Вы тут

Яна ўмела зараджаць энергіяй любові. Згадкі пра Валянціну Коўтун


Красавік — месяц нараджэння і адыходу ў вечнасць пісьменніцы Валянціны Коўтун. Так сімвалічна супала, што якраз красавіцкімі днямі ў вядомай серыі «Беларускі кнігазбор» у выдавецтве «Беларуская навука» выйшаў том выбранага Валянціны Коўтун. У ім прадстаўлены раман-дылогія «Крыж міласэрнасці», драматычная паэма «Шлях палачанкі», вершы, артыкулы. Укладальніца — літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, дактарант Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Ірына Багдановіч. Маючы багаты вопыт эфірных стасункаў з Валянцінай Міхайлаўнай, хачу прапанаваць чытачам «ЛіМа» некалькі згадак пра яе служэнне беларускаму слову...


Пасля прамога эфіру ў студыі Беларускага радыё, 5 красавіка 2006 г.

Валянціна Коўтун была частым госцем літаратурных праграм Беларускага радыё. Мы сустрэліся ў далёкім 1988-м, калі ў выдавецтве «Юнацтва» выйшла яе кніга апавяданняў для старшакласнікаў «Калінавая гронка залатая». Той першы эфір шчасліва справакаваў наша творчае супрацоўніцтва на больш чым два дзесяцігоддзі...

На ўсе мае прапановы яна адгукалася лёгка, з асаблівым зацікаўленнем. Выдатная суразмоўніца — глыбокая, удумлівая! А як умела імправізаваць! Думка нараджалася адразу ў студыі ў працэсе размовы. І так цікава было за гэтым сачыць, весці дыялог. У ім аднолькава ярка прысутнічала лагічнае і эмацыянальнае, тое, што называюць жывым эфірным дыханнем. Яна заўсёды вельмі тонка адчувала зададзеную тэму гутаркі.

Папраўдзе, я дзівілася яе імпэту і жаданню «выйсці» да слухача. Далёка не кожны пісьменнік рашаецца на такія пастаянныя публічныя іспыты. Цяпер разумею, гэта быў стан яе душы: у пастаянных думках пра літаратуру, сцвярджэнне сябе праз мастацкае слова і праўдзівы вобраз. Магчыма, таму спрыяў і статус кандыдата філалагічных навук, уменне ахапіць крытычным зрокам сам літаратурны працэс. Помню, у Валянціны Міхайлаўны была любімая фраза: «Трэба рабіць сваю работу». Гэта значыла: не плакацца, не скардзіцца на жыццё і абставіны, а годна і цярпліва спраўджваць дадзены Богам талент. 

У розныя часы нашых стасункаў яна ў чымсьці нагадвала мне сваіх гераінь, а перадусім, канечне, Алаізу Пашкевіч (Цётку) і Еўфрасінню Полацкую. Не ў сэнсе саміх вобразаў, а памкненняў духу, якія здольны сягаць у розныя часы агульнай гісторыі. І апантанай веры ў тую справу, якая табе прадвызначана, якая цябе паклікала. Як умела яна зараджаць энергіяй любові да абраных ёю постацей! Яна сама, дарэчы, прапанавала для Беларускага радыё інсцэніроўку паводле рамана-дылогіі «Крыж міласэрнасці», назваўшы яе радыёраманам, каб Алаіза Пашкевіч са сваёй эпохай засталася ў папулярным жанры радыёспектакля, які даступны шматлікім слухачам. Рэжысёр гэтай пастаноўкі Ігар Лапцінскі, у галоўнай ролі Алаізы — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Бальчэўская. Захоўваюцца ў нашых фондах і асобныя фрагменты рамана-жыція «Пакліканыя», некалькі кампазіцый паводле вершаў, у тым ліку і дзіцячых твораў, а таксама цікавыя гутаркі з самой пісьменніцай.

Валянціна Міхайлаўна прымала ўдзел у розных маіх праграмах: «Крылы», «Гаспода», «Далягляды», «Нам засталася спадчына», часцей гэта быў прамы эфір. Для прыкладу назаву некалькі тэм: «Мастацкае ўяўленне і сіла факта», «Герой і паралельныя светы ў гістарычным жанры», «Вобраз маці і катэгорыя святасці ў літаратурных творах», «Мастацкі жанр і аўтарскі пошук», «Жаночы характар у творах беларускіх аўтараў», «Архітэктоніка кнігі», «Жыцці, доля, лёс» ды іншыя. Часам яна сама прапаноўвала тэму для гутаркі. І гэта было звязана з тым, над чым яна на той момант працавала. Я спрабавала падлічыць нашы эфірныя сустрэчы — аказалася недзе каля трыццаці! Паводле іх можна некалі скласці ўнікальны жыццяпіс пісьменніцы.

Увогуле, у мяне засталося ўражанне, што Валянціне Міхайлаўне важна было агучваць свае творчыя сумненні і асобныя планы. «Добра пагаварылі», — з хітрынкаю ў голасе казала яна пасля нашых вечаровых размоў па тэлефоне, якія надараліся досыць часта і вельмі натуральна спалучалі жарт і сур’ёзныя рэчы. Такі своеасаблівы працяг традыйных гутарак, але ў іх была іншая стылістыка, хаця мэта тая ж — пачуць сябе. Яе галоўным клопатам найперш была літаратура. Пакідаючы мне аўтограф на адной са сваіх паэтычных кніг, яна пажадала «любові і новых глабальных поспехаў у Літаратуры і радыёкраіне». Думаю, невыпадкова слова «Літаратуры» было напісана менавіта з вялікай літары. Яна ўспрымала гэта як агульную духоўную прастору, аддаючы належнае ролі беларускага эфіру ў папулярызацыі творчасці сучасных аўтараў і, безумоўна, — нацыянальнай класікі.

Мне вельмі імпанавалі ў ёй імпульсіўнасць і выверанасць у адносінах да сітуацый як творчых, так і жыццёвых. Можна сказаць, погляд лірыка і прагматыка ў адной асобе. Нягледзячы на істотную розніцу ва ўзросце, мы знаходзілі шмат агульных тэм. І гаварылі адкрыта, на той давяральнай ноце, якую не з кожным равеснікам знойдзеш. Помню, як яна смяялася, абуралася, радавалася, але каб скардзілася — не... Яна была выключным арганізатарам. Вяла да тых, каго сама любіла і кім захаплялася. Умела сабраць творчых людзей у вандроўку на радзіму Цёткі — Стары Двор, Астрына, Васілішкі, Шчучын — або зладзіць пілігрымку да святой ігуменні Еўфрасінні ў Полацк. Яна шмат разоў запрашала на радзіму, у Пінск, але ў мяне штосьці ўсё не атрымлівалася. А шкада...

Яшчэ прыжыццёвы свой зборнік выбранай паэзіі Валянціна Міхайлаўна назвала «Свяча любові». Помню, рыхтуючы выданне да друку, шмат разважала пра назву — «менавіта свяча, а не свечка». Як сімвал, як каштоўны збан, які захоўвае любоў і надзяляе ёю ўсіх, хто жадае прыняць гэты боскі дар. «Разумееш, Галіна, тут зусім іншае. Яно і гучыць узвышана — свя-ча»! Дарэчы, паводле гэтай кнігі да 70-годдзя аўтаркі (але, на вялікі жаль, ужо без яе) мы запісалі радыёкампазіцыю ў цудоўным выкананні народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч, да якой яна ставілася з вялікай пашанай. А Марыя Георгіеўна высока цаніла творчасць пісьменніцы Валянціны Коўтун. Цікава, што ў лёсе абедзвюх гэтых жанчын, таленавітых і ахвярных у служэнні беларускаму слову, добрым геніем застаўся народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ. Марыя Захарэвіч бліскуча сыграла на купалаўскай сцэне Ганну Чарнушку ў спектаклі «Людзі на балоце» паводле культавага рамана Мележа. А Валянціна Коўтун на пачатку свайго літаратурнага шляху атрымала ад класіка падтрымку — ён рэкамендаваў маладую паэтку для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў.

Проста супадзеннем ці знакам нябёсаў сёння можна назваць той факт, што апошняя гутарка на тэму «Далёкае і блізкае», якую мы запісалі з Валянцінай Міхайлаўнай для праграмы «Нам засталася спадчына», была прысвечана 90-годдзю Івана Мележа і выйшла ў эфір 14 лютага 2011 года. Мая госця паспела яшчэ раз прызнацца ў любові і ўдзячнасці свайму настаўніку. Як кажуць, шырока, на ўвесь свет, не шкадуючы самых лепшых слоў і захаплення, з той асаблівай пашанай, з якой ставяцца да людзей абраных. Жыццё пацвердзіла, што даўняе блаславенне Івана Паўлавіча не было авансам, пісьменніца Валянціна Коўтун усёй сваёй творчасцю апраўдала яго высокі давер.

...Так і засталося ў маёй памяці: мы ідзём па вуліцы Макаёнка, я праводжу яе на метро. Сярэдзіна красавіка, лёгкая смуга першай зеляніны, сонечна і цёпла. Праз дзень-другі яна збіраецца ехаць на сваю Піншчыну па важных для яе справах. Кажа, што затрымаецца не больш, чым на тыдзень, а там — сустрэнемся, ёсць пра што зноў пагаварыць у эфіры. На знаёмай прыязнайусмешцы развіталася...

Галіна ШАБЛІНСКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.