Вы тут

У зоне рызыкі — пажылыя людзі. Што трэба ведаць, каб не аддаць усе свае зберажэнні ашуканцам


Грамадзяне ў апошнія дні сутыкаюцца з новым відам махлярства. Калі яшчэ нядаўна нашы знаёмыя або мы самі траплялі на вуду аферыстаў, якія разнастайнымі спосабамі спрабавалі даведацца нумар банкаўскай карткі, то цяпер ашуканцы робяць стаўку выключна на людзей пажылога ўзросту і выманьваюць грошы па тэлефоне.


Палкоўнік міліцыі Васіль Шупляк.

Пенсіянеры — найбольш уразлівая катэгорыя людзей. Яны з лёгкасцю вераць таму, што ім кажуць. Падманшчыкі гэтым карыстаюцца. У прыватнасці, патэлефанавалі днямі чалавеку ва ўзросце і сказалі, што яго дачка трапіла ў дарожна-транспартнае здарэнне. Каб не заводзіць крымінальную справу, прадставіўшыся супрацоўнікамі кампетэнтных органаў, махляры прапанавалі ўнесці грошы. Перадаўшы кругленькую суму ашуканцам, грамадзянін звязаўся з блізкім чалавекам, за свабоду якога быццам бы былі заплачаны грошы. Тое, што стаў ахвярай махляроў, мужчына зразумеў адразу. Пацярпелы звярнуўся ў міліцыю.

— Як правіла, махляры тэлефануюць у дзённы час, прычым на хатні тэлефон, — расказвае начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС палкоўнік міліцыі Васіль Шупляк. — Злачынцы разлічваюць заспець дома менавіта пажылога чалавека: працаздольныя члены сям'і, за рэдкім выключэннем, у гэты час на рабоце, дзеці і моладзь — на занятках. Прадстаўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў і паведамляюць, што хтосьці з дзяцей або ўнукаў грамадзяніна трапіў у дарожна-транспартнае здарэнне, у якім ёсць пацярпелыя. Для ўзмацнення эфекту на фоне можа чуцца голас чалавека, які плача. Каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці і адпраўкі ў ізалятар часовага знаходжання, што, па версіі махляроў, чакае сваяка пажылога чалавека, прапануецца кампенсаваць пацярпеламу ў фіктыўным ДТЗ фізічную і матэрыяльную шкоду.

У выніку грамадзяне перадаюць злачынцам буйныя сумы грошай. Адзін дзядуля надоечы пазбавіўся 17 тысяч долараў. На працягу апошняга месяца ў краіне распачата больш чым 30 падобных крымінальных спраў. Злачынствы такога характару зафіксаваныя ў Мінску, Брэсце, Пінску, Іванаве, Салігорску, Барысаве і Гомелі. Зваротаў у міліцыю яшчэ больш: многія людзі адразу разумеюць, з кім маюць справу, аб чым паведамляюць праваахоўнікам.

Каб не папоўніць шэрагі пацярпелых, супрацоўнікі органаў унутраных спраў рэкамендуюць звярнуць увагу на наступныя дэталі тэлефонных званкоў, якія іначай як «разводам» на грошы не назавеш. Злачынцы прадстаўляюцца супрацоўнікамі Следчага камітэта або іншых кампетэнтных органаў. Часта званок пачынаецца з плачу на фоне. Легенда такая — сваяк таго, каму тэлефануюць, перабягаў дарогу, яго ледзь не збіла машына. У выніку пацярпеў кіроўца. Каб кампенсаваць яму шкоду і не трапіць у следчы ізалятар, патрэбна заплаціць грошы.

«Следчы» або «міліцыянер» просіць чалавека на тым канцы проваду назваць мабільны нумар тэлефона і адрас пражывання. Затым кажуць напісаць заяву (часта ў трох экзэмплярах), у якой указаць, каму і дзеля якіх мэт перадаюцца грошы. Увесь гэты час ашуканец і пацярпелы знаходзяцца на сувязі па хатнім тэлефоне. Далей размова працягваецца па мабільніку. Махлярамі называецца канкрэтная сума, якую патрэбна перадаць для вырашэння сітуацыі. Калі чалавек кажа, што такой сумы ў яго няма, прапаноўваецца сабраць усе грошы, якія ёсць дома, прычым у любой валюце. Для большай пераканаўчасці ашуканцы рэкамендуюць падрыхтаваць для сваяка пасцельную бялізну, ручнік, кубак, лыжку. Грошы просяць пакласці ў цэлафанавы пакет і размясціць побач з рэчамі. Паведамляецца, што па перадачу прыедзе «памочнік следчага». Верачы ў гэта, пажылы чалавек перадае рэчы з грашыма незнаёмцу.

— Пацярпелых наўмысна суправаджаюць па тэлефоне да моманту перадачы грошай, — заўважае Васіль Шупляк. — Гэта робіцца для таго, каб яны не маглі патэлефанаваць свайму блізкаму чалавеку, з якім, па версіі махляроў, адбылося няшчасце, і даведацца, ці так усё на самай справе, як расказваюць. Акрамя таго, пазбаўляюць чалавека магчымасці перагаварыць з кімсьці, хто ў гэты час знаходзіцца дома. У выніку грамадзянін не займаецца высвятленнем сітуацыі, а толькі думае, як дапамагчы таму, хто ў гэтым мае патрэбу.

Незвычайны выпадак быў у Гомелі. На хітрыкі махляроў трапіла жанчына, якую пераканалі ў тым, што яе сын трапіў у дарожна-транспартнае здарэнне. Кур'ера ў абласным цэнтры на той момант, хутчэй за ўсё, не было, таму грамадзянку папрасілі паехаць у банкаўскую ўстанову і перавесці пэўную суму на рахунак. Прычым яе не збянтэжыла тое, што ў першым банку, куды тая звярнулася, ёй адмовілі.

Як расказалі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, кур'ерамі, як правіла, з'яўляюцца маладыя людзі ад 17 да 25 гадоў. Ніхто з іх не ведае, на каго працуе: задачы ставяцца ў сацыяльных сетках, у асноўным падчас перапіскі. Ад сумы, якую кур'ер забірае ў пацярпелых, ён пакідае сабе 10 %. Большасць з іх разумее, што здзяйсняе злачынства, аднак прага да лёгкіх грошай бярэ сваё. Аднак не ўсе ўсведамляюць, што ў такой жа ступені нясуць адказнасць за свае дзеянні, як і той, хто гэта арганізаваў. У выніку маладыя людзі становяцца абвінавачанымі па крымінальных справах і атрымліваюць рэальныя тэрміны зняволення.

Праваахоўнікі рэкамендуюць з насцярожанасцю ставіцца да падобных званкоў. Атрымаўшы паведамленне аб тым, што з блізкім здарылася бяда, трэба неадкладна звязацца з чалавекам, пра якога ідзе гаворка. Калі ж размовы з пэўных прычын не атрымалася, паспрабуйце пагаварыць з іншым членам сям'і. І самае галоўнае — ніводны кампетэнтны орган не будзе прапаноўваць сумніўныя здзелкі, якія датычацца грашовых сродкаў. Таму адразу, як толькі вы пачулі падобную просьбу, не раздумваючы, кладзіце трубку!

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС, pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.