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МНС


Міністэрства культуры на суботніку працавала ў Коласаўскіх мясцінах

Калектыў Міністэрства культуры на чале з міністрам Анатолем Мечыслававічам Маркевічам прыняў удзел у Рэспубліканскім суботніку. 

Месца для правядзенне мерапрыемства было выбрана невыпадкова. Сёлета адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Такім чынам больш за 40 чалавек папрацавала над добраўпарадкаваннем тэрыторый мемарыяльных аб’ектаў «Ласток» і «Смольня» у Стаўбцоўскім раёне, з якімі звязаны жыццёвы шлях класіка. 

Падчас працы міністр культуры Анатоль Маркевіч заўважыў, што гэтыя мясціны даюць магчымасць акунуцца ў гістарычнае мінулае нашай краіны, адчуць атмасферу і ў чарговы раз убачыць, наколькі пладавітая беларуская зямля, якая падарыла міравой супольнасці такога вялікага класіка беларускай літаратуры, як Якуб Колас. 

Таксама ён расказаў пра тое, якое значэнне мае для міністэрства культуры ўдзел ў рэспубліканскім суботніку:

«Працуем і ў Ластку, і ў Смольні, наводзім парадак, займаемся азеляненнем тэрыторыі. Разумеем, што гэта праца вельмі важная, бо такім чынам мы аддаем даніну павагі нашаму мінуламу. Толькі тая нацыя, якая добра ведае сваю гісторыю, мае права на сваё існаванне і мае магчымасць трывала ўглядацца ў будучыню». 

Працы было шмат, але ж і настрой у ўдзельнікаў суботніка быў сапраўды баявы. Нават град, які раптам пачаўся не збіў тэмп працы, і большасць запланаваных мерапрыемстваў была выканана. 

Лізавета ГОЛАД. Фота аўтара


Саюз пісьменнікаў Беларусі і Міністэрства адукацыі займаліся добраўпарадкаваннем у вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна — на радзіме Чапскіх і Марата Казея.


Перад пачаткам традыцыйнай вясновай уборкі работнікі структурных падраздзяленняў Міністэрства адукацыі на чале з міністрам Андрэем Іванцом і прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі са старшынёй Аляксандрам Карлюкевічам правялі мітынг памяці і ўсклалі кветкі да помніка Герою Савецкага Саюза Марату Казею, які знаходзіцца ў вёсцы Станькава.

— Суботнік — выдатная магчымасць прынесці карысць краіне, — сказаў падчас мерапрыемства Андрэй Іванец. — Вельмі важна ў Год гістарычнай памяці добраўпарадкаваць па-сапраўднаму знакавыя месцы, якія сведчаць не толькі пра гераічнае, але і трагічнае мінулае савецкага, беларускага народа. Гэты год асаблівы яшчэ і тым, што сёлета сваё стагоддзе адзначае піянерыя — самая вялікая дзіцячая грамадская арганізацыя краіны. Таму мы і хацелі правесці суботнік менавіта тут, добраўпарадкаваць помнік Герою Савецкага Саюза Марату Казею. Няхай гэта застанецца ў нашай памяці, і каб мы захоўвалі яе доўгія гады.

Пасля ўскладання кветак Андрэй Іванец, работнікі сістэмы адукацыі і старшыня Дзяржынскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Чаган прыступілі да пасадкі маладых яблыняк у двары Станькаўскай сярэдняй школы. А члены Саюза пісьменнікаў Беларусі заняліся ўборкай парку на тэрыторыі Дзяржынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства. Месца гэта адметнае сваім гістарычным мінулым, таму не выпадкова выклікала цікавасць у пісьменнікаў. З канца XIV стагоддзя ў Станькава існавала сядзіба знакамітага роду Чапскіх.

Графскія палацы былі знішчаны падчас Вялікай Айчыннай вайны. З сядзібнага комплексу захавалася «Скарбніца», дзе некалі размяшчаліся цудоўная бібліятэка і шматлікія калекцыі графа.

Пра важнасць суботніку выказалася Валянціна Клімовіч, дырэктар дзяржаўнай установы «Дзяржынская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма»:

— Для Дзяржынскага раёна гэта вельмі важная і значная падзея. Яна, несумненна, увойдзе ў гісторыю нашага краю: сёння тут сабрана суквецце беларускіх пісьменнікаў! Мы, бібліятэкары, выступаем пасярэднікамі паміж пісьменнікамі і чытачамі. Таму вельмі прыемна, што цяпер можам працаваць з імі поплеч на нашай малой радзіме. Я лічу правільным наяўнасць такіх суботнікаў, у якіх мы можам браць удзел і рабіць прыгажэйшай нашу зямлю.

Нягледзячы на тое, што сіноптыкі перадавалі дрэннае надвор’е, сонца ўсміхнулася нашай усеагульнай працы, і ніякага холаду не адчувалася. А ў невялікім пяньку, непадалёк, дзе мы прыбіралі, грэўся матылёк паўлінава вока. Прырода ажывае, калі займаешся такой добрай і важнай справай, як клопат пра наш агульны дом — планету Зямля.

Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ

Фота аўтара і Наталіі ТРАЦЭЎСКАЙ


Папрацаваць дзеля агульнай памяці народа: на рэспубліканскі суботнік выйшла каля 350 тысяч жыхароў Гомельшчыны

Нягледзячы на тое, што моцна задажджыла, ва ўсіх раёнах Гомельскай вобласці працоўныя дэсанты далучыліся да правядзення рэспубліканскага суботніка. На добраўпарадкаванне знакавых месцаў гарадоў і сельскіх населеных пунктаў, навядзенне парадку ў парках і на мемарыяльных комплексах, высадку памятных алей выйшлі каля 350 тысяч жыхароў рэгіёну.

У Гомелі самы вялікі працоўны дэсант быў заняты на добраўпарадкаванні ваенна-гістарычнага комплексу «Партызанская крынічка» ў Гомельскім раёне. Будаўніцтва знакавага месца памяці сёння знаходзіцца ў фінальнай стадыі. Добраўпарадкаванне тэрыторыі, у тым ліку лесапаласы ўздоўж дарогі да мемарыяла, — цяпер самая лепшая і вельмі актуальная дапамога.

Так на «Партызанскай крынічцы» рэспубліканскі суботнік аб"яднаў каля 1300 чалавек. Сярод яго ўдзельнікаў — памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Мікалай Рагашчук, кіраўніцтва аблвыканкама, гомельскага гарвыканкама і райвыканкама, актывісты грамадскіх аб«яднанняў, арганізацый і прадпрыемстваў абласнога цэнтра.

Далучыўся да гэтага працоўнага дэсанту і старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Кіраўнік рэгіёна, падкрэсліў асаблівую значнасць памятнага месца, у добраўпарадкаванне якога свой ўнёсак могуць зрабіць удзельнікі суботніку.
— «Партызанская крынічка» — гэта значная частка гісторыі вялікага партызанскага супраціўлення ў гады Вялікай Айчыннай вайны, гэта і радасць перамог, і горыч страт, — падкрэсліў Іван Крупко. — Думаю, зробім усё, каб да 22 чэрвеня адкрыць гэта памятнае месца. Раней на абласным суботніку мы правялі значныя работы і сабралі прыкладна 1,5 мільёна рублёў на яго рэканструкцыю. Цяпер таксама працуем у гэтым знакавым месцы. Разам з тым уносім свой уклад і ў рэканструкцыю мемарыяла рэспубліканскага значэння «Хатынь».

Губернатар падзякаваў усім, хто далучыўся да правядзення суботніка: 

— Шчыры дзякуй кожнаму жыхару Гомельшчыны за тое, што зроблена і робіцца, каб увекавечыць памяць партызанскага руху і герояў, якія змагаліся і гінулі за нашу незалежнасць, — звярнуўся Іван Крупко.

Як было адзначана, сёння ў Год гістарычная памяці ў рэгіёне, на тэрыторыях усіх населеных пунктаў працягвацца навядзенне парадку на мемарыяльных комплексах, месцах баявой і воінскай славы, пахаваннях воінаў і партызан Вялікай Айчыннай. Так, у Ветцы да рэспубліканскага суботніку прымеркавалі закладку новай кляновая алеі на Алеі герояў Чырвонай плошчы райцэнтра. У высадцы дрэў бралі ўдзел кіраўнік раёна Павел Сілівончык і кіраўнік дэпутацкага корпуса Віктар Масейкаў. 

Мазыране актыўна ўключыліся ў добраўпарадкаванне мемарыяльнага комплексу «Курган Славы». Супрацоўнікі ААТ «Мазырскі НПЗ» дапамаглі з добраўпарадкаваннем фасаду манумента і навядзенні парадку на прылеглай тэрыторыі мемарыяльнага комплексу. 

На Светлагоршчыне кіраўніцтва раёна, дэпутаты, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюзных арганізацый таксама асаблівы акцэнт зрабілі на навядзенні парадку на аб’ектах гісторыка-культурнага значэння, месцах баявой і воінскай славы. Тэрыторыю знакавага мемарыяльнага комплексу «Ала» добраўпарадкоўвалі дэпутаты, супрацоўнікі праваахоўных органаў. Удзельнікі рэспубліканскага суботніку зрабілі свой унёсак таксама ў навядзенне парадку на тэрыторыі месца памяці ў гонар аперацыі «Баграціён» каля вёскі Ракавічы Светлагорскага раёна. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА


Кіраўніцтва Брэсцкай вобласці высадзіла алею каля помніка ў вёсцы Барысаўка

Кіраўніцтва Брэсцкай вобласці на суботніку працавала ў Кобрынскім раёне. Разам з супрацоўнікамі Кобрынскага райвыканкама і Кобрынскага доследнага лясгаса прыбіралі і садзілі дрэвы ля помніка ў вёсцы Барысаўка.

Гэта асаблівая мясціна на карце раёна і Радзімы. Да вайны тут жыло каля 900 чалавек. У верасні 1942 года акупанты спалілі вёску, а людзей расстралялі. 

Выратаваўся тады адзін толькі 13-гадовы хлопчык. З яго дапамогай адшукалі месца пахавання ў 1978 годзе і перапахавалі астанкі 200 вясоўцаў. На брацкай магіле паставілі помнік — скульптуру маці, якая смуткуе. Да помніка вядзе дарога. Уздоўж яе падчас працоўнай акцыі высадзілі алею з елак. Сам помнік таксама ўпрыгожылі па перыметры дэкаратыўным кустарнікам. Тэрыторыю добраўпарадкавалі раней,  на суботніку ўнеслі дадатковыя штрыхі да парадку і прыгажосці. 

- Сёння мы аддаем даніну памяці людзей, якія былі жорстка забіты — сказаў старшыня аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА журналістам, а таксама адзначыў, што ў гэты дзень многія жыхары Брэсцкай вобласці працуюць на месцах ваенных пахаванняў і вайсковай славы. Напрыклад, у Бярозаўскім раёне ва ўрочышчы Бронная Гара, дзе было расстраляна звыш 50 тысяч чалавек. Там з часам паявіцца мемарыяльны комплекс. 

Губернатар паведаміў таксама, што вобласць плануе зарабіць на суботніку звыш 1,3 мільёна рублёў. У працоўнай акцыі ўдзельнічаюць больш за 300 тысяч жыхароў вобласці. 

- Пакуль мы памятаем, захоўваем памяць і перадаём яе малодшаму пакаленню, значыць, мы робім галоўнае для таго, каб не дапусціць падобнага на нашай зямлі — сказаў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый ВАКУЛЬЧЫК. — Таму вельмі важна, што ў гэтых акцыях удзельнічае моладзь. 

Ва ўсіх раёнах вобласці на суботнік выйшлі кіраўнікі ўлады, працоўныя калектывы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. У Брэсце шмат дрэў высадзілі побач з новым медыцынскім комплексам па вуліцы Маслава. Тут працавалі прадстаўнікі абласной і гарадской адміністрацый, камунальных службаў. Старшыня гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК з калегамі добраўпарадкавалі сквер Жукава ў Паўднёвым мікрараёне. 

Святлана ЯСКЕВІЧ 

Фота Валерыя КАРАЛЯ


Кіраўніцтва Віцебскай вобласці наводзіла парадак на тэрыторыі Віцебскай гарадской цэнтральнай клінічнай бальніцы

Рэканструкцыя гэтага аб'екта выйшла на завяршальную стадыю, будаўнічая гатоўнасць – больш за 70%. Зараз у будынку выконваюцца аддзелачныя, электрамантажныя, сантэхнічныя і іншыя работы. У мінулым годзе ўстанова была рэарганізавана: тут будзе размешчаны абласны клінічны спецыялізаваны цэнтр. Пасля ўвядзення аб'екта ў эксплуатацыю плануецца адкрыццё хірургічнага, колапракталагічнага, кардыялагічнага і гастраэнтэралагічнага аддзяленняў (усяго 206 ложкаў). На іх базе будуць працаваць 4 абласныя навукова-практычныя цэнтры.

У суботніку прынялі ўдзел работнікі аблвыканкама на чале са старшынёй Аляксандрам Субоціным, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, Памочнік прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, старшыня гарвыканкама Мікалай Арлоў, старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Белевіч, грамадскія арганізацыі і аб'яднанні. Талакой хутка сабралі лісце, падмялі сцежкі і ў рамках акцыі «Тыдзень лесу» папоўнілі зялёнае багацце краіны – высадзілі маладыя туі.

«Добраўпарадкаванне – гэта перманентны працэс. Усюды трэба даазеляніць, даўбіраць, дарабіць, падправіць бардзюры. Я думаю, што многія аб'екты ў Віцебску маюць патрэбу ў пільнай увазе, пастаянным клопаце. Ключавы аб'ект на сёння – гэта цэнтральная гарадская бальніца. Мы ўпэўненыя, што да лета яна будзе здадзена, напоўнена новым абсталяваннем. Гэта ўстанова аховы здароўя значная для горада і вобласці яшчэ і таму, што ў Віцебску ёсць і ВНУ, і каледж медыцынскага профілю, універсітэцкія клінікі, а таксама абласная бальніца, мадэрнізацыя якой таксама ідзе. У цэлым уся гэта структура створыць сучасны навуковы і навучальны медыцынскі кластар», - адзначыў кіраўнік вобласці Аляксандр Субоцін.

Па выніках рэспубліканскага суботніка Віцебская вобласць плануе зарабіць каля 1 мільёна рублёў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА


«Інтэрнацыянальны» суботнік на Востраве Слёз

Сёння ў рамках рэспубліканскага суботніка ў Цэнтральным раёне Мінска воіны-інтэрнацыяналісты ўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні тэрыторыі філіяла «Помнік воінам-інтэрнацыяналістам» Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Ініцыятыва ўдзелу ветэранаў вайны ў Афганістане ў суботніку належала старшыні Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане «Памяць» грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» воіну-інтэрнацыяналісту палкоўніку Уладзіміру Шокаву.

У суботніку прынялі ўдзел не толькі члены Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане «Памяць», але і прадстаўнікі Рэспубліканскай асацыяцыі членаў сем’яў ваеннаслужачых, якія загінулі ў Афганістане, «Памяць і абавязак», Мінскай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў органаў пагранічнай службы». , Рэспубліканскага творчага маладзёжнага грамадскага аб’яднання «Прасоўванне моладзі», а таксама супрацоўнікі філіяла «Помнік воінам-інтэрнацыяналістам», спецыялісты унітарнага прадпрыемства «Зелянбуд Цэнтральнага раёна г. Мінска».

Віктар ІВАНЧЫКАЎ, фота аўтара


У Мінпрыроды стартавала кампанія па добраўпарадкаванні тэрыторый адміністрацыйных адрасоў прыродаахоўнай сістэмы

У рамках рэспубліканскага суботніка прадстаўнікі сістэмы Мінпрыроды добраўпарадкавалі тэрыторыі каля сваіх адміністрацыйных будынкаў, высаджвалі дрэвы на гістарычна знакавых месцах і ў населеных пунктах.

Калектыў цэнтральнага апарату міністэрства азеляняў тэрыторыю па вуліцы Калектарнай, 10 у Мінску. За некалькі гадзін працы там з’явілася каля 270 новых саджанцаў дэкаратыўных дрэў і кустоў, сярод якіх туі шарападобныя, вербы абвіслыя і шарападобныя, рабіны, ядловец казацкі, барбарыс, гартэнзіі, спірэі, хосты, касачы, дзёран стракаталісты. Усяго ж прадстаўнікі сістэмы аховы прыроды за гэты суботні дзень высадзілі каля 21 430 саджанцаў дрэў і кустоў.

Як расказалі ў прэс-службе Мінпрыроды, па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы, якая адбылася ў пачатку красавіка і была прысвечана актуальным пытанням функцыянавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама кірункам, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Мінпрыроды (добраўпарадкаванне і азеляненне населеных пунктаў рэспублікі, навядзенне парадку на зямлі), міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык прыняў рашэнне актывізаваць дзейнасць прыродаахоўнага ведамства ў гэтых сферах.

— Мы ўзялі на сябе такое абавязацельства зрабіць першымі каля нашага міністэрства духмяны, прыгожы, утульны куток. Такую ж задачу паставілі нашым камітэтам, падпарадкаваным арганізацыям і інспекцыям у кожным раёне. Потым плануем праводзіць конкурс, ацэньваць выкананую работу, — расказаў Андрэй Худык. — Гэтым мы хочам паказаць, што трэба выходзіць на новы ўзровень азелянення, добраўпарадкавання нашай краіны, населеных пунктаў. Іншыя дзяржорганы, грамадзяне будуць браць з нас прыклад, хочам прыцягнуць да гэтай работы больш людзей.

Па словах міністра, хоць ужо цяпер у нас нямала зроблена, у дасканаласці няма мяжы. Ён адзначыў, што ёсць шмат краін, дзе можна многаму павучыцца ў плане азелянення. У Беларусі плануецца правесці навуковыя работы, распрацаваць методыкі па вызначэнні ўзроўня азелянення населеных пунктаў, каб дасягнуць неабходнай колькасці зялёных тэрыторый, і не на паперы, а насамрэч. Для гэтага таксама будуць вызначаць не толькі колькасць раслін, але і іх пародны, узроставы склад і многае іншае.

Нагадаем, што акрамя рэспубліканскага суботніка ў краіне цяпер праходзіць акцыя «Дрэва героя» (да 15 мая), ініцыяваная Мінпрыроды, і мерапрыемствы па навядзенні парадку ў месцах агульнага карыстання населеных пунктаў.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота аўтара


Больш за 2,3 млн чалавек прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку

У рэспубліканскім суботніку, паводле даных на 12.00, прынялі ўдзел 2,345 млн чалавек. Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, перадае БелТА.

«Паводле даных на 12.00, у рэспубліканскім суботніку прынялі ўдзел 2,345 млн чалавек. Сабрана каля Br10,6 млн. Усе гэтыя грошы будуць накіраваны на рэканструкцыю нашай святыні — мемарыяльнага комплексу «Хатынь», — сказаў Ігар Петрышэнка

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.