Вы тут

Што агульнага ў някупленай каўбасы і неадрамантаванай батарэі


Патэлефанавала ўчора наша пастаянная чытачка з Баранавіч. Гісторыя ў яе — з серыі «не магу маўчаць». Расказала, як у невялікім прыватным магазінчыку ў сваім мікрараёне каўбасу на Вялікдзень спрабавала купіць. Праўда, не купіла. «Каўбаса тая, ведаеце, такая, пальцам піханая, на вітрыне ў іх цэлымі кольцамі ляжала. Паглядзець, якая яна ўсярэдзіне, ніякай магчымасці не было, а мае дамашнія не любяць, калі сала шмат. Я ў прадаўшчыцы папыталася, а тая толькі буркнула ў адказ: не ведаю, маўляў. Добра, кажу, узважце палову кольца. Тая разрэзала, а там — адно сала. Можа, хто і любіць такую, але я сказала, што купляць не буду. А прадаўшчыца на мяне крыку нарабіла: куды я цяпер яе дзену, гэту каўбасу! І як шпурне тыя кавалкі на прылавак — добра, што не мне ў галаву, ды, напэўна, менавіта так і хацела зрабіць. Паляцела некуды, ляпнуўшы дзвярыма, пакупнікоў, што стаялі за мной у чарзе, не абслужыла. Людзі сталі абурацца, ад яшчэ аднаго «работніка гандлю» пачулі ў адказ: «Не падабаецца — чаго вы сюды ходзіце!» Вось вам і сфера абслугоўвання. Нібыта яны нам вялікую ласку робяць, што тавары прадаюць. Толькі калі сталі патрабаваць кнігу заўваг і прапаноў, тады супакоіліся, загадчыца выйшла, стала прасіць прабачэння. Думаю, не зусім шчыра, хутчэй дзеля таго, каб мы ў тую кнігу нічога не напісалі... Ну, мы і пашкадавалі. Цяпер думаю: дарэмна. Суседка ўвечары пасля заходзіла і расказвала, што і яна ў той краме пад гарачую руку ўжо пасля нас трапіла»...


Мы пасля доўга з жанчынай гутарылі. Пра тое, што падобныя выпадкі былі скрозь, а цяпер — хутчэй рэдкасць, пра якую нават хочацца, у газету патэлефанаваўшы, расказаць. Бо цяжка ўявіць такія паводзіны ў прадаўца ў буйным магазіне — гэта, напэўна, быў бы яго апошні рабочы дзень. Пра тое, што хамства і нястрыманасці дараваць нельга, але ж і на сябе трэба азірацца, каб не атрымалася, што гэта проста «прыляцела» табе ў адказ. Пра сферу абслугоўвання ўвогуле, не толькі пра гандаль ці цырульню, а пра ўсіх, хто аказвае нам паслугі, а мы за гэта ім плацім грошы. Але чаму часам атрымліваецца, што гэта мы іх абслугоўваем, а не яны нас? Што ў нас — абавязкі, а ў іх — правы, хоць па логіцы павінна быць якраз наадварот...

Ятут нядаўна праз службу 115 паспрабавала ў суботу сантэхнікаў выклікаць. Пачала вада з батарэі прасочвацца, за ноч нацякла добрая-ткі місачка. На дварэ — мароз, праз дзень на работу, што, калі яно будзе вось так падцякаць-падцякаць, а потым возьме ды прарве тую батарэю? Пазваніла сантэхніку ў сваё таварыства ўласнікаў — а ён на нейкім семінары ў Гродне. «Звані, — кажа, — у 115, наш дом у іх на абслугоўванні значыцца, павінны кагосьці прыслаць». Добра, званю. Дзяўчына на тым канцы провада спачатку сапраўды ўдакладняла, ці знаходзіцца наш дом на абслугоўванні, пасля некалькі разоў перапытала, якім чынам вада з батарэі з'яўляецца: «Ліецца? Капае?». Не, кажу, прасочваецца, але ж вы разумееце — пайду на работу, у доме — дзевятнаццаць паверхаў... «Усё зразумела, дзякуй, чакайце брыгаду»...

Брыгада, трэба аддаць ёй належнае, з'явілася хвілін праз дваццаць. Вясёлыя бесклапотныя дзецюкі, падобныя на Афанасія Баршчова з вядомага фільма. Прыехалі, пэўна, з нейкай каналізацыйнай аварыі — бруднымі ў іх былі і абутак, і адзенне. У закарэлых ботах яны жвава прамаршыравалі праз увесь пакой па нядаўна вымытай падлозе, паглядзелі на батарэю, абмеркавалі паміж сабой, што трэба перакрываць стаяк, а ў іх няма часу... Нібы мяне не было побач, паразважалі пра «баб, якія дурныя і панікуюць без прычыны», параілі мне паставіць пад батарэю большую міску, а яшчэ лепш — тазік, і, пакінуўшы за сабой яшчэ адну дарожку брудных слядоў, выйшлі з кватэры...

Вымыўшы за імі падлогу і трошкі ачомаўшыся ад шоку, я ўсё ж такі зноў набрала 115. Мяне цікавіла ўжо толькі адно: што гэта было? Аказалася, «майстры» ўжо мой заказ закрылі: «У вас неаварыйны выпадак». Дык я ж ад пачатку казала, што ён неаварыйны! Навошта тады было пасылаць «брыгаду»? Каб я ва ўласным доме пачула, што я дурніца, і яшчэ раз памыла падлогу?..

Цяпер вось аналізую сваю і расказаную чытачкай «сервісныя» гісторыі і думаю, у чым мы з ёй аднолькава памыліліся. Не давялі справу адстойвання сваіх спажывецкіх правоў да канца. Яна пашкадавала тых хамаватых прадаўшчыц і не пакінула запіс у кнізе заўваг і прапаноў. І проста будзе радзей хадзіць у тую краму. Я не стала настойваць, каб тыя сантэхнікі ці іншыя з той жа службы 115 зрабілі так, каб батарэя не працякала, — на тое яны і сантэхнікі, яны за гэта грошы ад нас атрымліваюць. Я проста дачакалася панядзелка (падставіўшы пад батарэю большую міску) і патэлефанавала нашаму Васілевічу, які вярнуўся са свайго семінара...

Так прасцей і спакайней, думаем мы. Навошта людзям псаваць жыццё, думаем мы. Абслугоўваем тым самым сферу абслугоўвання. Бо яны, атрымліваецца, галоўныя, а мы так, на падтанцоўцы...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».