Вы тут

Новы нумар альманаха «На Нёманскай хвалі» прэзентавалі ў Гродна


Напярэдадні Міжнароднага дня кнігі і аўтарскага права гродзенскія пісьменнікі зрабілі прэзентацыю новага нумара абласнога літаратурнага альманаха. Для літаратурнай грамадскасці гэта падзея даволі значная. Нумар рыхтаваўся на працягу трох гадоў, а часопіс стаў выходзіць у свет з 2009 года. Большасць аўтараў — члены абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, але ёсць і новыя імёны. Гэта моладзь, якая заяўляе аб сабе цікавымі творамі. 


Прэзентацыя прайшла ў абласной навуковай бібліятэцы імя Карскага. Сюды прыйшлі многія аўтары новага літаратурнага зборніка. Было адзначана, што мерапрыемства праходзіць падчас міжнароднага Дня кнігі і аўтарскага права, які адзначаецца 23 красавіка. Дарэчы, такая традыцыя з’явілася напачатку ХХ стагоддзя ў Іспаніі, калі мясцовыя гандляры кніг вырашылі правесці грандыёзны кніжны кірмаш. А пазней, у 1996 годзе на пасяджэнні ЮНЭСКА гэта дата была зацверджана афіцыйна. 

Так супала, што менавіта да гэтай даты быў падрыхтаваны і выхад новага нумара часопіса «На Нёманскай хвалі». За тры гады ў пісьменнікаў з’явілася шмат новых твораў, некаторыя з якіх трапілі на старонкі альманаха. 

— Мы зрабілі яго вельмі каляровым, з партрэтамі аўтараў, з ілюстрацыямі нашай творчай дзейнасці, — распавяла старшыня гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч. — Тут на здымках можна ўбачыць і прэзентацыю кніг, выступленні, вандроўкі, паездкі. Вось, напрыклад, пераможца ў літаратурным конкурсе на міжнародным фестывалі ў Брэсце маладая выкладчыца ГрГУ імя Янкі Купалы Антаніна Нуратдзінава. Дзіцячы паэт Віктар Кудлачоў, які часта сустракаецца са школьнікамі. Творы гэтых майстроў слова апублікаваны ў альманаху. Тут проза і паэзія, і публіцістыка, і крытыка, і дзіцячая літаратура. Многія выступілі ў іншых сваіх якасцях, напрыклад, Руслан Казлоўскі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай мовы і літаратуры ГрГУ імя Янкі Купалы заўсёды выступаў як публіцыст, літаратурны крытык, а ў гэтым нумары ён заявіў аб сабе як паэт. у яго цікавыя байкі, вершы ў фальклорным стылі. А ўсяго ў альманаху прадстаўлены каля 40 членаў Саюза пісьменнікаў і тры госця — не членаў грамадскай арганізацыі. Сёлета гэта паэтэса з Мінска Бажэна Мацюк, празаік з Нясвіжа Зоя Кулік-Капуста і маладая паэтка Кацярына Ігнацюк з Гродна. 

Сярод аўтараў — пераможцы прэстыжнай абласной прэміі імя Аляксандра Дубко, у якой ёсць намінацыя «Пісьменнік года». Таксама прадстаўлены лаўрэаты літаратурнага конкурсу імя Цёткі. Як зазначыла суразмоўца, тэматыка адлюстроўвае наша сучаснае жыццё. У паэтаў галоўныя тэмы — малой радзімы, краіны і кахання. Але пішуць і на іншыя тэмы. Быў год народнага яднання — з’явілася вельмі шмат вершаў, з якіх была створана на сайце віртуальная кніга. Трохгоддзе малой радзімы таксама паўплывала на творчасць паэтаў — многія адгукнулія на гэтую блізкую кожнаму чалавеку тэму. 

Вядома, выхад альманаха — гэта толькі частка той дзейнасці, якую ажыццяўляе літаратурнае кола Гродзеншчыны. Напрыклад, толькі за мінулы год членамі Саюза пісьменнікаў напісана 30 кніг.

Зараз ідзе падрыхтоўка да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы. Вырашылі стварыць калектыўны зборнік прысвячэнняў класікам беларускай літаратуры. Ужо даслана нямала прапаноў і твораў. Сюды таксама ўвойдуць матэрыялы аб Багушэвічы, Багдановічы, Цётцы, Ажэшкі, Быкаве. Па словах Людмілы Кебіч, такі матэрыял будзе цікавы і для настаўнікаў, і для навукоўцаў, і для гісторыкаў. Некаторыя артыкулы надрукаваны і ў новым нумары альманаху «На Нёманскай хвалі».

Як зазначыў член Саюза пісьменнікаў Дзмітрый Радзівончык, альманах з’яўляецца працягам старадаўніх традацый не толькі літаратурных, але і традыцый выдання літаратурных альманахаў на Гродзеншчыне, якія налічваюць ужо стагоддзі. Альманах прадставіў пляцоўку, каб найбольш поўна адлюстраваць творчыя памкненні ў дачыненні грамадскага жыцця. Пісьменнік мае на ўвазе сваю паэму «Ветрагон». Як вызначыў сам аўтар, паэма — гэта водгук на падзеі ў 2020 годзе ў Беларусі. 

— Галоўная думка — роля інфармацыі ў жыцці сучаснага грамадзяніна. Яна можа мець як станоўчае, так і адмоўнае значэнне, як стваральнае, так і разбуральнае. Каб пазбегнуць разбуральнага эфекту ў нашым жыцці, патрабуецца пільна прыглядацца да навакольнага свету, правільна ацэньваць жыццё грамадства, дзяржавы, а гэта прынцыпы гуманізму, патрыятызму, якія ад веку былі галоўнымі, магістральнымі ў творах пісьменнікаў Беларусі, у тым ліку і Гродзеншчыны, — заўважыў Радзівончык. 

Калі гаварыць аб новых імёнах, пісьменнік вызначыў гродзенку Вікторыю Смолка, якая зараз вучыцца ў аспірантуры БДУ, яна аўтар двух зборнікаў вершаў і самы малады член Саюза пісьменнікаў Беларусі. 

Гаворачы пра бліжэйшыя планы, старшыня гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Людміла Кебіч звярнула ўвагу на шэраг міжнародных праектаў. У рамках супрацоўніцтва з Расіяй сёлета будзе выдадзены сумесны зборнік паэзіі. Ёсць агульны праект з Калінінградам. Вершы гродзенцаў друкуюцца ў расійскім часопісе «Берагі». На днях адбудзецца прэзентацыя зборніка, прысвечанага Чарнобылю, дзе прадстаўлены і 10 гродзенскіх аўтараў. Дарэчы, прэзентацыя зборніка мае адбыцца 25 красавіка ў сталічнай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Зараз рыхтуецца да выхаду ў свет зборнік, які прысвечаны Году гістарычнай памяці. Ён выйдзе ў гэтым годзе. Таксама будзе выпушчаны зборнік да Дня беларускага пісьменства. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.