Вы тут

Праект «Глыбінкай жыве Беларусь» — з павагай да старажылаў раёна


Работнікі культуры сумесна з сельскімі саветамі і старастамі вёсак наведваюць мясцовых старажылаў, каб павіншаваць іх з днём нараджэння, юбілеем альбо сямейным святам.


Нядаўна віншаванні прымала Ніна Антончык з вёскі Чарлёнкі. На падворку сабралася дружная сям'я імянінніцы з дзецьмі і ўнукамі. Усе чакалі сюрпрызу, і ён хутка з'явіўся. Вакальны жаночы дуэт і акардэон былі чутны здалёк. «Музычную паштоўку» прывезлі работнікі Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці. Мяркуючы па настроі жанчыны, такі музычны падарунак ёй запомніцца надоўга. Бо і сама яна любіць паспяваць. А некалі была ў складзе самадзейнага калектыву «Рэчанька»...

Ніна Іосіфаўна жыве ўвесь час у бацькоўскім доме ў вёсцы каля рэчкі Шчары. Муж таксама з гэтай вёскі. Нарадзілі траіх дзяцей. Зараз у яе шасцёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў. Свой сакрэт даўгалецця не ўтойвае. Кажа, што нічога асаблівага ў ім няма. Галоўнае — не сядзець без справы, а час бавіць з розумам. Напрыклад, сама жанчына ў вольную ад гаспадаркі хвіліну можа сустрэцца з вясковымі сяброўкамі, пачытаць часопісы і нават раманы, якія прывозіць у вёску бібліёбус. А не так даўна захапілася вырабам карцін з алмазнай мазаікі. Ёсць сярод іх і ікона. Творы майстрыхі ўпрыгожваюць дом і самой гаспадыні, і яе дзяцей.

— Наш праект «Глыбінкай жыве Беларусь» нарадзіўся на Дзятлаўшчыне. Мы працуем з людзьмі сталага ўзросту ў аддаленых населеных пунктах раёна, асабліва ў маленькіх вёсачках. Людзі вельмі рады, калі мы да іх прыязджаем, — распавядае загадчыца сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Харлінская. — За два гады мы пабывалі ў некалькіх дзясятках вёсак. Віншуючы юбіляраў, даведваемся пра іх лёс, распытваем пра сакрэты даўгалецця. У іх ліку быў і найстарэйшы жыхар раёна Васіль Якоўчык, якога віншавалі са 104 гадавінай з дня нараджэння. Быў і стагадовы юбіляр. А ў вёску Яблынька прыязджалі неаднойчы — тут сямейныя пары адзначылі брыльянтавае і залатое вяселлі.

Гэты праект, па словах суразмоўніцы, раскрывае штосьці адметнае ў вёсках і людзях. А мэта такіх сустрэч — захоўваць і папулярызаваць найлепшыя традыцыі глыбінкі, каб маладому пакаленню было на каго раўняцца.

Музычны калектыў трымае сувязь са старастамі вёсак і старшынямі сельскіх саветаў. Менавіта ў сельвыканкамах бярэцца інфармацыя аб жыхарах, да якіх варта завітаць з нагоды юбілею ці сямейнага свята. Як правіла, гэта сталыя, паважаныя людзі, якіх добра ведаюць у наваколлі, працавітыя і сціплыя.

Якраз такую жанчыну віншавалі з 80-годдзем напрыканцы сакавіка. Лідзія Груша жыве ў вёсцы Сцяткаўшчына. Пачынала працаваць у калгасе, потым прадаўцом у розных вёсках. З мужам выгадавалі трох дзяцей, а некалькі год таму яго не стала. Але дзеці, унукі і праўнукі бабулю не забываюць, наведваюць не толькі на святы, але і значна часцей. Як і папярэдняя імянінніца, свой сакрэт даўгалецця Лідзія Фёдараўна не хавае, бо ён просты: пастаянны рух і надзённыя справы. Работа, гаспадарка, ткацкі станок — вакол гэтага і круцілася жыццё жанчыны. Яшчэ і сёння ў яе захоўваецца прабабулін ткацкі станок, на якім выткана нямала дываноў. Некалькі работ былі прадстаўлены ў экспазіцыі ў мінскім Палацы мастацтва, і адна з іх заняла прызавое месца. Работнікі культуры плануюць зладзіць экспедыцыю ў рамках свайго праекта «Роднае-народнае», каб больш падрабязна расказаць пра майстрыху з аддаленай вёскі.

— У нас многа такіх унікальных жанчын, аб якіх варта асобна расказаць і напісаць. І тут нам дапамагаюць старасты вёсак, якія добра ведаюць жыхароў. Мы распытваем іх, калі прыязджаем у вёску, да каго можна завітаць наступны раз. Ушаноўваем людзей працы, перадавікоў, якія ўсё жыццё працавалі ў калгасах, былі ўзнагароджаны граматамі, медалямі. Многія і сёння не сядзяць без справы. Можа, не ўсе трымаюць вялікую гаспадарку, як раней, але ж нешта робяць: садзяць кветкі, вышываюць. Напрыклад, стараста вёскі Студзяроўшчына Антон Фёдаравіч Гусарык — вядомы майстар па пляценні кошыкаў. Вось і з ім будзем сустракацца, — запэўніла Ганна Харлінская.

Дарэчы, музычны калектыў можа завітаць у вёску і без асаблівай нагоды. Вось едзе туды аўталаўка ці бібліёбус — да іх далучаюцца работнікі культуры, каб правесці невялікі канцэрт проста пасярод вёскі. Людзі адразу выходзяць, слухаюць. Часам музычнае трыа суправаджаюць прадстаўнікі розных службаў: сацыяльныя работнікі, ратавальнікі, урачы, у якіх у вёсках свая місія. Адны сочаць за пажарным станам, другія пацікавяцца здароўем, правераць якасць вады. Сацыяльныя работнікі адкажуць на пытанні жыхароў. У малых вёсках людзей няшмат, кажа суразмоўніца, і яны не павінны адчуваць сябе адарванымі ад сучаснага жыцця. Бо глыбінка — усяго толькі аддаленая вёска, а не канец свету.

Аляксандр Бараноўскі, старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў:

— Музычныя віншаванні, якія ладзяць работнікі культуры, — справа вельмі дарэчная і ўдзячная. Гэтая ініцыятыва стала вельмі папулярнай у раёне. Чаму? У раёне вельмі шмат маленькіх вёсак. У нас 30 % вёсак, дзе пражывае менш за 10 чалавек. Такая вось тэндэнцыя. І вельмі добра, што ў гэтых аддаленых вёсках людзі не забытыя, пра іх ведаюць, іх віншуюць, ствараюць свята. Калектыў прыязджае з вясёлым настроем, у беларускіх нацыянальных строях, з падарункамі. Гучыць музыка, віншаванні — гэта для чалавека заўсёды прыемна. Такая работа вядзецца сумесна з нашай мясцовай уладай — старастамі і сельскімі саветамі. І водгукі вельмі добрыя. Літаральна днямі ў Данілавіцкім сельскім савеце віншавалі бабулю са 100-гадовым юбілеем. У віншаванні прымала ўдзел і старшыня сельвыканкама. Таму гэты праект будзем падтрымліваць і надалей.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота: dіatlovonews.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.