Вы тут

У Белдзяржмузеі гісторыі ВАВ адкрылася экспазіцыя «За адвагу, стойкасць і мужнасць»


Выстава прысвечана найбольш масавай узнагародзе Другой сусветнай — ордэну Айчыннай вайны, 80-годдзе з дня заснавання якога будзе адзначацца 20 мая. Адвага, стойкасць і мужнасць — менавіта тое, за што ўзнагароджвалі гэтым ордэнам. За вялікія заслугі ў мабілізацыі беларускага народа на барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны ў 1965 годзе ордэнам Айчыннай вайны Ι ступені была ўзнагароджана і газета «Звязда». Гэта адзінае перыядычнае выданне Савецкага Саюза, якое атрымала баявую ўзнагароду.


— Ва многім яна звязана са словам першы, — адзначае загадчыца аддзела ваенна-франтавой гісторыі Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Святлана Прыбыш. — Гэта быў першы ордэн Вялікай Айчыннай вайны, першая ўзнагарода, у якой было раздзяленне на ступені. У выпадку гібелі ўзнагароджанага ордэн перадаваўся ў яго сям’ю. Астатнія ўзнагароды, ажно да 1977 года, вярталіся на захоўванне дзяржаве. Упершыню вельмі дакладна ў статуце было сфармулявана, за што можна было атрымаць ордэн Айчыннай вайны. 

Ордэн захоўваўся ў сям’і

Выстава ўмоўна падзелена на дзве часткі. У экспазіцыі расказваецца пра франтавікоў — прадстаўнікоў розных родаў войск: лётчыкаў, танкістаў, сувязістаў і іншых, узнагароджаных гэтым ордэнам. Акрамя таго, наведвальнік можа пазнаёміцца з некаторымі партызанамі і падпольшчыкамі, уганараваных гэтай высокай узнагароды. 

Адным з першых у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны паступіў ордэн Айчыннай вайны Ι ступені Пятра Гучка. Беларускі лётчык загінуў незадоўга да заканчэння вайны: у красавіку 1945 года ён паў пад Берлінам. Ордэн быў перададзены ў сям’ю. Брат Пятра, Іван Гучок, у 1951 годзе здаў яго ўзнагародны комплекс у музей. 

— У 1952 годзе паступіла ўзнагарода ад удавы Вікенція Скрыганава, які быў намеснікам камандзіра стралковай дывізіі, — расказвае Святлана Прыбыш. — Ён загінуў у 1945 годзе, у баях за ўтрыманне плацдарма на рацэ Одэр. У музеі захоўваюцца яго асабістыя рэчы, некаторыя з іх прадстаўлены ў часовай экспазіцыі: планшэт, сталовы камплект, хордавугламер, можна таксама ўбачыць копію ліста яго дачцэ. Яна была партызанкай і толькі ў 1943 годзе змагла звязацца са сваімі роднымі, якія знаходзіліся ў тыле. Пры выкананні баявога задання дзяўчына знікла без вестак. 

На выставе прадстаўлены і поўныя кавалеры ордэна Славы, якія ў тым ліку былі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны. У экспазіцыі можна ўбачыць кнігу «Ішоў салдат», напісаную Канстанцінам Сіманавым. У 1975 годзе быў зняты фільм з такой назвай, заснаваны на ўспамінах поўных кавалераў ордэна Славы. У кіназдымках удзельнічаў і беларус Іван Шмяя. На кнізе — надпіс ад дырэктара карціны Конанавай, адрасаваны Івану Шмяе.

Сярод узнагароджаных ордэнам Айчыннай вайны былі і прадстаўнікі інжынерна-сапёрных войск, у тым ліку сяржанты Касенчук і Ціхановіч. Пётр Касенчук літаральна за некалькі дзён, з 6 па 8 жніўня 1943 года, абясшкодзіў каля 400 мін, зрабіў дзевяць праходаў у мінных палях для танкаў і іншай тэхнікі. За гэта быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ΙΙ ступені. Міхаіл Ціхановіч таксама быў сапёрам, удзельнікам вызвалення Украіны. Наведвальнікам прадстаўлены кісет, які яму падарылі да 55-годдзя вызвалення Беларусі, і гадзіннік «Луч», уручаны да 55-годдзя Перамогі. 

Да 1985 года, з улікам юбілейных узнагароджванняў, ордэна Айчыннай вайны былі ўдастоены каля дзевяці мільёнаў чалавек. Калекцыя гэтага ордэна, якая захоўваецца ў музеі, — 412 адзінак. Некаторыя з іх належалі партызанам і ўдзельнікам падпольнай антыфашысцкай барацьбы. 

Многія не дачакаліся ўзнагароды 

— У адрозненне ад франтавікоў, пры ўзнагароджванні беларускіх партызан была свая спецыфіка, — заўважыла вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі партызанскага руху Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Марыя Гарэлікава. — Нягледзячы на тое, што партызаны і падпольшчыкі здзяйснялі свае подзвігі ўжо з першых дзён вайны, заслужаныя ўзнагароды ў гады ваеннага ліхалецця атрымалі не многія з іх. Першае масавае ўзнагароджванне адбылося толькі 1 студзеня 1944 года, калі былі адзначаны арганізатары і кіраўнікі партызанскага руху. 

Наступнае — толькі праз чатыры гады. Многія партызаны ведалі, што прадстаўлены да ордэна Айчыннай вайны Ι або ΙΙ ступені, звярталіся ў пэўныя інстанцыі, але ім адмаўлялі: рэкамендавалі чакаць, калі Указ аб прысваенні ордэна Айчыннай вайны будзе апублікаваны ў газетах. Некаторыя так і не атрымалі заслужаных узнагарод…

Як адзначае Марыя Гарэлікава, яшчэ больш драматычная сітуацыя была з узнагароджваннем удзельнікаў Мінскага падполля. «Яго дзейнасць была прызнана ўладамі толькі ў 1959 годзе, — удакладняе яна. — А ў 1965 годзе па ініцыятыве Пятра Машэрава выйшлі два ўказы, у выніку якіх было ўзнагароджана больш чым 20 тысяч падпольшчыкаў і партызан. Многія мінскія падпольшчыкі атрымалі ордэн Айчыннай вайны пасмяротна». 

У экспазіцыі прадстаўлены асабістыя рэчы Яфіма Гапеева. Сярод іх — самаробная кабура, компас і сімвалічны ключ ад Ліды (да 20-годдзя Перамогі ён быў удастоены звання ганаровага грамадзяніна гэтага горада). Ордэн Айчыннай вайны Ι ступені атрымаў як адзін з кіраўнік партызанскага руху на тэрыторыі Лідскай партызанскай зоны. Акрамя таго, што пад яго камандаваннем партызаны ажыццяўлялі шматлікія буйныя аперацыі, Яфім Гапееў яшчэ быў і стваральнікам партызанскага тэатра. 

— «Наш тэатр» — так называлі гэтую трупу, — расказвае Марыя Гарэлікава. — Калі праходзілі гастролі тэатра ў лідскай партызанскай зоне, у варожых гарнізонах прайшла чутка, што на парашутах скінуты Ансамбль песні і пляскі з Масквы, з якім знаходзіцца адзін з кіраўнікоў партызанскага руху. За членамі трупы акупанты пачалі паляванне, але, на шчасце, схапіць кагосьці з тэатра ім не ўдалося. Тэатр падымаў у партызан баявы дух і ўсяляў у насельніцтва веру ў хуткую Перамогу. 

Ордэнам Айчыннай вайны Ι ступені быў узнагароджаны і легендарны дзед Талаш, які лічыцца адным з самых пажылых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Сярод ардэнаносцаў — і юныя ўдзельнікі партызанскай і падпольнай барацьбы. У прыватнасці, камандзір аддзялення падрыўнікоў атрада Калініна 2-й Дрысенскай брыгады Віцебскай вобласці Лёня Касач. Ён удзельнічаў у падрыве 12 эшалонаў праціўніка, а пасля вызвалення Беларусі пайшоў на фронт. Экспануецца ліст родным, у якім Лёня пісаў, што едзе помсіць ворагу за сваю родную Беларусь, і «куды б ён не трапіў, усе дарогі вядуць на Берлін, там і канец вайне». На жаль, да Перамогі ён так і не дажыў... Ордэна Айчыннай вайны ΙΙ ступені быў удастоены пасмяротна. 

Высокай узнагароды — ордэна Айчыннай вайны Ι ступені — таксама была ўдастоена юная падпольшчыца Люся Герасіменка, якая дапамагала сваім бацькам: дзяжурыла ў двары, калі ў іх кватэры праходзілі сходы падпольшчыкаў, перадавала партызанам медыкаменты, расклейвала лістоўкі, выходзіла на сувязь з вязнямі Мінскага гета. Аднак па даносе здрадніка дзяўчынка была схоплена і разам з маці трапіла ў турму. У камеры яна расказвала аднаму з падпольшчыкаў, што яе моцна былі падчас допыту, але яна маўчала. Люся загінула разам са сваёй маці ў машыне-душагубцы. 

Уся сям’я Хаўранковых, а гэта шэсць сясцёр, была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны. Дзве з іх, Марыя і Надзея, — пасмяротна. Яны былі партызанкамі 35-й брыгады Магілёўскай вобласці. Марыя расклейвала лістоўкі, на гэтае заданне яна хадзіла разам са сваім маленькім сынам. Калі іх схапілі, то катаванні, якім падвергнулася Марыя, ажыццяўляліся на вачах у малога. Аднак жанчына працягвала маўчаць і была павешана. 

У гонар 40-годдзя Вялікай Перамогі ордэнам Айчыннай вайны былі ўзнагароджаны ўсе ветэраны вайны, якія на той момант былі жывыя. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».