Вы тут

Звычайная МаПа. Маці-адзіночка або самадастатковая жанчына?


«Дзіцяці патрэбны тата!» — гэта лічылася аксіёмай яшчэ гадоў 20 таму. У нашы дні старыя забабоны страчваюць актуальнасць, і многія жанчыны аддаюць перавагу рашэнню «нарадзіць для сябе».


Інстытут сям'і ў сучасным свеце перажывае змены, ужо не першы год паўтараюць псіхолагі. Жанчыны больш не залежаць ад мужчын матэрыяльна і нярэдка зарабляюць больш, чым прадстаўнікі «моцнага полу». Яны адукаваныя і прафесійныя, а працавітасць і адказнасць — спрадвечныя жаночыя якасці, якія дапамагаюць сучасным жанчынам будаваць паспяховую кар'еру. Частае імкненне нашых сучаснікаў не браць на сябе адказнасць псіхолагі звязваюць з тым, што жанчыны сёння ў цэлым не настроены «забяспечваць утульнасць», «падпарадкоўвацца» і наогул быць «за мужам». Яны маюць да мужчыны занадта шмат патрабаванняў і ўмоў, адпавядаць якім — цяжкая праца. А каб атрымаць секс, уступаць у шлюб ні мужчынам, ні жанчынам неабавязкова. Працяг роду і рэалізацыя мацярынскага інстынкту таксама сёння не патрабуюць папярэдняга маршу Мендэльсона. Калі яшчэ зусім нядаўна пра жанчыну, якая нарадзіла для сябе, казалі «маці-адзіночка» і на ёй ляжала пячатка грамадскага неўхвалення, сёння такая жанчына хутчэй успрымаецца як «моцная і самадастатковая» — афарбоўка памянялася з адмоўнай на станоўчую.

Жыццё — барацьба

— Пакінем убаку выпадкі, калі сям'я распалася падчас цяжарнасці або пасля нараджэння дзіцяці. А таксама сітуацыю, калі адносіны з мужчынам не прывялі да стварэння сям'і, — кажа псіхолаг Кацярына Алёхіна. — Пагаворым пра тых жанчын, для якіх «нарадзіць для сябе» — свядомы выбар. Чаму яны прымаюць такое рашэнне? Як правіла, прычынай становіцца расчараванне ў адносінах з мужчынамі.

У працэсе жыцця такая жанчына прыйшла да высновы, што мужчыны не здольныя забяспечыць яе базавыя псіхалагічныя патрэбы: бяспеку, надзейнасць, псіхалагічны камфорт. А значыць, сумеснае жыццё і выбудоўванне адносін з процілеглым полам губляе сэнс. Такія жанчыны прыходзяць да думкі, што спраўляцца з любымі цяжкасцямі самастойна — лягчэй і больш эфектыўна.

— Ёсць «фемінісцкая» прытча-анекдот. Дачка просіць маму перад сном: «Раскажы казку». — «Жыла-была прыгожая прынцэса, і аднойчы да яе на белым кані прыехаў прынц і сказаў: «Выходзь за мяне замуж!». А яна адказала: «Не!». І ў хаце ў яе заўсёды было чыста, яна выдаткоўвала грошы на тое, што хацела, і жыла доўга і вельмі-вельмі шчасліва». Многія сучасныя жанчыны бачаць у шлюбе толькі дадатковыя складанасці: яны не жадаюць «абслугоўваць» мужчыну, марнаваць сілы на клопат пра яго і рашэнне яго праблем. Яны жадаюць усе рашэнні ў сваім жыцці прымаць самастойна, а сілы і грошы ўкладваць у сваё дзіця.

Самадастатковасць — гэта аднойчы прынятае жанчынай рашэнне ўсе праблемы і цяжкасці «перамагаць» уласнымі сіламі, адзначае суразмоўца.

— «Самадастатковая жанчына» прывыкла ўсё вырашаць сама, таму яе расчараванне ў мужчынах цалкам апраўдана. Справа ў тым, што любыя чалавечыя адносіны абумоўліваюцца дакладнымі псіхалагічнымі законамі, і, па гэтых законах, да моцнай жанчыны «прыцягваюцца» інфантыльныя мужчыны, якія шукаюць адносін па сцэнарыі «мама і сын». Моцны мужчына ў яе сусвеце проста не здольны існаваць. Саюз з моцным мужчынам яна непазбежна ператварае ў саперніцтва, становячыся не пяшчотнай і ласкавай спадарожніцай у жыцці, а канкурэнтам у барацьбе за ўладу ў сям'і. Моцны мужчына не згаджаецца быць на другіх ролях, таму ён і сыходзіць. Мужчына з больш мяккім характарам мірыцца з яе поглядамі і падпарадкоўваецца, тым самым толькі пацвярджаючы меркаванне самадастатковай жанчыны, што «сапраўдных мужчын не засталося».

З пункту гледжання навукі

Як правіла, самадастатковая жанчына ідзе па жыцці з дэвізам: «Хочаш зрабіць добра — зрабі сама». Гэта дапамагае ёй паспяхова будаваць кар'еру, але перашкаджае выбудоўванню доўгачасовых адносін з процілеглым полам.

— Чым больш паспяховай і статуснай становіцца жанчына, чым вышэй яна падымаецца па кар'ернай лесвіцы, тым у большай ступені ёй даводзіцца губляць жаночыя якасці — мяккасць, суперажыванне, клапатлівасць. І набываць якасці мужчынскія: настроенасць на барацьбу, уменне «ісці да канца», выразную і лагічную працу розуму, — тлумачыць сексолаг Дзмітрый Капусцін.

Пры гэтым да такіх жанчын цягнуцца мужчыны, кажа спецыяліст. Нярэдка такія жанчыны выдатна выглядаюць — часцяком узровень матэрыяльнага дабрабыту дазваляе ім не шкадаваць грошай на сябе. Але паступова ў іх выпрацоўваюцца мужчынскія каштоўнасці — на першае месца «моцная жанчына» ставіць кар'еру, а не сям'ю. І, як вынік, да саракагадовага ўзросту ў «амазонкі» нярэдка альбо няма сям'і і дзяцей, альбо ёсць дзіця, якое яна «нарадзіла для сябе». Плюс — у яе ёсць упэўненасць, што ў сучасным свеце сапраўдных мужчын больш няма.

Абараняць — адна з базавых мужчынскіх функцый. Але што бачыць мужчына, зацікавіўшыся «моцнай жанчынай» і пазнаёміўшыся з ёй бліжэй? Тое, што яна выдатна спраўляецца з любымі праблемамі — прычым часам хутчэй і больш эфектыўна, чым гэта зрабіў бы ён, мужчына. І ў яго ўзнікае пытанне: «Навошта ж тады ёй я?».

— Праблема ў тым, што асноўны «рухавік» у жыцці для такой жанчыны — барацьба. І яна, хутчэй за ўсё, не зможа адмовіцца ад жадання «перамагчы» свайго мужчыну. Толькі ў самых разумных жанчын складу «амазонка» можа з'явіцца думка: навошта ператвараць адносіны ў пастаянную барацьбу? Але, як паказвае практыка, падобныя думкі часта ўзнікаюць, калі ратаваць каханне позна.

Плюсы і мінусы

Колькі псіхалагічных і педагагічных артыкулаў напісана пра тое, як прывесці да адной роўніцы погляды бацькі і маці на выхаванне дзіцяці! Калі вы — адзіны з бацькоў, такая праблема вам не знаёмая. Вы — няўхільны аўтарытэт для дзіцяці (прынамсі, пакуль малы не дарос да падлеткавага крызісу), вы можаце укладваць у яго свае погляды і перакананні, і калі ён вырасце, то будзе стварэннем вашага і толькі вашага педагагічнага таленту. Акрамя таго, вы самастойна кіруеце сваім жыццём, плануеце яго без неабходнасці суадносіцца яшчэ з нечымі планамі. Вашы грошы належаць толькі вам, не трэба абмяркоўваць, як выдаткаваць сямейны бюджэт. І ваш псіхалагічны камфорт — таксама цалкам у вашых руках. А хіба ж можа быць шчаслівае дзіця, якое гадуе нешчаслівая маці?

Мінусы таксама, вядома, адчувальныя. Адной гадаваць дзіця цяжка — усё даводзіцца рабіць самой: на вас і кар'ера, і матэрыяльнае забеспячэнне вашай маленькай «ячэйкі грамадства», і «праца» мамай. Хваробы, дзіцячы сад, гурткі і секцыі, вучоба, экзамены і г. д. — усё гэта ваша сфера адказнасці, і нярэдка нават параіцца асабліва няма з кім. Не кажучы ўжо пра тое, што на асабістае жыццё, хутчэй за ўсё, адзінокай маме прыйдзецца забыцца надоўга.

— Маці, якая нарадзіла дзіця «для сябе», якой бы моцнай яна ні была, непазбежна будзе адчуваць недахоп маральнай і фізічнай падтрымкі, надзейнага пляча побач, — адзначае Кацярына Алёхіна.

Ёсць у гэтай сітуацыі і яшчэ адна сур'ёзная праблема, пра якую кажуць псіхолагі: гэта аднаполае выхаванне.

— Стагоддзямі дзеці выхоўваліся ў поўнай сям'і, дзе ёсць маці, бацька, а таксама бабулі і дзядулі з абодвух бакоў. І на працягу практычна ўсёй гісторыі іншыя варыянты лічыліся няправільнымі і не карыснымі для дзіцяці. Сёння вельмі часта дзеці выхоўваюцца з адным з бацькоў, часцей — з мамай. Атрымліваецца, што асоба дзіцяці фарміруецца на падставе толькі жаночага тыпу выхавання.

Між тым для таго, каб чалавек вырас гарманічнай асобай, пажадана, каб ён мог засвоіць і мужчынскія, і жаночыя тыпы паводзін, лічаць псіхолагі. Асабліва гэта важна, калі гаворка ідзе пра хлопчыка.

— Рашэнне ёсць, але адзінокім мамам прыйдзецца прыкласці дадатковыя намаганні, пры тым, што ў поўнай сям'і такая праблема часцей за ўсё ўвогуле не ўзнікае (хіба што бацька зусім не ўдзельнічае ў выхаванні дзіцяці — на жаль, і гэта таксама здараецца). Пазбегнуць «перакосу» можна, калі ў працэсе выхавання дзіцяці прымаюць удзел сваякі і сябры сям'і мужчынскага полу. Пайсці на рыбалку з дзядулем або ў паход з дзядзькам, мамчыным братам — гэта дасць дзіцяці магчымасць атрымаць вопыт мужчынскага выхавання.

Словам, «нарадзіць для сябе» — няпросты шлях. І калі вам сустрэнецца дастойны мужчына, магчыма, варта не «змагацца» і не канкурыраваць з ім, а паспрабаваць выбудаваць гарманічныя адносіны. Бо ўдваіх любая дарога ўдвая лягчэй. Зрэшты, нават у адзіноце прайсці няпросты мацярынскі шлях усё ж варта. Таму што ў самой фармулёўцы «маці-адзіночка» (на шчасце, састарэлай) закладзена супярэчнасць. Вас цяпер двое, а значыць, «маці-адзіночка» ніколі не будзе адзінокай.

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.