Вы тут

У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава на тэму генацыду


Напярэдадні святкавання Дня Перамогі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася выстава, прысвечаная тэме генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Праект мае назву «Ніколі больш!» — гэтая фраза прагучала яшчэ ў красавіку 1945 года, калі вызваленыя вязні канцэнтрацыйнага лагеру Бухенвальд прадэманстравалі яе напісанай на шыльдачках рознымі мовамі.


 

Беларускія мастакі пачалі асэнсоўваць у сваіх творах трагедыю, што адбылася падчас вайны і акупацыі на нашай зямлі, яшчэ ў 1940-х. На выставе прадстаўленыя найбольш выразныя і яркія творы на гэтую тэму з калекцыі галоўнага мастацкага музея краіны. Іх аўтары — чатыры майстры, якія бачылі вайну на свае вочы. Гэта народныя мастакі Беларусі Васіль Шаранговіч, Георгій Паплаўскі і Міхал Савіцкі, а таксама найстарэйшы мастак Беларусі Лазар Ран, які страціў сваіх блізкіх — маці, жонку, траіх дзяцей і сястру — у мінскім гета. На выставе можна пабачыць не толькі мастацкія творы, але і дакументы, прадастаўленыя Генеральнай пракуратурай. Іх дэманструюць на экране, дзе яны няспынна пракручваюцца. Гэта сведчанні злачынстваў, якія былі здзейсненыя гітлераўскімі акупантамі супраць беларускага народу. Як сказала куратар выставы, вядучы навуковы супрацоўнік музея Надзея Усава, чытаць без слёз тыя матэрыялы немагчыма. Менавіта яны далі вектар для стварэння выставы.

Дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў падкрэсліў, што незвычайная выстава мае важнае значэнне для захавання гістарычнай памяці. Мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч, дачка народнага мастака Васіля Шаранговіча, распавяла пра цыкл каляровых літаграфій свайго бацькі «Памяці вогненных вёсак», які стаўся часткай экспазіцыі. Дзяцінства мастака прайшло на акупаванай Беларусі, ён на свае вочы бачыў спаленыя вёскі. І на ўсё жыццё запоўніў абгарэлыя трупы, спаленыя дамы... І страшны, вар’яцкі, саладкаваты пах... Той пах спаленых вёсак, кажа Наталля Васільеўна, пераследваў мастака ўсё жыццё, ён не любіў сядзець ля вогнішчаў. А яшчэ распавядаў, як, пачуўшы гуд варожых самалётаў, вяскоўцы беглі на вастравы сярод балота і жылі там у зямлянках, фактычна без ежы, суткамі... А бацька будучага мастака браў з сабою, як найвялікшую каштоўнасць, ваконнае шкло — казаў, вакол шмат лесу, дом я пабудую зноў, а вось шкло — дзе я знайду? Падобныя ўспамаіны, жывыя, непадробныя, надзвычай каштоўныя і дазваляюць дакрануцца душой да падзей мінулага.

—На выставе прастаўленыя творы мастакоў, якія пісалі тое, што перажылі... У творах застаўся іх боль і жаданне, каб быў мір. Вельмі важна, каб мы праз іх працы асэнсавалі тое жахлівае, што было, тое, чаго не павінна быць.

Надзея Усава распавяла пра структуру выставы, якая складаецца з чатырох частак: «Абвінавачанне», «Рэквіем», «Эпітафія» і «Пакаранне смерцю». У апошняй названай частцы прадстаўлена аднайменная карціна Міхала Савіцкага. На ўражлівым палатне мастак выявіў жыхароў беларускай вёскі за некалькі хвілін да смерці — бо карнікі збіраюцца іх забіць як партызан. Гэта публічнае пакаранне, якое практыкавалі фашысты, а сярод асуджаных — стары, падлетак, цяжарная жанчына…

—Нацысты не шкадавалі нікога. Гэта вельмі моцнае палатно, у якім праяўляецца евангельская тэма. Яно найбольш поўна выказвае тэму генацыду беларусаў.

Надзея Усава звярнула ўвагу на важны дакумент, прадстаўлены на выставе — гэта закон Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 2022 года «Аб генацыдзе беларускага народа», прыняты дзеля захавання памяці пра мільёны савецкіх грамадзян, якія сталі ахвярамі ў ваенны час.

Таксама Надзея Усава нагадала, што беларускі мастацкі музей моцна пацярпеў падчас вайны — тысячы твораў былі вывезеныя ў Германію, і толькі маленькая частка іх вярнулася. У прыватнасці, дасюль праводзяцца росшукі цудоўнай калекцыі слуцкіх паясоў...

Прысутныя змаглі пабываць на куратарскай экскурсіі па выставе. Асабліва цікава было і тое, што пра графіку Васіля Шаранговіча распавяла яго дачка.

Выстава «Ніколі больш!» падоўжыць сваю працу да 5 ліпеня.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.