Вы тут

У Віцебскім раёне прайшоў міжнародны аўтапрабег


У Віцебскім раёне прайшоў міжнародны аўтапрабег, прысвечаны Дню Перамогі і 80-годдзю з дня ўтварэння «Суражскай брамы».


Наша зямля стала сведкай многіх гераічных і адначасова трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны. За гады акупацыі Віцебскі раён быў літаральна сцёрты з твару зямлі. Гітлераўцы правялі 8 буйных карных экспедыцый, падчас якіх спалена разам з жыхарамі 23 населеных пункты, 14 з іх напаткаў лёс Хатыні, у тым ліку 7 вёсак — Запольскага сельсавета. Усяго за гады акупацыі больш за 450 населеных пунктаў раёна былі спаленыя і разбураныя, загінулі каля 9 тысяч мірных жыхароў. У крывавых баях толькі на тэрыторыі Віцебскага раёна загінулі больш за 62 тысячы воінаў Чырвонай Арміі. Гэта не проста лічбы, а тысячы няздзейсненых яркіх чалавечых лёсаў і надзей. Напярэдадні Дня Перамогі ў даніну памяці гераічнаму подзвігу савецкага народа ў гады вайны ў раёне прайшла патрыятычная акцыя.

Адпраўным пунктам на маршруце стаў аграгарадок Вароны. Тут, на брацкім пахаванні 4391, прайшоў мітынг-рэквіем памяці герояў-вызваліцеляў. Адначасова з Варонамі свечку памяці запалілі на мемарыялах у Бабінічах і Курына, часцінку Вечнага агню ўдзельнікі аўтапрабегу прывезлі ў Заполле. Да транспартнай калоны на шляху далучыліся дэлегацыі Усвяцкага і Веліжскага раёнаў Расійскай Федэрацыі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і навучэнцы.

Напярэдадні Вялікай Перамогі ўдзельнікі мерапрыемства сабраліся ў адным з найважнейшых гістарычных месцаў раёна, дзе зараджаўся партызанскі рух — ля мемарыяла «Суражская брама» ў в. Заполле. Тут у лютым 1942 года была прарвана лінія фронту паміж Вяліжам і Ўсвятамі. Гэты разрыў атрымаў назву «Суражская (Віцебская) брама», якая стала унікальнай з’явай сусветнай ваеннай гісторыі. Праз браму ў тыл ворага накіроўваліся дыверсійныя групы, зброя, боепрыпасы, медыкаменты, ажыццяўлялася сувязь з вялікай зямлёй. «Суражская брама» была дарагой жыцця для тысяч дзяцей, жанчын, старых, якія ратаваліся ад зверстваў нацыстаў, вывозіліся параненыя, папаўняліся шэрагі Чырвонай Арміі.

— Сёння мы, прадстаўнікі розных пакаленняў і поглядаў, розных дзяржаў сабраліся разам, каб яшчэ раз ушанаваць памяць герояў і захаваць для будучых пакаленняў сапраўдную гістарычную праўду. На жаль, у сучасным свеце ідэі нацызму знаходзяць сваіх прыхільнікаў, але мы, беларусы і расіяне, далёкія ад фашысцкай ідэалогіі, бо наша генетычная памяць стала сапраўдным нацыянальным імунітэтам — звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу старшыня Віцебскага райвыканкама Генадзь Сабыніч. — Сёння на мерапрыемстве прысутнічаюць прадстаўнікі Веліжскага і Ўсвяцкага раёнаў Расійскай Федэрацыі. У гады вайны нашы народы адстаялі Вялікую Перамогу і цяпер у нялёгкі час мы падстаўляем плячо адзін аднаму. Усё далей углыб гісторыі сыходзяць грозныя гады Вялікай Айчыннай вайны, але памяць пра тых, хто цаной свайго жыцця абараняў родную зямлю і ўздымаў зруйнаваную краіну з попелу, заўсёды будзе жыць у нашых сэрцах.

На Віцебшчыне склалася добрая традыцыя прысвойваць імёны герояў вуліцам, паркам, арганізацыям і школам. Гэта неабходна для таго, каб маладое пакаленне ведала гісторыю сваёй краіны, ганарылася подзвігамі і адрознівала, каго па праве лічыць героем. У гэты перадсвяточны майскі дзень Запольскай школе было прысвоена імя камісара першай Беларускай партызанскай брыгады Рычарда Уладзіслававіча Шкрэда.

Гэта сапраўды важная падзея для кожнага з нас. Мы часта ўспамінаем словы «Подзвіг савецкага народа бессмяротны», але подзвіг вялікай краіны залежыць ад подзвігу кожнага, хто ўнёс уклад у агульную перамогу. Сёння мы ўспамінаем Рычарда Шкрэда, ён разам з легендарным Мінаем Філіпавічам Шмыровым арганізоўваў партызанскі рух на гэтай зямлі, рабіў усё магчымае ў прарыве, а пасля вайны кіраваў рэгіёнамі, зрабіў многае для аднаўлення эканомікі Віцебскай вобласці. Я хачу выказаць падзяку кіраўніцтву раёна за вялікую патрыятычную працу з моладдзю, за тое, што цяпер не толькі мы ведаем і шануем памяць герояў, але і нашы дзеці, — адзначыў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.
Рычард Уладзіслававіч нарадзіўся ў пасёлку Ноўка Курынскай воласці Віцебскага павета. 5 ліпеня 1941 года быў пакінуты для арганізацыі партызанскага руху на тэрыторыі Суражскага раёна. З красавіка 1942 г. быў прызначаны камісарам 1-й Беларускай партызанскай брыгады. 15 мая 1942 года за мужнасць і гераізм Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Цяпер Запольская школа носіць ганаровае імя камісара Шкрэда — сертыфікат аб прысваенні установе імя ўручыў дырэктару Ірыне Хацейкінай Генадзь Сабыніч.

На мітынгу прысутнічала ўнучка героя Вольга Ўладміраўна Шкрэда, яна выказала кіраўніцтву раёна і школы, навучэнцам і неабыякавым жыхарам вялікую падзяку за захаванне памяці пра дзядулю.

Год гістарычнай памяці — гэта добрая нагода для ўсіх нас яшчэ раз асэнсаваць нашу гісторыю: гераічную і трагічную. Гэта не толькі даніна павагі вялікаму подзвігу чалавека. Гэта перасцярога аб тым, што свет далікатны, мы абавязаны яго берагчы і памятаць, што самае каштоўнае на зямлі — мірнае неба над галавой.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».