Вы тут

Як правільна адзначаць Вялікдзень, распавядае святар Аляксандр Пальчэўскі


Вялікдзень для хрысціян — галоўнае свята года, сэнсавы цэнтр хрысціянскага календара. Уваскрэсенне Хрыстова не належыць да ліку 12 двунадзясятых свят, а стаіць як бы над імі, бо яго значэнне для вернікаў надзвычай вялікае. Сёлета праваслаўныя адзначаюць Вялікдзень 24 красавіка.


Пра тое, як правільна святкаваць Уваскрэсенне Хрыстова, наколькі важны знешні бок свята і ў чым яго глыбокі сэнс, мы гутарым з настаяцелем прыхода храма Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Мінску, святаром Аляксандрам Пальчэўскім.

— Вялікдзень у свядомасці большасці нашых сучаснікаў — сямейнае свята, падстава сустрэцца з блізкімі за святочным сталом. Але гэта не толькі сямейнае свята. Бо дзве тысячы гадоў таму адбылася падзея сусветнага маштабу, якая закранула ўвесь наш свет, усіх людзей: і тых, хто жыве, і памерлых (у вучэнні Царквы ёсць тэксты, дзе гаворыцца, што Гасподзь пасля свайго ўваскрашэння сышоў у пекла і вывеў адтуль праведнікаў — усіх тых, хто прыняў пропаведзь Хрыста). Таму свята Вялікадня датычыцца абсалютна ўсіх. Гасподзь Ісус Хрыстос называецца новым Адамам. Ёсць першы Адам, першародны чалавек, якога стварыў Гасподзь і чыю прыроду кожны атрымлівае ў спадчыну пры нараджэнні. У тым ліку, паводле вучэння Царквы, мы спадкуем наступствы граху Адама. А Хрыстос, прыняўшы на сябе чалавечую прыроду, аднавіў і ацаліў яе, узвёў на тую духоўную вышыню, якую чалавек страціў. І гэтую абноўленую прыроду людзі цяпер спадкуюць праз Хрыста. «Хто не народзіцца ад вады і духу, той не можа ўвайсці ў Царства Божае» (Ін. 3:5), сказана ў Пісанні. Толькі дзякуючы Ісусу Хрысту, Яго Вучэнню, Смерці і Уваскрэсенню для чалавека стала магчымым больш поўнае пазнанне Бога, стасункі з ім і ўступленне ў духоўнае адзінства праз таінствы Царквы. Уваскрэсенне Хрыстова — гэта кульмінацыя ўсяго, што зрабіў Гасподзь. А Вялікдзень — якраз свята Уваскрэсення. І ў гэты дзень мы не проста згадваем тую падзею. Для верніка-хрысціяніна Вялікдзень — глыбокія духоўныя перажыванні. У цэнтры свята павінен быць Гасподзь і ўсё, што звязана з яго Смерцю і Уваскрэсеннем. Усё тое, што ён зрабіў дзеля нашага выратавання. Часта ў сучаснай культуры на царкоўныя святы ладзяцца забаўляльныя мерапрыемствы, але мала хто кажа пра галоўнае — пра Хрыста. Калі ператварыць Вялікдзень проста ў сямейныя вячоркі, змест свята будзе згублены. Вельмі важна на Вялікдзень пачытаць і паразважаць самому, пагаварыць са сваімі блізкімі, са сваімі дзецьмі пра сэнс і змест свята: чаму ўваскрос Хрыстос, што гэта змяніла і на што паўплывала? За словамі «Хрыстос уваскрос!», якія мы прамаўляем на Вялікдзень, для кожнага з нас павінен стаяць глыбокі ўнутраны змест.

Дата святкавання Вялікадня не прывязана да пэўнага дня. Згодна з царкоўным канонам, Уваскрэсенне Хрыстова адзначаюць у першую нядзелю пасля поўні, якая надыходзіць услед за вясновым раўнадзенствам. 40 дзён з Вялікадня вернікі вітаюць адно аднаго словамі: «Хрыстос уваскрос!» — «Сапраўды ўваскрос!». «Малым Вялікаднем» у вучэнні Царквы лічыцца кожная нядзеля на працягу ўсяго года — царкоўная служба ў апошні дзень тыдня заўсёды прысвечана Уваскрэсенню Збавіцеля. Але асаблівым чынам вернікі перажываюць гэтую падзею менавіта ў свята Вялікадня, называючы яго «Святам свята і ўрачыстасць
з урачыстасцяў».

Уваскрэсенне Тваё, Хрысце Спасе

— Сваёй смерцю Ісус Хрыстос перамог і знішчыў вечную смерць. Вялікдзень — сімвал адкрыцця для чалавека Царства Нябеснага і магчымасці для кожнага выратавання і поўнага яднання з Богам, — кажа святар. — Духоўнае асэнсаванне гэтай падзеі магчыма праз богаслужэнне і малітву — сродкі, якія дазваляюць уступіць у зносіны з Богам, адчуць і перажыць яго прысутнасць у сваім жыцці.

Мы кажам, што Вялікдзень — радаснае, светлае свята. Але радавацца трэба не толькі таму, што ў нас святочная трапеза і мы бачым за сталом любімых людзей, падкрэслівае суразмоўнік.

— Перш за ўсё мы радуемся адчуванню прысутнасці Бога ў нашым жыцці і ў нашай душы. Да прышэсця Хрыста ў свет Бог здаваўся (а многім здаецца і сёння) нейкім недасягальным абсалютам. Між тым гэта Асоба, з якой кожны чалавек можа ўступіць у міжасобасны, вельмі глыбокі духоўны кантакт. І свята Вялікадня павінна прыводзіць нас да гэтага вопыту. А ўсе астатнія прыгожыя традыцыі, багатыя і любімыя ўсімі намі — і ўцаркоўленымі, і тымі, хто ўспамінае пра веру толькі на Вялікдзень і Каляды, — вядома, важныя. Але без разумення сутнасці свята яны не дадуць сапраўднай радасці.

Недастаткова ненадоўга забегчы ў храм, асвяціць куліч і паставіць свечкі. Галоўнай праявай урачыстасці з'яўляецца ўдзел у святочным богаслужэнні.

Велікодная служба пачынаецца ўвечары суботы і працягваецца ўсю нядзельную ноч. Апоўначы раздаецца звон (благавест), і адначасова з яго ўрачыстымі гукамі запальваюцца ўсе свечкі ў храме. Святары ў светлым убранні, з крыжам, свяцільнямі і фіміямам выходзяць з алтара, спяваюць сціхіры разам з прысутнымі, а затым здзяйсняюць хрэсны ход вакол царквы. У канцы святочнай літургіі асвячаецца артас — хлеб з выявай крыжа і цярновага вянка.

— Падчас начнога велікоднага богаслужэння кожны год чытаецца пасланне Іаана Златавуста, дзе гаворыцца, што ў гэты дзень у храм запрашаюцца ўсе. І нават калі вы не пасціліся, яшчэ ёсць час, каб правесці перадсвяточную ноч у малітве і чытанні духоўных тэкстаў, якія тлумачаць сэнс і змест велікодных урачыстасцяў. Яны ўзмацняюць наша ўспрыманне свята, якое не абмяжоўваецца знешнімі атрыбутамі.

З глыбіні стагоддзяў

І ўсё ж велікодныя традыцыі таксама вельмі важныя, падкрэслівае суразмоўнік.

— Але трэба разумець сэнс і змест гэтых традыцый. Чаму мы фарбуем яйкі? Навошта пячом і асвячаем кулічы? Чаму вымаўляем «Хрыстос Уваскрос!»? Калі старацца даведацца больш аб кожнай традыцыі, яна будзе падводзіць нас да сутнасці свята. Проста выкананне нейкіх дзеянняў без разумення іх сэнсу наўрад ці прынясе карысць.

Сімваламі Вялікадня многія стагоддзі таму сталі куліч і фарбаваныя яйкі. Гэтыя стравы папярэдне асвячаюцца ў царкве. Здобны велікодны куліч сімвалізуе прысутнасць Госпада ва ўсіх зямных справах, Яго клопат аб кожным з тых, хто жыве на Зямлі. Звязаны куліч з артасам, асвячоным хлебам, які выпякаецца ў царкве да Вялікадня і раздаецца вернікам. На працягу Светлай сядміцы — першага тыдня пасля Вяліка-
дня — артас урачыста выносіцца і ўдзель-нічае ў хрэсным ходзе. А куліч, які пякуць да Вялікадня ў кожным доме, сімвалізуе прысутнасць Госпада за кожным святочным сталом.

Яйкі на велікодным стале сімвалізуюць пачатак новага жыцця. Найбольш распаўсюджаны колер велікодных яек, чырвоны, — сімвал Божай Любові. У даўніну на
Вялікдзень яйкі фарбавалі толькі ў чырвоны колер розных адценняў (колер крыві, якую Гасподзь праліў на крыжы ў імя выратавання чалавецтва). З цягам часу былі прыдуманыя «крашанкі» і «пісанкі», упрыгожаныя кветкавымі ўзорамі і арнаментам. У нашы дні дапушчальна фарбаваць яйкі ў любыя колеры.

Яшчэ адзін сімвал свята — тварожная «пасха». Яна сімвалізуе слодыч райскага жыцця, абяцаную Богам Зямлю, «дзе цякуць малако і мёд». Форма «пасхі» — сімвал Нябеснага храма. На тварожных «пасхах» і кулічах выкладваюць літары «ХВ» (Хрыстос Уваскрос), а часам малююць ягня, якое з'яўляецца адным з сімвалаў Вялікадня. Даўней кожная добрая гаспадыня мела свой рэцэпт «пасхі», які перадаваўся ў спадчыну.

У імя надзеі і ўваскрашэння

Здзяйсняць добрыя справы ў Вялікдзень — таксама традыцыя, асвячоная стагоддзямі. Лічыцца, што гэтымі днямі зробленае для тых, хто абдзелены лёсам, дапамагае зняць з душы грахі, бо ў светлае свята ніхто не павінен быць галодным і абдзеленым радасцю. Да таго ж, паводле легенды, ад Вялікадня да Узнясення вандруе па зямлі Хрыстос з апосталамі, выпрабоўваючы міласэрнасць і дабрыню тых, хто жыве на Зямлі: пашкадаваўшы міласціны,
ты можаш адмовіць непасрэдна Сыну Божаму.

— Але важна разумець сёння тое, што разумелі нашы продкі: усё жыццё верніка павінна мець хрысціянскае напаўненне. Не варта занадта вылучаць святочныя дні са звычайных дзён жыцця хрысціяніна. Іаан Багаслоў пісаў: «Хто кажа: «Я люблю Бога», а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто не любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога не бачыць?» (1Ін 4:20). Калі вы праваслаўны вернік, значыць, вы закліканы ў любы час і ў любы дзень здзяйсняць добрыя справы, шанаваць Запаведзі Гасподнія і любіць бліжняга. Вялікдзень — проста яшчэ адна нагода для таго, каб тварыць дабро.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Галоўнае свята года

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.