Вы тут

Якія сакрэты адкрыла Бібліяноч—2022? Аўтары «Звязды» ведаюць


Якія сакрэты адкрывала Бібліяноч—2022? Аўтары Выдавецкага дому «Звязда» сталі ўдзельнікамі незвычайнага свята


Фота Лізаветы Голад.

Не трэба думаць, што бібліятэкі — гэта проста месца, куды трэба прыходзіць па кнігі, сёння яны ператвараюцца ў сапраўдныя культурныя цэнтры, дзе можна знаёміцца з цікавымі людзьмі, гуляць у настольныя гульні, удзельнічаць у майстар-класах і нават танчыць і гатаваць. І пацвярджэнне таму Бібліяноч. Гэта міжнародная акцыя, якая задумвалася ў падтрымку чытання. Праз пазітыўныя эмоцыі і незвычайныя мерапрыемствы бібліятэкі спрабуюць абудзіць цікавасць да пошуку новых ведаў і магчымасцяў, якія дорыць кніжны свет, і гэты год не стаў выключэннем.

Фота Лізаветы Голад.

Багата гасцей, як заўсёды, сабрала Нацыянальная бібліятэка. Хвалі наведнікаў расцякліся па розных пляцоўках — інтэлектуалы змагаліся ў турнірах па шахматах, шашках, японскіх сёгі і кітайскіх сянцы. Прыгажуні накіраваліся на модныя паказы, падрыхтаваныя беларускімі дызайнерамі і майстар-класы па фэшн-ілюстрацыі. Кнігалюбы знаёміліся са скарбамі з фондаў бібліятэкі і ўдзельнічалі ў віктарыне. Самыя юныя наведвальнікі Бібліяночы сустрэліся з кніжнымі персанажамі, ставарылі мультфільм і паспрабавалі сябе ў робатэхніцы. «Нацыяналка» ўражвала разнастайнай насычанай праграмай — тут былі канцэрты, квэсты, спектаклі, майстар-класы, кансультацыі адваката і нават сеансы астрапсіхалогіі. Самыя актыўныя ўдзельнікі атрымлівалі фішкі, за якія адкрываўся ўваход на іншыя ўзроўні — у тым ліку на аглядную пляцоўку, дзе з вышыні птушынага палёту можна было любавацца агнямі начнога гораду.

Зразумела, сярод цікавостак былі і самыя галоўныя «героі» свята — кнігі. Да стэнда, на якім стаялі выданні Выдавецкага дому «Звязда», увесь час падыходзілі людзі. А можна было і паслухаць аднаго з аўтараў — пісьменніцу, намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алену Стэльмах.

Выстаўка прысвечаная Янке Купале і Якубу Коласу.

У межах святкавання 140-годзя Янкі Купалы і Якуба Коласа бібліятэкі знайшлі новыя падыходы, як распавесці сваім гасцям пра жыццё і творчасць класікаў. Так, у Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы ладзіліся чытанні твораў Песняра на розных мовах свету, працавала выстава, прысвечаная класікам (да яе падрыхтоўкі спрычыніліся літаратурныя музеі), маленькія дзеці стваралі папараць-кветку, малявалі, чаравалі над расфарбоўкамі і крыжаванкамі, прысвечанымі класікам.

Крыжаванка па творчасці класіка.

 

Моладзь у гэты час праходзіла Купала-квэст. Хлопцы і дзяўчаты выдатна справіліся са складанымі заданнямі — чыталі на памяць вершы, складалі пазлы, шукалі адгадкі ў энцыклапедых і зборніках вершаў, на стэндах і вітрынах, размешчаных па ўсёй прасторы бібліятэкі.

Купала-фэст.

Моладзь разгадвае Купала Квэст.

Дарэчы, таксама не абышлося без аўтараў Выдавецкага дому «Звязда» — менавіта цудоўны фотаальбом супрацоўніка «Звязды», вядомага фотамайстра Анатоля Клешчука стаў крыніцай натхнення для стваральнікаў квэсту.

У Бібліятэцы-філіяле № 7 імя Якуба Коласа прайшоў паэтычны перфоманс, ладзілася музычная праграма з удзелам навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Глінкі, на гастранамічнай пляцоўцы падаваліся «пачастункі ад Дзядзькі Якуба».

А яшчэ ладзіліся кінапаказы, прысвечаныя класікам, танцавальныя вечарыны і сустрэчы з сучаснымі пісьменнікамі.

 

У гульне-віктарыне «Жыццёвы шлях Якуба Коласа» былі задзейнічаны чытачы Дзіцячай бібліятэкі № 5.

І там сярод удзельнікаў Бібліяночы былі аўтары Выдавецкага дому «Звязда». Госці свята пазнаёміліся з «Таямніцай зачараванага балота» сучаснай феі —казачніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Кнігі гэтай пісьменніцы, якія выходзяць у «Звяздзе», больш, чым проста чытанне — гэта далучэнне да казачнага свету, яны інтэрактыўныя, скіраваныя на дыялог з чытачом. І ўсе прэзентацыі аўтара, многія з якіх арганізоўваюцца пры ўдзеле Выдавецкага дому, ператвараюцца ў сапраўдныя спектаклі.

У межах бібліяночы дзеці знаёміліся з аўтарамі любімых кніг.

А яшчэ падчас Бібліяночы можна было навучыцца выводзіць іерогліфы ў інфацэнтры японскай культуры. Стваралі карціны і малявалі на вадзе (ладзіўся майстар-клас эбру).

Сёлета арганізатары кніжнага свята пастараліся зрабіць акцэнты на актуальных пытаннях здароўя і экалогіі.

У Рэспубліканскай навуковай  медыцынскай бібліятэцы можна было дэгуставаць вітамінныя чаі

Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка працавала ў тандэме з Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкай. Госці слухалі лецыі пра карысць мёда, аднаўленне пасля вірусных інфекцый, «наведвалі» аграсядзібу і адкрывалі сакрэты садаводства, пілі вітамінную гарбату і ўдзельнічалі ў інтэлектуальных гульнях. Працавала пляцоўка з рэканструцыяй першай медыцынскай дапамогі часоў Вялікай Айчыннай вайны(з унікальнымі экспанатамі, захаванымі гісторыяй з 30-40-ых гадоў мінулага стагоддзя). Ладзіліся разнастайныя майстар-класы і гульні. А яшчэ гасцей чакалі на экскурсіі ў Музеі гісторыі медыцыны, дзе можна даведацца, як нашы продкі лячыліся, пачынаючы ад старажытных часоў, калі былі зроблены першыя аперацыі, як рыхтавалі медыцынскія кадры ў мінулыя стагоддзі і якімі адкрыццямі лекараў з беларускіх земляў карыстаюцца сучасныя медыкі.

Экспанаты музея гісторыі медыцыны.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.