Вы тут

Лукашэнка: Нашы добрыя справы будуць найлепшай данінай яго светлай памяці


У дзень значнага хрысціянскага свята — Радуніцы, калі прынята успамінаць самых дарагіх людзей, якія пакінулі гэты свет, у Мінску адкрылі помнік першаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі мітрапаліту Філарэту. Удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця помніка прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У цырымоніі адкрыцця помніка таксама прыняў удзел мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.


Бронзавы манумент устанавілі ля цэнтральнага ўваходу ў Свята-Духаў кафедральны сабор. Помнік нібыта сустракае і бласлаўяе жыхароў Мінска крыжом прападобнай Ефрасінні Полацкай, які трымае ў правай руцэ. Ушанаваць памяць Уладыкі прыйшлі дзясяткі мінчан, многія прыйшлі нават сем’ямі. 

Ён быў сумленнем нацыі

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мітрапаліт Філарэт без перабольшання, вялікі сучаснік, Герой Беларусі, чалавек, які быў не толькі духоўным айцом, але і сумленнем нацыі.

«Ён заўсёды казаў: „Дзе служыш -там і Радзіма“. І даказаў усім сваім жыццём, што яго лёсам, яго Айчынай была наша Беларусь. А мы былі яго вялізнай любімай сям’ёй. Мітрапаліт Філарэт пражыў разам з нашай краінай усе самыя складаныя перыяды, працуючы не толькі на духоўнай ніве. Ён шмат сіл аддаў адраджэнню храмаў, прыходаў, манастыроў, развіццю багаслоўскай адукацыі», — узгадаў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што па благаславенні Уладыкі на беларускую мову было перакладзена Святое пісанне, устаноўлена свята ў гонар Сабора беларускіх святых. Мітрапаліт з радасцю браў удзел у цырымоніі ўзнагароджання прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне».

«Яго таксама можна было сустрэць не толькі ў храмах, але і ў калідорах улады, калі, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета, Уладыка ўдзельнічаў у станаўленні нашай незалежнай дзяржавы. На чале спецыяльнай камісіі ён наведваў чарнобыльскія рэгіёны, дапамагаючы ў пераадоленні наступстваў аварыі. Ён быў разам з людзьмі ў самыя цяжкія хвіліны», — падкрэсліў беларускі лідар. 

Паводле слоў Прэзідэнта, мітрапаліт Філарэт быў міратворцам. У час халоднай вайны стаў узнімаць тэмы патрыятызму, антыфашызму, недапушчэння прымянення ядзернай зброі і спынення гонкі ўзбраенняў. З усесаюзных, міжнародных трыбун, а таксама са старонак перыёдыкі ён з пранізлівай вастрынёй гаварыў аб тым, што занадта высокая цана заплачаная савецкім народам за перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. І таму для нас мір — гэта найвялікшае дабро

«Я перакананы, і зараз, на нябёсах, побач са святымі заступнікамі Беларусі ён просіць аб міры і згодзе на нашай прыгожай Зямлі. Усе мы выдатна бачым, што біблейская бітва дабра і зла не скончана, яна і сёння ідзе на ўсёй планеце, пры розных абставінах і ў самых нечаканых абліччах. Чым падобнае супрацьстаянне заканчваецца, мы добра бачым на прыкладзе нашай роднай і брацкай Украіны. Але нездарма кажуць, што самы цёмны час — перад світаннем. У такі няпросты перыяд ясна бачна: хто вораг, а хто сябар», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Запавет: захаваць мір і згоду на роднай зямлі 

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Год гістарычнай памяці беларусы, якія перажылі нямала, зноў супрацьпастаўляюць заходняй крывадушнасці сваю спакойную мудрасць і памяркоўнасць.

«Больш за год прайшло, як Уладыка не з намі, але ўсё яшчэ цяжка казаць пра яго ў мінулым часе. Не хапае яго голасу, нязменнай добразычлівасці, тонкага гумару, мудрай бацькоўскай парады, малітоўнай дапамогі. Але як духоўны запавет мы часта ўспамінаем адно з яго апошніх пасланняў, датаванае няпростым для нашай краіны жніўнем 2020 года. Там ёсць словы аб тым, што цяперашняя задача і абавязак нацыі — захаваць мір і згоду на роднай зямлі. Гэта нашая адказнасць перад Богам і перад нашчадкамі. І дадам — шануйце адно аднаго, беражыце мір і сваю краіну. Заўсёды памятайце словы Мітрапаліта Філарэта, якімі ён заканчваў кожную пропаведзь: «Спяшайцеся рабіць дабро», — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка. 

Беларускі лідар падкрэсліў, нашы добрыя справы будуць найлепшай данінай памяці светлай памяці мітрапаліта Філарэта. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да ўсіх прысутных. Ён адзначыў, што Радаўніца — гэта светлае свята, якое шануецца без перабольшання ўсімі сумленнымі і добрымі людзьмі, і нават нядобрымі. «Давайце сёння, хто яшчэ гэта не зрабіў, згадаем нашых родных і блізкіх, хто як мітрапаліт Філарэт сумленна служыў людзям і Айчыне», — сказаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка і мітрапаліт Веніямін усклалі да манумента белыя ружы, любімыя кветкі мітрапаліта Філарэта. Пасля адкрыцця помніка яны наведалі храм, дзе запалілі свечкі ля Распяцця. Уладыка ўручыў у падарунак кіраўніку дзяржавы ікону з асабістага збору мітрапаліта Філарэта ў памяць аб ім.

«Галоўная наша задача — каб справа ўладара мітрапаліта Філарэта працягвалася, пашыралася», — сказаў мітрапаліт Веніямін.

«Ён стаў героем натуральным шляхам»

У саборы Аляксандр Лукашэнка коратка паразмаўляў са свяшчэннаслужыцелямі, сярод якіх быў унучаты пляменнік мітрапаліта Філарэта. Пратаірэй Георгій Вахрамееў, настаяцель маскоўскага храма Жывапачынальнай Троіцы на Шабалаўцы крыху расказаў журналістам пра свайго родзіча.

«Падзяка Прэзідэнту за тое, што мы сёння змаглі ўдзельнічаць у адкрыцці помніка нашаму роднаму дзядзечку. Я сёння прыехаў сюды са сваімі пляменнікамі, нашыя дзеці і нашы ўнукі і сёння яны ўсе з намі. У свята Радаўніцы мы ўспамінаем пра ўсіх сваякоў, але пра такога сваяка хочацца шмат гаварыць, успамінаць і расказваць. Гэта сапраўды герой, і ён стаў героем натуральным шляхам», — сказаў ён. 

Карані мітрапаліта Філарэта з Яраслаўля, і аднойчы ён сказаў родным, што стаў беларусам. Па словах унучатага пляменніка, гэта было сказана дастаткова моцна і шчыра. 

«У цяжкія гады ён прыйшоў і прынёс дух сапраўднай праваслаўнай веры, якая нічога не баіцца. І ён вельмі ўмела і таленавіта размаўляў з тагачаснай цывільнай уладай, гэта выклікала здзіўленне ва ўсіх, хто з ім сустракаўся. Ён дабіваўся дзівосных поспехаў. У нашай сям’і гэта святы чалавек. Ён быў просты са сваёй сям’ёй, спакойна сядзеў з бабуляй, дзядулем, і я заўсёды стараўся быць на такіх сустрэчах у яго доме. Вельмі шмат успамінаў аб ім. Гэты чалавек варты таго, каб пра яго заўсёды памяталі. Царква, вядома, памятае. Вечны спакой — гэта калі чалавека вечна памятаюць. І калі людзі яго памятаюць, значыць, у яго будзе вечны спакой, там куды ён і імкнуўся і куды імкнуцца кожны хрысціянін», — падзяліўся Пратаірэй Георгій Вахрамееў.

Ён расказаў, што Філарэт умеў прымірыць непрымірымае, стварыць атмасферу дабрыні і разумення. Свецкія ўлады перад ім нават крыху губляліся, калі ён з дабрынёй і ўнутранай добразычлівасцю гаварыў аб праблемах царквы. Ён абяззбройваў людзей, якія хацелі б канфрантацыі, а пасля кантакту з ім выходзіла наадварот. 

«Унікальны ў гісторыі прыклад, калі кіраўнікі царквы і дзяржавы былі ў такім кантакце. Гэта вялізная радасць. Што б ні адбывалася ў сучасным свеце, Расія і Беларусь — мы браты, мы любім адно аднаго першапачаткова, у нас адна вера і адна маральная ўстаноўка ў жыцці. Таму мы пераможам. Перамога будзе за намі», — падкрэсліў маскоўскі святар. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».