Вы тут

Прайшоў майстар-клас па выпяканні знакамітых Паўлаўскіх караваяў


Па словах загадчыцы Навасёлкаўскага філіяла Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў Наталлі Стасюкевіч, майстар-класы праводзяцца амаль штодзень. Асаблівы ажыятаж назіраецца напярэдадні Вялікадня. Бо велікодныя караваі такія ж вядомыя, як і вясельныя. Аб гэтым гавораць і іх назвы: «Пасха», «Крыжык», «Мазурка», «Пляцёнка» –  такія пірагі прызначаецца для частавання валачобнікаў. «Бабкіны пірагі» аздоблены фігуркамі звяроў, іх выпякаюць, каб частаваць дзяцей.


Але дзеці і самі жадаюць паспрабаваць сябе ў гэтай справе. І такая магчымасць ёсць. Для гэтага трэба дамовіцца з этнагасцёўняй, якая знаходзіцца ў вёсцы Навасёлкі Слонімскага раёна. Мясцовыя школьнікі ўсё актыўней наведваюць гэты цікавы куток. 

— Мы праводзім анімацыйныя праграмы для розных катэгорый дзяцей. Гэта экскурсія па этнагасцёўні, расказ аб гісторыі паўлаўскіх караваяў. Расказваем пра інвентар, у тым ліку, звязаны з печкай. Праводзім старажытныя гульні і конкурсы. Потым праходзіць сам майстар-клас па вырабе каравайных нарыхтовак, мы іх называем «шышкі». Дзеці з задавальненнем робяць і ружы, і васількі, і птушкі. Потым усе яны кладуцца на бляху і ставяцца ў печ. Пасля выпякання кожны можа забраць з сабой сваё печыва, а дзеці частуюцца гарбатай з паўлаўскімі караваямі, — распавяла Наталля Стасюкевіч.

Такія майстар-класы вельмі папулярныя сярод вучняў, у тым ліку, малодшых школьнікаў. Гэтым разам у аграгарадок Навасёлкі прыехалі трэццякласнікі Слонімскай сярэдняй школы № 5. 

Усе ўдзельнікі майстар-класа атрымліваюць па кавалачку цеста. Яго майстрыхі рыхтуюць літаральна за некалькі гадзін да прыезду вучняў. Яно, у адрозненні ад саміх караваяў, проста здобнае, без дражджэй. Гэта свайго роду нарыхтоўкі для будучых караваяў — елачкі, лісцікі, падкоўкі, птушкі, каласкі, ружачкі, васількі... Яны ўпрыгожваюць потым самі караваі. Такія нарыхтоўкі выпякаюцца ў першую чаргу. Слонімскія вучні пад кіраўніцтвам гаспадыні этнагасцёўні якраз і збіраюцца іх рабіць.

— Дзеці вельмі стараюцца, — кажа Наталля Міхайлаўна. — Калі не вельмі атрымаецца, можна цеста змяць і зрабіць лепш, нашы гаспадыні — памочніцы падкажуць, як правільна «ляпіць» цеста. Усе імкнуцца зрабіць як мага прыгажэй, бо свае вырабы дзеці забіраюць з сабой, ім важна паказаць бацькам гэты твор. 

Этнагасцёўня — стылізаваная сялянская хата з самай сапраўднай цуда-печкай. У ёй і выпякаюць тыя самыя паўлаўскія караваі, якія вядомыя далёка за межамі Слонімскага раёна. Чаму Паўлаўскія? Бо вытокі выпякання здобы бяруць свой пачатак з вёсак Паўлаўскага сельсавета. У адной з іх мясцовыя жанчыны ў 1980-х гадах на базе клуба стварылі аматарскае аб’яднанне «Чараўніцы-каравайніцы». У кожнай гаспадыні быў свой рэцэпт каравая, які пераходзіў з пакалення ў пакаленне. 

Асаблівасць слонімскіх караваяў у тым, што тут захавалася лакальная традыцыя выпякаць з выкананнем тутэйшых звычаяў і павер’яў, з песнямі, жартамі і прымаўкамі, якіх каравайніцы прытрымліваюцца гэтак жа, як і канкрэтнай рэцэптуры.

На пасхальныя караваі абавязкова наносяцца сімвалы, як правіла, гэта літары «Х» і «У»- Хрыстос Уваскрос. Такі пірог гаспадыні нясуць у храм. Таксама паўлаўскае печыва можна набыць падчас велікодных кірмашоў. Сёлета такі кірмаш праходзіў у Гродна. Дзякуючы рэцэптуры прыгатавання, якую гаспадыні трымаюць у сакрэце, булка доўга не чарсцвее, можа захоўвацца некалькі тыдняў. Што датычыцца заказаў, іх на свята няшмат, звычайна мясцовыя гаспадыні самі пякуць бабкі і караваі, кажа Наталля Стасюкевіч. Заказы таксама прымаюцца, але на больш значную партыю. 

У 2016 годзе паўлаўскія караваі атрымалі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Брэндам вёскі Навасёлкі стала свята «Паўлаўскі каравай». 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота — Слонімскі цэнтр культуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.