Вы тут

Адпраўка навабранцаў на ваенную службу адбылася на Кургане Славы


У першы дзень каля тысячы прызыўнікоў папоўніла шэрагі сіл спецыяльных аперацый, 72-га Аб'яднанага вучэбнага цэнтра і Мінскай ваеннай камендатуры. Усяго на ўкамплектаванне Узброеных Сіл, іншых войск і воінскіх фарміраванняў нашай краіны гэтай вясной плануецца накіраваць каля 10 тысяч чалавек. Яшчэ каля дзвюх соцень грамадзян будзе праходзіць службу ў рэзерве.


Сярод іх — студэнты вышэйшых навучальных устаноў сельскагаспадарчага профілю, якія вырашылі, што тры гады запар свае летнія канікулы правядуць у арміі. У выніку разам з дыпломам аб адукацыі яны атрымаюць і ваенны білет. Падобны эскперымент ва Узброеных Сілах правялі летась, калі 50 студэнтаў-аграрыяў вырашылі такім чынам закрыць сваё пытанне з арміяй. Сёлета ахвотныя правесці свае летнія канікулы згодна з воінскім статутам таксама ёсць. Да службы маладыя людзі прыступяць у ліпені, пасля здачы залікаў і экзаменаў у ВНУ.

Як адзначыў начальнік аддзела прызыву на вайсковую службу галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл палкоўнік Алег Пазняк, у цяперашні час праводзяцца мерапрыемствы па медыцынскім аглядзе грамадзян. «Гэтай вясной выкліку на прызыўныя камісіі падлягаюць каля 43 тысяч маладых людзей, — паведаміў прадстаўнік Генштаба. — У адносінах да больш чым 23 тысяч грамадзян раённымі (гарадскімі) прызыўнымі камісіямі ўжо прыняты рашэнні. Дадзена больш як 13 тысяч адтэрміновак, большасць з якіх — звыш 87 % — складаюць адтэрміноўкі для працягу адукацыі».

У ваенных камісарыятах раёнаў (гарадоў) і іх падраздзяленнях завяршаецца планавая работа па ўсебаковым вывучэнні і прафесійным псіхалагічным адборы прызыўнікоў для камплектавання Узброеных Сіл, іншых войск і воінскіх фарміраванняў Рэспублікі Беларусь. Адпраўка ў войскі працягнецца да 16 мая, усе мерапрыемствы прызыву завершацца да 1 чэрвеня. Новае папаўненне, якое прыбудзе ў злучэнні і воінскія часці, пройдзе двухтыднёвы каранцін.

Аляксей Грук — адзін з тых, хто гэтай вясной у ліку першых адпраўляецца ў армію. Падтрымаць маладога чалавека на прызыўны пункт прыйшоў бацька. Нягледзячы на тое, што адпраўляе ў армію адзінага сына, Іван Грук спакойны. Сам некалі служыў у войсках сувязі, перакананы, што праз гэта павінен прайсці і яго нашчадак. «Армія вучыць чалавека жыць у мужчынскім калектыве, — кажа бацька навабранца. — Цяперашняя моладзь нярэдка слаба арыентуецца ў мужчынскім грамадстве. Маладыя людзі большасць часу праводзяць у камп'ютары, мала з кім маюць зносіны, а калі трапляюць у асяроддзе сваіх аднагодак, пачынаюць вучыцца знаходзіцца ў грамадстве — праўда, у паскораным тэмпе».

Па прафесіі Аляксей — інжынер-канструктар. Паколькі мае вышэйшую адукацыю, служыць будзе год. Дзе канкрэтна, пакуль не ведае. Кажа, для яго галоўнае — атрымаць гэты вопыт і прымяніць яго ў жыцці. «Мне служба патрэбна: я яшчэ малады, з гарачым сэрцам, часама мне не хапае сілы духу, самастойнасці і здаецца, што армія — акурат тое месца, дзе гэтаму можна навучыцца», — перакананы малады чалавек.

Мінчаніна Дзмітрыя Патапенку праводзіць у армію прыйшлі цэлым сямействам: бацькі, сястра, яе муж і дачка. Бацька прызыўніка Аляксандр Аляксандравіч кажа, што дахаты сын прыйдзе ўжо дарослым, сапраўдным мужчынам. Маці Святлана Міхайлаўна свае перажыванні не хавае: кажа, што час такі. «Сын нас настройвае на тое, каб мы не хваляваліся, — кажа жанчына. — Мы ўпэўнены ў ім: як жа іначай, калі ён на працягу двух гадоў сам хадзіў у ваенкамат і прасіў, каб яго хутчэй прызвалі».

Малады чалавек будзе служыць у Мар'інай Горцы, у спецназе. Не выключае таго, што пасля арміі паступіць у Ваенную акадэмію або на ваенны факультэт грамадзянскай ВНУ. Дзмітрый ведае, што тым, хто добрасумленна выканае свой воінскі абавязак, пры паступленні даюцца пэўныя льготы, і плануе імі скарыстацца.

Ваенная прысяга новага папаўнення ў злучэннях і воінскіх часцях Узброеных Сіл адбудзецца 21 мая. Звальненне ў запас ваеннаслужачых, якія выслужылі патрэбныя тэрміны, будзе праведзена ў адпаведнасці з заканадаўствам своечасова, у маі 2022 года.

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.