Вы тут

Палац культуры з музычнай школай, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр


На тэрыторыі Бараўлянскага сельсавета налічваецца васямнаццаць населеных пунктаў, дзе пражывае без малога 70 тысяч чалавек. Гэта больш чым у некаторых раёнах Мінскай вобласці, ды і наогул краіны. Сёння Бараўляны — чатыры населеныя пункты: аграгарадок Лясны, пасёлак Вопытны, вёска Ляскоўка і самі Бараўляны. Яны, па сутнасці, зліліся ў адзін мегаполіс.


Захаваць і прымножыць

Бясспрэчна, людзі хочуць жыць не горш, як у горадзе, у камфортных умовах, мець у крокавай даступнасці дзіцячыя сады, школы, крамы, заасфальтаваныя вуліцы і прасторныя дарогі.

Першы сур’ёзны этап добраўпарадкавання ў Бараўлянах прайшоў недзе ў 2014–2015 гадах. Былі пашыраны вуліцы, на якіх цяжка было размінуцца двум грузавікам, устаноўлены святлафоры, рэканструяваны асноўныя дарогі, медыцынскія ўстановы, уладкаваны аўтастаянкі, добраўпарадкаваны дваровыя тэрыторыі. Шмат было зроблена для камфортнага пражывання людзей і пасля. Штогод тут з’яўляліся новыя сацыяльныя аб’екты, крамы, паляпшалася транспартная і інжынерная інфраструктура.

— Асноўная задача органаў мясцовай улады — разам з жыхарамі захаваць і прымножыць тое, што маем, і перш за ўсё накіраваць намаганні на вырашэнне пытанняў сацыяльнай структуры. Раней яна адставала ад будаўніцтва жылля, — кажа старшыня Бараўлянскага сельвыканкама Сяргей Кандрашын. — А ўладкаванне населенага пункта — працэс бясконцы. Ён ідзе пастаянна. Мы заасфальтавалі 7 вуліц у вёсцы Ляскоўка, яшчэ 6 вуліц — у Дроздаве. Наладзілі таксама святлодыёднае асвятленне ў аграгарадку Лясны, правялі яго да бараўлянскіх гімназіі, сярэдняй школы, трох дзіцячых садкоў. На выездзе з вёскі пабудавана аўтазапраўка, насупраць яе адкрыўся гандлёвы цэнтр «Навамол». Яго плошча 5 тысяч квадратных метраў. На вуліцы 40 гадоў Перамогі доўга пуставаў будынак, дзе раней была вытворчасць. Цяпер тут з’явіўся магазін «Суседзі». На гэтай жа вуліцы ўзведзены новы дзіцячы сад.

Падабраны два ўчасткі для будаўніцтва арэнднага жылля для медыкаў. Сёлета ў планах — прыступіць да ўзвядзення ў Бараўлянах сямі шматкватэрных сярэднепавярховых дамоў на 811 кватэр. У Ляскоўцы выдзелены ўчастак пад праектаванне двух пяціпавярховых двухпад’ездных дамоў для мнагадзетных сем’яў. Прынята таксама рашэнне аб будаўніцтве Цэнтра сацыяльнай дапамогі ў Бараўлянах. Гэта будзе вельмі стыльны сучасны будынак. Насупраць яго праз дарогу з’явіцца пошта. На вуліцы Фрунзенскай узводзіцца корпус паліклінікі цэнтральнай раённай бальніцы. Праектуецца новая школа, асфальтуюцца вуліцы, уладкоўваюцца пешаходныя сувязі, паляпшаецца вулічнае асвятленне, транспартныя зносіны. — Работы вядуцца сістэмна і прадумана. Кожны год здаецца нейкі сацыяльны аб’ект, школа або дзіцячы сад, — падкрэслівае Сяргей Кандрашын.

— Сяргей Анатолевіч, неаднаразова даводзілася бываць на сходзе жыхароў і мясцовай улады, дзе абмяркоўваўся генеральны план забудовы Бараўлян. Бурныя дэбаты разгортваліся вакол высечкі невялікай часткі лесу і будаўніцтва на гэтым месцы школы. У выніку ўлады прапанавалі ўзвесці навучальную ўстанову ў полі. Але гэта зноў жа не задаволіла людзей. Якое рашэнне было прынята па выніках слуханняў?

— Вырашылі ў полі пабудаваць жыллё для медыкаў. Але новая школа нам патрэбна. Бараўлянская сярэдняя № 2 перапоўнена. Пры нарматыве 720 вучняў яе наведваюць 1700. Так, мы захавалі ўчастак лесу. Праўда, гэта не вырашыла праблему са школай. Але прыемна тое, што жыхары самі прыбіраюць лес, сочаць за парадкам.

Грамадзянскія ініцыятывы

Сяргей Анатолевіч выказвае задавальненне, што актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні, стварэнні камфортных умоў для пражывання прымаюць самі людзі. Напрыклад, рэалізоўваецца сумесны праект грамадзянскіх ініцыятыў.

У Вопытным з долевым удзелам жыхароў, Мінскага райвыканкама, Бараўлянскага сельвыканкама, Бараўлянскага спецлясгаса будуецца гульнявая прастора на 40 сотках зямлі. Жыхары за свае сродкі купілі пешаходную плітку, бартавы камень. Спецлясгас выдзеліў драўніну, якая пойдзе на выраб атракцыёнаў, прыстасаванняў для забаў дзяцей. Побач, у лясным масіве, мяркуецца ўладкаваць экалагічную сцежку.

Мясцовыя ўлады, дэпутаты шмат сустракаюцца з грамадзянамі, працоўнымі калектывамі, даводзяць да іх сваю абгрунтаваную пазіцыю, выслухоўваюць сустрэчныя прапановы. У выніку агульнага абмеркавання прымаюцца рашэнні з улікам прапаноў грамадзянскай супольнасці. Такі падыход паўплываў і на настрой, пазіцыю жыхароў.

— Людзі тут жывуць, працуюць. І яны разумеюць, што проста так сядзець, чакаць, што ім прынясуць усё на талерачцы, нельга. Яскравы прыклад таму — рэспубліканскі суботнік. У ім актыўны ўдзел прынялі нашы жыхары. Мы яго праводзім ярка, насычана. Напрыклад, усім калектывам з прыцягненнем праектна-планіровачнага бюро Мінскага раёна ў вёсцы Слабаўшчына дэманціравалі агароджу, якая не несла ніякай функцыянальнай нагрузкі, проста стаяла ў чыстым полі. «Белпаркальянс» фактычна тры дні рамантаваў агароджу вакол дзіцячай вёскі «Вытокі». Нашы людзі не маюць на мэце падмятаць падчас суботнікаў прылеглую тэрыторыю, мыць вокны. Гэта паўсядзённая праца. Імкнёмся зрабіць максімальна карыснае, значнае, — распавёў Сяргей Кандрашын.

Была вёска, стане горад?

— Сяргей Анатолевіч, у кастрычніку мінулага года Прэзідэнт Беларусі даручыў разгледзець магчымасць надаць Бараўлянам статус горада. Што прадпрымаецца ў гэтым плане?

— Мы прааналізавалі пытанне і прыйшлі да высновы, што пакуль гэта немэтазгодна. Перш за ўсё неабходна ўзняць сацыяльныя стандарты на ўзровень гарадскіх. Вядома, мы ідзём да гэтага, паляпшаецца інжынерна-транспартная інфраструктура, будуюцца сацыяльныя аб’екты. Але іх яшчэ недастаткова, — канстатаваў старшыня сельвыканкама.

Акрамя таго, трэба вырашыць праблему і з вулічным асвятленнем. У Бараўлянах дзейнічаюць нарматывы сельскай мясцовасці. Неабходна сур’ёзная мадэрнізацыя электрасістэмы. А для гэтага патрэбны значныя фінансавыя ўкладанні. Разглядаецца таксама магчымасць будаўніцтва Палаца мастацтваў з музычнай школай, цяпер тут сельскі Дом культуры, фізкультурна-аздараўленчага комплексу, веладарожак, скейт-парка. Патрабуецца і асфальтаванне дарог.

Як вядома, у Бараўлянскім рэгіёне знаходзіцца шмат устаноў аховы здароўя рознага падпарадкавання. Медыкі і настаўнікі атрымліваюць 20-працэнтную надбаўку за работу ў сельскай мясцовасці. Акрамя таго, у населеных пунктах з колькасцю жыхароў да 20 тысяч іншыя, чым у горадзе, нарматывы забеспячэння квадратнымі метрамі, існуюць ільготы на будаўніцтва жылля. Дзе жыць: у горадзе ці вёсцы — павінны вырашаць самі жыхары. Усе плюсы і мінусы ім неабходна растлумачыць: што набываюць, а што страчваюць, калі стануць гараджанамі. Наданне Бараўлянам статусу горада цягне за сабой і перарэгістрацыю кватэр, жылых дамоў, што патрабуе дадатковых выдаткаў.

— Так, мы ідзём шляхам паляпшэння транспартнай, сацыяльнай інфраструктуры, будаўніцтва жылля, сацыяльных аб’ектаў, школ, дзіцячых садоў, стварэння камфортных умоў для пражывання людзей. — Аднак нам у гэтым кірунку трэба яшчэ шмат зрабіць, каб называцца горадам, — падсумаваў размову Сяргей Кандрашын.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».