Вы тут

Худык: Разразаць Белавежскую пушчу агароджай — злачынства


Летась суседнія Літва і Польшча заявілі пра планы будаўніцтва штучных загарод з бетону, жалеза і калючага дроту ўздоўж граніцы з Беларуссю на фоне міграцыйнага крызісу. Літва пачала ўзводзіць такія збудаванні летам 2021 года, а ў студзені 2022-га распачала будаўніцтва і Польшча. Даўжыня агароджы складзе 186 км, вышыня — 5,5 м.

Спецыялісты ўпэўненыя: яна ўжо стала перашкодай для міграцыйных патокаў — а менавіта дзікіх жывёлін, і акажа негатыўны ўплыў на стан каштоўных прыродных сістэм на трансгранічных тэрыторыях.


Сярод тэрыторый, якія могуць сур'ёзна пацярпець у выніку будаўніцтва, — аб'ект Сусветнай прыроднай спадчыны ЮНЕСКА «Белавежская пушча», а таксама беларуска-польска-ўкраінскі біясферны рэзерват «Заходняе Палессе» і заказнік «Гродзенская пушча».

Паводле слоў начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Мікалая Свідзінскага, высокі міжнародны статус Белавежскай пушчы прадугледжвае ўзаемную адказнасць Беларусі і Польшчы за захаванне пагранічных прыродных комплексаў і экасістэм. І за апошнія трыццаць гадоў было наладжана цеснае ўзаемадзеянне паміж двума бакамі для атрымання і падтрымання такога статусу.

Але будаўніцтва агароджы змяніла сітуацыю. Яно парушае прынцыпы такіх міжнародных дакументаў як Канвенцыя аб біялагічнай разнастайнасці, Канвенцыя ЮНЕСКА аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, Рамсарская канвенцыя, Канвенцыя па захаванні мігруючых відаў дзікіх жывёлін, Бернская канвенцыя і іншых.

У Мінпрыроды ўпэўненыя, што будаўніцтва агароджы ўздоўж беларуска-польскай граніцы, у тым ліку па тэрыторыі Белавежскай пушчы і Заходняга Палесся, прынясе шкоду біялагічнай разнастайнасці прыгранічных рэгіёнаў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей.

— Мы сур'ёзна занепакоеныя такой сітуацыяй, — кажа міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй ХУДЫК. — Гэты велізарная шкода прыродзе, і сёння рэзаць такой агароджай аб'ект сусветнай спадчыны, Белавежскую пушчу, фактычна папалам — гэта злачынства.

Наступствы для фаўны і флоры

Штучная перашкода парушыць натуральныя шляхі міграцыі, арэалы многіх відаў, у тым ліку чырванакніжных. Гэта пашкодзіць папуляцыі еўрапейскага зубра, які жыве па абодва бакі ад граніцы і дагэтуль меў магчымасць свабодна перамяшчацца па ўсёй Белавежскай пушчы. Як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Павел Гештоўт, генетычная разнастайнасць мясцовай папуляцыі зуброў вельмі нізкая. Раздзяленне папуляцыі можа прывесці да яе дэградацыі.

Па словах навукоўца, адсутнасць магчымасці абмену генамі, змяншэнне генетычнай разнастайнасці вельмі небяспечнае і для драпежнікаў. Пацярпець могуць папуляцыі ваўка, рысі, мядзведзя (апошні нядаўна стаў больш сустракацца на тэрыторыі пушчы). Так, напрыклад, на тэрыторыі Польшчы ў рысі ёсць умовы для здабывання корму, а на беларускай — для прывядзення патомства.

Загадчык кафедры заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёлін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Вольга Янчурэвіч расказала, што планам будаўніцтва прадугледжвалася ўстаноўка 22 брамак для пераходу звяроў. Але пакуль няма інфармацыі, як яны будуць выглядаць, дзе будуць размяшчацца, як плануецца накіроўваць жывёлін на гэтыя пераходы.

Як адзначыў дырэктар Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі Дзмітрый Грумо, шкода для расліннага свету перш за ўсё наносіцца ў зоне будаўніцтва — гэта зняцце глебавага покрыва, стварэнне пад'язных шляхоў, высечка лясоў. Будаўніцтва агароджы таксама прывядзе да парушэння гідралагічнага рэжыму, разразання сілкавання мясцовых рэк, дэградацыі водна-балотных угоддзяў, у тым ліку на польскім баку.

Раўнадушша губіць прыроду

Каб прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да праблем, якія ўзнікаюць у сувязі з будаўніцтвам агароджы, Мінпрыроды за апошні час зрабіла шмат.

Як расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Мінпрыроды Ларыса Лукіна, у снежні мінулага года прадстаўнікі прыродахоўнага ведамства ўзялі ўдзел у 41-м пасяджэнні Пастаяннага камітэта Бернскай канвенцыі, дзе расказалі пра сітуацыю, якая складваецца на граніцы з Польшчай. У лютым гэтага года ў сакратарыят канвенцыі Мінпрыроды адправіла скаргу наконт будаўніцтва агароджы ў Белавежскай пушчы.

У сакавіку міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык накіраваў на адрас генеральнага дырэктара Савета Еўропы па пытаннях дэмакратыі Сняжаны Самарджыч-Марковіч пісьмо з просьбай ініцыіраваць перад Саветам Еўропы разгляд пытанняў аб правядзенні аператыўнага маніторынгу дадзенай сітуацыі, а таксама даць прававую ацэнку дзеянням Польшчы ў частцы выканання патрабаванняў Бернскай канвенцыі.

Але на пасяджэнні бюро Бернскай канвенцыі 6-7 красавіка пытанне пра будаўніцтва агароджы на польскай тэрыторыі Белавежскай пушчы не было ўключана ў парадак дня. Пры гэтым яшчэ ў лютым рабочы орган канвенцыі звярнуўся да бюро Пастаяннага камітэта з просьбай ацаніць магчымае негатыўнае ўздзеянне агароджы ўздоўж усёй беларуска-польскай граніцы.

Пісьмо з просьбай звярнуць увагу на сітуацыю Мінпрыроды адправіла і ў Цэнтр сусветнай спадчыны — адзін з органаў Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны.

Свае звароты ў розныя прыродаахоўныя канвенцыі накіравалі беларускія і замежныя навукоўцы, а таксама прадстаўнікі грамадскасці. Спыніць будаўніцтва, якое так шкодзіць прыродзе, заклікае і моладзь:

— Белавежская пушча — гэта свайго роду арганізм, у якім ёсць пэўныя заканамернасці, што ўплываюць на жывёльны свет, — кажа член БРСМ Марына Бандарук з Кобрына. — Пагранічная агароджа парушыць шматвяковы ход перамяшчэння жывёлін і прывядзе да іх беспадстаўнай гібелі. Мы не павінны дапусціць гэтага!

Сёння многія арганізацыі, ствараюць петыцыі, збіраюць подпісы каб звярнуць увагу простых грамадзян і міжнародных прыродаахоўных арганізацый на магчымую катастрофу для прыроды, падмурак якой сёння ствараецца.

Інга ЗУБРЫЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.