Вы тут

Жыхары Зарэчкі сваімі сіламі ўзвялі царкву і добраўпарадкавалі могілкі


Зарэчка — звычайная вёска ў Драгічынскім раёне, не аграгарадок, не цэнтр сельсавета альбо гаспадаркі. Але вёска, па цяперашніх мерках для глыбінкі, даволі вялікая, і жывуць тут дружныя ды працавітыя людзі. Зараз, паводле статыстыкі, у населеным пункце стала пражывае 570 чалавек. Больш за дзесяць гадоў таму талакой жыхары зрабілі значную агульную справу — узвялі невялікую царкву-капліцу.


Старшыня сельскага Савета Святлана Дышко з вяскоўцамі каля могілак у Зарэчцы.

— Тады многім нашы планы здаваліся авантурнымі, — згадвае жыхар вёскі Уладзімір Богуш. — Уяўляеце сабе, збіраліся вечарамі, праект на зямлі чарцілі! Пашанцавала, паблізу рашылі знесці старую калгасную пабудову. Па сто чалавек на дзень прыходзіла, акуратна разбіралі і па адной цаглінцы чысцілі, так цэглы назбіралі. Астатні матэрыял куплялі. Калі рабочых наймалі, жанчыны ім абеды гатавалі. Як кажуць нашы кабеты, з Божай дапамогай усе цяжкасці пераадолелі. Цяпер цэркаўка у нас як лялечка. І службы рэгулярна праходзяць, парадак як унутры, так і на тэрыторыі падтрымліваецца ўзорны. Варта толькі захацець, усё можна зрабіць.

Так было і з могілкамі ў Зарэчцы. Паводле слоў старшыні Папінскага сельскага Савета Святланы Дышко, вёска мае касцяк актывістаў. У асноўным гэта пенсіянеры, з маладзейшых у іх стараста Сяргей Худобіч. Яму ва ўсім дапамагаюць Лідзія Кароль, Іра Кучма, Валянціна Богуш, Уладзімір Богуш ды іншыя. Вось яны і сталі ініцыятарамі сходу, на якім прымаліся рашэнні. На сходзе вырашылі, па-першае, прыбраць усе дрэвы, па-другое, замяніць агароджу па перыметры.

...Каля могілак ў Зарэцчы кіпіць работа, хоць надвор'е і не вельмі спрыяе — вясновая прахалода чаргуецца з дробным дожджыкам. Калі пад'язджаем са старшынёй сельвыканкама, людзі падыходзяць пагаварыць. «Спяшаемся да Вялікадня навесці парадак» — гавораць жанчыны. А мужчыны паказваюць сваю работу, якой ёсць нагода ганарыцца: 300 метраў металічнага штыкетніка ўжо ўстаноўлена і зманціравана. На 270 астатніх метраў матэрыял закуплены. Гэта першая чарга іх вялікага сумеснага праекта.

— Раней тут у якасці агароджы была сетка, яе нацягнулі больш за 30 гадоў таму. Месцамі яна заржавела, сапсавалася — адным словам, выгляд мела нягеглы, — кажа Уладзімір Богуш. — Некалі давялося быць у Кіева-Пячэрскай лаўры, звярнуў увагу на надпіс перад уваходам на могілкі. Там накрэслены такі ўмоўны дыялог:

Уладзімір Богуш дэманструе, якія дрэвы даводзілася зносіць.

— Усе мы былі як вы.

— Усе мы будзем як вы».

Калі гэта пачытаеш, а потым падумаеш, паразважаеш, то ўзнікае жаданне добраўпарадкаваць не толькі ўласны падворак, але і месца спачыну продкаў.

— Правільна гаворыць Іванавіч — падтрымліваюць жанчыны. — Усе мы лічым, што трэба дагледзець хворых старых бацькоў. Але ж варта паклапаціцца і пасля смерці пра месца іх спачыну. Што мы і робім, тым самым падаем прыклад уласным дзецям.

Зборам грошай занялася жаночая суполка актывістаў. Прайсці па вёсцы, сабраць узносы сярод жыхароў аказалася самым лёгкім. З дапамогай сельвыканкама знаходзілі нумары тэлефонаў землякоў, што жывуць у розных гарадах, чые бацькі пахаваны на могілках. Адгукалася пераважная большасць. А тыя, каго не знайшлі раней, але якія прыязджалі вясной прыбраць магілы, калі падыходзілі да іх, расказвалі пра планы, — былі выпадкі, людзі давалі грошай столькі, колькі было з сабой. Патрэбную суму сабралі, і за 7,5 тысячы рублёў купілі матэрыял на першую палову агароджы.

Далей трэба было зварыць канструкцыю, потым прыкруціць кожную штыкеціну чатырма шрубамі. Вядома, работа вельмі працаёмкая. Калі б не рабілі ўсё самі, а замовілі б у якой арганізацыі, атрымалася б у шмат разоў даражэй. А так, той жа Уладзімір Іванавіч Богуш працаваў кожны дзень больш за месяц. На дапамогу прыйшлі дарослыя сыны, суседзі актывістаў. Зварка — работа, якая патрабуе кваліфікацыі і навыкаў. «Дапамагалі многія — згадвае старшыня сельскага Савета, — Аляксандр Сярбун, Яўген Кароль, Андрэй Баль, Дзмітрый Богуш, Аляксандр Багданаў, Мікалай Сазонік, Мікалай Дудко ды многія іншыя. Мусіць, не знайшлося чалавека, якога мы прасілі б папрацаваць хоць бы адзін дзень, а ён не прыйшоў.

Мікалай Замкавец каля могілак у Хідрах.

Такім чынам першая чарга гэтага маштабнага праекта завершана, пасля свят намерваюцца прыступіць да другой, каб загарадзіць могілкі з тыльнага боку. — Самая складаная частка работы зроблена, — канстатуюць вяскоўцы. — Пачыналі з таго, што нанялі арганізацыю і знеслі больш за пяць соцень дрэў. Некаторыя былі літаральна ў тры абхваты. Яны, альпіністы, дрэвы папілавалі да пакінулі іх на месцы. Усё гэта патрабавалася ачысціць ад галля, вывезці, прыбраць — таксама вялікая работа, потым спаліць, ачысціць тэрыторыю ад зарасніку і хмызняку. Упрацэсе работы знайшлі шмат раней забытых магіл — партызанаў, мірных жыхароў, якія загінулі падчас вайны. Гэтыя пахаванні ўжо, відаць, няма каму даглядаць, дык мы іх акультурылі, крыжы паднавілі. Часам і школьнікі прыходзяць дапамагчы, трэба ж падтрымліваць, каб па-людску ўсё было. Адным словам, недагледжаных магіл мы не пакідаем, перад святам усё прыводзім у парадак, — расказалі зарэчкаўцы карэспандэнту.

— А як хто з нашых землякоў, прачытаўшы, адгукнецца, мы будзем толькі рады. Нам грошай яшчэ патрэбна нямала. Так і напішыце, — папрасіла Валянціна Максімаўна Богуш.

— Калі аб'яўляем суботнік на могілках, прыходзяць нават зусім пажылыя людзі, — дзеліцца Святлана Дышко. — Іншы раз думаеш, што мы без іх абышліся б, а ім лепей ужо сябе паберагчы. Але ж яны насамрэч служаць такім стымулам, такім прыкладам для іншых, што на наступны суботнік выходзіць яшчэ больш. Люблю і сама з імі працаваць. Душа радуецца за такіх дружных, свядомых грамадзян.

Царква-капліца ў Зарэчцы.

На шчасце, у Зарэчцы людзей шмат, ёсць каму выканаць нават вялікую работу, а вось у суседніх Хідрах зарэгістравана 37 чалавек, пражывае, відаць, і таго менш, там няма каму па-сапраўднаму заняцца парадкам на могілках. Гэтую работу ўзяў на сябе жыхар Зарэчкі, дэпутат сельскага Савета, старшыня сельсавецкай ветэранскай арганізацыі Мікалай Замкавец. Мікалай Аляксандравіч — былы калгасны аграном, паважаны чалавек у сваёй акрузе, на яго заклікі многія адклікаліся і дапамагалі. У пытаннях збору грошай першай памочніцай стала жонка Вольга Мікалаеўна, спрыялі таксама Ніна Рапінчук, Васіль Качан. Правялі некалькі суботнікаў. Агульнымі намаганнямі знайшлі сілы і сродкі, каб і гэтыя невялічкія могілкі давесці да ладу. Дрэвы тут знеслі яшчэ раней. Агароджу таксама зрабілі з металічнага штыкетніку. На самым прыгорку акультурылі магілы ахвяр ваеннага ліхалецця.

— Вось 60-гадовая жанчына, якую акупанты ўтапілі ў калодзежы за сувязь з партызанамі, а вось некалькі пахаванняў партызанаў, — расказвае Мікалай Аляксандравіч. — Да Вялікадня ўжо ўсё фактычна прыведзена ў парадак — працягвае сельскі дэпутат. — Учора працавалі тут з Валодзем Нічыпорчыкам. Гэта бацька Героя Беларусі Андрэя Нічыпорчыка. Бацькі Уладзіміра тут пахаваныя, ён прыязджае, даглядае і бацькоўскую хату, і магілы. Андрэй некалі часта бываў у бабулі і дзядулі летам.


Каментарый у тэму

Леанід Карповіч, старшыня Драгічынскага раённага Савета дэпутатаў:

— Лічу, што работа старасты, актывістаў, жыхароў вёскі Зарэчка — гэта і ёсць прыклад сапраўднага вясковага самакіравання. Людзі збіраюцца на сход, прымаюць рашэнне і агульнымі намаганнямі праводзяць гэтае рашэнне ў жыццё. У раёне праводзіцца вялікая работа па добраўпарадкаванні месцаў спачыну, але каб вяскоўцы самі ажыццявілі такі маштабны праект, як замена, па сутнасці, кіламетра агароджы, падобных прыкладаў — адзінкі. А яшчэ прыкладам можа быць іх грамадская актыўнасць. Кожную вясну у сельсавеце арганізоўваецца больш за 10 суботнікаў, усё выходзяць і працуюць разам па навядзенні парадку.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Драгічынскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».