Вы тут

Ад вясны да восені


Многія беларускія пісьменнікі прайшлі дарогамі вайны. Хто са зброяй у руках, хто пяром набліжалі светлы і такі чаканы дзень Перамогі. Ды нямногія дайшлі да фашысцкага логава Берліна. Пашчасціла і Пятру Прыходзьку. Водгулле вайны чутно ці не ва ўсіх кнігах Пятра Фёдаравіча, пачынаючы з першай — «Голас сэрца». Самі назвы большасці з іх сведчаць, што гэта напісана паэтам з перадавой: «Салдаты міру», «Ранак над Эльбай», «Пасля развітання», «На пераправе», «Парог памяці» (уганаравана Літаратурнай прэміяй імя Аркадзя Куляшова), «Апаленыя вёрсты»… Ды і аднаму са зборнікаў свайго выбранага даў дакладную назву — «Лісты з праходаў». 


Зведанае і перажытае

Аб зведаным і перажытым пісаў не толькі тады па гарачых слядах падзей. Ім жыў і ў паважным узросце, прызнаючыся: «Віхурацца няспынна думкі роем // Пра тое, што даўно было і ёсць: // Нібы няроўным навабранскім строем // У паход мая выходзіць маладосць». Гэтая маладосць і паўставала ў лаканічных, вывераных вершах, такіх, што пішуцца не тады, калі хочацца дасягнуць майстэрства дзеля майстэрства.

У найлепшых яго творах — тая праўда вайны, на якую здатны толькі непасрэдны яе ўдзельнік. Гэтая праўда — не проста з перадавой, а з бліндажнага бою. Тое, што перажыта падчас знаходжання за брустверам акопа і тады, калі быў адзіны шлях — наперад, перададзена многімі паэтамі-франтавікамі. Па-свойму гаворыць пра гэта і Пятро Прыходзька. А наколькі яму ўдалося спасцігнуць сэнс таго, што было тады, сведчыць яго верш «Твар вайны», напісаны 16 красавіка 1987 года (апошнім часам пазначаў дату з’яўлення сваіх твораў). Чытаеш яго і здзіўляешся, наколькі дакладна ўсё схоплена — у самых малых рэаліях, падрабязнасцях, якія толькі чалавеку абыякаваму могуць падацца лішнімі. А яшчэ разумееш, чаму Пятро Фёдаравіч не мог развітацца з вайной. Ён сапраўды пастаянна бачыў яе твар:

Твар вайны
Самы жорсткі і дзікі —
У рабацінні, крывавых рубцах.
Б’е яна 
Па малых і вялікіх,
І па маршалах, і па байцах.

Зразумела, у творчасці сваёй тэмай вайны не абмяжоўваўся, хоць і прыцягвала яго ўвагу. Як і кожнага паэта, шмат што хвалявала. А паэзія захапіла яго вельмі рана. Але калі дакладна, і сам не ведаў.

Рэха песню падказала

У аўтабіяграфіі «Бацькоўскімі сцежкамі» пра гэта піша так: «Цяжка сказаць, калі адбылося першае знаёмства з паэзіяй. Можа, яно прыйшло з лясным рэхам, якое пачуў упершыню, або з першай прачытанай самастойна кнігай. А, магчыма, яшчэ тады, калі маленькім хлапчуком ішоў па колкім іржышчы, несучы ў руках гарлач з ядою для роднай цёткі, што жала ў полі жыта і спявала песню: Павей, павей, вецярочак, па той бок — лясочак…»

Паэзія ўвайшла ў яго сэрца насуперак прозе жыцця. Крыху падросшы, даведаўся, што маці памерла ад тыфусу, калі яму было ўсяго восем месяцаў. Гэтая хвароба заўсёды каварная. А яшчэ голад, нястача. Бяда за бядою ходзіць! Так і было: ішла Грамадзянская вайна, на якой ваяваў і яго бацька. 

Ставала выпрабаванняў і пасля заканчэння яе. Аднак, відаць, ад маленства было штосьці закладзена, зразумела, не без промыслу Усявышняга, каб вясковы хлапчук рана зацікавіўся паэзіяй. Захапленню ёю паспрыялі і блізкія. А яшчэ быў «вельмі цікавы і таленавіты чалавек, які сам складаў вершы і чытаў на памяць казкі Пушкіна». Дзякуючы Мартыну Агеевічу сялянская малеча пазнаёмілася з «Казкай пра залатога пеўніка», іншымі творамі выдатнага рускага паэта: «Магчыма, вось тады, у тыя летнія вечары, і адбылося яно, першае знаёмства з паэзіяй, якое прыйшло яшчэ да таго, як […] навучыўся чытаць і пісаць. Пачаў вучыць на памяць вершы Купалы і Коласа, якія раскрывалі шырокі свет, вялі на самастойную дарогу».

Першы верш «Начлег» напісаў шасцікласнікам:

Вось паляна. Коні ходзяць
Ды траву між дрэў скубуць.
Хлопцы вогнішча разводзяць,
Тут размовы гулка йдуць.
…………………………
Як, як хораша, як добра
Вадзіць коні на начлег!
А назаўтра рана з лесу
Конь мой рыжы шыбка бег.

Тады вучыўся ў Ліпаўскай сямігодцы Хоцімскага раёна, а нарадзіўся ў вёсцы Альшоў каля самага Хоцімска. Яго любові да літаратуры шмат паспрыяў і выкладчык беларускай мовы і літаратуры Леанід Царанкоў, дзякуючы якому ў школе працаваў літаратурны гурток. Аднойчы гурткоўцы прапанавалі Пецю напісаць п’есу. Адмаўляцца не стаў. Стварыў яе паводле «Аповесці будучых дзён» Янкі Маўра, творамі якога зачытваліся ці не ўсе дзеці: «П’есу прачыталі члены літгуртка, настаўнікі і вырашылі паставіць на сцэне». Спектакль спадабаўся не толькі сябрам аўтара інcцэніроўкі і артыстам. Паглядзелі яго і вяскоўцы. Зацікавіліся ім не толькі ў гэтай вёсцы, але і ў суседніх, якія ўваходзілі ў Ліпаўскі сельсавет. Ахвотных было так шмат, што спектакль паказвалі некалькі разоў. І не бясплатна, бо ў гурткоўцаў з’явілася яшчэ адна добрая задума. За сабраныя грошы набылі кнігі для школьнай бібліятэкі.

Не сказаць, каб гэтая п’еса была высокай мастацкай якасці. Спадабалася яна тым, хто, жывучы ў глыбінцы, хацеў новых уражанняў. Кнігі вяскоўцы чыталі, а што такое тэатр, многія і не ведалі. А тут нечакана з’явіліся свае артысты. Уражаны такой увагай да сябе, юны «драматург» паслаў сваю п’есу ў Саюз пісьменнікаў БССР. Трапіла яна на разгляд Кузьму Чорнаму. Адказ быў несуцяшальны, таму першая спроба Пятра Прыходзькі ў гэтым жанры стала і апошняй. 

Вехі ваенныя, вехі мірныя

Аднак няўдача ў драматургіі стала момантам, што вызначыў яго творчыя пуцявіны на далейшае: цалкам захапіўся паэзіяй. Дэбютаваў у 1936 годзе на старонках хоцімскай раённай газеты «Калгасная звязда». Праз год верш «Першы раз я пайду выбіраць» з’явіўся ў рэспубліканскай «Чырвонай змене». На гэты час, закончыўшы сямігодку, быў кіраўніком спраў Хоцімскага райкама камсамола. А ў 1936 годзе, атрымаўшы адукацыю ў Магілёўскай газетнай партыйнай школе, крыху папрацаваў адказным сакратаром у той жа «Калгаснай звяздзе» і паступіў у Камуністычны інстытут журналістыкі ў Мінску. 

Правучыўся, аднак, нядоўга: прызвалі ў войска. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, накіравалі ў ваенна-палітычнае вучылішча, што знаходзілася ў Сталінградзе. Пасля заканчэння быў прызначаны палітруком роты. Удзельнічаў у баях на Бранскім фронце, на Курскай дузе, у вызваленні Беларусі, Польшчы, узяцці Берліна, у баях за Прагу. Быў і адказным сакратаром дывізіённай газеты. Пасля заканчэння вайны з армейскім друкам не развітаўся. Але гэта было ў Чэхаславакіі, удалечыні ад роднай яму Беларусі, ростань з якой балюча перажываў увесь час, як апрануў армейскі шынель. Што ў час баёў хацелася выжыць — стан зразумелы кожнаму, хто трапляў у экстрэмальныя сітуацыі. Але яму не па сабе станавілася і ад таго, што гэта адбудзецца на чужой зямлі. 

Пасля Перамогі куды толькі ні звяртаўся, каб перавялі ў Беларусь. Заставалася адзінае выйсце: звярнуцца ў Цэнтральны камітэт кампартыі Беларусі. Разумеў, што гэта апошняя інстанцыі, якая, калі захоча, усё вырашыць. У лісце, дасланым у 1946 годзе, пісаў: «У адрыве ад роднай літаратуры, ад роднага народа не магу перадаць таго, што выказаў бы ў сваіх песнях, у сваіх вершах на прасторах зямлі роднай. І калі я не вярнуся ў межы роднай Беларусі, прападу як паэт». 

У 1947 годзе быў пераведзены на службу ў Мінску. Да дэмабілізацыі ў 1953 годзе ў званні падпалкоўніка працаваў у рэдакцыі газеты «Во славу Родины». У далейшым таксама займаўся не толькі творчасцю. Шмат дзе працаваў, у тым ліку ў газетах «Звязда» і «Літаратура і мастацтва», а на пенсію пайшоў з пасады старшага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Свая галактыка

Пісаў ці не да апошніх дзён свайго жыцця (памёр 30 ліпеня 2006 года). Можа, і зашмат. Дзе толькі тая энергія, той імпэт браліся. Каб авалодаць камп’ютарам, не той узрост. Па-ранейшаму карыстаўся пішучай машынкай. Хоць і стужкі дастаць да яе было няпроста, з капіравальнай паперай нявыкрутка, а друкаваў па некалькі асобнікаў і рассылаў іх у рэдакцыі газет і часопісаў, знаёмым. Не сказаць, каб усё гэта было на належным узроўні. Справа не толькі ва ўзросце. «Паточнасць» у паэзіі далёка не заўсёды на карысць. Аднак вартае ўвагі, канешне, было. 

Асабліва на карысць таго, што не здаў пазіцыі, меў запас у творчых парахаўніцах, засведчыла яго кніга «Позняя восень», выдадзеная ў 2001 годзе, калі толькі пачаў адлік свайго дзявятага жыццёвага дзясятка. Адзін з найлепшых вершаў «Мой космас» напісаны 15 мая 2000. Іншыя творы, што ўвайшлі ў гэты зборнік, таксама датаваны, хоць у асобных выпадках канкрэтны дзень не называецца. 

Можна ўявіць, як выкрышталізоўвалася аўтарская задума. Як паступова ішоў ён да ўвасаблення слова адзінага, слова важнага і патрэбнага. А «Мой космас» напачатку, відаць, нарадзіўся ў думках, а пасля, асэнсаваны, лёгка лёг на паперу. Прынамсі, адчуванне, што ўсё напісалася на адным дыханні — настолькі хораша прамоўлена і так шмат сказана:

Дзе свабоды дух крыляе,
Многія глядзяць туды.
На зямлі ж я космас маю
З пахам хлеба і вады.

У мяне сваё тут неба,
Домік са страхой на ім.
Пад нагамі — тая глеба,
Што не мае дна зусім.

«Космас зямны» неаддзельны ад усяго Сусвету. Каб выказаць гэтую повязь, Пятро Фёдаравіч знайшоў праўдзівыя і пераканаўчыя радкі. І яны таксама нарадзіліся ў глыбіні душы і адпавядаюць яе стану, а стан такі, што хочацца паяднацца з зямным наваколлем і Сусветам, з космасам зямным і космасам у яго традыцыйным разуменні.

Ёсць у Пятра Прыходзькі і песні, у якіх закранаецца тэма гераізму, любові да роднай зямлі — вынік творчай садружнасці з кампазітарам Міколам Яцковым. Пісаў таксама для дзяцей, плённа займаўся перакладамі. Яго ж космас — тое, што і робіць сапраўдную паэзію паэзіяй. Часам яна, магчыма, і залішне традыцыйная, аднак ніколі не пазбаўлена даверу, шчырасці. Народжаная ў касмічных вышынях душы, у той жа час зямная. 

Інакшай і быць не магла, бо яе аўтар, паэт-франтавік, неаднойчы гледзячы смерці ў вочы, гэтаксама неаднойчы пераконваўся, што ў зацішку паміж баямі хочацца той цішыні, якая найбольш адчувальная тады, калі застаешся сам-насам са сваімі думкамі, перажываннямі. З’яўляецца магчымасць любавацца тым, што акаляе. Яно часам і някідкае, але такое, без чаго не пражывеш. Такія і найлепшыя вершы Пятра Прыходзькі.

Ганна ІВАНЕЙ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.