Вы тут

Цi можна «падкупляць» дзіця за добрыя паводзіны? Адказвае псiхолаг


Кожны з бацькоў марыць, каб яго дзіця само ўставала ў школу, само садзілася за ўрокі, апраналася па надвор’і, своечасова клалася спаць, без напамінкаў адпраўлялася на гурток. Аднак у некаторых сем’ях клопат аб гэтым так і застаецца абавязкам мацi і таты. Многія дарослыя, калі сутыкаюцца з нежаданнем дзіцяці рабіць штосьці неабходнае яму па ўзросце — пачынаюць зацікаўліваць яго праз подкуп. Дарослыя «плацяць» (грашыма, рэчамі, задавальненнямі), каб малое рабіла тое, што ад яго жадаюць. Варта прызнаць, што ў большасці выпадкаў, гэты метад добра працуе. Аднак ці выконвае ён выхаваўчую функцыю, — вялікае пытанне. Гэта вельмі небяспечна, не гаворачы ўжо аб тым, што ў будучынi мала эфектыўна. Звычайна ўсё заканчваецца тым, што жаданні і прэтэнзіі дзіцяці павялічваюцца. Яно пачынае патрабаваць усё больш і больш, а абяцаных змен у паводзінах так i не адбываецца, альбо толькi на кароткi час. Заахвочваць дзіця добра, але як зрабіць так, каб гэты прыём не ператварыўся ў штодзённы подкуп? 


Чаму бацькі выкарыстоўваюць подкуп i абяцаннi?

Да подкупу звяртаюцца бацькі, у якіх, як ім здаецца, не засталося іншых метадаў уздзеяння — ці папросту няма цярпення і часу. Стомленыя і раздражнёныя, яны адчуваюць сябе бездапаможнымі і спрабуюць дамагчыся ад дзіцяці патрэбных паводзін, падкупляючы, а часам і пагражаючы. Такi прыём дапамагае дарослым трымаць сітуацыю пад сваім кантролем. Але гэта толькі ілюзія.

Важна: Ад подкупу грашыма лепш устрымацца. Вядома, хутчэй за ўсё, вы дасягнеце мэты, але пасля вам давядзецца заплаціць за гэта падвойную цану.

Чаму ж так адбываецца? Уся справа ў псіхалагічнай настройцы мозгу. Па гэтым пытанні было праведзена мноства даследванняў. Вынік вучоных такі: чалавек паспяхова і захоплена займаецца толькі тым, што ён выбірае сам. Калі ж ён ведае, што атрымае за гэта плату або ўзнагароджанне, то яго энтузіязм зніжаецца: ён заняты не «асабістай творчасцю», а «зарабляннем грошай». Нездарма многія навукоўцы, пісьменнікі і мастакі гавораць, як пазбаўляе натхнення праца «па замове» з чаканнем узнагароды.

Сачыце за тым, каб найбольш каштоўныя падарункі рабіліся дзіцяці проста так, а не за нейкія заслугі. Гэта значыць, проста таму, што ён у вас ёсць, вы яго любіце і хочаце парадаваць.

Чым дрэнны подкуп? Дзяцей не варта «ўзнагароджваць» за тое, што яны павінны рабіць у любым выпадку. Калі вы рэгулярна абяцаеце ўзнагародзіць за паслухмянасць, дзiця прывыкне выконваць вашыя просьбы менавіта за ўзнагароджанне. Ці будзе яно рабіць у будучынi гэта «бясплатна» — невядома. Акрамя таго, выхаванне, пабудаванае на сістэме матэрыяльных узнагарод, фарміруе няправільнае ўяўленне аб зносінах і ўзаемадзеяннях ў сям’і. Бо пры такiм метадзе складана данесці паняцці ўзаемадапамогі, спагады i падтрымкі. Cтасункi ўсё ж павінны будавацца на іншых прынцыпах. 

Што ж рабіць? Паступова здымайце з сябе адказнасць за асабістыя справы дзіцяці і дэлегуйце іх яму. Гаворка ідзе аб зняцці дробязнага клопату, апекі, якая зацягнулася, бо яна перашкаджае вашыму сыну або дачкі сталець. Перадача ім адказнасці за свае справы, учынкі, — самы вялікі клопат, які вы можаце праявіць у адносінах да іх. Гэта самае мудрае і справядлівае рашэнне. Яно зробіць дзіця мацнейшым і ўпэўненым у сабе, а вашы адносіны — больш спакойнымі і радаснымі.

Бацькоўская ўвага — самае лепшае ўзнагароджанне!

Як паступіць? Працэс перадачы адказнасці малому за яго абавязкі не простыя. Яго трэба пачынаць з дробязяў. Але нават наконт дробязяў дарослыя хвалююцца. Бо даводзіцца рызыкаваць часовым дабрабытам дзіцяці. Бацькі задаюцца, напрыклад, такiмi пытаннямі: «Як жа мне яго не будзіць?» Бо хутчэй за ўсё яно праспіць, і тады ў школе ўзнікнуць непрыемнасці. «Калі я не буду нагадваць і прымушаць рабіць урокі, тады абавязкова з’явяцца дрэнныя адзнакі». Не сумнявайцеся ў сваіх дзецях, паспрабуйце ім даверыцца. Як гэта ні дзіўна гучыць, але дзецям неабходны негатыўны досвед, натуральна, які не пагражае іх жыццю і здароўю.

Дазваляйце дзіцяці атрымліваць адмоўны досвед сваіх дзеянняў або бяздзеянняў. Толькі ў гэтым выпадку яно вырасце свядомым. 

Падумайце, якое заданне ваша дзіця можа выконваць само. Вырашыце, што можа замяніць непасрэдна ваш удзел. Напрыклад, гэта можа быць будзільнік цi заключанае з дзіцем пагадненне. Для гэтага складзіце наступную табліцу:

Сам (а)  Разам з бацькамi
Устаю і збіраюся ў школу 

Вырашаем, калі можна пайсці ў госці, запрасіць сяброў

Вырашаю, калі рабіць урокі

 Пытаю параду, чым заняцца
Вырашаю, калі мне мыцца  Вырашаем, як праводзіць выходныя
Выбіраю сабе сяброў  Часам робім матэматыку, бацькi тлумачаць
Разаграваю ежу, часам гатую  Даглядаю за хатнімі жывёламі
Збіраюся на гурткі  Прыбіраем у кватэры

Вядома ж, бацькі могуць сумнявацца, што нічога не атрымаецца і ўсе намаганні марныя. Тут важна набрацца цярплівасці. Калі вы будзеце настойлівыя і непахісныя, станоўчы вынік адназначна будзе. Але будзьце гатовы да таго, што ён з’явіцца не адразу. Часам праходзяць тыдні і нават месяцы для таго, каб замацаваць і засвоіць новыя правілы.

Калі вы страчваеце цярпенне, зрабіце перапынак, дайце сабе 10 хвілін. Напрыклад, можна выйсці з пакоя, сказаўшы: «Падумай аб маіх словах, а я вярнуся праз пару хвілін». Таксама гэта i ваc супакоіць. Калі пасля вашага вяртання мала што змянілася, абмяркуйце тое, што здарылася. Падзяліцеся сваімі пачуццямі, раскажыце, што менавіта вас засмуціла. «Бачу, ты не хочаш зрабіць тое, пра што я цябе прашу. Я разумею, што ты не хочаш кідаць свой занятак. Але калі ты дапаможаш мне і прыбярэш, у нас застанецца час пачытаць/пагуляць разам».

Памятайце: дзіцяці не заўсёды патрэбна ваша непасрэдная дапамога. Для яго важна часам, каб нехта пасядзеў побач і проста паслухаў. Дапамагчы можна нават словам і маўчаннем. Як блізкі чалавек вы павінны адчуваць сваё дзіця, таму для вам не будзе праблемай зразумець, што ў дадзенай сітуацыі яму неабходна.

Вось некалькі кампліментаў, якія падкупяць малое, тым самым размесцяць яго да вас. Гэтыя чароўныя словы здольныя палепшыць паводзіны, дапамогуць стаць дзіцяці паслухмяным і спагадным.

«Я люблю, калі ты»..., «Ты такi таленавіты», «У цябе выдатныя мары», «Ты разумны», «Ты цікавы», «Я радая, што ты такі разумны», «У цябе ёсць выдатныя ідэі», «Я ганаруся табой», «Ты перамагаеш кожны дзень», «Ты такі» асаблівы», «Мне вельмі павезла што ты ў мены ёсць!»,  «Ты вясёлы», «Ты кемлівы», «Ты прыгожая», «Ты як дабраславеньне для мяне», «Ты творчы», «Ты такi добры», «Ты карысны», Ты мяне натхняеш«, «Ты фантастычная(ы)».

Калі дзеці прывыкаюць да пастаянных узнагарод, жаданне дапамагаць і радаваць бацькоў проста так без выгады, знікае. Для іх робяцца звыклымі паводзіны — «што я атрымаю, калі я гэта зраблю?». Не варта паддавацца жаданню «падкупіць» дзіця, каб яно добра сябе паводзіла або рабіла тое, што не хоча. Часам падарункамі бацькі спрабуюць кампенсаваць недахоп увагі і цяпла. Памятайце, што самая важная ўзнагарода, — сумесны час, гульня i, безумоўна, пахвала.

Псiхолаг Алена ШАЎЧЭНКА

Фота: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».