Вы тут

Пасланне на Вялікдзень 2022 года Мітрапаліта Веніяміна


Узлюбленыя ў Хрысце архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя сыны і дочкі Беларускай Праваслаўнай Царквы!

Хрыстос уваскрос!


Зноў разліваецца над зямлёй Пасхальны звон, храмы напоўнены людзьмі, якія ў вялікай радасці вітаюць адзін аднаго ўзнёслымі святочнымі словамі: «Хрыстос уваскрос!»

Зусім нядаўна мы духоўна суправаджалі Госпада на Галгофу, смуткавалі разам з Маці Божай, святымі Апосталамі і жанчынамі-міраносіцамі, суперажываючы пакутам Спасіцеля, пераносячы са слязьмі прачыстае цела ў магільную пячору. Разам з прарокам Ісаіем наша сэрца і розум схіляліся ў глыбокай пашане перад неспасціжным вобразам Госпада Славы, Які скарыў Сябе да смерці на крыжы:

«Ён быў пакрыты ранамі за грахі нашы і пакутаваў за беззаконні нашы; пакаранне міру нашага было на Ім... Як авечку, вялі Яго на смерць, і, як ягня, якое маўчыць перад тым, хто стрыжэ яго, так Ён не адкрываў вуснаў Сваіх» (Іс. 53, 5, 7).

Тыдню пакут папярэднічаў Вялікі Пост — час пакаяння, малітвы і духоўнай працы, калі мы з дапамогай Божай намагаліся ачысціць сябе ад усяго марнага і грэшнага, каб адкрыць сваё сэрца благадаці Божай.

І вось цяпер, у дзень, які стварыў Гасподзь, мы прыйшлі ў храмы Божыя, каб узрадавацца і ўзвесяліцца ў гэты дзень (Пс. 117, 24), і каб, паводле словаў свяціцеля Іаана Залатавуста, «увайсці ў радасць Госпада свайго і атрымаць асалоду ад гэтай цудоўнай і светлай урачыстасці» (Слова абвяшчальнае на Святую Пасху).

Гасподзь наш Іісус Хрыстос паказвае, як трэба перажываць радасці і выпрабаванні, якія сустракаюцца на нашым шляху, у чым шукаць суцяшэнне і чэрпаць жыццёвыя сілы. «Мая ежа — выконваць волю Таго, Хто паслаў Мяне і здзейсніць справу Яго» (Ін. 4, 34), — вучыць Сын Божы. Пры гэтым Ён знаходзіцца ў няспыннай малітве і сувязі са Сваім Нябесным Айцом.

Менавіта таму на працягу Вялікікага посту мы столькі ўвагі і сіл аддавалі малітве дамашняй і царкоўнай. І кожны, хто спазнаў вопыт шчырай і пастаяннай малітвы, пераконваецца, што чым больш мы схіляем сябе да яе, тым больш, паводле слоў апостала Паўла, здабываем духоўнай радасці: «Заўсёды радуйцеся. Няспынна маліцеся» (1 Фес. 5, 16). І вельмі важна такі настрой нашага сэрца зберагчы ва ўсе астатнія дні года.

У свеце сёння нарастае напружанасць і супрацьстаянне: свет уступіў у эпоху перамен, і гэта ўсё больш трывожыць людзей на зямлі. Але ў нас ёсць вялікае суцяшэнне і трывалы падмурак нашай надзеі, бо хрысціяне маюць унікальную магчымасць ацэньваць усё тое, што адбываецца, з пункту гледжання вечнасці і ў святле той вялікай Пасхальнай перамогі, якую атрымаў Сын Божы і Сын Чалавечы над злом і смерцю. «Вось, Я кладу ў падмурак на Сіёне камень, камень выбрабаваны, краевугольны, каштоўны, добра ўмацаваны: той, хто веруе ў Яго, не будзе пасаромлены» (Іс. 28, 16).

У гэтым годзе мы ўрачыста святкуем 1030-годдзе Праваслаўя на беларускіх землях. Гэта змушае нас асабліва ўважліва звярнуцца да нашага гістарычнага вопыту. Няпростым быў шлях, пройдзены Праваслаўнай Царквой, нямала выпрабаванняў і цяжкасцей давялося перажыць нашым продкам. І менавіта вера ў Бога дапамагла захавацца нашаму народу, выхаваўшы ў ім такія хрысціянскія дабрадзейнасці, як любоў да бліжняга, лагоднасць, цярплівасць і міласэрнасць, уменне зразумець адзін аднаго.

Зносіны з Богам, выкананне Яго запаведзяў — вось пуцяводная зорка ў няпростым сучасным свеце. Кіруючыся ёю, мы захаваем наша сэрца адкрытым для благадаці, а нашы духоўныя вочы будуць ясна бачыць Промысел Божы і знаходзіць адпаведны яму правільны шлях. Пры гэтым, несумненна, будзем мець цвёрдую надзею на ўсёмагутную дапамогу ад Госпада. «А надзея не пасароміць, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашы Духам Святым, Які дадзены нам» (Рым. 5, 5).

Віншую Вас, дарагія, з урачыстасцю Светлай Пасхі! Малітоўна жадаю, каб нашы сэрцы напоўніліся Пасхальнай радасцю і яна асвячала ўсе нашы думкі і ўчынкі. Панясём добрую вестку пра Хрыста Уваскрэслага нашым братам і сёстрам, блізкім і далёкім, асабліва тым, хто знаходзіцца ў смутку і хваробе, каб кожны дакрануўся да той радасці, якую Гасподзь дараваў нам Сваім Уваскрэсеннем.

САПРАЎДЫ ЎВАСКРОС ХРЫСТОС!

Веніямін, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Пасха Хрыстова, 2022

Горад Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».