Вы тут

Веснавая прыборка краіны. Пасадка дрэў, знос дамоў, заворванне зямель...


Азеляненне гарадоў, прыборка вуліц, могілак і дарог, добраўпарадкаванне крыніц і сметніц, знос старых будынкаў, экалагічныя акцыі. Усё гэта і шмат што іншае адбываецца ў Беларусі падчас навядзення парадку на зямлі вясной і да восені. За апошнія пяць гадоў колькасць міні-палігонаў у краіне зменшылі ў 14 разоў: з 1660 у 2017-м да 116 — на пачатак 2022-га (сёлета плануюць рэкультываваць яшчэ 53 міні-палігоны). А да 1 мая 2024-га ў Беларусі мусяць зруйнаваць усе непрыдатныя і неэксплуатаваныя збудаванні сельгасарганізацый. Падрабязнасці веснавой прыборкі і запланаваных экалагічных акцый краіны агучылі спецыялісты Мінпрыроды.


Уладкаванне калодзежаў і велапарковак

Парадак на зямлі ў Беларусі наводзіцца ў межах штогод зацвярджаемага ўрадам рэспубліканскага плана, які складаецца з 85 мерапрыемстваў. Яны скіраваны на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, сельскагаспадарчых тэрыторый, аб'ектаў і зямлі ўздоўж чыгункі, могілак, ляснога фонду. Сюды ўваходзіць таксама падтрыманне ў належным стане і ўладкаванне месцаў адпачынку на водных аб'ектах, рэкультывацыя аб'ектаў захавання адходаў, адпрацаваных унутрыгаспадарчых кар'ераў па здабычы карысных выкапняў, меліярацыйныя мерапрыемствы, падтрыманне ў належным стане тэрыторый садовых таварыстваў і гаражных кааператываў, а таксама работы па рэгуляванні колькасці інвазійных раслін. Падтрымліваецца парадак і на аб'ектах сацыяльнай сферы, гісторыка-культурнай спадчыны, мемарыяльных комплексаў і масавых пахаванняў. Сочыць за выкананнем прыборкі краіны Мінпрыроды сумесна з адпаведнымі ведамствамі.

— Тыпавы пералік мерапрыемстваў і крытэрыі навядзення парадку на зямлі, а таксама функцыі дзяржорганаў у гэтай сферы вызначаны пастановай урада. Летась у гэты дакумент унеслі шэраг змен, — заўважыў Максім ТАРАСАЎ, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці — начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Мінпрыроды. — У выніку тыпавы пералік папоўніўся новымі актуальнымі мерапрыемствамі, якія раней не праводзіліся на тэрыторыі населеных пунктаў. Прынамсі, дадалі задачу па падтрыманні ў належным стане нецэнтралізаваных сістэм пітнога водазабеспячэння, якімі карыстаецца каля 1,5 млн чалавек. Праверкі паказалі, што стан больш як 86 крыніц неналежны, а частка іх — закінутыя (не выкарыстоўваюцца і не абслугоўваюцца). Праз гэта яны пагражаюць забруджваннем грунтавым водам.

Праверка стану нецэнтралізаваных пітных сістэм будзе датычыцца толькі калодзежаў на грамадскіх тэрыторыях. Гаспадары сядзібных калодзежаў далучыцца да праграмы не змогуць. Каб праверыць стан сваёй крыніцы, яны мусяць за грошы звяртацца ў адпаведныя арганізацыі.

Стварэнне інфраструктуры пры ўладкаванні велапарковак і веластаянак — яшчэ адно новае мерапрыемства плана, якое мусіць стымуляваць насельніцтва да змяншэння выкарыстання асабістага аўтатранспарту, заўважыў эксперт Мінпрыроды. Гэта ў сваю чаргу паспрыяе змяншэнню шкодных выкідаў у паветра (больш як 70 % ад усіх у атмасферу прыпадае якраз на долю аўтамашын).

У 2017—2020 гг. у межах дзяржпраграмы аховы навакольнага асяроддзя і ўстойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў Мінпрыроды інвентарызавала 1183 крыніцы краіны. Мерапрыемствы па іх комплексным добраўпарадкаванні таксама ўвайшлі ў сёлетнюю праграму прыборкі краіны. Знос непрыдатных і неэксплуатаваных дамоў і збудаванняў сельскагаспадарчых арганізацый з наступным уцягненнем у сельгасабарот зямлі з-пад іх таксама зацверджаны ўрадам.

Рэкультывацыя кар'ераў і «зялёныя гектары»

Максім Тарасаў падкрэсліў, што леташняя праграма па навядзенні парадку была перавыканана:

— Летась у краіне ўладкавалі і адрамантавалі 2071 кантэйнерную пляцоўку для збору адходаў (па плане — 2224), знеслі 4167 старых жылых будынкаў (па плане — 3061) і 250 неэксплуатаваных збудаванняў сельгасарганізацый (па плане — 178). Правялі ліквідацыйны тампанаж (спыненне існавання крыніцы, каб не дапусціць траплення паверхневых вод у грунтавыя. — Рэд.) 441 артэзіянскай свідравіны, якая не выкарыстоўваецца (па плане — 327), рэкультывавалі 199 адпрацаваных унутрыгаспадарчых кар'ераў (па плане — 78).

За апошнія пяць гадоў у краіне рэкультывавалі ўжо 1036 адпрацаваных кар'ераў па здабычы выкапняў агульнай плошчай 984 гектары і 1446 міні-палігонаў. Правялі тампанаж 2104 артэзіянскіх свідравін і ўвялі ў гаспадарчы абарот звыш як 83 тысячы гектараў пустых сельгасземляў і 602 гектары, якія вызваліліся пасля зносу 1776 непрыдатных і неэксплуатаваных будынкаў.

У Беларусі за пяцігодку з дапамогай жыхароў з'явілася больш як 3,7 млн новых дрэў і кустоў. З 2019-га штогод высаджваецца не менш як мільён новых саджанцаў. У выніку плошча азелянення ў гарадах і райцэнтрах павялічылася больш як на тры тысячы гектараў, а ў жылых мікрараёнах — на 475,5 гектара. Патрэбнага ўзроўню азелянення (не менш як 40 % тэрыторыі населенага пункта) дасягнулі 118 гарадоў і райцэнтраў краіны, а таксама жылыя мікрараёны ў 126 гарадах і райцэнтрах (узровень азелянення не менш як 30 %).

Прыборка тэрыторый населеных пунктаў традыцыйна праходзіць з удзелам жыхароў краіны. Раней на заканадаўчым узроўні дзейнічаў нават СанПіН, згодна з якім за работнікамі арганізацый замацоўваўся абавязак прыбіраць пустыя тэрыторыі, якія прылягаюць да гэтых прадпрыемстваў, працягласцю 100 метраў углыб. Павінны былі прыбірацца і пустыя тэрыторыі, якія знаходзяцца за 25 метраў ад жылых дамоў углыб, і да восі праезнай часткі — калі гэта прыватныя дамы. Цяпер заканадаўча такога замацавання няма, усё добраахвотна, удакладніў Максім Тарасаў.

«Дрэва героя» і «Крыніцы Міншчыны»

Экалагічных праблем штодня павялічваецца. Гэта дэградацыя зямель, змяншэнне біялагічнай разнастайнасці, назапашванне адходаў, забруджванне хімічнымі рэчывамі. Каб жыць у гармоніі з прыродай, якой мы абавязаны, і пры гэтым развівацца, чалавек павінен шукаць залаты баланс паміж эканамічнымі і сацыяльнымі інтарэсамі, заўважыла Алена КАМІНСКАЯ, начальнік упраўлення аналітычнай работы, навукі і інфармацыі Мінпрыроды, якая расказала пра экалагічныя акцыі.

— У краіне праводзіцца шмат экалагічных акцый, мерапрыемстваў, конкурсаў. Прынамсі, з'явілася шмат дрэў і кустоў у межах акцыі «Дрэва героя», якая пачалася сёлета 26 сакавіка і працягнецца да 15 мая. Добра паказала сябе летась акцыя па прыборцы двароў «Зялёны двор разам!», якую ініцыявалі жыхары. Да яе далучылася больш як дзве тысячы мінчан, якія ўдзельнічалі ў распрацоўцы схем азелянення і падборцы пасадачных матэрыялаў. А моладзі вельмі спадабаліся плогінг-акцыі (бег трушком з адначасовым зборам смецця ў парках і скверах).

З найбольш буйных экалагічных мерапрыемстваў, якія сёлета адбудуцца ў краіне, спецыяліст адзначыла, напрыклад, акцыю ў Мінскай вобласці па добраўпарадкаванні крыніц «Крыніцы Міншчыны», якая пройдзе з мая да жніўня, агульнагарадскую экалагічную акцыю па добраўпарадкаванні тэрыторыі, якая прылягае да мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Да Дня народнага адзінства 17 верасня хочуць арганізаваць адзіны дзень азелянення «Сумесна за чыстую і зялёную краіну». Для самых творчых у сталіцы восенню пройдзе гарадскі конкурс фотаздымкаў «Зялёны Мінск».

— Высаджваючы новыя расліны, не забываюцца даглядаць і ўжо насаджаныя, — дадала спецыяліст. — Праводзяцца таксама розныя тлумачальныя кампаніі. Сумесна з натарыяльнымі органамі Мінпрыроды ладзіць інфармацыйную акцыю «Адпачынак без шкоды прыродзе», падчас якой расказваюць правілы паводзін у зонах адпачынку і на ўзбярэжжах.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.