Вы тут

Лукашэнка: Шчасце, па вялікім рахунку, у нас адно — трэба зберагчы нашу зямлю


Прэзідэнт Беларусі папрасіў суайчыннікаў берагчы родную зямлю. З такім пасылам Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да вернікаў у храме Праабражэння Гасподня ў гарадскім пасёлку Копысь Віцебскай вобласці.


«Беларусам я хачу сказаць адно: шчасце, па вялікім рахунку, у нас адно — трэба зберагчы нашу зямлю. У гэтым храме я звяртаюся да сваіх суайчыннікаў, беларусаў, і хачу папрасіць іх, запатрабаваць як Прэзідэнт: беражыце Беларусь! Страціце сваю зямлю — не будзе ў вас ні здароўя, ні шчасця, ні грошай, ні солі, ні дзяцей вашых», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, можа, не ўсе гэта разумеюць гэтымі днямі, бо важнасць такіх рэчаў становіцца зразумелай, толькі калі іх страціш. «Вялікая гэта справа — берагчы Беларусь. Мы разумеем, калі губляем нешта ў сваёй хаце, а гэта наш вялікі дом. Запомніце: не будзе гэтага вялікага дома — не будзе і вашага малога дома. А калі мы станем на калені, дык і нашых праваслаўных храмаў не будзе, як было заўсёды ў гісторыі нашай краіны», — працягнуў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заўважыў, што сёння самае добрае і жаданае свята для вернікаў. «Так было заўсёды. І гэта свята заўсёды людзям дарыла надзею. Надзею на справядлівасць і шчасце. Надзея ў нашых сэрцах жыве і дагэтуль. У кожным чалавеку, не толькі ў беларусаў. Як у народзе гавораць: надзеяй жывы не будзеш. Але без надзеі, сапраўды, шчасця не ўбачыш», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, гэтае вялікае светлае свята магчыма параўнаць толькі са свецкім святам Перамогі. «Гэта раўнасільна, а Уладыка мне казаў, што без Бога і Перамогі не было б. Гэтыя два святы заўсёды ў душы, у сэрцы нашага чалавека», — акцэнтаваў кіраўнік краіны.

Ён падкрэсліў, што адзначаць Вялікдзень прынята ў коле родных і блізкіх сяброў. «Вось і прычына, чаму я прыехаў сёння на гэтую святую, родную зямлю, дзе некалі нарадзіўся. Шмат разоў цікава было, і мы з хлапчукамі прыходзілі ў храм, які стаяў у гэтым месцы, і глядзелі на нашых маці, якія прыходзілі сюды, каб сустрэць гэта светлае свята», — успомніў Прэзідэнт.

Ён мяркуе, што ў гэты дзень ў Бога як заўсёды, просім галоўнага — міру, згоды, сяброўства, якія заўсёды былі ўласцівыя беларускаму чалавеку. Ён заявіў, што знаходзячыся ў храме, хацеў бы звярнуцца не толькі да нашых беларусаў, але перш да нашых суседзяў. «Давайце берагчы мір. Гэта зараз так актуальна. Жартавалі з мяне, асабліва так званая апазіцыя: „Чаго ён там увесь час — толькі б не было вайны“. А я заўсёды казаў: калі вайна, дык нічога не трэба. І як актуальна сёння гучаць гэтыя патрабаванні беларускага народа: абы не было вайны. Таму ў імя міру і нармальнага жыцця і сяброўства я жадаў бы звярнуцца да нашых суседзяў: давайце жыць дружна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама папрасіў сваіх калег-палітыкаў не шалець, не ствараць людзям праблем, якіх і так зараз хапае. «Паглядзіце, што адбываецца з суседнімі Літвой і Латвіяй, палякамі. Я пра Украіну ў дадзеным выпадку ўжо і не кажу. Яны былі такія шчаслівыя, вясёлыя, жылі ў такім заможным свеце. У іх было ўсё, у нас нічога не было. І дзе яны сёння? Яны стаяць уздоўж мяжы і просяць нас, каб мы іх прапусцілі ў Беларусь, далі хаця б грэцкіх круп і солі купіць. Мы як высакародныя людзі адкрываем гэтую мяжу, асабліва напярэдадні рэлігійных свят: Вялікадня каталіцкага ці праваслаўнага», — заявіў кіраўнік краіны.

Паводле яго, мяжа не павінна перашкаджаць нармальнаму жыццю. «Мы па-суседску заўсёды ставіліся да людзей, па-чалавечы, па-людску, як у нас гавораць. Мы адзінага хочам, каб такое ж было ў дачыненне і да нас», — канстатаваў Прэзідэнт.

Па словах кіраўніка краіны, прыклад Ісуса, які ахвяраваў сабой у імя Чалавека, у імя людзей — гэта вялікая школа для кожнага. "Па-першае, мы павінны навучыцца ахвяраваць у імя галоўнага — людзей. Я б вас папрасіў, каб вы заўсёды шанавалі гэтых ахвярадаўцаў. На жаль, не так шмат у нас людзей, якія ўмеюць ахвяраваць не тое што сабой, а сваім. Але іх з’яўляецца ўсё больш. Калі мы будзем шанаваць гэтых людзей, іх будзе шмат, прынамсі, дастаткова. Такая філасофія жыцця«,— разважае Аляксандр Лукашэнка.

Ён падзякаваў святарам за тое, што яны жывуць дзеля людзей, ахвяруюць дзеля іх сваім часам.

«Будзьце заўсёды са сваім народам. Няма ў свеце больш адданых святароў, чым у Беларусі. І больш сумленных больш нідзе няма. Так, святары розныя, як і мы — яны ж ад нашага грамадства. Але самыя адданыя, сумленныя і надзейныя ў нас. У нас яшчэ засталося нешта светлае, незамутненае, што дасталося ў спадчыну ад нашых продкаў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Па традыцыі Прэзідэнт падараваў храму ікону (гэтым разам з выявай Божай маці), а архіепіскапу Віцебскаму і АршанскамуДзмітрыю, які вітаў яго ў храме, букет белых ружаў. Вернікі ў адказ прэзентавалі адзін з сімвалаў свята — яйкі, зробленыя са шкла.

«Мы ідзем па гэтым шляху, як воіны Хрыстовы, каб мы маглі гэтым злым рэчам, войнам, што здзяйсняюцца, супрацьстаяць. Супрацьстаяць духам Божым. А для гэтага неабходна сябе ўзмацняць цвёрдасць мець», — пажадаў архіепіскап вернікам і Прэзідэнту.

Храм, які наведаў кіраўнік краіны, — выбітны узор рускага драўлянага дойлідства XVII стагоддзя. Драўляны двухкупальны храм пацярпеў ад пажару ў пачатку 20 стагоддзя. Праз час яго адбудавалі нанова. Мінула яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў і адноўленая царква зноў адчынііла дзверы для вернікаў у 2018 годзе. Да гэтага з просьбай аб будаўніцтве храма звярнуліся да Прэзідэнта мясцовыя жыхары. Будаўніцтва царквы стала магчымым, дзякуючы ахвяраванням мецэнатаў. Спонсарамі выступілі больш за дзесяць арганізацый. Царкву аднавілі менш чым за год. Храм напоўнілі ранейшым убраннем — абразамі XVIII-XIX стагоддзяў і напісалі новы іканастас.

Асаблівая рэліквія — Іверская ікона Божай Маці, напісаная на кафельнай дошцы.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?