Вы тут

Манеты часоў Вітаўта прадстаўлены на выстаўцы ў Лідскім замку


Выстаўка «Манетны скарб Лідскага замка» прадставіла калекцыю старажытных манет, знойдзеных падчас археалагічных раскопак у Лідскім замку ў канцы 1970-х - пачатку 1980-х гадоў. Мерапрыемства прымеркавана да Сусветнага дня грошай, які адзначаецца 17 красавіка.


Як расказала арганізатар выстаўкі, навуковы супрацоўнк Лідскага гісторыка-мастацкага музея Таццяна Ліпніцкая, падчас раскопкаў было знойдзена некалькі дзесяткаў срэбраных і медных манет. Але ў фонды замка трапіла толькі іх частка. 

Самая ранняя з іх – манета ХІV-XV стагоддзяў часоў Вітаўта. Ёсць паўгрош Яна Ольбрахта (1492-1499). Прадстаўлена даволі значная калекцыя манет Рэчы Паспалітай ХVI-XVII стагоддзяў. Напрыклад, двудэнарыі Жыгімонта ІІ Аўгуста, рыжскі солід Жыгімонта ІІІ Вазы, барацінка Яна ІІ Казіміра Вазы, манеты часоў Расійскай імперыі — 2 капейкі 1799 года Паўла І, манеты 1878 года і іншыя. Самая позняя манета выстаўкі — гэта 15 капеек 1939 года. 

Дарэчы, дэнарый ХІV-XV стагоддзяў — даволі рэдкія манеты, якія сустракаліся толькі на захадзе Беларусі, Украіны і Літвы. Такія дзве манеты перадаў археолагам ў 1978 годзе лідчанін Генрых Ціховіч. Па яго словах, яны знойдзены ў руінах паўночна-усходняй вежы Лідскага замка. Адна з тых манет знаходзіцца ў музейным фондзе. 

Таццяна Ліпніцкая расказала гісторыю выхаду ў свет барацінкі. Яна чаканілася ў 1659-1668 гадах. Гэта крэдытная манета Рэчы Паспалітай, рэальны кошт якой складаў толькі 15% наміналу. 

Самай малой можна назваць медную манету 1799 года часоў Паўла І. Яе дыяметр усяго 35 мм, а 2 капейкі паўлаўскай эпохі былі самымі буйнымі і чаканіліся на манетным двары непрацяглы тэрмін — з 1797 па 1891 годы. 

Большасць манет знойдзена археолгамі ў раскопках ля сцяны замка, а таксама пры абследаванні руін паўночна-усходняй вежы. Тады ж ўздоўж сцен былі выяўлены фрагменты фундаментаў старажытных казармаў, складоў са зброяў. У ХVIII стагоддзі ў вежы размяшчаліся архіў, жылыя памяшканні, праходзілі пасяджэнні судовых і павятовых сеймікаў. Тут ішло грамадскае жыццё, вяліся грашовыя разлікі. Манет ранейшага перыяду, часоў Гедыміна, які і будаваў замак, не знойдзена. Магчыма, гэта тэрыторыя не была ўключана ў сацыяльна-эканамічныя працэсы. Самымі насычанымі ваеннымі і грамадска-палітычнымі падзеямі ў гісторыі Лідскага замка сталі ХІV- XVII стагоддзі.

З калекцыяй грошай ранняга савецкага перыяду наведвальнікаў пазнаёміў і вядомы лідскі калекцыянер-нумізмат Аляксандр Кашуцін. Па яго словах, у 1919 гадзе амаль кожны рэгіён і нават горад выдаваў свае грошы, што сведчыць ад складаным і нестабільным часе. 

Таксама ён прадставіў і манеты царскай Расіі, у тым ліку, банкноты Мікалая ІІ. Нумізмат звярнуў увагу на розныя «ляпы», якія здараюцца пры выпуску грошай, напрыклад, нумар не супадае. Такія грошы прадстаўляюць вялікую каштоўнасць для нумізматаў. Прыгадалі і перыяд купонаў, многія маглі ўспомніць гэты час непасрэдна праз іх дэманстрацыю. 

Як нагадалі ў музеі, мерапрыемства прысвечана Сусветнаму дню грошай, які адзначаецца 17 красавіка. Праўда, свята не з’яўляецца афіцыйным і ўзнікла зусім нядаўна. Прыдумала яго група энтузіатваў, каб задумацца, якое месца ў жыцці чалавек адводзіць грошам. Лічыцца, што ў гэты дзень упершыню была здзейснена купля-продаж, але у якім годзе гэта адбылося, крыніцы не паведамляюць. 

Маргарыта УШКЕВІЧ
фота – Лідскі гісторыка-мастацкі музей

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?