Вы тут

Нязгаслы след пагаслай зоркі


Беларуская літаратурная ніва падобна на зорнае неба. Безліч зорак, больш ці менш яркіх, вялікіх і малых, нараджаюцца, пражываюць адведзены час і гаснуць, пакідаючы свой непаўторны след. Буйныя зоркі застаюцца ў памяці не толькі напісаным словам, але і плённай працай, добрымі справамі, цікавым, насычаным жыццём... Больш як чатыры дзясяткі гадоў таму згасла зорка паэта, перакладчыка Генадзя Кляўко. 1 мая яму магло б споўніцца 90 гадоў. Пражыўшы кароткае жыццё, паэт пакінуў пасля сябе свой свет паэзіі — тое, чым жыў. 


Генадзь Кляўко нарадзіўся ў вёсцы Варонічы на Пухавіччыне ў 1932 годзе. Скончыў Рудзенскую сярэднюю школу, паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння працаваў літаратурным рэдактарам у газеце «Калгасная праўда», затым літсупрацоўнікам, адказным сакратаром часопіса «Вожык». З 1973 да 1979 года Генадзь Якаўлевіч — намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя».

Друкавацца пачаў у 1949 годзе. Першы верш выйшаў у тагачаснай рудзенскай раённай газеце «Бальшавіцкі сцяг». Творчая спадчына Генадзя Кляўко — 

у зборніках «Абветраныя далягляды» (1962), «Сто крокаў» (1967), «Прыстань» (1974), «Плуг» (1978), «Падкова над парогам» (выбранае, 1979), «Вязьмо» (1984). Генадзь Якаўлевіч быў шматграннай асобай, спрабаваў сябе ў розных жанрах. Выйшлі тры зборнікі гумарыстычных вершаў і мініяцюр: «Лайдак і кнопкі» (1964), «Каб не сурочыць» (1971), «Што праўда, то не грэх...» (1971). Іскрыстае слова было ўласціва паэту. Яго гумар быў натуральны, зачэрпнуты з народных крыніц, з побыту і чалавечых характараў.

Спрабаваў пісаць для дзяцей, у 1964 годзе выйшаў зборнік вершаў «Першы салют». Дасягнуў поспехаў і ў перакладах: перастварыў па-беларуску творы пісьменнікаў народаў СССР. У 1975 годзе ў перакладзе Генадзя Кляўко выйшаў зборнік паўднёва-асяцінскай паэзіі «Трубіць алень», а ў 1986 годзе — зборнік вершаў Косты Хетагурава «Асяцінская ліра».

Генадзь Якаўлевіч сябраваў з Рыгорам Барадуліным і Уладзімірам Караткевічам. Іх часта называлі «святой тройцай». У 1965 годзе яны разам накіраваліся на стажыроўку на Далёкі Усход (Уладзівасток) у газету Ціхаакіянскага флоту «Баявая вахта». Пасля У. Караткевіч напісаў «Чазенію», а Г. Кляўко занатаваў, як у акіяне

Гайдае, люляе сейнер,
Паветра ловіць рука…
Як быццам на возе сена
Праз луг, па мяккіх валках.

Творчы шлях паэта быў нялёгкі. Як пісаў Р. Барадулін, «сцяжына на строму майстэрства не была роўная і простая. Яна і збочвала, і пятляла, і назад вярталася, але свая, высненая, вымроеная, раз і назаўсёды абраная, мэту бачыла. Даволі доўгі быў час маўчання. Маўчання адноснага. Паэт гаварыў з жыццём, якое вывучаў пасля заканчэння ўніверсітэта, наводзіў стыль. Паэт вёў гутарку са сваёй памяццю, з аднагодкамі, што падлеткамі палі на крывавых загонах вайны». Пасля роздуму ў некалькі гадоў адным з першых уразіў чытачоў верш «Другу невядомаму»: 

Сёння дваццаць гадоў,
         як расстаўся ты з домам.
Сёння дваццаць гадоў,
        як ты стаў Невядомым.
Дык дазволь жа лічыць
         ад імя пакалення
Дзень пачатку вайны
        днём твайго нараджэння. 

У гэтым вершы пачынаўся новы паэт Генадзь Кляўко. Паэт з пакалення «бязбацькавічаў». У аўтабіяграфіі творца пісаў: «...зранку 22 чэрвеня 1941 года “масершміты” пачалі ставіць крыжы на маленстве маім і маіх аднагодкаў: каму навечна абарвалі жыццё, а каму наканавалі прайсці праз пекла вайны. Мы з маці ў час пакінулі хату, каб уцякаць на ўсход: ад прамога пападання снарада ад яе застаўся толькі ўспамін. З гэтай пары мы сталі звацца бежанцамі. Магчыма, дзецям больш, чым дарослым, уелася гэта горкае слова. Для мяне і сёння самае крыўднае і балючае». Крыўдлівая, уражлівая, недаравальная памяць адабранага дзяцінства трывала ўкаранілася ў творчасці Генадзя Кляўко: 

Зараз боязна мне
Пакідаць гэты дом на хвіліну:
Я калісьці ў ім 
Назаўсёды дзяцінства пакінуў.

Ад асабістага паэт пераходзіць да агульнага, увёўшы паняцце «бязвёскавічы» ў паэме «Прыстань», перадаўшы шчымлівую трагедыю нашай зямлі:

Бязбацькавічаў шмат на Беларусі…
Павыраслі. Мінула й маладосць…
Я часта сам сабе згадаю ў скрусе:
яшчэ ў нас і бязвёскавічы ёсць...

Сталы паэт паступова вяртаецца да сваіх вытокаў. У вершах скразной ніткай праходзяць асноўныя матывы: вайна, сувязь з вёскай, прыродай, людзьмі. Асабліва адлюстроўваецца гэтая звязнасць у паэмах «Плуг», «Сем пісем». Антон Бялевіч адзначаў, што ў творы «Плуг» «грамадзянская лірыка шырока параднілася з народнасцю, з мілагучнай песеннай, фальклорнай, жывой крыніцаю жыцця. Знойдзеныя тыя чарадзейныя ключы, якімі адмыкаюць дзверы ў свет перамог і хараства».

Жыццё паэта абарвалася бязлітасна рана, яму было ўсяго 47 гадоў. Рыгор Барадулін згадваў, як Генадзь Якаўлевіч прыкідваў, каго будзе запрашаць на сваё 50-годдзе, як ён хацеў жыць, як пісаў усё лепей і лепей. Апошнім часам паэт пісаў багата, па-майстэрску стала, так, як пішуць, развітваючыся, калі мала часу і шмат несказанага:

Ішоў — і ўпаў,
Навекі анямеў:
Сляпы пярун
ударыў рыкашэтам.
І чалавек, бадай, не зразумеў. 
Што здарылася з гэтым светам. 

Плён руплівай працы паэта застаецца не толькі ў літаратуры, але і ў памяці землякоў. А менш, чым праз два тыдні, 18 мая ў Мар’інай Горцы ў памяшканні Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея пройдзе вечар, прысвечаны беларускаму паэту і перакладчыку Генадзю Кляўко. 

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».