Вы тут

«Спадчына». Пачатак быў такім...


Часам у букіністычнай краме на вочы трапляюць асобныя нумары старых часопісаў асветніцкай, гістарычнай тэматыкі. «Маладосць», «Полымя», «Нёман» у букіністыку ніхто не здае. А вось і дарэмна... Няўжо не цікавымі збіральнікам кніжных рэдкасцяў пададуцца нумары перыядычных выданняў з першымі публікацыямі твораў Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча і, можа быць, Рыгора Барадуліна, Міхася Стральцова?!.


І ўсё ж «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» часам сустракаюцца. Нават «Наша гісторыя» ужо, здараецца, прадаецца ў букіністычным аддзеле. А вось часопіс «Спадчына» сустрэць — гэта рэдкая з’ява.

Гэтае выданне неяк выбліснула, ярка ўспыхнула і ... знікла. Лічыцца, што «Спадчына» — правапераемнік бюлетэня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Заснаванае ў 1965 годзе, яно ў 1970 годзе пачало выдаваць свой друкаваны орган. Паколькі ў савецкі час удзел у грамадскіх арганізацыях лічыўся абавязковым, то колькасць членаў гэтага рэспубліканскага таварыства дасягнула каля 1 мільёна чалавек. Варта нагадаць і тое, што таварыства, як правіла, узначальвалі віцэ-прэм’еры, адказныя за сацыяльную, культурную палітыку: Ніна Сняжкова, Ніна Мазай — у тым ліку...

Паверыць у гэта цяжка, але, відаць, некалькі пакаленняў беларусаў трымаюць у памяці маркі таварыства, якія абменьваліся на членскія ўзносы. Нават школьнікам выдавалі гэтыя маркі, адпаведна — і пасведчанні, узамен, зразумела, бралі невялікія ўзносы. Іх збіралі і на розныя іншыя таварыствы: напрыклад — на Таварыства Чырвонага Крыжа, таварыства кнігалюбаў і іншыя грамадскія «ініцыятывы» зверху.

Але і карысць з таварыства помнікаў была немалая. Па-першае, яму было даручана весці ўлік помнікаў. Найперш — зразумела, помнікаў у знак памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Па-другое, за сродкі, сабраныя таварыствам, ажыццяўляліся рэстаўрацыйныя работы ў Мірскім замку, Сафійскім саборы, на іншых аб’ектах. Праводзіліся розныя семінары, конкурсы, навукова-практычныя канферэнцыі. Дзякуючы спрыянню таварыства былі выдадзены і вельмі важныя, актуальныя манаграфіі даследчыкаў беларускай мінуўшчыны: Міхася Ткачова «Замкі Беларусі», Ю. Якімовіча «Драўлянае дойлідства беларускага Палесся», У. Чантурыя «Старонкі каменнага летапісу Беларусі»...

Што ж да «Бюлетэня...», то поруч з афіцыйнымі матэрыяламі, якіх хапала на яго старонках, тут друкаваліся арыткулы, карэспандэцыі краязнаўцаў, музейшчыкаў, школьных настаўнікаў гісторыі з розных куткоў краіны. Але і самім аўтарам, і арганізатарам музейнай справы ў Беларусі карцела мець іншае, болей шырокае выданне. Асабліва гэтая тэма пачала актуалізавацца ў сярдзіне 1980-х, з пачаткам перабудовы. І своеасаблівым генератарам выступіў Беларускі Фонд культуры. Узначальваў грамадскую арганізацыю на той час ужо вядомы пісьменнік — Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў.

Відаць, і ён, зацікаўлены ў тым, каб актыўнасці грамадскасці, аб’яднанай вакол БФК, агучваліся, каб пра іх расказвалася на ўсю рэспубліку, і многія рупліўцы краязнаўчай справы не аднойчы прагаворвалі пытанне аб нараджэнні новай перыёдыкі. Але ж і па тым, нават перабудовачным, часе рашэнне прымалі не ў Мінску. Рашэнне прымалі ў Маскве, у самім Цэнтральным Камітэце Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. Іван Гаўрылавіч не адважваецца самастойна звяртацца ў ЦК КПБ, разумеючы, што яго вагі, яго аўтарытэту можа і не хапіць. І тады нараджаецца наступны ліст...

У ЦК КПБ 13 верасня 1988 года піша старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР народны паэт Беларусі Максім Танк. Ліст усяго на адну старонку мае і назву — «Пра рэарганізацыю бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» у навукова-папулярны і грамадска-палітычны часопіс «Спадчына».

«У ідэалагічным выхаванні працоўных і асабліва моладзі, — чытаем мы ў лісце, які хутчэй за ўсё, канешне ж, не Танк пісаў, а пэўна, той самы старшыня Беларускага Фонда культуры, аўтар раманаў «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» Іван Чыгрынаў, — не апошняе месца займае гісторыя і культурная спадчына народа, шматвяковыя нацыянальныя традыцыі, без якіх немагчыма выхаванне любові і пашаны да зямлі сваіх продкаў, выхаванне пачуцця патрыятызму, адданасці справе рэвалюцыі і пераемнасці пакаленняў.

Пра гэта ішла гаворка і на апошнім пленуме праўлення СП БССР, які адбыўся 19-20 мая г. г.

З мэтай паляпшэння культурнай спадчыны народа пісьменніцкі пленум прыняў пастанову звярнуцца ў дырэктыўныя органы рэспублікі з прапановай рэарганізаваць бюлетэнь «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» у навукова-папулярны часопіс «Спадчына».

Гэта дасць магчымасць значна шырэй, больш разнастайна і цікава асвятляць пытанні культурнай спадчыны народа, а значыць, і паспрыяе выхаванню пачуцця савецкага патрыятызму ў самых шырокіх колах насельніцтва і, у першую чаргу, у моладзі». Коратка, па сутнасці справы, усё ў прынцыпе зразумела.

Рэзалюцый самыя высокія партыйныя начальнікі на лісце не пакінулі ніякіх, але, відавочна, далі вуснае «дабро» на разгляд пытання ў адпаведнасці з паўнамоцтвамі... І ўнізе «танкаўскага» звароту па новаму выданню з’яўляецца прыпіска: «Просьба дазволіць часопіс «Спадчына» накіравана ў ЦК КПСС...»

Так у Беларусі ў самы, лічы, пярэдадзень незалежнасці з’явіўся цікавы, адметны часопіс. Першы нумар за 1989 год уразіў падборам аўтараў: з мастацкімі і публіцыстычнымі тэкстамі выступалі Кандрат Крапіва, Пімен Панчанка, Максім Лужанін, Заір Азгур, Рыгор Барадулін, Мікола Ермаловіч... Была змешчана паэма Янкі Купалы «На Дзяды». Вадзім Круталевіч выступіў з артыкулам «Чаму паў урад Жылуновіча». Вячаслаў Чамярыцкі падрыхтаваў урыўкі з летапісаў, якія аб’яднала наступная назва — «Рагнеда і Уладзімір». Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў і каманда, якую ён здолеў сабраць вакол часопіса, паядналі пісьменнікаў і гісторыкаў, паядналі ўсіх, хто быў нераўнадушны да гісторыі сваёй Айчыны, роднай Беларусі...

Спярша часопіс выдавалі з разліку адзін нумар у квартал. У 1991 годзе — адзін раз у два месяцы. Каштоўнасць часопіса адразу вызначылася (і адпаведна тыраж яго з-за гэтага пачаў расці — даходзіў да 15 000 экзэмпляраў) публікацыяй на яго старонках тэкстаў ранейшых дзесяцігоддзяў з адпаведнымі грунтоўнымі каментарыямі. Як прыклад — «Западно-русізм» А. Цвікевіча ў 1992 — 1993 гг., «Беларусь у гістарычным дзяржаўным і царкоўным жыцці» А. Мартаса.

У апошнія гады «жыцця» «Спадчына» выдавалася хаатычна, відаць — у залежнасці ад сродкаў, якія знаходзіліся: было і такое, што адзін-два нумары ў год. Усяго за 1989 — 2011 гг. выйшаў 161 нумар.

Пачатак жа ў значнай ступені залежаў ад ліста Максіма Танка ў ЦК КПБ.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».