Вы тут

Дрэнны характар ці хвароба? Спецыялісты — пра асаблівасці псіхікі пажылых


Нярэдка ў пажылым узросце да фізічных хвароб дадаюцца і псіхічныя расстройствы. Больш за тое, лішняя вага, артэрыяльны ціск, цукровы дыябет, якія характэрныя для многіх людзей сталага веку, ім садзейнічаюць. Гэтак жа як і пандэмія COVІD-19 з самаізаляцыяй, пазбаўленнем ад звыклых кантактаў і адзінотай.

Самымі распаўсюджанымі псіхічнымі праблемамі пажылых людзей спецыялісты называюць дэпрэсію і дэменцыю. І калі другую вылечыць нельга, то першую — проста неабходна. Як западозрыць у сябе ці блізкага дэпрэсію? Чаму не трэба баяцца антыдэпрэсантаў? Ці можна пазбегнуць дэменцыі і як правільна займацца яе прафілактыкай? Якой павінна быць падтрымка чалавека з дэменцыяй і як правільна яго даглядаць? Пра гэта і іншае расказалі спецыялісты.


Фота: pexels.com

Застацца пры розуме

Аб праблемах дэменцыі расказала кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны герыятр Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч. Яна адзначыла, што асабліва актуальным гэтае расстройства стала ў апошнія гады і дзесяцігоддзі. Расце працягласць жыцця ў многіх краінах свету, і Беларусь — не выключэнне.

— Людзі сталі часцей дажываць да такіх праблем як дэменцыя. І пазбегнуць гэтага мы не зможам, бо чаканая працягласць жыцця павялічваецца. Захворванне асабліва будзе расці ва ўзроставай групе 75+. Кожны чалавек у гэтым узросце, як правіла, мае некалькі хранічных захворванняў, якія ўплываюць і на псіхічнае здароўе. Дэменцыя мае пераважна жаночае аблічча. Характэрна, што захворванне цяпер памаладзела — яна можа з'яўляцца і ў людзей працаздольнага ўзросту, — расказвае спецыяліст.

У нашай краіне распрацавана некалькі дзяржаўных праграм, накіраваных у тым ліку і на захаванне псіхічнага здароўя. Адна з іх — Нацыянальная стратэгія «Актыўнае даўгалецце 2020—2030». Галоўная іх задача — прафілактыка псіхічных расстройстваў сярод пажылых людзей.

— Прафілактыку трэба пачынаць не тады, калі захворванне пачало сябе праяўляць, а значна раней, — звяртае ўвагу Людміла Жылевіч. — Дзяржпраграмы накіраваны на тое, каб паказаць, што пенсіённы ўзрост — гэта не тая мяжа, за якой вас чакаюць адзінота і дэменцыя. Чалавек можа рэалізаваць сябе ў любым узросце. У асноўным гэта кірункі, па якіх можа дзейнічаць чалавек ва ўзросце 65+ — перапрафіляванне, навучанне, вольны час. Пажылы ўзрост мае адну асаблівасць — чалавек пачынае менш рухацца ці ўвогуле перастае тое рабіць. А гэта адна з непасрэдных прычын росту дэменцыі, — падкрэслівае яна.

Людміла Жылевіч адзначае, што ўзровень занятасці насельніцтва ва ўросце 60+ сёння недастатковы. Калі да 2015 года назіраўся яго пастаянны рост, то сёння — падзенне. А між іншым, незалежнасць пажылога чалавека, у тым ліку і фінансавая, — асноўны кампанент яго добрага псіхічнага самаадчування.

Аднак больш важкай прычынай дэменцыі з'яўляецца ўсё ж пагаршэнне фізічнага здароўя. Напрыклад, працяглы рост масы цела, а гэта метабалічны сіндром. Таксама ўплывае артэрыяльная гіпертэнзія. А павышэнне артэрыяльнага ціску, між іншым, можа прывесці да сасудзістай дэменцыі. У сваю чаргу, высокія лічбы артэрыяльнага ціску, лішняя вага вядуць да парушэння талерантнасці да глюкозы і, як вынік, цукровага дыябету.

— Развіццё сасудзістай дэменцыі зваротнае, у адрозненні ад хваробы Альцгеймера — найбольш распаўсюджанага тыпу дэменцыі, — тлумачыць герантолаг. — Пры своечасова прынятых мерах чалавек у пачатковай стадыі можа знаходзіцца да глыбокай старасці.

Гісторыі дэменцыі падобныя. Як правіла, людзі, а найчасцей гэта блізкія, позна звяртаюцца па медыцынскую дапамогу, заўсёды знаходзячы тлумачэнні таму, што ў пажылога сваяка псуецца характар і назіраюцца паводзінскія змяненні.

— Сёння пытанні з раннім зваротам да медыкаў не акцэнтаваныя. Людзі не ведаюць, дзе ўзяць інфрмацыю, што гэта за праблема і на што звяртаць увагу, — кажа Людміла Жылевіч. — Важна не толькі правільна расстаўляць акцэнты, але і прапаноўваць выйсце.

Нярэдка ў блізкіх няма навыку кантактавання з пажылымі людзьмі, улічваючы асаблівасці іх узросту. І так званы эйджызм у сям'і моцна б'е па псіхіцы пажылых.

— Пажылы ўзрост — узрост слабасці, у тым ліку і ва ўспрыманні, — акцэнтуе ўвагу ўрач. — Пажылыя людзі часам не могуць хутка рэагаваць, а нам нецікавыя іх праблемы. Адна з асаблівасцяў успрымання ў пажылым узросце — растлумачыць такому чалавеку, напрыклад, як карыстацца смартфонам: трэба зрабіць не адзін раз, а дзесяць.

Заўважыць змяненні

Першымі прыкметамі дэменцыі на яе ранняй стадыі з'яўляюцца наступныя. Пажылы чалавек добра памятае, што было шмат гадоў таму, але не можа ўспомніць тое, што адбывалася раніцай гэтага дня. Адчуваюцца складанасці ў камунікацыі: чалавек не можа сфармуляваць, што яму трэба. І складанасці ў арыентацыі: пайшоў у магазін, не знайшоў яго і сцвярджае, што той перанеслі. Каб знайсці магазін ці паліклініку, чалавеку патрэбныя дадатковыя арыенціры: агароджа ці дрэва. А варта перафарбаваць агароджу ці спілаваць дрэва, ён не знойдзе патрэбных устаноў. Характэрная дэзарыентацыя ў часе, з цяжкасцю ўспрымаюцца прасторавыя рэчы: дата, дзень тыдня. Не даецца і лік: такі чалавек не можа палічыць грошы. Часта мяняецца настрой: ад агрэсіі да дэспрэсіі.

На сярэдняй стадыі дэменцыі чалавеку патрэбны догляд: ён не можа знайсці прыбіральню, адзецца, выйсці з дому. Могуць быць і галюцынацыі. На позняй стадыі таксама патрэбная дапамога, асабліва ў сельскай мясцовасці. Пажылыя людзі з дэменцыяй не ведаюць, на якім прыпынку выйсці, губляюцца.

— Лячэнне пачынаецца не з таблетак, а з псіхасацыяльнага ўмяшання, гэта падтрымка сям'і і блізкіх. У 70 % выпадкаў пажылых людзей з дэменцыяй даглядаюць іх дзеці. Важна рабіць тое правільна. Асноўны прынцып — любы пацыент мусіць старэць дома, і якасць яго жыцця мусіць дазваляць пакідаць яго дома. Дэменцыя складае канчатковую частку шляху чалавека як асобы. І гэтага сам чалавек не павінен адчуваць, — рэзюмуе Людміла Жылевіч.

Западозрыць дэпрэсію

Пра самае распаўсюджанае ў пажылым узросце псіхічнае расстройства — дэспрэсію — расказаў галоўны ўрач Мінскага абласнога клінічнага цэнтра «Псіхіятрыя-наркалогія» Аляксей Аляксандраў.

— Не заўсёды пажылы ўзрост азначае, што ў чалавека дрэнна з памяццю, што абавязкова ўзнікнуць псіхічныя праблемы. Часта паводзінскія змены тлумачацца рэагаваннем на страты, напрыклад, блізкіх людзей, і патрабуюць падтрымкі, — кажа псіхіятр.

Дэпрэсія — самае распаўсюджанае псіхічнае расстройства ў пажылым узросце. Яго важна адрозніваць ад кагнітыўных расстройстваў. І калі чалавек з дэменцыяй мае патрэбу ў падтрымцы, то дэпрэсію неабходна лячыць. Рызыка гэтага расстройства асабліва высокая ў людзей ва ўзросце 60+.

Асноўнымі сімптомамі дэпрэсіі з'яўляюцца штодзённы паніжаны настрой на працягу двух тыдняў, зніжэнне адчування цікавасці ці задавальнення, зніжэнне энергічнасці і павышаная стамляльнасць. Сярод дадатковых сімптомаў — змяншэнне ўпэўненасці і самаацэнкі, пачуццё самаасуджэння ці віны, думкі пра смерць або суіцыд, якія перыядычна паўтараюцца, змяншэнне здольнасці абдумваць і канцэнтравацца, нерашучасць, трывога ці затарможанасць, парушэнні сну любога тыпу, паніжэнне апетыту і зніжэнне вагі на 5 % за месяц, цяжар, сцісканне ці тупыя болі ў вобласці сэрца, сухасць у роце, запоры, сухасць скуры, тахікардыя, ваганні артэрыяльнага ціску.

— Вядома, важна адрозніваць праблемы са сном і звыклы рэжым. Калі чалавек уставаў на работу ў 5 гадзін раніцы 40 гадоў і такі рытм сфарміраваўся, то чакаць, што, выйшаўшы на пенсію, ён будзе спаць да 8-9 раніцы, не варта, — тлумачыць Аляксей Аляксандраў. — Пры гэтым калі чалавек стаміўся і два тыдні не можа выспацца, колькі б ні спаў, гэта дэпрэсія.

Урач звяртае ўвагу, што антыдэпрэсанты — адны з самых бяспечных прэпаратаў у параўнінні з тымі ж антыбіётыкамі, якія мы вельмі часта набываем без прызначэння ўрача і прымаем самастойна. Яны не выклікаюць залежнасці, не ўплываюць на ўжыванне іншых лекаў, не ўзаемадзейнічаюць са спіртным. Пры гэтым важна не кідаць прыём антыдэпрэсантаў, пакуль вам іх не адменіць урач.

З простых спосабаў падаўлення дэпрэсіі і пазбаўлення ад стрэсу ўрач называе ўмераную фізічную нагрузку і пераключэнне ўвагі.

Як западозрыць дэпрэсію? Для гэтага дастаткова адказаць на некалькі простых пытанняў

  • Ці адчуваеце вы страту энергічнасці?
  • Ці адчуваеце вы страту інтарэсаў?
  • Ці адчуваеце вы страту ўпэўненасці ў сабе?
  • Ці адчуваеце вы ўласную бездапаможнасць?

Калі вы станоўча адказалі хоць бы на адно з пералічаных пытанняў, працягвайце адказваць на наступныя.

  • Ці адчуваеце вы цяжкасці пры канцэнтрацыі ўвагі?
  • Ці ёсць у вас страта вагі (з прычыны дрэннага апетыту)?
  • Ці бываюць у вас раннія абуджэнні?
  • Ці адчуваеце вы затарможанасць?
  • Ці сталі вы горш адчуваць сябе раніцамі?

Асабісты вопыт

Асабістай гісторыяй дэменцыі ў блізкага чалавека падзялілася псіхолаг Псіхалагічнага цэнтра развіцця для дзяцей і дарослых Таццяна Шаранда:

— З прычыны сваёй прафесіі я добра ведала, што такое дэменцыя. Год таму мой муж трэці раз перахварэў на COVІD-19. І нам давялося звярнуцца да ўрача, які і паставіў дыягназ «дэменцыя». І калі ўрач сказаў, што гэтай дэменцыі ўжо пяць гадоў, я была вельмі здзіўлена. Я не хацела прымаць змяненні ў псіхічным здароўі мужа, бо ён чалавек, які 40 гадоў працаваў інжынерам-канструктарам, займаўся спортам, падарожнічаў, цікавіўся музыкай. Выйшаўшы на пенсію, ён працягваў весці актыўны спосаб жыцця. Мне здавалася, што гэтага дастаткова і ўсе яго змяненні я ўспрымала як асаблівасці характару. Псіхалагічны клімат у сям'і быў неспрыяльны — я пастаянна раздражнялася, бо лічыла, што з ім усё ў норме. Муж аддаляўся, закрыўся ў сабе.

Пасля таго як быў устаноўлены дыягназ, я сказала: я за цябе вазьмуся, гэта ж мая спецыялізацыя. І я ператварылася ў маці з гіперапекай. З урачом мы склалі схему, вельмі насычаную, і я пачала дзейнічаць вельмі актыўна. Я лічыла, што будзе дастаткова, калі пачнём працаваць у кірунку развіцця псіхічных функцый. Я кантралявала мужа, рэжым дня быў вельмі жорсткі. Муж за пару месяцаў стаміўся так, як не стамляўся ад маёй абыякавасці за папярэднія гады. План быў разлічаны на паўгода. У выніку праз тры месяцы я заўважыла, што мае чаканні не апраўдваюцца. У мяне самой развілася псіхаэмацыянальнае выгаранне. Я пачала звяртацца да алкаголю. Праўда, удалося своечасова зразумець гэта і спыніцца. Пасля заахвоцілася камп'ютарнымі гульнямі.

Усё гэта, магчыма, працягвалася б і далей, калі б я не знайшла патрэбную дапамогу і спецыялістаў, якія мяне падтрымалі. Пакуль не магу сказаць, што псіхічна я аднавілася на 100 %. У мяне час ад часу ўзнікае агрэсія ў адносінах да мужа, аднак я ведаю, што на яе праяўленні накладзена табу. Разам з тым магу сказаць, што за 40 гадоў свайго жыцця з сужэнцам я не адчувала да яго такіх цёплых пачуццяў, як цяпер. Таму вельмі важна знайсці падтрымку ў любой сітуацыі. Цаніце сябе, сваіх блізкіх і сваё здароўе!

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».