Вы тут

Жыццёвая энергія звыклага


Выставачны праект Максіма Лагуна «Дзве грані», прымеркаваны да Сусветнага дня распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму, праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі. Як адзначаюць арганізатары, «Дзве грані» — два напрамкі, у якіх юнаму творцу ўдаецца знаходзіць сваю гармонію: паміж творчасцю і майстэрствам, а таксама магчымасцю іншага погляду на свет — погляду чалавека з аўтызмам. Экспазіцыя ў Мастацкім — трэцяя персанальная выстаўка Максіма Лагуна. 


«Старыя аўтамабілі», 2018 г.

Максім Лагун нарадзіўся ў 2005 годзе. Дыягнаставаны аўтызм моцна перашкаджаў Максіму вучыцца і мець зносіны з людзьмі. Аднак заўважны талент хлопчыка стаў галоўным памочнікам па жыцці. Прыйшоў займацца ў тэатральную студыю «Сямейны інклюзіў-тэатр “і”». Кіраўнік тэатра Ірына Кісялёва і прадзюсар Леанід Дзінерштэйн сыгралі свае ролі ў лёсе хлопчыка. У стварэнні гэтай выстаўкі яны таксама ўзялі ўдзел. 

Максім Лагун — выхаванец народнай арт-студыі «Востраў», неаднаразовы лаўрэат і дыпламант рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх конкурсаў, аўтар комікса «Макс разбудзіў пчол» (2020) — па матывах мультсерыяла «Смешарики». На выстаўцы «Дзве грані» прадстаўлена больш за 40 графічных твораў, у якіх ажываюць назіранні аўтара за жыццём гарадскіх вуліц і ўтульных кватэр, уяўленні аб мастацкай спадчыне. Так, вельмі адметныя работы на даволі змястоўнай выстаўцы — «Іван Грозны забівае сына» (2018), «Цой» (2021), «Сляпы» (2017)… Бачыць глядач і цікавыя пейзажы, на якіх адлюстраваны палац Святаполк-Чацвярцінскіх, Чырвоны касцёл, Плошча Незалежнасці, Нясвіжскі замак… А карціны з выявамі, напрыклад, сабора Свеціцхавелі і манастыра Джвары раскрываюць першыя пачуццёвыя ўражанні ад падарожжа ў Грузію. Усе творы, незалежна ад колераў і тонаў, вельмі светлыя, прамяністыя, далікатныя. 

Важная частка экспазіцыі — праект мастака пад назвай «Навігатар Макс». Вось што пра яго кажа мастацтвазнаўца і педагог Юрый Іваноў: «Гэты праект — гісторыя, якая чымсьці нагадвае нам вядомую драму пра Рабінзона, чалавека, які апынуўся на незаселенай выспе і крок за крокам пачынае выбудоўваць асяроддзе выжывання. Для Максіма яго захапленне і патрэба ў выяўленчай творчасці сталі выратавальным сродкам для стварэння ўласнай жыццёвай прасторы. Падчас работы над праектам Макс пільна даследуе і нібы скануе прастору студыі, і мы раптам заўважаем, як звыклыя месцы і прадметы набываюць на паперы сваю незвычайнасць, выяўляючы ўтоеную жыццёвую энергію, якую немагчыма выказаць вербальна». 

Разглядаць малюнкі, поўныя дробных элементаў, можна доўга. Але першае, што кідаецца ў вочы, — лінія і колер. У чорна-белай графіцы вельмі добра выяўлена дэталізаваная прастора, Максім Лагун імкнецца да абагульненых форм і непаўторных, толькі яму ўласцівых, вобразаў. Аднак творчы метад складана прывязаць да канкрэтнага стылю, гэта хутчэй сінтэз розных відаў мастацтва. Калі параўноўваць з сучаснымі творчымі пошукамі, то работы Максіма можна суаднесці з такімі кірункамі, як аўтсайдар-арт, прымітывізм. Аўтсайдар, згодна з тэорыяй, — не штосьці прыніжальнае, тут ідзе гаворка пра мастацкую практыку людзей, якія знаходзяцца па-за межамі ўвагі часам нават прафесійнай супольнасці. У пэўнай ступені яны не ўпісваюцца ў звыклыя рамкі сацыяльных норм і ўстановак. Зразумела, што творчыя спробы і лад жыцця ў іх выпадку непарыўна звязаны. 

Творчасць юнага мастака нават зараз досыць самадастатковая і неардынарная. Відавочна, што ў Максіма Лагуна вялікія перспектывы. Прытым у рэчышчы размовы аб такога роду аўтарах варта ўлічваць некаторыя акалічнасці, аднак не надта на іх канцэнтравацца. Неабходна ацэньваць выключна мастацтва з усімі яго супярэчнасцямі і адметнасцямі. Толькі гэта дапаможа арыентавацца і мастаку, і гледачу. 

Выставачны праект Максіма Лагуна «Дзве грані» будзе працаваць да 30 красавіка. 

Яўгенія ШЫЦЬКА, фота аўтар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».