Вы тут

З анталогіі беларускага партрэта


У галерэі «Арт-Беларусь» працуе вялікая экспазіцыя «Партрэт часу. Партрэт у выяўленчым мастацтве Беларусі XIX—XXI стагоддзяў». Праект, які можна ўбачыць ажно да 22 жніўня, сабраў экспанаты з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, Беларускага саюза мастакоў, Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва, карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, а таксама работы асобных сучасных аўтараў. Усяго больш як 70 твораў жывапісу, скульптуры і графікі. 


Сярод аўтараў, якія не маюць патрэбы ў прадстаўленні, — удзельнік «Парыжскай школы» Хаім Суцін і наватар у тэатральнай дэкарацыі Леон Бакст. Можна ўбачыць адзіную ў краіне арыгінальную работу — «Партрэт Тамаша Зана» (1837—1839) — яскравага прадстаўніка рамантызму Валенція Ваньковіча. Змешчаны ў экспазіцыі карціны Іосіфа Аляшкевіча (а гэта «Партрэт дамы ў сінім шалі» і «Партрэт графа В. Б. Страйноўскага» 1810-х гадоў), які ўвайшоў у гісторыю еўрапейскай культуры як прызнаны мэтр гістарычнага і партрэтнага жанру. 

На выстаўцы прадстаўлены, натуральна, і творы сучаснікаў: Уладзіміра Тоўсціка, Уладзіміра Зінкевіча, Уладзіміра Савіча, Юрыя Якавенкі, Зоі Літвінавай, Дзмітрыя Аганава, Алесі Скорабагатай, Аляксандра Даманава і іншых. Цікава, што многія работы, прынамсі, што тычыцца жывапісу, вельмі буйныя па памеры і светлыя, ясныя, прамяністыя. 

Між тым у такім багацці твораў аднаго жанру, дзе прадстаўлены асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускага мастацтва, разнастайнасць стыляў і аўтарскіх асаблівасцей, даволі складана арыентавацца. Зала «Арт-Беларусі» хоць і ўмяшчальная, але не вельмі вялікая, таму сярод такой колькасці скульптуры, жывапісу і графікі, няхай і выдатна размешчанай у плане канцэпцыі, няцяжка згубіцца або прапусціць нешта важнае. Гэтым разам звернем увагу на тое, што ні ў якім разе нельга абмінуць. 

Сярод такіх — «Першая прычасць» (1981) Барыса Заборава. Карціна адносіцца да самага пачатку парыжскага перыяду жыцця і творчасці аўтара і, відавочна, створана пад уражаннем ад мастацтва студыйнай фатаграфіі мінулага стагоддзя. Пазнавальная манахромнасць, даволі простая кампазіцыя, пазіраванне безыменнага персанажа, «выява» бязлітаснага часу — асноўныя характарыстыкі гэтай шмат у чым змрочнай работы, якая дэманструе, што дзесяцігоддзі робяць з мінулым. Атрыбут першай прычасці — белае адзенне — сімвалізуе чысціню думак і намераў, а таксама новую прыступку ў духоўнай свядомасці чалавека, які прымае яе. 

А гэта дзяўчынка ў сукенцы да пят і вэлюме. Карціна, якую сучасны дзень ужо не «намалюе». Фатаграфічнасць, дакументальнасць (ці іх ілюзію) падкрэсліваюць драпіны, пацёртасці, плямы фарбы, надпісы, паштовыя пячаткі… І, нягледзячы на своеасаблівае «ажыўленне» персанажа, зразумела, вымушанага доўгі час пазіраваць для фатаграфіі (элемент будзённасці, хоць і нязвыклай для сучасніка), на ўсёй карціне адбітак смерці і нябыту. 

Цікавы кампазіцыйна і ідэйна «Аўтапартрэт з мадэллю» (1945) Восіпа Любіча. У ім аўтар паказвае засяроджанага жывапісца за працай, акцэнтуючы ўвагу на яго насцярожаным і крышачку незадаволеным поглядзе. На гэтым палатне Восіп Любіч адлюстроўвае напружанасць творчага працэсу праз моцна сціснутыя ў кулак пальцы правай рукі, левую, якая трымае пэндзаль або аловак (схаваны за мальбертам), нагу, якая ўпіраецца ў перакладзіну мальберта…

Аднак цікавы гэты твор не выявай мастака і атрыбутаў яго майстэрні, а кампазіцыяй, на якой адлюстравана і мадэль у касцюме Арлекіна. Стаіць яна па-за творцам, абапіраючыся на спінку яго крэсла, і звяртае на сябе не менш увагі. Як адзначаюць даследчыкі, традыцыйны персанаж Арлекін да пачатку ХХ стагоддзя набыў новае значэнне: гэта ўжо абагульненая выява чалавека творчай прафесіі. Вобраз стаў увасабляць у тым ліку адрынутага грамадствам мастака. Дарэчы, касцюм Арлекіна з рознакаляровых абрэзкаў сімвалізаваў таксама плюралізм і інтэрнацыянальны характар ​​«Парыжскай школы», прадстаўніком якой быў Восіп Любіч, між іншым, тэатральны дэкаратар. 

Звяртае на сябе ўвагу і «Бюст дзяўчыны» (1930) Леона Індэнбаума. Даследчыкі пакуль не ўстанавілі, ці з’яўляецца партрэт выявай нейкай пэўнай мадэлі альбо гэта абагульнены вобраз, аднак безыменная дзяўчына — сапраўднае ўвасабленне юнацтва: самкнутыя вусны, злёгку кірпаты нос, высока паднятая галава і, самае яскравае, горды позірк, скіраваны перад сабой… Між тым скульптура на выстаўцы прадстаўлена значнай колькасцю новых работ сучаснікаў, у тым ліку Дзмітрыя Аганава («Апошні імператар» 2020-га, «Дуалізм» 2021-га, «Позірк скрозь час» 2021-га). Іх партрэты, як правіла, альбо абагульненыя, альбо малапазнавальныя. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?