Вы тут

Эпахальная будзённасць


Зазірнуць у мінуўшчыну, рэканструяваць асобныя фрагменты гісторыі цалкам рэальна. Праз непасрэдны дотык, візуальнае ўспрыманне. Такую ўнікальную магчымасць даюць дакументы. Архіўная эўрыстыка — адзін з найбольш запатрабаваных напрамкаў сучасных даследаванняў, які дазваляе адчуць мінулае навобмацак, зразумець вялікіх папярэднікаў праз цеплыню сямейнага і сяброўскага агменю.


Сям’я Замоціных: Таццяна, Вера Паўлаўна, Іван Іванавіч. Алупка, 1920-я гг.

Адрасы юнацтва

«У жніўні гэтага года я пару дзён была ў Мінску, наведала татаў мемарыял (памятная дошка на будынку педуніверсітэта. — М. Т.), паклала кветкі. Пабывала ў музеі Я. Коласа, сябра нашай сям’і. Данііл Канстанцінавіч ласкава паказаў мне і маім спадарожніцам музей», — пісала Таццяна Замоціна да Ніны Ватацы ў лістападзе 1985 года.

Дачка акадэміка Івана Замоціна (1873—1942) жыла ў пасёлку Паўлава Усевалажскага раёна Ленінградскай вобласці. Адтуль і падтрымлівала сувязь з Мінскам, горадам свайго юнацтва. Удалося захаваць некаторыя рукапісы і кнігі аднаго з заснавальнікаў беларускай гуманітарыстыкі. Імі і дзялілася з даследчыкамі. Сёння гэтыя залацінкі інфармацыі пра мінулае расцярушаны па дзяржаўных і прыватных зборах. Сабраць іх — пачэсная місія і наш надзённы клопат.

Старонка рукапісу Івана Замоціна «Беларуская літаратура ХІ—ХVІІІ стст.».

Таццяна Іванаўна мела ў Мінску шэраг сваіх адрасоў. Некалькі дзесяцігоддзяў Замоціны жылі па суседстве з сям’ёй вучонага-медыка Сяргея Мялкіх (1877—1952). Зінаіда Мялкіх, адна з вучаніц акадэміка, абараніла дысертацыю на кафедры рускай літаратуры БДУ — «П’еса А. П. Чэхава “Вішнёвы сад”» (1954). 

Пакуль не даводзілася сустракаць сведчанні пра сяброўства Таццяны Замоцінай з Марыяй Жыдовіч (1906—1977), першай жанчынай у Беларусі — доктарам філалагічных навук. А вось адшуканы здымак 1937 года гэта не толькі наглядна пацвердзіў, але і вызначыў напрамак далейшых архіўных росшукаў. 

Марыя Жыдовіч і Таццяна Замоціна. Мінск, 1937 г.

Творчыя клопаты 1920-х

Адным з калег Івана Замоціна быў Дзмітрый Жарынаў (1975, Ташкент — ?). Біяграфічныя звесткі пра гэтага гісторыка, і без таго небагатыя, абрываюцца на выездзе з Мінска ў 1928 годзе (па некаторых звестках — у 1929-м). Выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце з 1921 года. У сталіцу БССР прыбыў па запрашэнні першага рэктара БДУ У. І. Пічэты, які асабіста рэкамендаваў свайго калегу на заняцце кафедры рускай гісторыі. 

Навуковец спецыялізаваўся на ХІХ — пачатку ХХ стст., методыцы выкладання гісторыі і грамадазнаўстве; захапляўся краязнаўствам, выступаў на літаратурных вечарах. У верасні 1925 года ў БДУ прайшло ўрачыстае пасяджэнне ў гонар 25-гадовай культурнай і навуковай дзейнасці аўтарытэтнага вучонага.

З працоўнага эпісталярыя Івана Замоціна. 1936 г.

Перад намі невядомы ліст Дзмітрыя Жарынава (на рускай мове), адрасаваны Івану Замоціну. Па тых часах — някідкі запіс, які выконвае сваю будзённую функцыю. Сёння яго значэнне можа быць узведзена да рукапіснай спадчыны, унікальнага рукатворнага дакумента эпохі, які сведчыць асаблівасці камунікацыі некалькіх выдатных творчых асоб, удзельнікаў нацыянальнага і дзяржаўнага будаўніцтва 1920-х гадоў:

Паважаны Іван Іванавіч!

Пасылаем Вам план «Паэтыкі» Барычэўскага. Былі б вельмі ўдзячны, калі б знайшлі час даць водгук. Пры гэтым — праграмай зацікавіўся К. М. Міцкевіч (пісьменнік Якуб Колас. — М. Т.), але ён згаджаецца даць водгук толькі ў тым выпадку, калі папярэдне пагаворыць па гэтай справе з Вамі. Ці не ўвойдзеце з ім, так бы мовіць, у непасрэдны на гэты прадмет кантакт? Можа быць, ці не атрымаецца ў выніку даць калектыўны водгук?

Аддаю ўсё на Ваш разгляд. Але водгук вельмі патрэбны і нам, і Барычэўскаму, які вельмі хвалюецца з нагоды лёсу свайго плана.

Прыміце і г. д. 
Прывітанне Веры Паўлаўне.
Д. Жарынаў.
Мінск, 17 лістапада 1925.

Даследаванне Яўгена Барычэўскага «Паэтыка літаратурных жанраў», пра якое, праўдападобна, ідзе гаворка ў лісце, пабачыла свет у Беларускім дзяржаўным выдавецтве (Мінск, 1927).

Паэтычная ўсмешка акадэміка

У юбілейным выпуску «ЛіМа» ад 25 лютага 2022 года мы згадвалі вершаваны твор Івана Замоціна, прысвечаны творчаму пабраціму штотыднёвіка — Інстытуту літаратуры і мастацтва. У некаторых строфах паэтычнага опуса «***Наш ЛіМ работает примерно» (1935), напісанага ў духу карпаратыўнага капусніка, называюцца канкрэтныя персоны: 

Над темой млеют аспиранты,
Молчат глубоко докторанты,
Подался Ляпич как-то в бок,
И в сферах разных «даручений»
И корректурных изменений 
Порхает вечно Голубок.

За кожным з названых, тут і далей, у жартаўлівым кантэксце прозвішчаў — свой лёс і жыццёвыя выпрабаванні. Пры тым, што творчыя іпастасі шмат у чым падобныя. Паэт, крытык, перакладчык Раман Ляпіч (1906—1977). Пісьменнік, крытык Сямён Куніцкі (1902—1940) у 1932—1936 гадах быў вучоным сакратаром Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, памёр у лагеры на Калыме. Прапаў без вестак на франтах Вялікай Айчыннай вайны Эдуард Галубок (1906—1943). Найбольш паспяховымі былі жыццё і навуковая кар’ера Любові Фіглоўскай (1908—1979), літаратуразнаўцы, педагога, доктара філалагічных навук.

У творчай дынастыі Галубкоў найбольш вядомы драматург і рэжысёр, першы народны артыст Беларусі (1928). Старэйшы з сыноў Уладзіслава Галубка пачынаў свой шлях з тэатральнай трупы бацькі. Затым быў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (скончыў у 1930 годзе), аспірантура і праца ў Інстытуце літаратуры і мастацтва, Інстытуце гісторыі АН БССР.

Эдуард Галубок з энтузіязмам пісаў пра новыя з’явы ў беларускай культуры 1930-х гадоў. Ён адзін з аўтараў калектыўных прац «Драматургія» (Мінск, 1934), «Пісьменнік і мова» (Мінск, 1934), укладальнік некалькіх фальклорных зборнікаў. Дысертацыйнае даследаванне, прысвечанае беларускай драматургіі, не было прыведзена да завяршальнага этапу абароны з прычыны арышту бацькі. Асноўныя моманты навуковай працы прайшлі апрабацыю ў друку, у тым ліку на старонках часопіса «Мастацтва і рэвалюцыя» (1932, № 3—4) — «Творчы шлях 3-га Беларускага дзяржаўнага тэатра».

Вехавымі ў справе вяртання імя Эдуарда Галубка сталі публікацыі ў зборніку «Скрыжалі памяці» (2005, кніга 1), што прадстаўляе творчую спадчыну пісьменнікаў Беларусі, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. У выданне, падрыхтаванае прафесарам Алесем Бельскім, увайшоў кароткі біяграфічны нарыс, а таксама скарочаныя тэксты агляднага артыкула «Да пытання аб дзіцячай кнізе ў БССР. Творчасць Янкі Маўра» і рэцэнзіі на паэтычны зборнік Зіны Бандарынай «Веснацвет» (1931).

На жаль, да гэтага часу мы не мелі ўяўлення нават пра знешнасць аднаго з аўтараў, якія тварылі ў абстаноўцы драматычных і лёсавызначальных 1930-х гадоў. Біябібліяграфічны даведнік «Беларускія пісьменнікі» (т. 2, 1993), падрыхтаваны Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы, не стаў выключэннем.

Пасля праведзенай пошукавай працы інфармацыйную лакуну дапамаглі папоўніць фонды мінскага музея «Гасцёўня Галубка». Невымоўнае адчуванне, калі праз 86 гадоў на цябе глядзяць вочы, якія калі і не заклікаюць да гістарычнай справядлівасці, то, прынамсі, дакараюць у неабходнасці простай чалавечай памяці.

Зусім не лішні на карціне

Апошнія гады жыцця Таццяны Замоцінай праходзілі на самоце. Пахавала маці і мужа. У лісце да Ніны Ватацы пісала: «Адной жыць дрэнна і цяжка. Часта хварэю. Праўда, наведваюць мяне далёкія сваякі, старыя сябры (нават прыязджаюць часам з Мінска школьныя сяброўкі, сябры юнацтва), бываюць мае калегі і былыя вучні. Апякуецца мной ужо некалькі гадоў (цалкам добраахвотна) дачка адной маёй былой вучаніцы, студэнтка IV курса фармацэўтычнага інстытута. Проста вельмі добры і спагадлівы чалавек. Возіць мне прадукты з горада, стараецца быць чымсьці карыснай. Я з ёй ездзіла ў Мінск у жніўні гэтага года. Яна ў захапленні ад маіх старых сяброў і ад горада. Я таксама вельмі люблю Мінск і захапляюся яго прыгажосцю».

На некаторых аматарскіх здымках, дасланых у Беларусь, Таццяна Іванаўна ў кампаніі дзвюх невялікіх беспародных сабачак. Пра гэта чытаем і ў лісце: «Жыву я адна са сваімі зверанятамі». А потым сціслыя радкі, якія пераносяць нас у даваенны Мінск: «Тата таксама вельмі любіў хатніх жывёл, даглядаў іх сам. Татаў улюбёнец — папугай — пражыў у нас 20 гадоў. Былі і каты, і марскія свінкі». 

Вось гэтых штрыхоў і не хапала ў агульнай карціне. Такія дэталі, зафіксаваныя надзейнымі сведкамі, здольны прыўнесці непаўторны каларыт і важную жывінку ў любы жыццяпіс. Так і ўяўляецца: гасцей акадэміка Замоціна, навуковую і творчую эліту маладой Беларусі, па-свойску вітае зялёны хатні гадаванец… 

Мікола ТРУС,

кандыдат філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».