Вы тут

Саюз мастакоў падрыхтаваў выстаўку-акцыю «Памяць пакаленняў»


Да свята Вялікай Перамогі Беларускі саюз мастакоў падрыхтаваў выстаўку-акцыю «Памяць пакаленняў». У ёй кожны мастацкі твор — напамін аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны і генацыдзе беларускага народа ў той перыяд. Стартавала мерапрыемства ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» 5 мая і працягнецца да лета...


— Выстаўка наша тэматычная, ладзім мы яе ў рамках Года гістарычнай памяці і напярэдадні свята Вялікай Перамогі. Праграма, якую падрыхтаваў Беларускі саюз мастакоў для Мінска і для ўсёй краіны, наглядна распавядае пра тое, што адбылося шмат гадоў таму, і як мастакі, якія былі ўдзельнікамі ваенных падзей, і нашы сучаснікі інтэрпрэтавалі тэму вайны, — адзначае першы намеснік старшыні грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз мастакоў» Наталя Шаранговіч. — Гэтая выстаўка будзе цікавая ў тым ліку тым, што мае шмат складнікаў. Мы паказваем работы фондаў Беларускага саюза мастакоў. Таксама нам далі некаторыя работы з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. На фоне іх па-свойму вылучаецца вялікі і яркі раздзел сучасных мастакоў. Будзе шмат жывапісу, аднак не абыдзецца без графікі і скульптуры, твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва... Мы запрасілі да ўдзелу не толькі мінскіх майстроў, але і тых, хто творыць за межамі сталіцы, бо ў абласных гарадах у нас ёсць шмат цікавых творцаў, якія займаюцца тэмай вайны. І нам важна паказаць, што яна аб'ядноўвае мастакоў незалежна ад узросту і іх месца пражывання.

Так, сярод прадстаўленых майстроў можна ўбачыць прадстаўнікоў Гомельскай вобласці, Магілёва, Бабруйска і з іншых куточкаў Беларусі. Упершыню на выстаўцы дэманструецца раздзел, прысвечаны дзейнасці двух вялікіх аб'яднанняў, якія ўваходзяць у склад Саюза мастакоў, — Мастацкага і Скульптурнага камбінатаў.

— Мне здаецца, атрымалася вельмі шматпланавая выстаўка, якая дае гледачам уяўленне пра тое, якім чынам беларускія мастакі ў розныя перыяды падыходзілі да ваеннай тэмы. Як яе ўвасаблялі, якой мовай адлюстроўвалі тыя падзеі. Думаю, будзе цікава, — кажа Наталля Васільеўна. — Для нас гэтая выстаўка важная яшчэ і як выстаўка-акцыя. Яе мы збіраемся паказаць не толькі ў Мінску (тут толькі пачатковы пункт), але хочам, каб пабачылі і ў іншых гарадах. Наступнымі пунктамі дэманстрацыі выстаўкі будуць адразу тры музеі —Бабруйскі мастацкі музей, Слуцкая карцінная галерэя, Валожынскі краязнаўчы музей. І скажу, што гэта не канчатковыя пункты. Вандраваць экспанаты нашай выстаўкі будуць па розных кутках краіны.

Вайна назаўсёды застанецца тэмай, якая нікога не пакідае абыякавым. У творчасці беларускіх мастакоў, калі яны гавораць пра Вялікую Айчынную вайну, заўсёды адчуваецца боль і разам з тым вялікая ўдзячнасць за Вялікую Перамогу. У экспазіцыі «Памяць пакаленняў» наведвальнікі змогуць пазнаёміцца ??з работамі ветэранаў, класікаў беларускага мастацтва, якія ўжо з канца 1940-х гадоў пачалі мастацкае асэнсаванне трагедыі на беларускай зямлі. Многія аўтары перажылі вайну асабіста, страціўшы ўсіх блізкіх ці правёўшы дзяцінства на акупаванай тэрыторыі. У іх творах чытаецца мастацкае абвінавачванне фашызму, заклік да міру.

Убачым і работы Студыі ваенных мастакоў «Абаронцам Айчыны прысвячаецца». Больш за 15 гадоў таму студыя заявіла аб сабе выстаўкай «Памяць», рэканструяваўшы на палотнах падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Сёння ўдзельнікі студыі таксама пішуць з натуры ваенныя вучэнні, фіксуюць новыя перамогі краіны, захоўваючы традыцыі і сцвярджаючы, што рэалістычнае мастацтва такое ж актуальнае, як і дзесяцігоддзі таму.

Асобная экспазіцыя распавядзе пра помнікі ваеннага часу (мемарыяльныя комплексы, манументальныя аб'екты, памятныя знакі), якія былі створаны ў розныя гады на камбінатах Беларускага саюза мастакоў. Сярод іх — мемарыяльныя комплексы «Хатынь», «Брэсцкая крэпасць-герой», «Трасцянец», «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» ў в. Боркі Магілёўскай вобласці, Музей Вялікай Айчыннай вайны, Ушацкі музей народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка, помнік «Беларусь партызанская» ў Мінску і многія іншыя.

Важнае месца займае экспазіцыя сучасных аўтараў з розных рэгіёнаў Беларусі, сяброў Беларускага саюза мастакоў. Можна пазнаёміцца ??з тэматычнымі карцінамі, краявідамі, партрэтамі, скульптурнымі кампазіцыямі, творамі з керамікі, шкла і тэкстылю. У гэтых работах гучыць памяць аб мінулай вайне, заклік да забароны ўсіх форм генацыду ў сучасным свеце.

У студзені 2022 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб генацыдзе беларускага народа» ў мэтах захавання памяці аб мільёнах савецкіх грамадзян, якія сталі ахвярамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Гэта даніна павагі загінулым, бязвінна знішчаным грамадзянам нашай краіны. Выстаўка «Памяць пакаленняў» таксама гаворыць пра памяць, выяўляючы гэту тэму сродкамі мастацтва.

— Выстаўка ўзнікла невыпадкова, бо ў святле сённяшніх падзей яна як ніколі актуальная. Цяперашняй моладзі і не толькі важна нагадаць аб відавочцах тых страшных падзей, — зазначае галоўны захавальнік фондаў ГА «Беларускі саюз мастакоў» Кацярына Пінчук. — Важна менавіта цяпер даць слова тым, хто зведаў на сабе жахі вайны ці ведае пра іх з успамінаў родных. Гэта не проста гучныя словы — важна не даць магчымасці нікому перайначыць гісторыю, памяняць факты.

Сёння амаль не засталося мастакоў, якія самі перажылі вайну, генацыд ці халакост. Тое, з чым працуюць сучасныя аўтары, — памяць пакалення, якое жыло да іх. Гэта — метафары, рэфлексіі на тэму гісторыі вайны, аповед пра боль і душэўныя траўмы, якія яна нясе. Такія работы часта маюць складаную сэнсавую нагрузку, а іх назвы адсылаюць да літаратурных твораў. Мастакі інтэрпрэтуюць вобразы, падзеі, якія вызначаюць вельмі значную для беларускай гісторыі вяху — Вялікую Перамогу. Падчас выстаўкі мастакі і мастацтвазнаўцы Беларускага саюза мастакоў правядуць сустрэчы і экскурсіі з навучэнцамі мастацкіх каледжаў.

Варта адзначыць, што Палац мастацтва — пачатковы пункт работы выстаўкі-акцыі «Памяць пакаленняў». Найбольш знакавыя і яркія работы беларускіх аўтараў Беларускім саюзам мастакоў будуць паказаны і ў іншых гарадах у рамках святкаванняў Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. За раскладам можна сачыць на сайце аб'яднання ці на старонцы ў «Фэйсбуку».

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.