Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» разам з сенатарам праманіторыла чавускія крамы


Цэны на жыццёва важныя тавары знаходзяцца пад строгім кантролем органаў улады, у тым ліку Савета Рэспублікі. На маніторынг (а падобныя праводзяцца па ўсёй краіне) мы адпраўляемся з намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алегам Дзячэнкам і галоўным спецыялістам аддзела эканомікі Чавускага райвыканкама Ірынай Каханоўскай. У цэнтры ўвагі — крамы буйных сетак «Еўраопт» і «Родны кут» Чавускага раёна.


Дзейнічаем па інструкцыі

Алег Дзячэнка, прарэктар па вучэбнай рабоце МДУ імя А. Куляшова, прызнаецца, што грамадская работа не менш адказная і напружаная, чым асноўная.

— Тэма маніторынгу цэн стала актуальнай яшчэ паўтара года таму, але з канца лютага ў яе з'явілася новае гучанне, — удакладняе ён. — На фоне апошніх падзей пачаўся ажыятаж на пэўныя тавары, папаўзлі ўверх цэны. І трэба было запаволіць гэты працэс, каб ён не выйшаў з-пад кантролю. У цэнтры ўвагі тавары беларускага паходжання, цэны на якія рэгулююцца Пастановай Саўміна ад 7 красавіка. Замежныя прадукты на іх фоне на парадак даражэйшыя.

Намеснік старшыні Чавускага райвыканкама Алеся Сырыцкая сведчыць, што з канца лютага неабгрунтаванага завышэння цэн у мясцовых крамах на тэрыторыі раёна не было. Штотыднёва аддзел праводзіць абследаванні гандлёвых аб'ектаў па сацыяльна значных прадуктах і перадае гэтую інфармацыю ў аблвыканкам. Быў ажыятаж вакол цукру і некаторых іншых тавараў, але да крытычнага стану справа не даходзіла. Запасы аператыўна папаўняліся. Што датычыцца асартыменту, то тут пытанні да беларускіх вытворцаў ёсць. У крамах прысутнічаюць памідоры расійскія, а вось беларускіх няма. Паменшыліся таксама пастаўкі горацкага вытворцы «Малочныя горкі». «Летась прадпрыемства прывозіла нам да 40 % сваіх вырабаў, а цяпер апраўдваюць сітуацыю тым, што адпраўляюць прадукцыю на экспарт», — кажа Алеся Сырыцкая.

Перад тым як адправіцца па крамах, Алег Дзячэнка праводзіць для мяне невялічкі інструктаж. Знаёміць з рэкамендацыямі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, дзе выказваюцца пажаданні адлюстроўваць факты, калі цэны завышаныя ў два разы і больш, адсутнічаюць тавары першай неабходнасці (прапануецца фіксаваць на фота), параўноўваць ідэнтычныя тавары іншых вытворцаў па вазе і характарыстыках, а ў зводнай інфармацыі апісваць сітуацыю па максімуме, каб потым спецыялісты маглі зрабіць аналіз. Для правядзення маніторынгу міністэрства раіць карыстацца сайтам іnfoprіce.by.

На чым можна эканоміць

Крама «Еўраопт» на вуліцы Горкага ў Чавусах — адна з цэнтральных. Тут заўсёды шмат пакупнікоў, асартымент даволі шырокі.

— Людзі скардзяцца, што пенсіі невялікія, але ж іх выплачваюць у тэрмін, не затрымліваюць, — разважае Алег Дзячэнка. — Вядома, што ў кожнага чалавека свая жыццёвая сітуацыя. Таму вельмі важна, каб у людзей нават з маленькай пенсіяй была магчымасць купіць неабходная прадукты харчавання.

Маніторыць цэны пачынаем з пладова-агародніннай секцыі. Бананы, напрыклад, каштуюць 4.99 рубля. Алег Дзячэнка адзначае, што з 6 красавіка цана на іх практычна не змянілася. Мандарынаў, на жаль, няма. Але ёсць спадзяванні кіраўніцтва крамы, што да Вялікадня гэты тавар завязуць. Таматаў на прылаўку два віды, але, як і казалі ў райвыканкаме, абодва расійскія. Адны каштуюць 9.49, другія — крыху за 10 рублёў.

— А беларускія дзе? — цікавіцца сенатар.

— У нас пастаўкі цэнтралізаваныя, які тавар даюць, такі і прымаем, — разводзіць рукамі дырэктар крамы Аляксандр Качаеў. — Цяпер крыху ёсць праблемы з беларускімі таматамі. Затое агуркі ў нас выключна айчынныя.

У продажы ранняя капуста па цане больш чым 6 рублёў за кілаграм, але таксама замежная, прыехала да нас з Узбекістана.

— Беларускую ўсю зіму прадавалі, — каментуе дырэктар. — І попыт быў вялікі.

Рухаемся далей. Алей «Залатое семечка» — падкантрольны прадукт. У чавускім «Еўраопце» рафінаваны каштуе 5.39 рубля, нерафінаваны — 5.45.

— Алей з 6 красавіка падаражэў, але не крытычна, усяго на 20 капеек,— адзначае Алег Дзячэнка і цікавіцца, ці ёсць у продажы алей «Альтэра» з утрыманнем аліўкавага, таксама папулярны ў народзе, хоць і даражэйшы. Як высвятляецца, няма.

У бакалейных радах звяртаем увагу на наяўнасць грэчкі — таксама стратэгічна важны тавар. І яго ўдосталь. Грэчка «Густа» (800 грамаў) каштуе 3.59 рубля, «Фермер» крыху таннейшы. Усяго налічваем шэсць розных пастаўшчыкоў.

Аўсяныя шматкі «Экстра № 3» — таксама не дэфіцыт. Якраз завезлі свежую партыю. Цана — 79 капеек за пачак. Але Дзячэнка адзначае, што на 6 красавіка аўсянка каштавала 76 капеек.

Вялікі выбар цукру; беларускай солі таксама хапае. Тая, што прэтэндуе на ролю буйной, каштуе 68 капеек.

— Кашкі паелі, можна і кавы папіць, — жартуе сенатар, і мы ідзём глядзець, як справы з напоямі.

Бляшанка «Нескафэ» 220 грамаў, напрыклад, каштуе 11 рублёў 99 капеек. «Цана прымальная», — заўважае Алег Дзячэнка.

У малочным аддзеле ў шырокім асартыменце прадстаўлены тавары мінскага, магілёўскага, брэсцкага, шклоўскага вытворцаў. Няма недахопу ў згушчонцы рагачоўскага і глыбоцкага паходжання як у метале, так і ў мяккай тары. Мяса ў асноўным курынае, яно, як кажа дырэктар, карыстаецца попытам за кошт сваёй цаны. Ёсць і свініна, але ў асноўным на костцы, такое мяса таннейшае і хутчэй разыходзіцца сярод спажыўцоў. Хлеба таксама не адно найменне. Чавускі — наогул брэнд раёна. Калі яго прывозяць у Магілёў, заўсёды ўтвараюцца чэргі.

У рыбным аддзеле ў наяўнасці дзевяць пазіцый: кілька, фарэль, сом, ікра, селядзец, мідыі... «Забеспячэнне рыбай таксама цэнтралізаванае з Мінска, — удакладняе дырэктар. — Некалькі разоў на тыдзень бываюць рыбныя дні, калі гэты тавар можна купіць па ніжэйшых цэнах».

Звяртаю ўвагу на пакупніцу, якая ўважліва вывучае цэннікі. Прызнаецца, што найбольш адчувальным для яе стала падаражэнне шакаладу і арэхаў расійскай вытворчасці. Яна заўважыла, што, калі раней кілаграм арэхаў у шакаладзе каштаваў 14 рублёў з капейкамі, то цяпер — больш чым 19.

На выхадзе з крамы знаёмлюся яшчэ з адным спажыўцом. Уладзімір рэгулярна набывае тут прадукты, і сур'ёзных заўваг у яго няма.

— Усё добра, вось толькі лімоны зніклі, — усміхаецца ён. І тут жа дадае, што гэта не праблема, маўляў, пашукае ў іншай краме. «У адну зайшоў, у другую і купіў усё, што трэба,» — канстатуе ён. — Усяго хапае. Вось толькі цэны растуць. На адну-дзве капейкі, але ж даражэе. Але мы разумеем, што цяпер абстаноўка такая.

Магазін «Родны кут» таксама вытрымаў праверку. Як і ў «Еўраопце», пачалі з садавіны-гародніны і закончылі бакалеяй. У наяўнасці былі нават яблыкі па 2,5 рубля за кілаграм і лімоны, якіх не знайшлося ў «Еўраопце». Асабліва парадавалі тыя ж лімоны — крамяныя, духмяныя. А вось яблыкі на від так сабе, дробныя.


Алег Дзячэнка задаволены праверкай: парушэнняў няма. Не сумняваецца, што гэта часткова заслуга і такіх вось маніторынгаў.

— Тое, што мы робім, вельмі важна, — тлумачыць ён. — Калі ў адной краме алей «Залатое семечка» каштуе 4.75 рубля, а ў другой — 5.30, гэта ж ненармальна. Людзі пачынаюць абурацца, скардзіцца. Несвядомыя грамадзяне толькі і чакаюць гэтага, каб разварушыць народ. Падчас маніторынгу ў Чавусах мы ўбачылі, што да цэн прэтэнзій няма, але ёсць пытанні па асартыменце. У продажы няма беларускіх капусты і памідораў, і гэта непрымальна. Будзем размаўляць з пастаўшчыкамі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Чавускі раён

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.