Вы тут

Якія пытанні сенатары дапамагаюць вырашаць людзям падчас прыёмаў грамадзян і прамых ліній


27 красавіка члены Савета Рэспублікі праводзяць Адзіны дзень прыёму грамадзян. Гэтым разам сенатары працуюць у Магілёўскай вобласці. Правядзенне падобных асабістых — твар у твар — сустрэч з людзьмі стала ў верхняй палаце парламента добрай традыцыяй. І самае галоўнае — прыёмы грамадзян даюць канкрэтны вынік. Найперш для саміх грамадзян, якія такім чынам калі не вырашаюць праблему, дык знаходзяць шляхі яе вырашэння. Але і для сенатараў гэта таксама важна: шчырыя размовы на месцах дазваляюць прааналізаваць эфектыўнасць заканадаўчых актаў.


Ва ўсіх рэгіёнах краіны людзей хвалююць пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва, жыллёвай палітыкі, землеўпарадкавання і землекарыстання, сацыяльнага і пенсіённага забеспячэння, аховы здароўя. Дробязяў для заяўнікаў не бывае. На прыём да парламентарыяў ідуць толькі з цяжкімі пытаннямі, і звычайна, калі іншага варыянту вырашэння ўжо няма. Справа сенатараў — разабрацца і дапамагчы, як мінімум — каштоўнай парадай. Ні адзін зварот не застаецца без увагі. Пацвярджэнне — рэальныя прыклады, пра якія «МС» расказалі ў Савеце Рэспублікі.

На асабісты прыём у Ляхавіцкім райвыканкаме да Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай звярнуліся жыхары дома № 21 па вуліцы Чкалава ў райцэнтры. Людзей не задавальняла якасць капітальнага рамонту, яны скардзіліся на невыкананне добраўпарадкавання прыдамовай тэрыторыі. Пасля адпаведных указанняў Наталлі Качанавай да выканаўчай улады ўсе недахопы рамонту былі выпраўлены: выкананы работы па ямачным рамонце прыдамовай тэрыторыі, а таксама работы па электраасвятленні падвальных памяшканняў і прылеглай тэрыторыі дома.

Падобная праблема была і ў насельнікаў дома № 27 вуліцы У. Крайняга горада Слоніма. Жыллёва-камунальная гаспадарка скараціла аб'ём будаўніча-мантажных работ падчас запланаванага рамонту, з чым былі нязгодныя жыхары дома. Іх зварот па даручэнні Наталлі Качанавай разгледзеў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч. Каб усебакова вывучыць сітуацыю, была створана міжведамасная рабочая група. Яе прадстаўнікі выехалі на месца, сустрэліся з заяўнікамі і сумесна з зацікаўленымі прынялі неабходныя меры. Цяпер пытанне ўрэгулявана — рамонтныя работы завершаны ва ўстаноўленыя тэрміны і ў поўным аб'ёме, у тым ліку ўзмоцнены балконы, уцеплены і пафарбаваны тарцовыя сцены, праведзены рамонт і добраўпарадакаванне дваровай тэрыторыі. Аўтары звароту задаволены якасцю і паўнатой выканання капітальнага рамонту жылога дома.


Нярэдка да членаў Савета Рэспублікі звяртаюцца прадстаўнікі бізнесу. Напрыклад, Тамара Ваземілер, заснавальніца прыватнага прадпрыемства «Дом моды «Тамара», папрасіла пасадзейнічаць у дзяржаўнай рэгістрацыі медыцынскіх вырабаў (медыцынскіх масак). Па даручэнні Наталлі Качанавай дадзены зварот разгледзелі прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, МАРГ, УП «Цэнтр экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя» і РУП «Белмедтэхніка», камісія па вырабах медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі. Міністэрства аховы здароўя ўхваліла дзяржаўную рэгістрацыю згаданых медыцынскіх вырабаў. Заяўніца накіравала пісьмовую падзяку ў адрас Наталлі Качанавай за садзейнічанне ў вырашэнні сітуацыі і ўважлівыя адносіны да праблем беларускіх прадпрымальнікаў.

Наталля Качанава дапамагла і жыхарцы Гомеля Анжэле Балуевай, якая звярнулася да Старшыні Савета Рэспублікі на прамую тэлефонную лінію. Жанчыне заставалася два гады да пенсіі, але нечакана з ёю не працягнулі кантракт. Прычыну не растлумачылі. Наталля Качанава даручыла старшыні Гомельскага аблвыканкама разабрацца ў сітуацыі. У выніку кантракт быў падоўжаны на неабходны тэрмін.


Важна, што не ўсе заяўнікі просяць дапамогі для сябе. Некаторых хвалююць і грамадскія пытанні. Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец наведаў аграгарадок Калодзішчы Мінскага раёна. Там да яго звярнуўся выконваючы абавязкі старшыні сельвыканкама Юрый Кустаў, які прасіў дапамагчы абсталяваць архіў сельвыканкама. Парламентарый неадкладна ўключыўся ў вырашэнне ўзнятага пытання. Сёння архіў поўнасцю абсталяваны і ўкамплектаваны.

На прамую тэлефонную лінію да Наталлі Качанавай звярнулася жыхарка Бабруйска Марыя Красічонак з просьбай дапамагчы прачысціць рэчышча ракі ад наносаў і расліннасці. Адпаведнае даручэнне атрымаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама. Хутка Бабруйскі гарвыканкам далажыў, што рэчышча ракі чыстае.

У 2021 годзе члены Савета Рэспублікі правялі 542 прамыя тэлефонныя лініі, 844 асабістыя прыёмы грамадзян і 1882 сустрэчы з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам, арганізавалі 259 дыялогавых пляцовак. Усяго за мінулы год яны разгледзелі каля 7,5 тысячы зваротаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.