Вы тут

Рыжскі паноптыкум. Чаму ўлады Латвіі не дбаюць пра людзей?


Улады Латвіі не плануюць умешвацца ў сітуацыю з істотным падаражаннем харчовых тавараў. Пра гэта заявіла загадчыца аддзела аналітыкі Міністэрства эканомікі балтыйскай рэспублікі Даце Зіле, паведаміў аналітычны партал RuBaltіc. На яе думку, цэны на прадукты харчавання былі нізкімі «дастаткова доўгі час», але сёння занадта шмат фактараў склалася разам і выклікала непазбежнае падаражанне. Таксама яна адзначыла, што найбольш значным з'яўляецца рост кошту паліва, які павысіў узровень спажывецкіх цэн. Акрамя таго, моцна падаражэлі энергарэсурсы, а для прадпрыемстваў харчовай прамысловасці гэта вельмі значны рэсурс. Яна прызнала, што такі рост складана кампенсаваць, таму прадпрымальнікі страчваюць прыбытак. Пры гэтым Даце Зіле падкрэсліла, што дзяржава не плануе нейкім чынам рэгуляваць узровень цэн. «Мы падтрымліваем свабодны рынак», — падкрэсліла прадстаўнік Мінэканомікі Латвіі. Рост цэн, вядома ж, ударыў па дабрабыце насельніцтва. Жыхары краіны з жахам чакаюць далейшага развіцця падзей. Чаму ўлады Латвіі не дбаюць пра людзей?


Паніка ў крамах

У Латвіі гадавая інфляцыя ў сакавіку дасягнула 11,5 працэнта. Штотыднёвік Dіenas Bіzness звяртае ўвагу на тое, што Латвія ўваходзіць у пяцёрку дзяржаў Еўрасаюза з найвышэйшай інфляцыяй. Больш за ўсё цэны падскочылі на прадукты харчавання і паліва, паведаміла латвійскае інфармацыйнае агенцтва LETA са спасылкай на Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне краіны. За год у Латвіі найбольш падаражэлі прадукты харчавання і безалкагольныя напоі, тавары і паслугі, звязаныя з транспартам і жыллём, а таксама ахова здароўя, алкагольныя напоі і тытунёвыя вырабы. Згодна са статыстыкай, у групе прадуктаў харчавання і безалкагольных напояў цэны за год выраслі на 14,7 працэнта. Самы вялікі ўплыў на павелічэнне сярэдняга ўзроўню ў дадзенай групе аказаў рост цэн на свежую гародніну — на 22 працэнты, і на бульбу, кошт якой павялічыўся аж на 58,6 працэнта.

«Падаражэлі сыр і тварог (на 23,1 працэнта), малочныя прадукты (на 24,2 працэнта), малако (на 23,3 працэнта), ёгурты (на 24,9 працэнта), хлеб (на 13,7 працэнта), мука і крупы (на 39 працэнтаў), кандытарскія вырабы (на 7,8 працэнта), макаронныя вырабы (на 23,2 працэнта) і рыс (на 25,2 працэнта)», — паведаміла інфармагенцтва. Таксама ў краіне істотна павысіліся цэны на тавары і паслугі, звязаныя з транспартам, — рост на 22,9 працэнта. У згаданай сферы паказчыкі абумоўленыя ростам цэн на паліва на 43,3 працэнта.

Сярэдняя цана на электраэнергію ў Латвіі ў сакавіку вырасла больш чым у паўтара раза — на 59,7 працэнта. Такія даныя прыводзіць аператар сістэмы перадачы электрычнасці ў краіне Augstsprіeguma tіkls. Па словах прадстаўнікоў аператара, гэты паказчык на 284 працэнты вышэйшы, чым у сакавіку мінулага года (?48,42).

«Дызель стаў даражэйшы на 45,7 працэнта, бензін — на 40,5, аўтагаз — на 35,8 працэнта. Вырас сярэдні ўзровень цэн на аўтамабілі, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт асабістага транспарту, запасныя часткі і аксесуары», — паведаміла LETA. Раней з краіны паступалі паведамленні аб тым, што на фоне эканамічных санкцый супраць Расіі і Беларусі з паліц латвійскіх магазінаў прапалі некаторыя тавары, у прыватнасці, соль і сода. Многія спалохаліся дэфіцыту і паспяшаліся зрабіць запасы. На фоне панікі ў некаторых гандлёвых сетках пачалі ўводзіць розныя абмежаванні на продаж пэўных тавараў у адны рукі.

Несуцяшальная перспектыва

Перспектыва раскручвання інфляцыі несуцяшальная.

Ужо да сярэдзіны гэтага года цэны на асобныя тавары ў Латвіі могуць вырасці ўдвая ці нават больш. Такі прагноз дала кіраўнік латвійскага Цэнтра садзейнічання развіццю сельскагаспадарчага рынку Інгуна Гулбэ, паведаміла lsm.lv. На яе думку, з'явіцца больш «не чыстых прадуктаў, а розных вырабаў з іх — сырных вырабаў і гэтак далей». «Большай частцы жыхароў давядзецца ўносіць значныя змяненні ў сваё меню», — лічыць эксперт.

Як паведаміла Delfі, банкаўскія аналітыкі прагназуюць, што да пачатку лета інфляцыя наблізіцца ўжо да 15 працэнтаў. Падаражэюць практычна ўсе тавары і паслугі, але больш за ўсё — прадукты харчавання, транспарт, жыллё. Латвія, на думку эканамістаў, яшчэ не ў поўнай меры адчула павышэнне цэн на энергарэсурсы — пік прыйдзецца на восень, калі зноў падключаць ацяпленне.

Цэны на прадукты харчавання будуць павялічвацца не толькі на працягу гэтага года, а і налета, заявіў старшыня праўлення харчовага канцэрна Orkla Latvіja Том Дзідрыхсанс. Галіны, ускосна злучаныя з харчовай прамысловасцю, такія як вытворчасць пакавальных матэрыялаў, таксама пацерпяць, паколькі яны моцна залежаць ад кошту энерганосьбітаў. У сваю чаргу, рэзкі рост цэн на паліва ўплывае на кошт транспартных паслуг і цэны на канчатковую прадукцыю.

У сегменце прадуктаў харчавання практычна няма катэгорыі, якой бы тое не закранула, дадаў ён. На думку Дзідрыхсанса, даражэе шэраг жыццёва неабходных патрэб людзей, у тым ліку прадукты харчавання, жыллё і медыцынскае абслугоўванне, таму неабходна знайсці рашэнні для падтрымкі грамадскіх груп з нізкімі даходамі. Гэта могуць быць мэтавыя датацыі, дапамогі, зніжаная стаўка падатку на дабаўленую вартасць.

Аднак на фоне маштабнага наплыву бежанцаў з Украіны Латвія сутыкаецца са значнымі праблемамі ў сацыяльнай сферы. У прыватнасці, абслугоўваць неабароненых жыхароў становіцца ўсё больш складана. Як паведамляюць латвійскія СМІ, мясцовым уладам фактычна не хапае рук, каб накарміць тых, хто мае патрэбу. А ў Рызе ўжо скарацілі колькасць бясплатных кухняў.

Няма ўпэўненасці

Як лічыць Том Дзідрыхсанс, бізнес неабходна больш актыўна падтрымліваць рознымі фінансавымі інструментамі, у тым ліку са структурных фондаў ЕС, для мадэрнізацыі вытворчых працэсаў, абсталявання і вытворчых памяшканняў з мэтай павышэння іх энергаэфектыўнасці. Ён таксама падкрэсліў неабходнасць пошуку рашэнняў наконт паставак газу. Старшыня праўлення харчовага канцэрна Orkla Latvіja таксама заўважыў, што прадпрымальнікі жадаюць яснасці і большай упэўненасці ў стратэгіях і планах дзяржавы ў дадзеных галінах, каб мець магчымасць адаптавацца, паколькі зразумела, што для ўкаранення новых рашэнняў спатрэбяцца вялікія фінансавыя і часавыя рэсурсы.

Аднак і тут улады, мякка кажучы, не надта спяшаюцца. Яскравы прыклад — сітуацыя ў малочным бізнесе, які знаходзіцца на мяжы банкруцтва, паведаміла LSM.lv. Як распавёў член праўлення прадпрыемства Rankas Ріens Алдыс Спалвіньш, у Латвіі прадпрыемствы церпяць сур'ёзныя страты пры вытворчасці малочнай прадукцыі. Ён прывёў прыклад: калі завод вырабляе 80-100 тон малака за дзень, то яго страты складаюць да 300 тысяч еўра штомесяц.    Кіраўнік Латвійскага цэнтральнага саюза малочнікаў Яніс Шолкс паведаміў, што ўрад ведае аб гаротным становішчы малочнай сферы са снежня мінулага года, але дагэтуль не зрабіў ніякіх крокаў для яе фінансавай падтрымкі. Вытворцы малака звярнуліся да ўладаў, каб знізілі ПДВ на прадукты харчавання да 5 працэнтаў і выдзелілі субсідыі прадпрымальнікам. У выпадку, калі ім не акажуць падтрымку, цэны на малочныя прадукты давядзецца павысіць амаль у паўтара раза, каб пакрыць вытворчыя выдаткі.

Дзіўныя меры

У такой сітуацыі зусім заканамерна, што ў нашых суседзяў надзвычай папулярны беларускі кірунак. За два тыдні «бязвізу» нашу краіну наведала звыш 18,1 тысяча іншаземцаў. Аб гэтым паведамілі ў Дзяржаўным пагранічным камітэце. У ведамстве нагадалі, што з 15 красавіка ў Беларусі дзейнічае бязвізавы рэжым для грамадзян (неграмадзян) Латвіі і Літвы. Ён працягнецца да 15 мая.

Афіцыйная Рыга і тут непрыемна ўразіла. Латвійскія ўлады забаранілі сваім грамадзянам набываць нафтапрадукты ў Беларусі і ўсяляк запалохваюць тых, хто мае намер скарыстацца «бязвізам». Як адзначыў у эфіры «Альфа Радыё» палітолаг Аляксандр Шпакоўскі, гэтыя меры не адпавядаюць ніякім нормам. «Улады Латвіі ўводзяць нейкія дзіўныя меры, якія не суадносныя ні з нацыянальным заканадаўствам, ні з міжнароднымі прызнанымі актамі ў галіне правоў чалавека. Як можна забараніць грамадзяніну, які перасёк граніцу на цалкам законных падставах, набыць той ці іншы тавар? Вядома, можна ўводзіць нормы ўвозу і вывазу, але прымушаць адмовіцца ад набыцця паліва, якое з'яўляецца неабходным рэсурсам для перамяшчэння аўтамабільным транспартам, гэта дзіўна. Цікава, як яны даказваюць, у якой краіне чалавек заправіўся?» — адзначыў палітолаг.

Аляксандр Шпакоўскі таксама падкрэсліў, што ініцыятарамі разрыву сувязяў з краінамі Захаду былі зусім не Беларусь і Расія. На думку палітолага, гэта якраз кіруючыя колы Літвы, Польшчы і Латвіі па пстрычцы з Вашынгтона дэманструюць уяўную салідарнасць з Украінай. І чамусьці аплачваць такую салідарнасць павінны простыя людзі. Пры гэтым жыхары прыгранічных дзяржаў цяпер могуць на ўласныя вочы ўбачыць сітуацыю ў Беларусі. «Не толькі латышы, але і літоўцы з палякамі могуць пераканацца ў тым, што палітыка нашай краіны адносна сацыяльна значных тавараў і нафтапрадуктаў для насельніцтва ў значна большай ступені лаяльная і адэкватная, чым палітыка іх уласных урадаў, — заўважыў эксперт. — Грамадзяне прыгранічных дзяржаў цяпер маюць магчымасць параўнаць тую карцінку, якую ім паказваюць іх сродкі масавай інфармацыі, пра тое, што ў Беларусі ледзь не разарваная на шматкі эканоміка. Насамрэч у нас у краіне карціна больш ідылічная, чым у той жа Літве, Латвіі і Польшчы, дзе сёння сітуацыя сапраўды нашмат больш складаная, бо адмова ад расійскага газу негатыўна адаб'ецца на іх эканоміках».

«Хочам прыехаць яшчэ»

Напярэдадні вялікіх выхадных у пункце пропуску «Грыгораўшчына» на беларуска-літоўскай граніцы назіралася нязвыклае ажыўленне, паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце. Усе палосы афармлення на ўезд у Беларусь былі запоўненыя машынамі з латвійскімі нумарамі. Праз гэты пагранічны пераход за два тыдні па «бязвізе» ў Беларусь уехала 1,1 тысячы замежнікаў. «Мы чыталі ў сваіх СМІ, што на беларускай граніцы стаяць у чарзе па 7 гадзін, і ўсіх спрабуюць вербаваць, але ўсё гэта аказалася няпраўдай», — пасміхаючыся, расказаў жыхар Рыгі Аляксандр. У Беларусь ён з жонкай Наталляй прыехаў наведаць сваякоў у Наваполацку. «Мы жывём у Рызе. Ехалі доўга, але праскочылі на граніцы вельмі хутка. Мы не прыязджалі ў Беларусь ужо тры гады, а тут «бязвіз» — чаму б не? Вельмі задаволены, што нам дазволілі ездзіць без візы, і хочам прыехаць летам на «Славянскі базар у Віцебску», — дзеліцца пара.

Па словах сужэнцаў, яны пакуль не вырашылі, якія сувеніры купяць у Беларусі. Тым не менш, Наталля адзначыла добрую якасць беларускай пасцельнай бялізны і касметыкі. Пара на працягу тыдня плануе пагасцяваць у Наваполацку. Яны спадзяюцца, што беларускі бязвізавы рэжым будзе працягнуты.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».