Вы тут

Уладзімір Слабодчыкаў: Я сумленны перад мастацтвам і перад калегамі


У верасні мінулага года ў Палацы Незалежнасці адбывалася ўрачыстая падзея: Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручаў узнагароды заслужаным дзеячам розных сфер. Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў тады на асобу Уладзіміра Слабодчыкава, які быў удастоены звання народнага мастака Беларусі.


— Цудоўны чалавек, — сказаў пра яго Прэзідэнт, — чалавек, праз творчасць якога чырвонай ніткай праходзіць любоў да сваёй Радзімы, гордасць за дасягненні мінулага і сучаснасці, памяць аб трагічных і гераічных старонках нашай гісторыі, захапленне подзвігамі і гераізмам суайчыннікаў. Рэаліст. Гэта і ёсць патрыятызм. Гэта і ёсць прыклад той самай барацьбы за захаванне нацыянальных каштоўнасцяў, якія ўсе мы, беларусы, сёння асабліва шануем.

Народнаму мастаку Беларусі, вядомаму скульптару Уладзіміру Слабодчыкаву споўнілася 70 гадоў. Ён узнагароджаны бронзавым і сярэбраным медалямі ВДНГ СССР, медалём Францыска Скарыны. Яму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтва Рэспублікі Беларусь» і «Народны мастак Беларусі». З'яўляецца лаўрэатам прэміі Саюзнай дзяржавы.

— Раскажыце, калі ласка, пра свае вытокі — малую радзіму, бацькоў, пачатак творчага шляху.

— Я ўдзячны лёсу, што нарадзіўся ў адным з самых прыгожых куточкаў беларускай зямлі — у вёсцы Далгінава, што на Вілейшчыне. З дзяцінства мяне атачала неверагодна маляўнічая прырода: векавыя, багатыя на грыбы і ягады бары, шыкоўныя заліўныя паплавы, чароўныя рэкі і азёры. Далгінава з пачатку ХVІІ стагоддзя вядомае як вотчына князёў Друцкіх-Сакалінскіх, а яшчэ як цэнтр штогадовых гандлёвых кірмашоў. На маёй малой радзіме адвеку існаваў дзіўны сімбіёз культур — беларускай, рускай, польскай, яўрэйскай. Захаваліся дзве ўнікальныя гравюры французскага мастака Альбрэхта Адама, які ў складзе арміі Напалеона прайшоў праз Далгінава. Пазней ён зрабіў замалёўкі мястэчка, якое яму запомнілася. Дык вось на гравюры відаць, што левая частка населенага пункта каталіцкая (на заднім плане віднеецца сілуэт Станіслаўскага касцёла), правая — праваслаўная (аб чым сведчыць будынак Троіцкай царквы), а сярэдзіну займае яўрэйская сінагога. Гэта фарміравала асаблівую культуру адносін, культуру талерантнасці і ўзаемнай павагі.

Маім землякам таксама ўласцівыя пачуцці глыбокага патрыятызму, уласнай годнасці і незалежнасці. Аб гэтым яскрава сведчаць хаця б два такія факты. У лістападзе 1905 года ў Далгінава на кірмаш сабралася шмат сялян, сярод якіх былі і прадстаўнікі рэвалюцыйных партый, што распаўсюджвалі лістоўкі, праводзілі агітацыю супраць паноў, цара. А калі наскочыла паліцыя, абураныя людзі разагналі яе і ўстанавілі свой кантроль над мястэчкам.

І другі факт. Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі ў Далгінаве размяшчаўся добра ўмацаваны варожы гарнізон колькасцю каля трохсот чалавек. Ён быў адным з апорных пунктаў, якія прыкрывалі падыходы да чыгункі, з'яўляўся базаю для правядзення карных аперацый. Камандаванне мясцовай партызанскай брыгады «Жалязняк» прыняло рашэнне ліквідаваць гэтае асінае гняздо. Вясною 1943 года гарнізон быў разгромлены і поўнасцю паралізаваны аж да прыходу Чырвонай Арміі.

Я чаму аб гэтым расказваю? Таму што, як мне ўяўляецца, баявы дух далгінавічан у нейкай ступені паўплываў на характар маіх бацькоў, ды і на мяне самога таксама.

— А хто былі вашы бацькі?

— Я з сям'і настаўнікаў. Бацька, Іван Дзям'янавіч, вёў у мясцовай школе ўрокі чарчэння і малявання. Маці, Соф'я Мікалаеўна, — настаўніца біялогіі ў гэтай жа школе.

Сям'я была дружная, творчая. Бацькі, асабліва маці, любілі літаратуру, у прыватнасці паэзію. У доме было шмат кніг. Доўгімі зімовымі вечарамі мы ўсе (акрамя мяне, яшчэ мой старэйшы брат і малодшая сястра) збіраліся за сталом, чыталі, размаўлялі.

Бацька ўсё жыццё захапляўся маляваннем. Рабіў копіі карцін Шышкіна, Кіпрэнскага. Мяне ж прывучаў да самастойнай творчасці — ствараць нацюрморты, занатоўваць на паперы маляўнічыя карціны прыроды. З гэтай жа мэтай вазіў мяне ў Мінск, у Дзяржаўны мастацкі музей, у Маскву — у Траццякоўскую галерэю, Пушкінскі музей. А ў восьмым—дзявятым класах я пасябраваў са студэнтам тэатральна-мастацкага інстытута Мікалаем Кавалёвым, нашым аднавяскоўцам, і ён вельмі многае мне даў.

І ўсё-такі мяне захапляў не жывапіс, а таямнічы свет скульптуры. Справа ў тым, што па суседстве з намі, літаральна праз плот, жыла сям'я мастака Герасіменкі. І я часта назіраў, як у двары дзядзя Павел, яго сын Юра фармуюць скульптуры з гіпсу. І мне было неймаверна цікава, як гэта з кавалка бясформеннага матэрыялу з'яўлялася аб'ёмная, амаль жывая, галава чалавека. Знайшоўшы кавалкі старога гіпсу, я стаў, як і суседзі, ляпіць нешта сваё. Да дзясятага класа я дакладна ведаў, куды буду паступаць, — толькі на аддзяленне скульптуры тэатральна-мастацкага інстытута.

— Уладзімір Іванавіч, за сваё творчае жыццё вы стварылі больш за 300 работ рознага прызначэння, стылю, фармату. Умоўна іх можна падзяліць на тры вялікія групы. Гэта — манументальныя работы, паркава-ландшафтная скаульптура і скульптурны партрэт. Раскажыце, калі ласка, хаця б коратка, аб гэтым. З чаго пачнём?

— Пачнём, бадай, з манументальных работ. У якасці прыкладу назаву адну з першых сваіх работ — мемарыяльны знак, прысвечаны Максіму Багдановічу. Ён устаноўлены каля «Беларускай хаткі» — музея паэта ў Мінску. Знешне яна вырашана даволі проста: вертыкальная гранітная стэла ў выглядзе прыдарожнай каплічкі, у якую на бронзавым пастаменце ўманціравана постаць паэта. Складанасць была ў тым, каб скупымі выяўленчымі сродкамі перадаць імгненне паэтычнага натхнення, знайсці аптымальныя прапорцыі вышыні стэлы і скульптурнай постаці, гарманічна ўпісаць мемарыяльны знак у навакольнае асяроддзе.

— Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што тэма вайны — адна з самых выразных і значных у вашай манументальнай творчасці. І вырашаеце вы яе кожны раз па-новаму, пазбягаючы залішняй дэталізацыі, звяртаючыся да выразных эмацыянальных вобразаў-метафар. Яркім прыкладам гэтаму можа служыць мемарыял «Звон-набат». Раскажыце, калі ласка, гісторыю гэтага твора.

— Гісторыя такая. У Светлагорску вырашана было на месцы пахавання воінаў-вызваліцеляў устанавіць адпаведны помнік. Абвясцілі конкурс. Я выйшаў пераможцам.

Ідэя знешне нібыта простая — звычайны царкоўны звон. Але менавіта гэты вобраз, гэта метафара (звон як набат, што не дае заснуць нашай гістарычнай памяці) і прыцягнулі мяне. Я вырашыў стварыць не проста помнік, а хутчэй своеасаблівы музей. Калі абыходзіць манумент з захаду на ўсход, то на знешнім контуры звана можна ўбачыць тры буслы ў палёце, а чацвёрты, загінулы, застаўся на зямлі; постаці франтавікоў, рэльефы параненых салдатаў і матросаў, закатаваных вязняў канцлагера, іншыя ваенныя адлюстраванні. Такім чынам, можна нібыта прайсці поўнае кола вайны: ад яе трагічнага пачатку да радаснага заканчэння на прыступках рэйхстага.

Няпросты шлях да поспеху

— Не магу не запытаццца яшчэ пра адну вашу цікавую работу, якая стаіць нібыта паасобку. Я маю на ўвазе скульптурную кампазіцыю «Вільяна». Гэта быў сацыяльны заказ ці ваша асабістая ініцыятыва?

— І тое, і другое. Мне даўно хацелася стварыць для роднага горада што-небудзь знакавае, цікавае. Ідэя нарадзілася з вядомай легенды. На Вілейшчыне існуе такая гісторыя. У даўнія часы дзяўчына пакахала хлопца, але ён пайшоў ваяваць і не вярнуўся. Страціўшы каханага, дзяўчына доўга плакала, і з яе слёз узнікла рака, якую назвалі Віліяй.

Скульптурная кампазіцыя «Вільяна» створана ў выглядзе дзявочай постаці, якая нязмушана абапіраецца на вялікі камень-валун. А складкі яе вопраткі падобныя на цячэнне ракі, і тым самым кампазіцыю можна ўспрымаць як вобраз ракі. Але дзяўчына не проста размясцілася на камені — яна ўся знерухомела ў чаканні: прыклаўшы палец да вуснаў, яна як бы кліча свайго каханага, усё яшчэ спадзеючыся, што той вернецца.

Ад задумы да ўвасаблення

— Але, напэўна, самым складаным, самым адказным быў для вас помнік патрыярху Алексію ІІ, устаноўлены перад храмам Усіх Святых у Мінску ў 2012 годзе.

— І, бадай, самым значным. Дарэчы, гэта мая другая работа, прысвечаная Свяцейшаму Патрыярху. Першы падыход да стварэння гэтага вобраза адбыўся некалькімі гадамі раней. На мяне выйшлі ад імя ўладыкі Дзмітрыя, архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага, і папрасілі падумаць над помнікам Алексію ІІ. Перш чым даць згоду, я ўважліва вывучыў біяграфію гэтага ўнікальнага чалавека. І толькі калі адчуў, што жыццё і дзеянні патрыярха становяцца мне блізкія і зразумелыя, тады прыступіў да працы.

Але адкрыццё помніка адклалі на няпэўны час. У кіраўнікоў епархіі ўзнікла ідэя спачатку паставіць помнік Свяцейшаму Патрыярху ў Мінску, каля толькі што пабудаванага храма Усіх Святых. Менавіта Алексій ІІ у 1991 годзе блаславіў будаўніцтва гэтага храма і асвяціў закладны камень.

— А чым адрозніваецца мінскі помнік Алексію ІІ ад першага варыянта, віцебскага?

— У Віцебску скульптура атрымалася афіцыйнай, трохі статычнай. Ствараючы новае аблічча патрыярха, я стараўся, перш за ўсё, перадаць тое, чым вызначаўся Алексій ІІ: узвышанасцю, духоўнасцю і адначасова прастатой, адкрытасцю. Вось чаму твар уладыкі велічны і натхнёны. І вось чаму пастамент помніка невысокі, яго практычна няма. Так зроблена спецыяльна, каб паказаць яднанне патрыярха з народам. Тры каменныя прыступкі сімвалізуюць сабой тры наведванні Яго Свяцейшаствам будаўніцтва храма. Гэта фактычна дарога, па якой патрыярх падымаецца да храма разам з прыхаджанамі.

— А што з вашых работ заслугоўвае лепшай долі, чым захоўвацца ў майстэрні?

— Назаву дзве работы. Гэта помнік княгіні Вользе, які меркавалі ўстанавіць у Віцебску. Быў праведзены рэспубліканскі конкурс. Я стаў пераможцам. Мая кампазіцыя адлюстроўвае гістарычны факт. Летапіс сведчыць, што Вольга з дружынаю праплывала на ладдзях па Дзвіне. У аблюбаваным маляўнічым месцы спыніліся на адпачынак, на беразе ракі паставілі шатры. Пазней на гэтым месцы па загадзе княгіні быў закладзены горад. На жаль, мая работа так і не выйшла за межы майстэрні. Хаця яна была зацверджана на ўсіх узроўнях. Другая мая работа, якая застаецца пакуль незапатрабаванай, прысвечана Першай сусветнай вайне. Як вядома, на тэрыторыі цяперашняй Беларусі праходзіў Заходні фронт — галоўны «шчыт» Расіі, на якім было засяроджана больш за паўтара мільёна чалавек. Каля 900 тысяч складалі мабілізаваныя жыхары беларускіх губерняў. За гады вайны Беларусь панесла незаменныя страты: 70 тысяч салдатаў аддалі свае жыцці ў баях з акупантамі, каля 60 тысяч загінула мірных жыхароў, і яшчэ 50 тысяч чалавек былі прымусова вывезены ў Германію. Хіба гэтыя факты, агромністыя ахвяры не заслугоўваюць свайго манументальнага ўвекавечання? Мне разам з архітэктарам Ігарам Марозавым удалося знайсці нетрывіяльнае рашэнне гэтай ідэі. Мемарыяльны курган разразаюць франтавыя акопы і ствараюць такім чынам своеасаблівы крыж — сімвал смутку аб загінулых. У нішах акопаў высечаны на камянях дакументальныя сведчанні аб удзельніках тых падзей. Нашу скульптурную кампазіцыю можна ўспрымаць як своеасаблівы музей-сферу. Я нават ведаю месца, дзе можна было б размясціць такі мемарыял. Гэта раён Нарачы. Менавіта там амаль цэлы год стаяў фронт, а ў сакавіку 1916 года па просьбе французскіх саюзнікаў была праведзена адна з найбуйнейшых ваенных аперацый.

Сваё месца ў мастацтве

— Уладзімір Іванавіч, ведаю, што вы ўжо даўно з Мінска пераехалі на месца жыхарства ў Сілічы. Чаму здрадзілі Далгінаву, дзе, як вы самі прызналіся, любілі адпачываць кожнае лета?

— Не, сваёй малой радзіме я не здрадзіў. Яна па-ранейшаму застаецца для мяне самым любімым і дарагім месцам на зямлі. А ў Сілічах я апынуўся вось як. Мой сябра меў там дом. І напрыканцы васьмідзясятых пачаў мяне агітаваць: давай пераязджай у Сілічы. Лепшага месца для мастака цяжка знайсці. Я паехаў, паглядзеў. Месца сапраўды цудоўнае — Швейцарыя. Набыў невялікі зямельны ўчастак, спачатку паставіў сціплы садовы дамок, а з цягам часу пабудаваў і добры, прасторны дом.

— І ўсё цяперашняе ваша жыццё цесна звязана з Лагойшчынай?

— Ну не так каб ужо вельмі цесна, але і гэтая зямля стала мне ўжо блізкай і дарагой. Вось чаму, калі мясцовыя ўлады прапанавалі зрабіць скульптуру Маці Божай Лагойскай — сімвал горада, я з радасцю даў згоду. І пастараўся зрабіць так, каб бронзавая статуя паўтарала вобраз Божай Маці, якая адлюстравана на іконе «Знаменне». Яна цікавая тым, што Багародзіца на ёй у кароне, што сустракаецца рэдка. І яшчэ. Сама ікона існавала да 1916 года, пасля ў час ваеннага ліхалецця была згублена.

Скульптурная кампазіцыя ўстаноўлена на ўездзе ў Лагойск, на маляўнічым пагорку. І, між іншым, на прыгожым камені-валуне, прывезеным з Вілейшчыны. Так мая малая радзіма атрымала сімвалічнае яднанне з маёй новай радзімай.

— Вы шчаслівы чалавек?

— Канешне, шчаслівы. Шчасце ў тым, што лёс даў мне магчымасць нешта зрабіць, атрымаць увагу да сябе і прызнанне. І нават у тым, што я ўвесь час сумняваюся ў сваіх поспехах, таксама бачу шчасце. Я не закасцянеў, не забранзавеў.

Шчасце, што я па жыцці не нарабіў вялікіх грахоў, прыкрых памылак. Нікога не пакрыўдзіў. З большасцю людзей магу са спакойным сумленнем вітацца.

Я сумленны перад мастацтвам і калегамі. І гэта таксама вялікае шчасце.

Гутарыў Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».