Вы тут

Школьнікі і краязнаўцы адшукалі месца базіравання атрада знакамітага камбрыга ў гады ВАВ


У першыя месяцы акупацыі на Лагойшчыне пачалася ўзброеная барацьба з ворагам, з'явіліся першыя партызаны. Адна з партызанскіх груп у той час базіравалася ў лесе недалёка ад вёскі Астрошыцы. Вучні Астрошыцкай школы вырашылі знайсці ў лесе тую першую зямлянку групы маёра Варанянскага, з якой вырас спачатку партызанскі атрад «Мсцівец», а потым брыгада «Народныя мсціўцы».


Пошукі зямлянкі

Пажылыя мясцовыя жыхары, якія перажылі акупацыю, указалі на прыкладнае месцазнаходжанне партызанскай зямлянкі групы дзядзькі Васі — так партызаны, маладыя хлопцы, называлі маёра Васіля Варанянскага, якому ў той час ужо было больш за 40 гадоў. У склад нашай невялікай пошукавай групы, акрамя мяне, увайшлі настаўніца Алена Макуцэвіч з мужам Сяргеем, школьнікі Дар'я Рахоўская і Павел Жураўлёў.

Падчас першага паходу мы некалькі разоў прачасалі прыкладны ўчастак лесу, але знайсці зямлянку не атрымалася, нягледзячы на тое, што мясцовыя грыбнікі расказвалі — раней яны часта выходзілі на месца яе размяшчэння. Задачу ўскладніла высечка дрэў, якая праводзілася тут некалькі гадоў таму. Мясцовасць змянілася, таму прыйшлося шукаць месца базіравання першых партызанаў некалькі разоў.

Арыенцірам стала рэчка Дуброўка — па ўспамінах тутэйшых, зямлянка знаходзілася недалёка ад ракі. Да пошукаў падключыўся мінчанін А. Трафімчык, які часта прыязджае да сваякоў на Лагойшчыну. Менавіта ён знайшоў месца былой зямлянкі. Яна размяшчаецца на схіле ўзвышша, прыкладна за 50 метраў ад Дуброўкі, што цячэ па лесе. Партызаны ўмелі выбіраць месца для свайго прыстанішча. Вада заўсёды была патрэбная: і для таго каб памыцца, і для гатавання ежы. Вось тут, у непрыкметным месцы, і выкапалі зямлянку першыя лагойскія партызаны ў кастрычніку 1941 года.

Праўда, ад яе застаўся невялікі катлаван у зямлі, з бакоў якога захавалася некалькі фрагментаў гнілых жэрдак з шалёўкі сцяны. Дзікія звяры выкарыстоўвалі збудаванне ў сваіх мэтах — у яме праглядаюцца норы. Цікава, што партызаны прадугледзелі адыход на выпадак нападзення ворага: ад зямлянкі ў бок ракі ідзе неглыбокая траншэя ў зямлі. Агледзеўшы яму і наваколле, знайшлі заржавелыя за столькі гадоў прадметы быту партызанаў: сякеру і дзве рыдлёўкі, вядро і цвік. Рэчы перададзены на захоўванне ў Лагойскі краязнаўчы музей імя Тышкевічаў.

Першыя партызаны

Тут, каля зямлянкі, успомнілі гісторыю з'яўлення ў гэтых мясцінах маёра Варанянскага і яго трагічны лёс. Васіль Варанянскі разам з некалькімі акружэнцамі з'явіўся ў Кандратавічах у сярэдзіне ліпеня 1941 года. У пачатку вайны ён быў камандзірам 570-га асобнага батальёна сувязі 13-й арміі. Пасля таго як яго батальён у баях з немцамі быў разбіты пад Заслаўем, Варанянскі накіраваўся на ўсход праз Лагойскі раён, каб дагнаць войскі. У Кандратавічах ён сустрэўся з даваенным старшынёй калгаса «Чырвоная зорка» Іванам Івінскім, які забяспечыў ім харчаванне і начлег. Тут яны даведаліся пра апошнія навіны аб становішчы на фронце: аказалася, што Чырвоная Армія ўжо даволі далёка адышла ад гэтых мясцін.

Варанянскі прыняў рашэнне застацца ў тыле ворага, каб тут працягваць барацьбу з акупантамі. Дапамагалі партызанам мясцовыя камуністы з вёскі Чудзенічы — браты Шчурэвічы. Вялікую падтрымку прадуктамі, медыкаментамі і разведкай аказвала сям'я фельчара Адама Шавеля з вескі Астрошыцы. У той час каля Чудзеніч апынулася невялікая група байцоў на чале са старшым лейтэнантам Аляксандрам Макаранкам. Пасля сустрэчы абедзве групы аб'ядналіся, а камандзірам выбралі маёра Варанянскага. Група складалася з 11 партызанаў.

Пастаянна знаходзіцца ў вёсцы не было магчымасці, таму было прынята рашэнне абсталяваць у лесе зямлянку. Пасля праведзенай разведкі партызаны знайшлі зручнае месца каля левага берага ракі Дуброўкі. У матэрыялах Нацыянальнага архіва паведамляецца: «8-10.10.41. У Кандратаўскім лесе Лагойскага раёна адкапана зямлянка для групы».

Жыхары Кандратавіч успаміналі, што партызаны прыходзілі ў школу праводзіць сходы з мясцовымі камуністамі. Настаўнікі Мікалай Аўчыннікаў, Надзея Мураўёва, Сяргей Тарасевіч былі на сувязі з партызанамі, перапісвалі і распаўсюджвалі лістоўкі, збіралі зброю. У выніку была створана падпольная арганізацыя. У лютым 1942 года атрад значна вырас: ён актыўна папаўняўся былымі чырвонаармейцамі і чыгуначнікамі з Мінска. Літаральна праз месяц злучэнне апынулася пад пагрозай нападзення немцаў, і Варанянскі з партызанамі перайшоў у Руднянскі лес, а потым знаходзіўся ў былым Плешчаніцкім раёне. Тут атрад вырас да брыгады «Народныя мсціўцы».

Жыццё Васіля Варанянскага абарвалася трагічна. У ноч з 13 на 14 верасня 1943 года камбрыг выляцеў у Маскву. Пры пералёце лініі фронту ў раёне горадзе Вялікія Лукі Пскоўскай вобласці самалёт быў збіты нямецкім знішчальнікам. За арганізацыю партызанскага руху ў тыле ворага В. Варанянскі пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна.

Аб лёсе гэтага мужнага чалавека, а таксама ўвогуле аб гісторыі атрада Варанянскага, школьнікі даведаліся на ўроку мужнасці, які прайшоў каля былой партызанскай зямлянкі. Да дрэва была прымацавана загадзя зробленая вучнямі шыльдачка, якую дапамагла аформіць настаўнік працоўнага навучання Кацярына Асташэвіч. Надпіс на ёй абвяшчае: «На гэтым месцы з кастрычніка 1941 года да красавіка 1942 года знаходзілася зямлянка партызанскай групы маёра В. Т. Варанянскага».

Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».