Вы тут

Балерына Ірына Варфаламеева: Берагчы памяць пра іх — мой абавязак


Па традыцыі, да Дня Вялікай Перамогі «Звязда» дзеліцца гісторыямі сваіх чытачоў пра родных, якія прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. Для маёй гераіні — прадстаўніцы творчай прафесіі — цэнтральная сталічная плошча і манумент Перамогі — вельмі сімвалічнае і любімае месца. Яе шлях ад дому да працы кожны дзень пралягае праз гэтую плошчу і стары парк. Вясною, калі дрэвы ў ім пачынаюць квітнець, дзяўчына ўспамінае сваіх мужных продкаў, якія змагаліся з ворагам за наша мірнае жыццё.


— Я люблю гэтае месца, перад спектаклем да манумента часта падыходжу. Яно надае мне сілы. Кожны дзень я тут бываю чатыры разы. Калі помнік быў на рамонце, вельмі чакала яго адкрыцця. І калі да 9 Мая яго адкрылі, мы разам з мамай знялі тут відэаролік. Памятаю, ліў моцны дождж, а мы прывезлі цюльпаны з лецішча, вялікую ахапку, здымалі на тэлефон, потым я сама манціравала, — узгадвае мая гераіня, балерына Вялікага тэатра оперы і балета Ірына Варфаламеева.

Яна лічыць, што сёння нам няма на што скардзіцца.

— Калі ўявіць, што прыйшлося перажыць нашым папярэднікам у гады Вялікай Айчыннай вайны, то разумееш, што мы жывём у ідэальных умовах, — разважае Ірына.

Для яе вельмі дарагія ўспаміны родных, якіх закранула вайна. Дзяўчына збірае ўсё, што звязана з жыццёвым шляхам яе продкаў і лічыць, што берагчы памяць сваіх абодвух прадзядуль, якія ваявалі ў Вялікую Айчынную вайну і дайшлі да Берліна — вялікі абавязак. У перадсвяточныя майскія дні мы сустрэліся з балерынай, каб пагутарыць аб ваеннай старонцы гісторыі яе сям’і.

— У дзяцінстве ад мяне нічога не хавалі, не бераглі, як сёння многія робяць, дзіцячую псіхіку — я хадзіла на магілу невядомага салдата, наведвала помнікі, вывучала гісторыю Беларусі, у пачатковай школе з класам ездзілі ў Хатынь, каля манумента Перамогі мне павязвалі гальштук, калі ўступала ў шэрагі піянераў. За ўсё гэта дзякуй маёй настаўніцы пачатковых класаў Марыне Уладзіміраўне Раткевіч. Таму ўсё неяк успрымалася лёгка — мы з асаблівым пачуццём ставіліся да гэтай тэмы, — узгадвае Ірына.

З цягам часу дзяўчына стала цікавіцца Вялікай Айчыннай вайной. Ірына часта прасіла бабулю расказаць аб гераічным мінулым яе сям’і.

Нябожчыца бабуля Ірына Фядосаўна, якая нарадзілася ў 1944-м, расказвала, што яе бацька, а значыць, прадзядуля Ірыны — Фядос Аляксеевіч Васіленка — быў чалавекам жорсткім і не любіў расказваць пра вайну. Па меркаванні бабулі, палон, у які ён трапіў, закаліў характар да канца яго дзён.

Фядос Аляксеевіч нарадзіўся ў 1909 годзе ў Крычаве. Ён быў наводчыкам гарматы ўзвода 45-міліметровых пушак, ваяваў у другім стралковым батальёне, 1113-м стралковым Чырванасцяжным палку, 330-й стралковай Магілёўскай Чырванасцяжнай дывізіі. Прайшоў увесь шлях ад Магілёўскай вобласці да Берліна. Звесткі, якія захаваліся ў старых дакументах, гавораць, што 19 чэрвеня 1944 радавы Васіленка быў паранены, атрымаў цяжкае асколачнае раненне.

— У мяне ёсць узнагародны ліст, у якім значыцца, што ён быў паранены, але не сышоў з поля бою, каб не аддаць месца, за якое змагаўся, — дэманструе пажаўцелы ад часу дакумент дзяўчына. — Яны дабілі ворагаў, аднак параненага прадзядулю ўзялі ў нямецкі палон, а пасля вызвалення, ён атрымаў ордэн Славы ІІІ ступені. Напэўна, таму ён быў чалавекам закрытым.

Сярод шматлікіх узнагарод Фядоса Аляксеевіча, якія захаваліся ў сямейным архіве, — медаль «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941— 1945 гг.», медалі «Дваццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «50 гадоў Узброеных Сіл СССР», Удзячнасць ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Маршала Савецкага Саюза таварыша Сталіна за выдатныя баявыя дзеянні пры фарсіраванні ракі Одэр, авалоданні гарадамі Анклам, Фрыдланд, Найбрандэнбург, Ліхэн, Хойніцэ (Коніц), Бытуеў, Касцежына, гарадамі Памераніі і іншых, а таксама Удзячнасць за шчырыю службу, падпісаную ў 1945-м маршалам Савецкага Саюза Г. Жукавым і генералам-лейтэнантам Цялегіным.

— Мой прадзядуля памёр у 1980-м годзе якраз напярэдадні Дня Перамогі, і мая бабуля тады палічыла правільным пахаваць разам з героем вайны і яго медалі. Такім чынам дакладна не магчыма пакуль сабраць даныя аб усіх узнагародах, медалях і ордэнах майго прадзядулі. Таму мая праца з архіўнымі дакументамі працягнецца.
Другі прадзядуля Ірыны Ягор Панкратавіч Варфаламееў з Расіі, ён таксама прайшоў усю вайну.

— Гэта бацька мужа маёй бабулі, — тлумачыць дзяўчына. — Ён нарадзіўся ў 1915 годзе ў сяле Панкрушыха Алтайскага краю. 

Ірына з усмешкай гаворыць, што іх дні нараджэння аддзяляе толькі два дні — Ягор Панкратавіч нарадзіўся 15 мая, а яго праўнучка роўна праз 80 гадоў 17 мая. Гэта толькі лічбы, дадае дзяўчына, але для яе такая нумералогія многае значыць: у гэтых датах гераіня бачыць пэўную сувязь з родным ёй чалавекам.

На фронт прадзядуля Ірыны пайшоў у 1941 годзе. Ваяваў на першым Украінскім фронце, у першай танкавай арміі, 64-й танкавай брыгадзе, 49-м мотастралковым батальёне. Ягор Панкратавіч прайшоў увесь шлях ад Алтая да Берліна.

— Ён атрымаў два ордэны Чырвонай зоркі, медаль «За адвагу, «За Перамогу над Германіяй». Першы ордэн Чырвонай Зоркі прадзядуля атрымаў на Калінінскім фронце за ўзяцце горада Куўшынава, другі ордэн Чырвонай Зоркі — за горад Харкаў, — пералічвае Ірына, гледзячы ва ўзнагародныя лісты, якія яна беражліва захоўвае ў сваім асабістым архіве. 

Ягор Панкратавіч меў пяць раненняў за ўвесь перыяд вайны, якую скончыў пасля апошняга, цяжкага, ранення ў Харкаве. Лейтэнант Варфаламееў вярнуўся ў роднае сяло. Там сустрэў Дзень Перамогі і ў 1945-м стаў узначальваць калгас. Родныя Ірыны з Новасібірска расказалі, што вяртанне Ягора Панкратавіча тады чакалі ўсе аднасяльчане. Будучы старшынёй калгаса ён змог прынесці карысць роднай зямлі і людзям. І цяпер жыхары мястэчка ганарацца сваім земляком, пішуць аб ім у мясцовых газетах. Ягор Панкратавіч памёр 9 ліпеня 2003 года ва ўзросце 88 гадоў. 

Ірына стараецца падтрымліваць стасункі з роднымі праз інтэрнэт і, нягледзячы на складаны тэатральны графік, марыць наведаць магілу свайго прадзеда ў Алтайскім краі.

— Артыкулы, фотакарткі, дакументы пра майго гераічнага прадзядулю мне дасылалі родныя з Новасібірска, — дзеліцца гераіня. — Вельмі хачу з’ездзіць у Расію, пабачыць сваіх родных па лініі прадзядулі, з якімі ніколі не бачылася. Пакуль жа перапісваемся з імі ў інтэрнэце. Аднак думаю, мая мара спраўдзіцца.

У гэтым годзе ў дзяўчыны не стала бабулі Ірыны Фядосаўны і дзядулі Аляксея Ягоравіча, якія падчас Вялікай Айчыннай былі дзецьмі і спазналі ўсе цяжкасці пасляваеннай разрухі, разам з астатнімі аднаўлялі краіну. Таму цяпер для дзяўчыны як ніколі важна падтрымліваць сувязь з роднымі, разам збіраць і захоўваць памяць продкаў.

Наша гераіня кожны год перад святамі 9 Мая і 3 ліпеня стараецца паўдзельнічаць у розных патрыятычных праектах, знаходзіць цікавыя айчынныя і замежныя інтэрактыўныя платформы, дзе можна пакінуць ці знайсці новую інфармацыю пра сваіх прадзедаў-герояў, самастойна стварае відэаролікі на тэму Вялікай Айчыннай вайны і актыўна выкладае іх у інтэрнэт. 

 

Ірына ўдзельнічала таксама і ў беларускай акцыі «Беларусь памятае», дзе зняла два відэаролікі, якія паказвалі па ТБ, а летась каля сцяны Крамля ля помніка Мінску-герою дзяўчына ўскладала кветкі — і стараецца рабіць гэта часцей, каб не забывалася памяць нашых абаронцаў. Сёлета ў танцоркі Вялікага таксама ёсць у планах зрабіць што-небудзь цікавае да Свята Перамогі і Незалежнасці.

Усё гэта балерына робіць у тым ліку, каб больш людзей ведала і не забывала сваіх герояў. Аднак адзінае, што Ірына жадае — паболей вольнага часу, каб была магчымасць далей працягваць расказваць людзям аб гераічным мінулым нашых продкаў.

Надзея ЗУЕВА

Фота з сямейнага архіва Ірыны Варфаламеевай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».