Вы тут

Качанава: Жанчыны Беларусі і Кітая могуць многае для захавання міру і спакою ў краінах


Адбыўся анлайн-семінар жанчын-парламентарыяў Беларусі і Кітая. Гэта першае падобнае мерапрыемства ў гісторыі двухбаковых узаемаадносін. Сімвалічна, што адбылося яно ў год 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных сувязяў дзвюх краін. Ініцыятыва, якая датычыцца развіцця жаночага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая, агучаная Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай падчас сустрэчы кіраўніцтва Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь са Старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў КНР Лі Чжаньшу ў чэрвені мінулага года, была падтрымана. 


Падчас семінара абмеркавалі ролю жанчын-парламентарыяў у дзяржаўным кіраванні і садзейнічанні эканамічнаму, сацыяльнаму развіццю краіны, закранулі тэму абароны правоў і інтарэсаў жанчын, умацавання міжнароднага ўзаемадзеяння, а таксама падзяліліся вопытам прафілактыкі і лячэння каранавіруснай інфекцыі.

У сваім выступленні Наталля Качанава закранула пытанні стану і перспектыў супрацоўніцтва, у тым ліку ў сферы палітычнага дыялогу, па лініі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і межпарламенцкага ўзаемадзеяння. Асабліва ўвага была акцэнтавана на ўзаемадзеянні жаночых рухаў дзвюх краін. 

— Жанчыны Беларусі і Кітая ўносяць важкі ўклад у захаванне нацыянальных традыцый, умацаванне інстытута сям’і, развіццё жаночага прадпрымальніцтва, павышэнне ролі жанчын у працэсах кіравання дзяржавай, — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. — Мы, жанчыны добрай волі, можам многае для захавання міру і спакою ў нашых краінах, спынення нагнятання ваеннай, інфармацыйнай, псіхалагічнай стэрыі, распальвання нянавісці і агрэсіі паміж краінамі і народамі. 

Спікер верхняй палаты парламента паведаміла кітайскім калегам, што самай шматколькаснай жаночай грамадскай арганізацыяй у нашай краіне з’яўляецца Беларускі саюз жанчын, які ў снежні адзначыў свой 30-гадовы юбілей і налічвае звыш 150 тысяч жанчын з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. «Беларускі саюз жанчын і Усекітайская Федэрацыя жанчын у сваёй дзейнасці прытрымліваюцца падобных мэт, прынцыпаў і каштоўнасцяў: садзейнічаюць абароне правоў і законных інтарэсаў жанчын, сям’і і дзяцей, імкнуцца да павышэння ролі жанчын у грамадска-палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці дзвюх краін», — звярнула ўвагу Наталля Качанава, падзякаваўшы калегам за аказанне матэрыяльнай дапамогі для развіцця жаночага руху Беларусі. 

Падчас семінара жанчыны-парламентарыі дзвюх краін выступілі з дакладамі, абмеркавалі актуальныя пытанні, вызначаных тэмай мерапрыемства. Акрамя таго, у межах семінара адбылася цырымонія падпісання Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Беларускім саюзам жанчын і Усекітайскай Федэрацыяй жанчын.

Падпісаны Мемарандум прадугледжвае такія формы ўзаемадзеяння, як абмен візітамі кіраўнікоў, абмен інфармацыяй па жаночай тэматыцы, а таксама па пытаннях мацярынства і дзяцінства, узгадненне пазіцый падчас міжнародных мерапрыемстваў, супрацоўніцтва экспертаў. Падпісаннем дакумента ствараецца прававы фундамент для далейшага супрацоўніцтва. Рэалізацыя Мемарандума ўнясе свой уклад у прасоўванне гендарнай роўнасці і пашырыць правы жанчын. 

— Пераканана, што Мемарандум аб супрацоўніцтве дасць новы імпульс нашаму ўзаемадзеянню, — рэзюмавала Старшыня Савета Рэспублікі. — Беларусь прадпрымае рэальныя меры для паляпшэння становішча беларускіх жанчын, павышэння іх ролі ў развіцці краіны. Наш Прэзідэнт заўсёды падтрымлівае жанчын і жаночы рух. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі, жанчынам і мужчынам забяспечваецца прадастаўленне роўных магчымасцяў у атрыманні адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы, у працы і прасоўванні па службе, у грамадска-палітычнай, культурнай і іншых сферах. 

Па словах спікера верхняй палаты, у мэтах захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў беларускага грамадства па выніках агульнанароднага абмеркавання і па выніках рэспубліканскага рэферэндума ў Канстытуцыі Беларусі замацавана палажэнне аб тым, што шлюб — гэта саюз жанчыны і мужчыны. «Пачынаючы з 1996 года, у нашай краіне рэалізуюцца пяцігадовыя нацыянальныя планы дзеянняў па забеспячэнні гендэрнай роўнасці, — заўважыла Наталля Качанава. — У цяперашні час прынята Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2035 года. Дзякуючы гэтым праграмным дакументам, у нашай краіне дасягнута абсалютная роўнасць паміж мужчынам і жанчынай». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?