Вы тут

Як затрымаць маладых спецыялістаў пасля размеркавання?


Стаяць на хлебазаводзе ўсю змену каля гарачай печкі або пайсці кіроўцам у таксі Uber? Як мяркуеце, на якім варыянце спыніць свой выбар малады чалавек? Адказ відавочны. Цяжкія ўмовы працы мала каго прывабліваюць. А ці шмат маладых спецыялістаў застаецца на тых рабочых месцах, куды яны былі размеркаваныя? Як іх можна было б затрымаць? Чаму наймальнікі, адпраўляючы заяўку на маладога спецыяліста, не лічаць патрэбным зацікавіць выпускнікоў і ўступіць ў канкурэнцыю за найлепшых? Гэтыя і іншыя пытанні аказаліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў адкрытага дыялогу, які прайшоў у рамках Рэспубліканскага форуму працоўнай моладзі «Час тваіх магчымасцяў». Яго ўдзельнікамі стала больш як 50 прадстаўнікоў Рэспубліканскага савета працоўнай моладзі з усіх рэгіёнаў краіны. Маладых актывістаў гасцінна прымаў на сваёй пляцоўцы Мінскі механічны завод імя С. Вавілава — кіруючая кампанія холдынга «БелОМА». Гэтае месца было выбрана для сустрэчы невыпадкова. Па-першае, для прадпрыемстваў холдынга кадравая праблема таксама актуальная, а па-другое, іх вопыт работы з моладдзю заслугоўвае ўвагі.


Актыўная адаптацыя

— Сёння маладыя складаюць прыкладна 25-30 працэнтаў ад агульнай колькасці нашых работнікаў, — расказвае намеснік генеральнага дырэктара па кіраванні персаналам і ідэалагічнай рабоце Вячаслаў КУЗНЯЦОЎ. — Вельмі шмат навучэнскай моладзі прыходзіць да нас на практыку, якая аплачваецца, з перспектывай далейшага працаўладкавання (калі мы плацім, то можам і спытаць). І калі малады чалавек сябе добра зарэкамендаваў, то накіроўваем на яго заяўку ў ВНУ, політэхнічны каледж або ў ліцэй. Штогод бяром па размеркаванні прыкладна 50 выпускнікоў ВНУ. Некалькі гадоў таму мы ўкаранілі пашпарт маладога спецыяліста (а дакладней, адаптавалі пад новыя рэаліі стары добры савецкі досвед). Маладыя спецыялісты першыя два гады работы на нашым прадпрыемстве кожныя паўгода праходзяць атэстацыю. Мы вырашылі іх матываваць. Пры ўдалым праходжанні атэстацыі да іх заробку дабаўляецца даплата ў памеры чатырох базавых велічынь, якія выплачваюцца штомесяц. Наступная паспяховая атэстацыя — яшчэ плюс чатыры базавыя да заробку, які прапісаны ў кантракце. Па выніках чатырох атэстацый атрымлівацца добрая даплата. Калі першая атэстацыя заснаваная пераважна на агульных тэарэтычных пытаннях, то далей ужо правяраюцца прафесійныя кампетэнцыі і ацэньваецца ўклад канкрэтнага маладога спецыяліста ў развіццё прадпрыемства. Дарэчы, настаўнік з ліку вопытных работнікаў, які курыруе паспяховага маладога спецыяліста, таксама атрымлівае за сваю апеку над ім матэрыяльнае ўзнагароджанне.

Мушу канстатаваць, што мы ўжо на другой атэстацыі бачым, ці будзе гэты малады чалавек у нас працаваць, ці ёсць у яго матывацыя або ён проста чакае, калі скончыцца тэрмін размеркавання. Мы даём магчымасць моладзі актыўна адаптавацца на прадпрыемстве, пры гэтым матэрыяльна яе заахвочваем. Дапусцім, у цябе заробак 800 рублёў. Прайшоў атэстацыю — атрымай яшчэ 120 рублёў. Моладзь сёння ў добрым сэнсе меркантыльная і яна хоча ведаць, чаго «каштуе». Некаторыя па-добраму дзёрзкія не баяцца даказваць падчас атэстацыі сваю пазіцыю. Усё гэта павысіла замацаванасць моладзі на нашым прадпрыемстве. Калі б хлопцаў яшчэ не прызывалі ў войска літаральна праз пару месяцаў работы на прадпрыемстве, замацаванасць была б больш высокая. Але многіх забіраюць у армію ўжо ў асенні прызыў. Хлопцы не паспяваюць адаптавацца і прывязацца да месца работы, а пасля службы не ўсе да нас вяртаюцца, хоць на прадпрыемстве і заахвочваюць такіх работнікаў. Хтосьці застаецца служыць па кантракце ва Узброеных Сілах, хтосьці шукае больш камфортныя для сябе ўмовы, чым работа на вытворчасці. У выніку мы страчваем спецыяліста, які не паспеў увайсці ў нашу сям'ю, а дзяржава страчвае грошы, укладзеныя ў яго падрыхтоўку. Няхай бы выпускнікоў устаноў адукацыі забіралі служыць хоць бы ў вясенні прызыў, каб у іх быў час на адаптацыю…

Тэст для наймальніка

А вось дырэктар установы культуры «Жыліцкі гістарычны комплекс-музей» Уладзіслаў КУЛАКЕВІЧ лічыць, што трэба павышаць адказнасць наймальнікаў перад маладымі спецыялістамі. Пра гэта ён казаў падчас адкрытага дыялогу, які прайшоў з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Ён прапанаваў, каб БРСМ узяў на сябе функцыю грамадскага кантролю за стаўленнем да маладых спецыялістаў з боку наймальнікаў, за тым, ці ствараюць тыя дастойныя для іх умовы.

— Сёння, калі мне патрэбны малады спецыяліст, я проста пішу заяўку ва ўстанову адукацыі з мінімумам карыснай для выпускніка інфармацыі і нічога яму не абяцаю, — кажа Уладзіслаў. — Але ўстанова адукацыі, калі распараджаецца такой каштоўнасцю, як моладзь, павінна паводзіць сябе больш адказна. Трэба патрабаваць ад наймальніка запоўніць аб'ёмны і аб'ектыўны тэст з падрабязным апісаннем жыллёвых умоў, якасці жылля, што выдзяляецца, наяўнасці там санвузла, гарачай вады, цэнтралізаванага ацяплення, мэблі, транспартнай і гандлёвай інфраструктуры ў населеным пункце, куды размяркоўваецца студэнт выпускнога курса. Калі хтосьці зможа прапанаваць лепшыя ўмовы пражывання і сацыяльны пакет (напрыклад, кампенсацыю за арэнду жылля ці транспартных выдаткаў на дарогу да месца работы), у выпускніка будзе выбар. А іншы наймальнік, заяўку якога не задаволілі, тады, можа быць, нарэшце задумаецца? Няхай будзе канкурэнцыя за маладога спецыяліста паміж працадаўцамі. Я прапанаваў бы Міністэрству адукацыі распрацаваць пэўную ўніфікаваную форму тэста для наймальнікаў, якія прэтэндуюць на маладога спецыяліста.

— Моладзь сёння хоча пакласці на бутэрброд і сыр, і каўбасу, але іх заробкі не заўсёды тое дазваляюць, — заўважыў інжынер-сістэматэхнік Кобрынскага хлебазавода (філіял ААТ «Берасцейскі пекар») Павел ДЗМІТРЫЕЎ. — Маладыя не хочуць працаваць на танных рабочых месцах. Але хто тады будзе пячы хлеб, шчыраваць у сельскай гаспадарцы і перапрацоўчай вытворчасці? Калі немагчыма падняць у нейкіх сферах заробкі, значыць, трэба кампенсаваць маладым работнікам адносна невысокую заработную плату зніжэннем падатковай нагрузкі, выдзяленнем ім ільготных крэдытаў. Укладанні ў моладзь — гэта ўкладанні ў будучыню Беларусі!

Новы змест рабочых прафесій

Намеснік міністра адукацыі Аляксандр КАДЛУБАЙ пагадзіўся, што ёсць некалькі параметраў, на якія моладзь арыентуецца пры выбары месца работы: заработная плата, сацыяльны пакет і — асабліва — умовы пражывання.

— У нашым грамадстве сфарміраваны культ эканамічнага дабрабыту. І прэстыжнасць прафесіі вымяраецца, на жаль, не яе грамадскай значнасцю, а ўзроўнем заробку, — канстатаваў ён. — Я быў дырэктарам у сельскай школе, таму ведаю, што людзі, якія працуюць у сельскай гаспадарцы заатэхнікамі, механізатарамі і гэтак далей, саромеюцца расказваць дзецям пра тое, чым яны займаюцца, а так быць не павінна.

Пытанне арыентацыі выпускнікоў школ на рабочыя спецыяльнасці стаіць сёння надзвычай востра. Як давесці ім, што сучасны рабочы — гэта эрудзіраваны, высокакваліфікаваны спецыяліст, які, акрамя прафесійных ведаў, павінен валодаць спецыфічнымі навыкамі ў сумежных галінах, у тым ліку разбірацца ў інфармацыйных тэхналогіях, робататэхніцы і г. д.? Мяжа паміж рабочым і інжынерам усё больш размываецца. Сёння токар, які працуе на сучасным станку з лічбавым праграмным кіраваннем, у адной асобе і тэхнолаг, і наладчык, і аператар, што кантралюе прыладу. А мехатронік — спецыяліст-дыягностык, які можа вызначыць няспраўнасць механізма і правесці дробны рамонт: ён ведае і механіку, і пнеўматыку, і электроніку... Паняцце «рабочая прафесія», як і стаўленне да яе прадстаўнікоў, патрабуе ў нашым грамадстве перазагрузкі. Патрэба ў прадстаўніках рабочых прафесій і спецыялістах сярэдняга звяна пастаянна нарастае. А стэрэатып, што прафесійна-тэхнічная адукацыя — толькі для няўдачнікаў, зусім не актуальны.

— На сённяшні дзень прыняты дастаткова аб'ёмны пакет нарматыўна-прававых актаў, якія рэгламентуюць першачарговае права выдзялення арэнднага жылля маладым людзям, якія прыходзяць працаваць у запатрабаваную сферу, прыняты акты, якія забяспечваюць маладых спецыялістаў гарантыямі, у прыватнасці, ільготы для маладых сем'яў. Згодна з новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі, на выпускнікоў платнай формы навучання, што пажадалі размеркавацца, цяпер будуць распаўсюджвацца ўсе прывілеі і сацыяльныя гарантыі, прадугледжаныя для маладых спецыялістаў, якія атрымлівалі адукацыю на бясплатнай аснове, — дадаў Аляксандр Кадлубай.

Першыя прафесійныя спробы

Трэба заўважыць, што адной з мэт Рэспубліканскага савета працоўнай моладзі, створанага пры ЦК БРСМ, была падрыхтоўка маладзёжнага кадравага рэзерву. У яго на выбарнай аснове ўваходзяць маладзёжныя лідары БРСМ з найбуйнейшых прадпрыемстваў нашай краіны — «БелАЗ», БМЗ, «Нафтан», «Беларуськалій», з арганізацый і прадпрыемстваў лёгкай, харчовай прамысловасці, аграпрамысловага комплексу, устаноў адукацыі і іншых. Менавіта яны павінны актуалізаваць маладзёжную павестку на сваіх прадпрыемствах.

У адрозненне ад студэнцкай, у працоўнай моладзі часта ёсць сем'і, дзеці, бытавыя праблемы і зусім няшмат вольнага часу. Таму сустрэчы, накшталт той, што адбылася на Мінскім механічным заводзе імя С. Вавілава, — выдатная магчымасць для іх выказаць сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю, прапанаваць праект, агучыць важную ініцыятыву.

Маладыя людзі паўдзельнічалі ў майстар-класе па асобасным росце, мазгавым штурме, трэнінгу «Асновы прамоўніцкага майстэрства для спецыяліста, які працуе з моладдзю», прэзентацыі і абароне праектаў, многія з якіх былі прысвечаны прафарыентацыі старшакласнікаў.

Так, сваім вопытам з прысутнымі падзяліўся дырэктар ветклінікі ў Лідзе «Кот Бегемот», галоўны ветэрынарны ўрач Павел ЖУЛЬПА. Дарэчы, ў лютым бягучага года ў фінале рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» яго праект «Дабрыня выратуе свет» перамог у намінацыі «Грамадства і сацыяльная сфера». А на Рэспубліканскім форуме працоўнай моладзі Павел расказаў пра клуб «ВетЭксперт» і прафарыентацыйны праект «Заадоктар» — гэта сумесная ініцыятыва яго ветклінікі і Лідскага раённага экалагічнага Цэнтра дзяцей і моладзі. Дзейнасць клуба будучых ветэрынараў — новы досвед і для першых, і для другіх. Мэта — пагрузіць падлеткаў у нюансы прафесіі ветэрынара. На базе цэнтра выкладаецца тэарэтычны блок ведаў: дзецям расказваюць пра захворванні жывёлін, як іх правільна даглядаць падчас хваробы, пра асаблівасці кармлення і г. д. А ў клініцы атрыманыя веды прымяняюцца ўжо на практыцы.

— Дзяўчаты асісціруюць мне падчас аперацыі, вучацца накладваць швы, ставіць катэтары, рабіць эпідуральную анестэзію. Паколькі дзеці прыходзяць да нас навучыцца, мы нічога ад іх не хаваем, — падкрэслівае Павел. — Яны бачаць усю тую рэальнасць, з якой даводзіцца сутыкацца штодня на прыёмах, дыягнастычных даследаваннях, на хірургічных аперацыях, у стацыянары. Асабіста я ні ў чым іх не абмяжоўваю. Мая задача — паказаць рэальную сітуацыю, а не прыгожую карцінку, каб яны дакладна ведалі, што іх чакае наперадзе ў прафесіі. Прытомнасць на аперацыях ужо ніхто ў нас не страчвае (усміхаецца). Як дзейнічаць у такіх сітуацыях і дзе знаходзіцца нашатыр, усе ведаюць. А я максімальна проста і даступна тлумачу дзецям кожнае сваё дзеянне. Усё ж такі прафарыентацыйныя экскурсіі ў ветклініку і першыя прафесійныя спробы — гэта не адно і тое ж.

Павел упэўнены, што такая сумесная работа абавязкова прынясе плён: «Практыкаарыентаваны падыход у навучанні дапаможа адцягнуць увагу дзяцей ад гаджэтаў, а мы знойдзем высокаматываваных хлопцаў і дзяўчат, якія захочуць звязаць сваё жыццё з ветэрынарыяй. Сёння ва ўсім свеце, і ў Беларусі таксама, выразна прасочваецца тэндэнцыя да росту попыту на ветэрынарныя паслугі. А моладзь, якая да нас прыходзіць пасля ВНУ, хоча атрымаць адразу ўсё, але не несці ні за што адказнасць. А так не бывае. Я лічу, што за сеткавым узаемадзеяннем адукацыйнага і вытворчага асяроддзя — будучыня. І хацелася б, каб наш вопыт распаўсюджваўся далей, на іншыя сферы»

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота БРСМ

Загаловак у газеце: Укладанні ў будучыню

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.