Вы тут

Матэрыялізаваная сувязь пакаленняў. Як жывуць беларускія архівы?


Архіў — гэта памяць гісторыі. І ад тых, хто там працуе, залежыць, наколькі поўна тая памяць захаваецца. Сёлета святкуецца векавы юбілей архіўнай службы на Беларусі. Пра сённяшні яе дзень і гісторыю мы гутарым з дырэктарам Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Віктарам Курашам.


— Ад якой падзеі адлічваецца сёлетні юбілей?

— Па меры фарміравання нацыянальнай беларускай дзяржавы станавілася відавочным, што без цэнтралізаванага кіравання архіўнай справай захаваць дакументальную спадчыну Беларусі будзе немагчыма. 12 верасня 1922 года Прэзідыумам Цэнтральнага выканаўчага камітэта ССРБ была прынята пастанова «Аб зацвярджэнні Палажэння аб Цэнтральным архіве Беларусі і каштарысу на яго выдаткі». З гэтага дня вядзе афіцыйны адлік сваёй гісторыі дзяржаўная архіўная служба Беларусі.

За мінулае стагоддзе архіўная сістэма краіны зведала шэраг пераўтварэнняў. Сёння дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы архіўнай справы і справаводства ў Беларусі ўскладзены на Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Асноўнай місіяй айчыннай архіўнай службы на працягу ўсяго векавога перыяду гісторыі застаецца работа, накіраваная на захаванне, улік і арганізацыю выкарыстання бясцэннага нацыянальнага гісторыка-культурнага набытку — дакументальнага архіўнага фонду Беларусі.

Сучасная архіўная служба краіны дынамічна развіваецца. Па стане на 1 студзеня 2022 года агульная колькасць работнікаў архіўных органаў і дзяржаўных архіўных устаноў Рэспублікі Беларусь складае 1131 чалавек (з іх кіраўнікоў і спецыялістаў — 991 чалавек).

На пастаянным захоўванні ў беларускіх архівах знаходзіцца больш за 13 мільёнаў спраў, у тым ліку: 13 242 868 адзінак захоўвання на папяровай аснове ў складзе 47 543 фондаў (калекцый), 55 637 адзінак захоўвання кінадакументаў, 278 090 — фотадакументаў, 24 244 — фонадакументаў; 7759 — відэадакументаў, 758 адзінак уліку электронных дакументаў і 796 музейных прадметаў.

Найстаражытнейшы дакумент у айчынных архівах датаваны 1391 годам.

Самы старажытны дакумент з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. 1391 год.

— Колькі архіваў існуе на Беларусі, якая іх спецыфіка? Што агульнага ў архіваў і музеяў і чым яны адрозніваюцца?

— Колькі ўсяго налічваецца архіваў у нашай краіне, ніхто не зможа вам адказаць, бо архівы ствараюцца ў самых розных арганізацыях і ўстановах; існуюць асабістыя і сямейныя архівы.

Калі ж весці гаворку пра дзяржаўную архіўную галіну Беларусі, то сёння яна ўключае 35 устаноў, сярод якіх 31 дзяржаўны архіў, 2 навукова-даследчыя ўстановы і 2 галіновыя лабараторыі.

Сярод дзяржархіваў 6 адносяцца да рэспубліканскага, 9 — да абласнога і 16 — да занальнага ўзроўняў. Абласныя і занальныя архівы ўтвораны па адміністрацыйна-тэрытарыяльным прынцыпе і захоўваюць дакументы пэўнага рэгіёна. Адзначу, што ў Беларусі таксама дзейнічаюць 122 тэрытарыяльныя архівы.

У сваю чаргу, частка архіваў рэспубліканскага ўзроўню мае «спецыялізацыю» па храналогіі: дакументальныя матэрыялы, створаныя ў перыяд да 1917 года, захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі і ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна (між сабой дадзеныя архівы маюць «размежаванне» па тэрытартыяльным прынцыпе), а створаныя ў перыяд пасля 1917 года — у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Спецыфіка Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва закладзена ў іх назвах.

Што датычыцца падабенства і адрознення ў дзейнасці архіваў і музеяў... Па-першае, такія ўстановы з’яўляюцца неацэннымі скарбніцамі нацыянальнай памяці. Да гэтага спіса трэба дадаць яшчэ і бібліятэкі. З-за вельмі падобных функцый мяжа паміж дадзенымі сацыяльнымі інстытутамі бывае даволі ўмоўная, у выніку чаго ў фондах музеяў і бібліятэк нярэдка захоўваюцца дакументальныя матэрыялы, а ў фондах архіваў — музейныя прадметы (як я казаў, у рамках галіны нават дзейнічае «архіў-музей»).

Генеалагічная табліца (дрэва) дваранскага роду Манюшка. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

Па-другое, калі разважаць пра непасрэднае месца і стаўленне да дакумента, то можна казаць (вядома, у пэўнай ступені спрашчаючы), што ў музейнай экспазіцыі ён прымярае на сябе вобраз экспаната-сімвала эпохі ці асобы, для бібліятэкі ж ён каштоўны як крыніца інфармацыі ці помнік літаратуры, а вось у архіве — у дадатак да вышэйпералічанага — у найбольш поўнай ступені раскрываецца «прырода» дакумента — з яго гісторыяй з’яўлення, існавання і захоўвання, асаблівасцямі афармлення, суправаджальным дакументальным кантэкстам.

Ну і па-трэцяе, дзяржаўныя архівы, музеі і бібліятэкі Беларусі, маючы агульныя мэты і кірункі для ўзаемадзеяння, актыўна супрацоўнічаюць, кожны год ажыццяўляюць дзясяткі сумесных праектаў, спалучаючы спецыфіку і спецыялізацыю кожнага ўдзельніка, атрымліваецца максімальна поўна адлюстраваць шматграннасць пэўнай гістарычнай падзеі альбо асобы.

— Якія цікавыя праекты рыхтуюцца ў Год гістарычнай памяці?

— Беларускімі архівістамі запланаваны шэраг праектаў — выдавецкіх, экспазіцыйных, інфармацыйна-асветніцкіх, адукацыйных. Некаторыя з іх ужо праведзены альбо рэалізоўваюцца цяпер. Усе зацікаўленыя маюць магчымасць аператыўна сачыць за інфармацыяй на нашым галіновым сайце «Архівы Беларусі», а таксама на сайтах дзяржархіваў і ў іх афіцыйных акаўнтах у сацыяльных сетках.

Калі звярнуцца да лічбаў, то адзначу, што архівы ў Год гістарычнай памяці падрыхтуюць звыш 140 дакументальных выставак. Сярод тэматычных кірункаў — працэсы станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці, ключавыя падзеі айчыннай гісторыі, знамянальныя і памятныя даты ў жыцці беларускага народа і дзяржавы, знакавыя юбілеі арганізацый і ўстаноў, вядомых палітычных, ваенных дзеячаў, прадстаўнікоў навукі, культуры Беларусі. Згадаю выставы да 80-годдзя стварэння Беларускага штаба партызанскага руху, 120-годдзя з дня нараджэння Панцеляймона Панамарэнкі, 140-годдзя народных паэтаў БССР Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Дакументы асабістага паходжання з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Адзначу, што выставачныя праекты архіваў характарызуюцца не толькі шырокай тэматычнай разнастайнасцю, але і рознымі формамі прадстаўлення (стацыянарныя — на стэндах і вітрынах, мабільныя — на банэрах і планшэтах, электронныя).

Асаблівую ўвагу ў Год гістарычнай памяці архіўная галіна аддае рабоце з моладдзю. Ва ўзаемадзеянні з установамі адукацыі на сістэмным узроўні выбудоўваецца алгарытм па ўключэнні дакументальных матэрыялаў у адукацыйныя і выхаваўчыя працэсы.

Па ініцыятыве дэпартамента са студзеня 2022 года рэалізоўваецца праект «Архівы — школе», які прадугледжвае рэгулярнае правядзенне архівамі асветніцкіх мерапрыемстваў для навучэнцаў — школьнікаў, студэнтаў, курсантаў. Названыя мерапрыемствы ажыццяўляюцца як на базе архіваў (у форме выстаў, лекцый, практычных заняткаў), так і на базе ўстаноў адукацыі (у форме семінараў, адкрытых урокаў). За 1 квартал 2022 года праведзена 130 такіх мерапрыемстваў.

— У нашай гісторыі можна налічыць шмат зніклых архіваў... Можа, усплываюць нейкія дакументы з іх ці здагадкі, дзе іх шукаць?

— Адзначу, што архіўная галіна краіны праводзіць комплексную работу ў рэчышчы выяўлення, уліку і арганізацыі выкарыстання так званай архіўнай беларусікі — дакументаў па гісторыі і культуры Беларусі, якія ў выніку розных абставін апынуліся за мяжой, у дзяржаўных фондах краін далёкага і блізкага замежжа.

Архіўныя дакументы на выстаўке «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь ад мінулага ды сучаснасці». 2022 год

Рэалізоўваецца гэтая важная задача ў тым ліку ў рамках двухбаковага ўзаемадзеяння з замежнымі архіўнымі службамі і ўстановамі.

Вялікая работа праводзіцца сумесна з нашымі расійскімі калегамі. Так, толькі за апошнія два гады ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі з Расіі паступілі лічбавыя копіі актавай кнігі Клецкага замкавага суда за 1596–1598 гады, актавых кніг судовых устаноў г. Віцебска XVІІ стагоддзя, актавай кнігі Слонімскага земскага суда 1555–1565 гадоў.

Атрыманыя з-за мяжы матэрыялы выкарыстоўваюцца архівістамі ў навукова-асветніцкай дзейнасці і ўводзяцца ў шырокі ужытак — у тым ліку праз выставы і выданні.

— Які знойдзены асабіста вамі дакумент вам асабліва дарагі?

— Як архівіст адкажу, што не бывае нецікавых дакументаў. Усе архіўныя матэрыялы, з якімі мне даводзілася працаваць, мелі свае асаблівасці: ці то звязаныя з асобай аўтара, ці з часам і кантэкстам стварэння, або звесткамі, якія ўтрымліваў тэкст.

Насамрэч, кожны архіўны дакумент будзе дарагі, калі ўсвядоміць, што перад табой не проста стары аркуш паперы з тэкстам, а сапраўдны кавалачак нашай гісторыі, адзін з яе бясконцых фрагментаў, матэрыялізаваная сувязь пакаленняў. Менавіта такі погляд і характэрны для сапраўднага архівіста.

— Калісьці па ініцыятыве архівіста Віталя Скалабана ў Нацыянальным архіве Беларусі з удзелам газеты «СБ. Беларусь сегодня» быў заснаваны Народны архіў, куды любы чалавек мог аддаць свае ўспаміны ці ўспаміны сваякоў, фотаздымкі, дакументы, што датычацца не толькі нейкіх значных грамадскіх падзей і асоб, а проста гісторыі асобнай сям’і... На вашу думку, які дакумент мае права трапіць у архіў і што вы параіце тым, хто хоча захаваць гісторыю свайго роду?

— «Гісторыя сям’і — гісторыя малой радзімы — гісторыя краіны». Простая, але вельмі дакладная формула таго, як мы часцей за ўсё ўсведамляем сваё мінулае. Генеалогія — памяць пра продкаў — гэта карані і аснова, на якой гісторыя будуецца і на якой засноўваецца яе ўспрыманне.

Сёння спецыялістамі адзначаецца ўздым інтарэсу да генеалагічных даследаванняў з боку грамадскасці. Сведчаннем гэтаму з’яўляюцца і высокая запатрабаванасць платных паслуг дзяржархіваў на правядзенне пошуковых работ, і штодзённая самастойная работа дзясяткаў даследчыкаў-аматараў у чытальных залах архіўных устаноў. У тым ліку ўлічваючы дадзены інтарэс, Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі рэалізоўваецца праект па выпуску шматтомнага даведніка «Гербоўнік беларускай шляхты» — на дадзены момант выйшла 7 тамоў з матэрыяламі да літары «І» уключна.

Што датычыцца матэрыялаў асабістага паходжання, то на пастаяннае дзяржаўнае захоўванне могуць быць прыняты розныя дакументы. Гэта неабавязкова павінны быць выключна «сухія» афіцыйныя паперы. Напрыклад, вось такі выпадак: вядомы чалавек быў заўзятым тэатралам — і ў складзе яго асабістага фонду на захоўванне паступіў збор афіш і праграмак 1930–1950 гадоў. Ці ўзяць фотаздымкі: у Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў такія матэрыялы, здараецца, перадаюць цэлымі калекцыямі — як вядомыя фатографы-прафесіяналы, так і аматары.

Дакументальная банэрная выстава «Спаленыя беларускія вёскі ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

Безумоўна, архівісты праводзяць экспертызу каштоўнасці падобных дакументаў — даследуюць іх інфармацыйную, навуковую, культурную вартасць.

Толькі за 2020–2021 гады на пастаяннае захоўванне было прынята амаль 27 тысяч дакументаў асабістага паходжання партыйных, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікоў навукі і культуры (у тым ліку кампазітара Яўгена Глебава, пісьменнікаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна).

— Калі ў 1852 годзе беларускі археограф Мікіта Гарбачэўскі ўзначаліў Віленскі цэнтральны архіў старажытных актаў, сутыкнуўся з тым, што большасць дакументаў там была фальшывая... Ці даводзілася вам сутыкацца з фальсіфікацыяй гістарычных дакументаў?

— За перыяд работы ў архіўнай галіне з фактамі фальсіфікацыі ці падробкі дакументаў асабіста мне сутыкацца не даводзілася.

Трэба добра ўсвядоміць, што нельга проста ўзяць і бяздоказна аб’явіць як-небудзь архіўны дакумент ці комплекс дакументаў фальшыўкай. Прафесійнае даследаванне дакумента — справа карпатлівая і шматаспектная. Гэта значыць трэба не проста прачытаць і прааналізаваць тэкст, суаднесці інфармацыю з іншымі звязанымі крыніцамі. Такая работа ўключае і вывучэнне справаводчых рэквізітаў, адзнак, подпісаў, пячатак і штампаў, а ў дачыненні да больш старажытных дакументаў — напрыклад, тых жа філіграняў.

Некаторыя нядобрасумленныя ці дрэнна падрыхтаваныя даследчыкі могуць сабе дазволіць «вырываць» з кантэксту фрагменты тэксту дакументаў — і трактаваць «па сваім асабістым разуменні» ў пошуках надуманых сенсацый ці кіруючыся іншымі карыслівымі мэтамі.

Архівісты працуюць аб’ектыўна і непрадузята, усведамляючы адказнасць за свае рашэнні не толькі перад сучаснікамі, але і перад былымі і будучымі пакаленнямі.

Як я адзначыў, дадзеная дзейнасць патрабуе спецыфічных ведаў і навыкаў высокакваліфікаваных спецыялістаў. Асноўнай кузняй кадраў для айчыннай архіўнай галіны сёння з’яўляецца гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе рыхтуюць гісторыкаў-архівістаў і дакументазнаўцаў. З кіраўніцтвам і супрацоўнікамі факультэта прадстаўнікоў архіўнай службы і дзяржаўных архіваў звязвае шматгадовае супрацоўніцтва, якое дазваляе падчас навучання студэнтаў эфектыўна спалучаць тэорыю і методыку з практыкай архіўнай работы.

Зборнікі дакументаў серыі «Без тэрміна даўнасці».

— Сёння вядзецца актыўная работа па выяўленні фактаў генацыду беларускага народа... Якія знаходкі ўжо зробленыя і што плануецца? Дзе можна будзе азнаёміцца з вынікамі?

— Сучаснаму пакаленню беларусаў, якое не зведала жахаў вайны, цяжка нават уявіць, праз якія выпрабаванні прайшоў наш народ у 1941–1945 гады і ў пасляваенны перыяд. Сыходзяць ветэраны і відавочцы падзей. Але аб’ектыўная карціна таго часу назаўжды застанецца ў калектыўнай памяці, дзякуючы ў тым ліку архіўным матэрыялам і рабоце дзяржаўных архіўных устаноў краіны.

З моманту пачатку ў красавіку 2021 года крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд беларускімі архівістамі праводзіцца комплексная навукова-даследчая, метадычная і практычная работа па аказанні садзейнічання органам пракуратуры ў рамках расследавання.

Па ўсёй краіне арганізавана работа па выяўленні і прадстаўленні копій архіўных дакументаў, звязаных з фактамі генацыду. Калі закрануць лічбы, то ў 2021 годзе органам пракуратуры было прадстаўлена звыш 168 тысяч старонак копій архіўных дакументаў (на папяровых і электронных носьбітах), за І квартал 2022 года выраблена больш за 20 тысяч старонак копій архіўных дакументаў. Архівісты аказваюць неабходную дапамогу прадстаўнікам пракуратуры ў рабоце з архіўнымі дакументамі і навукова-даведачным апаратам да іх.

Матэрыялы выяўляюцца ў архіўных фондах акупацыйных устаноў, ваенных і паліцэйскіх падраздзяленняў, савецкіх партызанскіх і падпольных фарміраванняў, камісій па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі БССР, органаў улады, арганізацый і ўстаноў рэспублікі, якія адказвалі за вывучэнне падзей Вялікай Айчыннай вайны і ўвекавечанне памяці ахвяр генацыду.

Хачу падкрэсліць, што аператыўна і паспяхова аказваць неабходную дапамогу работнікам пракуратуры беларускім архівістам дапамагае назапашаны вопыт і праведзеная ў папярэднія гады вялікая работа па вывучэнні і абнародаванні архіўных дакументаў аб нацысцкіх злачынствах.

За мінулую чвэрць стагоддзя дзяржаўныя архівы выдалі больш за 50 зборнікаў дакументаў і даведнікаў, падрыхтавалі звыш 150 дакументальных выставак, прысвечаных розным пытанням беларускай гісторыі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Архівісты Беларусі аднымі з першых на постсавецкай прасторы ў спецыяльных археаграфічных выданнях звярнуліся да такіх тэм, звязаных з нацысцкай акупацыяй, як «вогненныя вёскі», карныя аперацыі, Халакост, лагеры савецкіх ваеннапалонных, вываз мірнага насельніцтва на прымусовую працу.

Фрагмент галоўнай старонкі інтэрнет-партала «Партызаны Беларусі».

Не мае аналагаў база даных «Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны», падрыхтаваная айчыннымі архівістамі і размешчаная ў адкрытым доступе. У яе аснову пакладзены дакументальна пацверджаныя факты знішчэння нацыстамі населеных пунктаў на беларускай зямлі ў 1941–1944 гадах. Па стане на сённяшні дзень у базе змяшчаецца інфармацыя аб 9097 вёсках, знішчаных поўнасцю і часткова, з насельніцтвам і без. Выяўленне звестак аб спаленых вёсках працягваецца.

Інфармацыя аб архіўных знаходках па малавядомых аспектах і этак званых белых плям гісторыі рэгулярна публікуецца на галіновым сайце «Архівы Беларусі», на інтэрнэт-партале Міністэрства юстыцыі, у часопісах «Архівы і справаводства», «Юстыцыя Беларусі», у іншых сродках масавай інфармацыі. Работнікі архіваў выступаюць на радыё і тэлебачанні. Па тэме нацысцкага генацыду падрыхтаваны шэраг дакументальных выставак рэспубліканскага і рэгіянальнага ўзроўню.

Сёлета будзе завершана рэалізацыя фундаментальнага выдавецкага архіўнага праекта «Без тэрміну даўнасці». У адпаведнасці з канцэпцыяй дадзенай серыі, кожнай вобласці краіны (у сучасных адміністрацыйна-тэрытарыяльных граніцах) прысвячаецца асобны том. На гэты час выдадзены зборнікі па Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях. Рыхтуюцца тамы аб злачынствах нацыстаў на тэрыторыі Брэсцкай і Мінскай абласцей. Зборнікі складаюцца з двух раздзелаў: у першым публікуюцца дакументы аб злачынствах нацыстаў на акупаванай тэрыторыі, у другім — дакументы аб устанаўленні і расследаванні дадзеных фактаў.

Усяго ў зборніках серыі будзе апублікавана больш за тысячу дакументальных сведчанняў злачыннай палітыкі нацыстаў. Прэзентацыі выданняў праходзяць у абласных цэнтрах з удзелам вучоных-гісторыкаў. Пасля выдання заключнага тома зборнікі ў электронным выглядзе будуць размешчаны ў адкрытым доступе на сайце «Архівы Беларусі».

— Архівы сёння займаюцца не толькі збіраннем, захаваннем і аналітыкай дакументаў, але і выдавецкай справай. Якія цікавыя выданні ўбачылі свет за апошні час?

— Сапраўды, кожны год архіўныя ўстановы краіны прэзентуюць новыя дакументальныя выданні, уводзяць у грамадскі і навуковы ўжытак сотні новых гістарычных крыніц. Толькі за мінулы год дзяржаўнымі архівамі апублікаваны 12 зборнікаў, 1 даведнік, 2 манаграфіі, якія храналагічна ахопліваюць перыяд айчыннай гісторыі з XVІІ-га да XX стагоддзя. Тэматычны спектр выданняў таксама даволі шырокі, бо архівы арыентаваны ў першую чаргу на распрацоўку актуальных тэм, запатрабаваных з боку грамадства, дзяржавы, навуковага асяроддзя.

Сапраўднымі флагманамі архіўнай галіны ў выдавецкай справе выступаюць Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

Нацыянальны архіў з’яўляецца галаўной арганізацыяй, адказнай за падрыхтоўку згаданай серыі «Без тэрміну даўнасці». Архіў таксама рэалізоўвае сумесны выдавецкі праект з расійскімі калегамі па падрыхтоўцы зборнікаў, прысвечаных аднаўленню народнай гаспадаркі БССР пасля Вялікай Айчыннай вайны: зборнік па сельскай гаспадарцы выйшаў у 2018 годзе, у найбліжэйшыя гады павінны ўбачыць свет зборнікі па прамысловасці і сацыяльнай сферы. Актыўна ўкараняюцца новыя археаграфічныя формы — электронныя дакументальныя выданні (сёлета ў дадзеным фармаце павінен выйсці зборнік дакументаў, прысвечаны ўдзелу беларусаў у асваенні цалінных зямель Казахстана).

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ўжо ў бягучым годзе выпусціў ілюстраваны зборнік дакументаў «Мінская мужчынская гімназія: фатаграфічныя матэрыялы». Гэтым зборнікам пакладзены пачатак новай серыі «Архіўнае фота».

Актыўна працуюць і абласныя архівы: у 2020–2021 гадах імі выпушчаны зборнікі «Камсамол Віцебшчыны як частка біяграфіі краіны», «Жыццё на вайне ў дзённіках артылерыста Аляксея Пятровіча Сапунова», «Брэст у 1944–1953 гг.», «Праваслаўная царква на тэрыторыі Гродзенскай вобласці (1944–1991 гг.).

У год векавога юбілею будзе выпушчаны прэзентацыйны дакументальны альбом, прысвечаны архіўнай службе Беларусі, падрыхтаваны супрацоўнікамі Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы.

— Сёння найвялікшая патрэба — у лічбавізацыі дакументаў, архівы ўсяго свету робяць электронныя каталогі, лічбавыя копіі артэфактаў... Як справа з гэтым на Беларусі?

— Работа па алічбоўцы дакументаў у дзяржаўных архівах носіць планавы характар і з’яўляецца адным з асноўных паказчыкаў у падпраграме «Архівы Беларусі» дзяржпраграмы «Культура Беларусі». Агульная колькасць спраў, якія маюць лічбавыя копіі, складае 57 593 адзінак захоўвання (за 2020–2021 гады гэтая лічба вырасла больш чым на 15 тысяч адзінак). У першую чаргу алічбоўваюцца найбольш каштоўныя і найбольш запатрабаваныя даследчыкамі дакументы.

Акцэнтую ўвагу, што алічбоўваюцца не толькі дакументы, але і навукова-даведачны апарат — вопісы, якія затым у электронным выгляде размяшчаюцца ў адкрытым доступе, што дазваляе працаваць з імі дыстанцыйна.

Развіваецца шэраг агульнадаступных архіўных інтэрнэт-рэсурсаў інфармацыйна-даведачнага характару.

З 2012 года ў адкрытым доступе прадстаўлена інфармацыя Дзяржаўнага фондавага каталога (сайт «Фондавы каталог дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь»), цікавасць да якой пастаянна ўзрастае. Згодна са статыстыкай, за мінулы год колькасць наведванняў рэсурсу склала 785 817 (геаграфія асноўных запытаў — Беларусь, Расія, Ізраіль, ЗША, Украіна).

Паступова фарміруецца і папаўняецца інтэрнэт-партал «Сістэма адкрытага доступу да дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь». У рамках агульнадзяржаўнай дзейнасці па стварэнні электроннага ўрада актуальнай задачай для архіўнай галіны сёння з’яўляецца арганізацыя электроннага дакументаабароту і сістэмы захоўвання электронных дакументаў.

Апошнім часам архівы вельмі актыўна працуюць над віртуальнымі выстаўкамі, дзякуючы якім у адкрытым доступе кожны год размяшчаюцца сотні лічбавых копій дакументаў з прафесійнымі анатацыямі і тлумачальнымі тэкстамі.

Звярну таксама ўвагу на створаныя YouTube-каналы архіваў, у першую чаргу — Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, на якім на аснове аўдыёвізуальных дакументальных матэрыялаў фарміруецца віртуальная галерэя памяці вядомых людзей і важных падзей у гісторыі Беларусі.

Сярод фундаментальных архіўных інтэрнэт-праектаў — згаданая база даных «Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны», а таксама партал «Партызаны Беларусі» — дакументальны інтэрнэт-праект, які з 2018 года ажыццяўляецца беларускімі архівістамі сумесна з Выдавецкім домам «Беларусь сегодня». У аснове партала — размешчаная ў адкрытым доступе персаніфікаваная база даных удзельнікаў партызанскага і падпольнага руху на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Па стане на сённяшні дзень у базу ўнесена звыш 187 тысяч персанальных картак удзельнікаў партызанскай і падпольнай барацьбы, кожная з якіх суправаджаецца лічбавымі копіямі архіўных дакументаў.

На папярэднім этапе ў базе былі размешчаны ўзнагародныя дакументы, лісткі па ўліку партызанскіх кадраў, асабістыя справы на камандны і начальніцкі склад. Цяпер арганізуецца работа са спісамі асабовага складу і іншымі кадравымі партызанскімі матэрыяламі. У 2022 годзе плануецца дадаткова алічбаваць 190 тысяч электронных старонак дакументаў са складу 637 архіўных спраў для наступнага размяшчэння ў адкрытым доступе. Работа над праектам не спыняецца — кожны дзень база даных папаўняецца новымі імёнамі герояў.

Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Як палескі творца ажыўляе дрэва. Іван Супрунчык і яго жывая гісторыя

Як палескі творца ажыўляе дрэва. Іван Супрунчык і яго жывая гісторыя

Немагчыма злічыць, колькі таленавітых людзей жыве ў Беларусі. Часам вялізны талент можна знайсці нават у невялікай вёсачцы.

Культура

Аляксандр Радзькоў: Аб людзях пісаць складана

Аляксандр Радзькоў: Аб людзях пісаць складана

«Кожны чалавек — гэта космас!»

Грамадства

Да плюс 32! З нядзелі да нас ідзе новая хваля спякоты

Да плюс 32! З нядзелі да нас ідзе новая хваля спякоты

Калі 23 чэрвеня тэмпература паветра была блізкай да кліматычнай нормы.