Вы тут

Ці праўда, што на стары Месяц не варта пачынаць нічога новага?


Ці праўда, што на стары Месяц не варта пачынаць нічога новага? Адказваюць Янка Крук і Аксана Катовіч.


Трэцюю квадру Месяца, якую ў народзе называлі старык, збыта, на сходні, ветах, веташка, лічылі самай неспрыяльнай для правядзення сельскагаспадарчых і дамашніх работ, а таксама для перспектыў будучага жыцця. У некаторых мясцінах пачатак (першыя дні) апошняй квадры Месяца называюць яшчэ рушанне (г. зн. зрушыцца з месца, разваліцца).

Як казалі на Гарадзеншчыне: «Трэцяя квадра і маладзік лічацца часам, неспрыяльным для вывазу гною і іншых палявых прац... не толькі беларус, але і жмудзін не пачне ні араць, ні вазіць гной, ні сеяць». У «Матэрыялах для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраных афіцэрамі генеральнага штаба ў Смаленскай губерні, 1862 г.» знаходзім: «Белоруссы строго наблюдают новолуніе, полнолуніе и ущерб месяца; во время ущерба они не начинают посева хлеба». А народная мудрасць безапеляцыйна абвяшчае: «Пасеяўшы на сходу, не дажыдай плоду».

Нашы далёкія продкі ведалі аб існаванні вялікага касмічнага закона, які цалкам падпарадкоўваўся цыклічнасці фаз Месяца. З надыходам маладзіка ў прыродзе ўсё быццам ажывала і набывала дынаміку імклівага напаўнення сокамі зямлі. І наадварот, калі Месяц паварочваў на збыта, быццам нечая вялікая рука стамлялася і на нейкі час апускалася ўніз для кароткага адпачынку. Следам за ёй уніз, да каранёў, кіраваліся і энергетычныя патокі. У гэты час раілі саджаць тыя культуры, якія фарміравалі свае плады ніжэй за гарызонт зямлі: бульбу, буракі, цыбулю, часнок.

Сімволіка збыта — знішчэння, памяншэння — абумоўлівала характар працы: у гэты час займаліся праполкай, пасынкаваннем, выкарчоўвалі кустарнікі, падстрыгалі дрэвы. Лічылася, што на збыта барацьба са шкоднікамі садоў і агародаў будзе асабліва паспяховай. Для пярыны стараліся браць пяро, якое было нарыхтавана адразу ж пасля поўні, тады яно лажылася гладка. Калі ж пяро апрацоўвалася ў іншы час, то пярына «будзе быццам заўсёды вільготная».

Неабходна адзначыць, што вызначанае стаўленне да фаз Месяца і свядомае разуменне сэнсу прыродна-касмічных працэсаў і рытмаў адпаведна праецыравалася і на час нараджэння чалавека, і на час яго смерці. Лічылася, што доўга жыць будуць тыя дзеці, якія нарадзіліся ў першую чвэрць, шчаслівыя і багатыя з'яўляюцца на свет у другую чвэрць. У сувязі з гэтым народная традыцыя выпрацавала правілы, з дапамогай якіх можна было пэўным чынам уздзейнічаць на лёс дзіцяці (падкарэктаваць адмоўныя фактары), якое нарадзілася на збыта ці на межы — калі месяца зусім няма на небе: напрыклад, пахрысціць яго на маладзік.

Ад В. А. Астаповіча ў вёсцы Данілевічы Лельчыцкага раёна мы таксама пачулі наступнае меркаванне: «Гаварылі, калі чалавек памёр на збыта, то праз некаторы час і гаспадарка яго ўся сыдзе».

Можа, таму на збыта, асабліва ў самыя апошнія дні трэцяй чвэрці Месяца, пазбягалі ладзіць вяселлі, улазіны, пачынаць перспектыўныя, доўгачасовыя справы, адпраўляцца ў вандраванне, кіруючыся мудрымі словамі: «Калі пойдзе месяц на збыт, дык павыплывае ўсякае няшчасце на світ».

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».