Вы тут

Суседскія разборкі, або Яшчэ раз аб карысці добрых стасункаў


Прыкладаў, калі ўладальнікі суседніх участкаў псуюць жыццё адзін аднаму, мноства. І сярод галоўных прычын сварак з суседзямі ў прыватным сектары — будаўніцтва з парушэннямі нормаў і правілаў.


Дыстанцыя да межаў суседскага ўчастка, а таксама да будынкаў на ўчастку суседзяў — тая норма, якой часам не надаюць значэння пры ўзвядзенні пабудоў. І менавіта яна вельмі часта становіцца прычынай спрэчак і сварак. Часцей за ўсё з такімі парушэннямі ўзводзяцца будынкі так званага гаспадарчага блока — гаражы, адрыны і лазні.

Асабістыя межы

«Сусед на адлегласці 2 м 30 см ад вокнаў майго жылога дома ўзвёў гаспадарчую пабудову, — піша ў «Звязду» Таццяна Іосіфаўна, якая жыве на вуліцы Нагорная ў Бабруйску. — «У маім доме цяпер пастаянны паўзмрок. За два метры ад маіх вокнаў знаходзіцца суседскі комін, і дым дасягае майго жылога дома».

«Гаспадарчая пабудова, якую ўзвёў сусед, даўжынёй 18 м і вышынёй 5 м», — працягвае чытачка. — У дождж вада льецца з даху суседскай пабудовы патокам у акно маёй кухні». Таццяна Іосіфаўна просіць рэдакцыю і мясцовыя ўлады прымусіць суседа аднесці гаспадарчую пабудову на прадугледжаную законам адлегласць 6 м ад вокнаў яе дома.

У сваёй бядзе чытачка не адзінокая. Суседскія адрына або лазня, што ўскладняюць жыццё, — адна з тых праблем, якую ўладальнікі зямельных участкаў часта абмяркоўваюць на форумах. Нават суседскі дом у «няправільным месцы» аказваецца менш распаўсюджанай праблемай.

«За метр ад майго ўчастка сусед пабудаваў лазню з мансардай над ёй — агульная вышыня будынка 6 м (то-бок, такая лазня па памерах, бадай, не саступае жылому дому). Будынак вельмі моцна зацяняе мой участак. Як я магу паўплываць на суседа і змяніць сітуацыю?» — пытанне ад уласніка зямельнага ўчастка пад Заслаўем.

Бываюць выпадкі, калі гаспадары суседніх участкаў, пачынаючы іх забудоўваць, адначасова ж пачынаюць пісаць адзін на аднаго скаргі. Ідуць праверкі, збіраюцца камісіі, выяўляюцца парушэнні, на абодвух участках будаўніцтва прыпыняецца... У выніку справа даходзіць да суда. Між тым замест гэтага можна было будавацца ў адпаведнасці з усталяванымі нормамі або, калі па якіх-небудзь прычынах гэта немагчыма (напрыклад, з-за асаблівасцяў зямельнага ўчастка), дамовіцца, вырашыць пытанне палюбоўна і даць адзін аднаму пісьмовую згоду.

Іншыя распаўсюджаныя прычыны зваротаў і скаргаў уладальнікаў прысядзібных і дачных участкаў — пытанні водаадвядзення, а таксама ўстанаўленне межаў участка. Гэтыя сітуацыі таксама ўзнікаюць з-за таго, што гаспадар, з аднаго боку, засяроджаны толькі на ўласнай праблеме (хоць у тых жа пытаннях водаадвядзення часам скааперавацца з суседзямі было б танней, не кажучы ўжо пра адсутнасць неабходнасці выступаць у судзе ў якасці адказчыка), з другога — думае толькі пра сённяшні момант. Але ж зямлю, цалкам магчыма, з часам вы захочаце прадаць, і тады парушэнні межаў участка, якія заставаліся незаўважанымі раней, могуць стаць праблемай. Напрыклад, калі ваша гаспадарчая пабудова часткова стаіць на тэрыторыі суседскага ўчастка.

Калі ліквідаваць непаразуменне з суседам палюбоўна не ўяўляецца магчымым, прыйдзецца звяртацца па абарону сваіх правоў у адпаведныя дзяржаўныя органы — для пачатку ў раённую адміністрацыю.

— Работа са зваротамі грамадзян забяспечвае абарону правоў і законных інтарэсаў чалавека, спрыяе павышэнню якасці жыцця, — тлумачыць адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў Алена ГРОНСКАЯ. — Звароты (індывідуальныя або калектыўныя заявы, прапановы, скаргі, выкладзеныя ў пісьмовай, электроннай або вуснай форме) падлягаюць разгляду ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб». Пісьмовыя звароты лічацца разгледжанымі па сутнасці, калі разгледжаны ўсе выкладзеныя ў іх пытанні, прынятыя належныя меры па абароне, забеспячэнні рэалізацыі, аднаўленні правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў заяўнікаў і ім накіраваны пісьмовыя адказы. Пісьмовыя адказы павінны быць абгрунтаванымі і матываванымі (пры неабходнасці — са спасылкамі на нормы актаў заканадаўства), утрымліваць канкрэтныя фармулёўкі, якія аспрэчваюць або пацвярджаюць доказы заяўнікаў, а таксама інфармацыю аб прынятых мерах у выпадку прызнання скаргаў абгрунтаванымі.

Нагадаем таксама, што, калі адказ не задаволіў заяўніка, звяртацца ў дзяржаўныя органы і ў суд можна неаднаразова.

Пры гэтым важна разумець, што заканадаўства мяняецца. Перад пачаткам любога маштабнага будаўніцтва (у тым ліку ўзвядзення гаспадарчых пабудоў) на ўласным участку варта азнаёміцца з апошнімі зменамі, а таксама пракансультавацца са спецыялістамі, якія валодаюць ведамі ў галіне будаўніцтва і нормаў зямельнага заканадаўства.

Нормы і правілы

— Грамадзяне, якія ажыццяўляюць вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі, маюць права ўзводзіць ва ўстаноўленым законам парадку гаспадарчыя будынкі і збудаванні, неабходныя для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, на зямельных участках, выдзеленых для гэтых мэт у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб ахове і выкарыстанні зямель, — каментуе адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў Алена Гронская.

Гаспадарчая пабудова — гэта аднапавярховы будынак і збудаванне нежылога прызначэння, размешчанае на прысядзібным участку і прызначанае для абслугоўвання домаўладання і зямельнага ўчастка (хлеў для ўтрымання жывёлы і птушкі, адрына для захоўвання гаспадарчага інвентара і паліва, гаспадарчы навес, летняя кухня, гараж, лазня, цяпліца, склеп, летні душ, прыбіральня, месца складавання гною і інш).

— У адпаведнасці з п. 6.3.13 пастановы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь ад 27 лістапада 2020 г. № 94 «Аб зацвярджэнні і ўвядзенні ў дзеянне будаўнічых нормаў СН 3.01.03-2020» (у рэд. пастановы Мінбудархітэктуры ад 18.01.2022 № 3), адлегласць ад вокнаў жылых памяшканняў жылога дома да сцен дома і гаспадарчых пабудоў, за выключэннем пабудоў для ўтрымання жывёл, а таксама пляцовак (навесу) для размяшчэння асабістага транспарту, размешчаных на суседніх (сумежных) зямельных участках, павінна складаць не менш чым 6 м. Узвядзенне новага жылога дома і гаспадарчых пабудоў, а таксама рэканструкцыя існуючага жылога дома і гаспадарчых пабудоў у раёнах сядзібнай забудовы, што ўжо склалася, дапускаецца на адлегласці менш за 3 і 1 м адпаведна ад мяжы зямельнага ўчастка пры наяўнасці натарыяльна заверанай пісьмовай згоды сумежнага(-ых) землекарыстальніка(-аў) і пры ўмове захавання супрацьпажарных, санітарных, экалагічных і іншых дзеючых нарматываў. Пры размяшчэнні жылога дома і (або) гаспадарчых пабудоў на адлегласці, менш за нарматыўную (для раёнаў, дзе ўжо склалася забудова), неабходна забяспечыць прылады арганізаванага водаадвядзення з даху, якія прадухіляюць сцёк дажджавой вады з дахаў на тэрыторыю суседняга (сумежнага) ўчастка.

Плошча і планіроўка гаспадарчага двара, аб'ём асабістай падсобнай гаспадаркі, склад гаспадарчых пабудоў залежаць ад плошчы прысядзібнага ўчастка і характару яго выкарыстання ў населеных пунктах розных тыпаў, працягвае адвакат Алена Гронская.

Склад і плошчы забудовы аб'ектаў прысядзібнага ўчастка (у залежнасці ад яго плошчы) прымаюць у адпаведнасці з табліцай.

У квадратных метрах

— Такім чынам, плошча гаспадарчых пабудоў залежыць ад памеру вашага ўчастка. Максімальная плошча на ўсе гаспадарчыя пабудовы ў сукупнасці пры плошчы ўчастка (падп. 6.3.10 СН 3.01.03-2020):

• да 6 сотак — да 100 кв. м;

• ад 6 сотак і больш — ад 100 да 200 кв. м.

Вышыня гаспадарчай пабудовы, размешчанай на мінімальнай нарматыўнай адлегласці ад усталяванай мяжы, якая падзяляе сумежныя прысядзібныя ўчасткі, ад узроўню зямлі да звесу двухсхільнай або аднасхільнай кроквеннай канструкцыі, а таксама да верху парапета або някроквеннай канструкцыі (плоскага даху) з боку сумежнага ўчастка — не большая за 3 м, пры гэтым вышыня гаспадарчай пабудовы ад узроўню зямлі да канька павінна быць не большай за 5 м, — каментуе адвакат Алена Гронская. — Пры павелічэнні мінімальнай нарматыўнай адлегласці ад усталяванай мяжы да пабудовы на кожны наступны метр вышыня пабудовы павялічваецца на 0,5 м.

Максімальная вышыня пабудовы ад узроўню зямлі пры яе прапарцыянальным ссоўванні ад усталяванай мяжы не павінна перавышаць 7 м у каньку і адпаведна 5 м да верху парапета або някроквеннай канструкцыі (плоскага даху), каментуе адвакат.

Пры размяшчэнні гаспадарчых пабудоў на ўчастку варта ўлічваць магчымасць іх блакіравання ў розных спалучэннях паміж сабой. Адлегласць ад гаспадарчай пабудовы (гаража, лазні, цяпліцы), зблакіраванай з жылым домам, да мяжы суседняга (сумежнага) участка устанаўліваецца ў адпаведнасці з актамі заканадаўства.

Будуем па законе

Перад будаўніцтвам гаспадарчай пабудовы, як правіла, трэба атрымаць дазвол у выканкаме, падкрэслівае адвакат Алена Гронская. Праектаванне, узвядзенне, рэканструкцыя, рэстаўрацыя, капітальны рамонт аб'екта (за выключэннем садовых домікаў, гаспадарчых будынкаў і збудаванняў, неабходных для вядзення калектыўнага садоўніцтва на зямельных участках, дадзеных членам садоўніцкага таварыства для гэтых мэт) ажыццяўляюцца на падставе дазвольнай дакументацыі, склад, парадак падрыхтоўкі і выдачы якой устанаўліваюцца з улікам патрабаванняў заканадаўчых актаў Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

— Гаспадарчую пабудову, узведзеную без атрымання дазволу, могуць абавязаць знесці за ваш кошт, а таксама накласці штраф за самавольнае будаўніцтва. Згодна з артыкулам 22.8 КаАП, самавольнае будаўніцтва аб'екта цягне накладанне штрафу ў памеры ад пяці да трыццаці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад дваццаці да ста базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад дваццаці да пяцісот базавых велічынь.

Калі будаўніцтва гаспадарчай пабудовы не было прадугледжана ў праекце на будаўніцтва жылога дома, то для яе ўзвядзення спатрэбіцца атрымаць дазвольную дакументацыю.

— Для гэтага неабходна звярнуцца ў выканкам па месцы знаходжання дома з заявай. Узор і форма заявы, як правіла, знаходзіцца на інфармацыйным стэндзе адпаведнага выканкама. Дазвольная дакументацыя выдаецца бясплатна не пазней за 1 месяц пасля падачы заявы.

Гаспадарчая пабудова, як і любы іншы будынак, узводзіцца на падставе праектнай дакументацыі.

— Па распрацоўку праектнай дакументацыі неабходна звярнуцца ў праектную арганізацыю або да індывідуальнага прадпрымальніка, які ажыццяўляе такую дзейнасць. Гатовую праектную дакументацыю трэба ўзгадніць у аддзеле архітэктуры і горадабудаўніцтва выканкама. Для гэтага прадстаўце ў выканкам заяву і праектную дакументацыю.

Пасля атрымання дазволу і ўзгаднення праектнай дакументацыі прыходзіць час прыступаць да будаўніцтва гаспадарчай пабудовы. Будаваць можна сваімі сіламі або з прыцягненнем будаўнічай арганізацыі (індывідуальнага прадпрымальніка). Пасля заканчэння будаўніцтва гаспадарчую пабудову трэба прыняць у эксплуатацыю.

Гаспадарчая пабудова не з'яўляецца самастойным аб'ектам нерухомасці, паколькі прызначана для абслугоўвання жылога дома. У сувязі з гэтым як асобны аб'ект яна не рэгіструецца. Але вам трэба атрымаць новы тэхпашпарт і пасведчанне на дом.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.