Вы тут

Кароткая гісторыя з назвай вуліцы ў гонар скульптара


За сваё не такое і доўгае жыццё (нарадзіўся 11 ліпеня 1932 года, памёр на пачатку лютага 1989 года) Анатоль Анікейчык паспеў даволі шмат. Вучань Андрэя Бембеля, Аляксея Глебава і Міхаіла Керзіна, ён і сам заклаў пэўныя традыцыі айчыннай скульптуры. Харызматычны знешне, досыць актыўны, руплівы, можна нават сказаць хуткасны ў вырашэнні творчых задач, ён усім быў сімпатычны. У сорак гадоў — народны мастак БССР (1972). Такога яшчэ не было, каб у такім узросце, ды мінуючы званне заслужанага дзеяча культуры... У 1974 годзе быў адзначаны званнем лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР (разам з Л. Гумілеўскім і А. Заспіцкім): за помнік народнаму песняру Беларусі Янку Купалу ў Мінску)... 


Фота: Яўген Коктыш

У добрае надвор’е — і летам, і ўзімку — у Купалаўскім скверу, непадалёку ад музея народнага паэта — ля гэтага помніка гуляюць старыя і маладыя, тут бавяць час маладыя маці з немаўлятамі. І месцараспалажэнне сквера, самога помніка, які запрашае да сябе і тых, хто мітусліва бяжыць за часам па цэнтральнай артэрыі беларускай сталіцы — праспекту Незалежнасці... Помнік легендарнаму лётчыку Мікалаю Гастэлу працы Анатоля Анікейчыка сустракае нас на раздарожжы аўтамабільнай шашы каля Радашковіч (гэтую працу, вобраз паветранага аса, які жыццём сваім і самалётам засланяў родных людзей ад фашысцкай нечысці) Анікейчык выканаў, калі яму было крышачку болей за 30 гадоў... Мемарыяльны комплекс «Пракляцце фашызму» на месцы Шунёўка ў Докшыцкім раёне, на Віцебшчыне, мемарыяльны комплекс «Прарыў» у гарадскім пасёлку Ушачы — ўсё гэта і ёсць яго мастакоўская водпаведзь фашызму... 

Ураджэнец Ушаччыны народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, які сябраваў са скульптарам, вось што пісаў пра Анатоля Аляксандравіча: «Анатоль быў сынам свайго часу, а мастак, як вядома, паднявольны часу, часу, які лепіць яго самога, часу, які дае заказы мастаку, часу, які раўніва сочыць за мастаком, каб не працаваў на іншы час, бо час будучы забываецца на час мінулы. 

І працаваў скульптар Анікейчык і на свой час. Гэта ягоныя леніны яшчэ і цяпер паказваюць дарогу ў светлае заўтра; ягоны бетонаглыбісты партызан вырываецца з блакады на Ушаччыыне. Тады, калі рабілася фігура партызана, чуліся заспінныя папрокі, што мала адухоўленасці ў позірку. А цяпер, калі падумаць, дык амаль першабытнасць гэтага героя лепей перадае сутнасць подзвігу. Па загадзе Панамарэнкі 16 партызанскіх брыгад мусілі мясам сваім трымаць значныя сілы нямецкае арміі, адцягваючы іх ад Полацка. Шкада, што не паспеў сказаць гэтага пры жыцці сябру свайму. 

І ўсё-такі папрацаваў скульптар Анікейчык на іншы час, на будучы час. Гэта ягоныя выявы прарока нашага Адраджэння Янкі Купалы ў Араў-парку ў Нью-Йорку, у Мінску, у Ляўках сцвярджаюць веліч беларускага духу, душы беларускае. Мне пашчасціла бачыць і за працай Анатоля над вобразам Янкі Купалы ў майстэрні, і за пошнімі турботамі перад адкрыццём помнікаў у Мінску і Ляўках. Хапіла хвалявання і тузання нерваў. 

І не зусім вясёлы быў жартаўлівы адказ майстра на пытанні журналістаў і сяброў: «Калі гаварыцбь пра помач, дык лепей, хто не перашкаджаў...» І настолькі закруціўся і затлуміўся скульптар, сам робячы непасрэдна чорную і цяжкую працу, што ў глушэчы лясной, на паляне, зачапіўся за бронзавую галінку ляўкоўскага помніка. 

І пасля, як прыжыўся ўжо бронзавы Янка Купала над дняпроўскаю кручаю, успамінаў Анатоль: «Калі зірнуў на мясціны ў Ляўках, зразумеў Купалу...»

Паездка на Кубу ў складзе дэлегацыі савецкай творчай інтэлігенцыі ў 1972 годзе выявіла ў пошуку беларускага скульптара новыя ідэі і вобразы — творы, прысвечаныя Фідэлю Кастра і Эрнэста Чэ Гевару. Анатоль Анікейчык — аўтар бюстаў, скульптурных партрэтаў Ганны Ахматавай, Бетховена, Пятра Машэрава... 

Калі вялікі мастак, творца, прызнаны ў грамадстве, дастойна ацэнены мастацкай крытыкай, паважаны калегамі па цэху, пайшоў з жыцця, літаральна адразу ж была прынята Пастанова ЦК КПСС «Аб увекавечванні памяці Народнага мастака БССР А. А. Анікейчыка». Дата прыняцця пастановы — 28 красавіка 1989 года. Скульптара не стала 4 лютага гэтага ж года... 

7 снежня 1989 года ў ЦК Кампартыі Беларусі на імя першай асобы паступае ліст ад выконваючай абавязкі старшыні праўлення Саюза мастакоў БССР, лаўрэата Прэміі Ленінскага камсамола Святланы Гарбуновай і старшыні камісіі Саюза мастакоў БССР па ўвекавечванню памяці А. А. Анікейчыка, народнага мастака БССР Л. Дз. Шчамялёва. «Паважаны Яфрэм Яўсеевіч! 28 красавіка г.г. сакратарыят ЦК КПБ прыняў Пастанову „Аб увекавечанні памяці Народнага мастака БССР А. А. Анікейчыка“, у якой адпаведным арганізацыям было даручана ўсталяваць надмагільны помнік і мемарыяльную дошку на доме, дзе жыў мастак, а таксама выдаць выдавецтву „Беларусь“ ілюстраваны альбом, прысвечаны творчасці А. А. Анікейчыка. 

Аднак пытанне, пастаўленае ў свой час у нашым лісце ў ЦК КПБ, адносна прысваення ў г. Мінску вуліцы імя А.А. Анікейчыка, засталося па-за Пастановай. 

Фота: Яўген Коктыш

У беларускай сталіцы многія вуліцы носяць вартыя імёны вядомых герояў рэвалюцыі і Вялікай Айчыннай вайны, дзяржаўных і партыйных дзеячаў, прадстаўнікоў айчыннай літаратуры. Ёсць вуліцы ў гонар тэатральных дзеячаў У. Крыловіча і Б. Платонава., кампазітара Я. Цікоцкага, кінарэжысёроа В. Корў-Сабліна, архітэктара — У. Караля і г.д. 

Аднак у Мінску, дарэчы, як і ва ўсёй рэспубліцы, няма ніводнай вуліцы, названай імем беларускага мастака (выключэнне: вул. В. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве). Парадокс заключаецца ў тым, што ў Мінску ёсць шмат вуліц і завулкаў, якія названы імёнамі рускіх мастакоў-перасоўнікаў, сярод якіх І. Рэпін і В. Васняцоў, В. Верашчагін і І. Крамскі, В. Сурыкаў і І. Айвазоўскі, М. Грэкаў і крытык В. Стасаў. 

Няўжо ў беларускай нацыянальнай культуры няма вартых майстроў выяўленчага мастацтва, якія маглі б быць увекавечваны ў найменнях вуліц? Ёсць і нямала. 

Сярод іх — Народны мастак БССР, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі і Леніскага камсамола, прафесар, Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР — А. А. Анікейчык, які зрабіў выключны ўклад у манументальную і станкавую пластыку Беларусі і дзякуючы якому нашу нацыянальную скульптуру ведаюць далёка за межамі рэспублікі, у тым ліку і ў ЗША». 

Канец 1980-х — пачатак 1990-х гадоў — няпросты для ўсіх час. І інстытутам улады, і грамадскасці, лічы, было ўжо не да помнікаў. Для кагосьці «веснавая», а ў бальшыні сваёй разбуральная перабудова займала свядомасць іншымі клопатамі. Тэма ўвекавечвання жыцця і творчасці вялікіх мастакоў цеплілася хутчэй па інерцыі... Таму і тлумачальны лісток на зварот з Саюза мастакоў цалкам зразумелы... Адзін з інструктараў ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ патлумачвае..: «У ЦК КПБ паступіла пісьмо Саюза мастакоў БССР з прапановай аб прысваенні адной з вуліц у г. Мінску імя народнага мастака БССР А. Анікейчыка. 

У красавіку 1989 г. Сакратарыят разгледзеў пытанне аб увекавечванні памяці Анатоля Аляксандравіча Анікейчыка і даручыў камуністам Міхасёву В. І. (Мінскі гарвыканкам), Стальмашонку У. І. (Саюз мастакоў БССР) у 1990 годзе ўсталяваць мемарыяльную дошку на доме N 43 па вуліцы Сурганава ў г. Мінску, дзе жыў А. А. Анікейчык, на яго магіле — надмагілле. Што датычыць прысваення вуліцы імя Анікейчыка, было прынята рашэнне рэкамендаваць праўленню Саюза мастакоў БССР звярнуцца з такой прапановай у мясцовыя органы ўлады г. Барысава, на радзіму мастака. Папярэдняя дамоўленасць з Барысаўскім гарвыканкамам была дасягнута. 

На гэтым лічылі б магчымым спыніць разгляд дадзенага ліста і пра гэта паведаміць яго аўтарам...»

Што ж, дзякуй і за гэта... У Барысаве, трэба заўважыць, памяць пра Анатоля Анікейчыка шануюць. У ліпені 2021 года ў мастацкай галерэі «З’ява» Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І. Х. Каладзеева правялі выстаўку скульптуры, жывапісу, фатаграфіі і літаратрных твораў, прысвечаную памяці народнага мастака БССР, ганаровага грамадзяніна Барысава. Назва выстаўкі — «Прарыў вобраза». Ёсць у Барысаве і вуліца Анікейчыка... Да парады цэкоўскіх таварышаў прыслухаліся... А ў Мінску..? А ў Мінску час вуліцы Анікейчыка яшчэ не прыйшоў. А ўсё ж ён павінен прыйсці — вялікі беларускі скульптар XX стагоддзя варты гэткага ўвекавечвання. Як і варты помніка ў сталіцы краіны, як і варты асобнага музея... Патрэбна мастацкай грамадскасці, патрэбна творчай інтэлігенцыі краіны паверыць у гэта — і ўсё абавязкова здзейсніцца!.. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Культура

Што пакажа «Славянскі базар у Віцебску»? Добры настрой і незабыўныя ўспаміны гарантаваны

Што пакажа «Славянскі базар у Віцебску»? Добры настрой і незабыўныя ўспаміны гарантаваны

Канцэртныя праграмы, тэатральныя пастаноўкі, майстар-класы, кірмаш і многае іншае.

Грамадства

З серады дажджы, а з чацвярга спякота «адпусціць»

З серады дажджы, а з чацвярга спякота «адпусціць»

Начныя тэмпературы стануць яшчэ ніжэй у пятніцу.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.