Вы тут

Наталля Качанава: Галоўнае — твая краіна, твой народ, твая зямля. Эксклюзіў «Звязды»


Старшыня Савета Рэспублікі — аб народным Прэзідэнце, Канстытуцыі будучыні, гістарычнай памяці і сацыяльнай адказнасці ў эксклюзіўным інтэрв’ю газеце «Звязда». Як заўсёды — абсалютна шчыра і адкрыта, без забароненых тэм і пытанняў. Чытачы напэўна адкрыюць для сябе Наталлю Іванаўну не толькі як дасведчанага дзяржаўнага дзеяча, але і як чалавека з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, мудрага кіраўніка, надзейнага таварыша і сапраўдную беларускую жанчыну.


Беларускі шлях — эвалюцыйнае развіццё

— Паважаная Наталля Іванаўна, 4 мая адбылося трэцяе пасяджэнне восьмай сесіі Савета Рэспублікі. На яе адкрыцці вы адзначылі, што Дзень Канстытуцыі ў 2022 годзе набыў асаблівыя статус, ролю і значэнне. Што пад гэтым вы мелі на ўвазе?

— Сапраўды, 15 сакавіка 2022 года мы адкрылі не толькі восьмую сесію Савета Рэспублікі, але і, па сутнасці, пачалі новы этап развіцця беларускага дзяржаўнага будаўніцтва і айчыннага парламентарызму. Значэнне гэтай падзеі ў сучаснай гісторыі нашай краіны цяжка пераацаніць.

Справа ў тым, што, як мне здаецца, за апошні час мы, беларусы, сталі лепш разумець працэсы, якія адбываюцца, і мацней шанаваць тое, што маем. Мы ўбачылі, што адбываецца ў свеце — усё тое, пра што казаў наш Прэзідэнт, паважаны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, пра геапалітычную перабудову і псеўдакаштоўнасці, якія спрабуе навязаць усім калектыўны Захад, сапраўды, выйшла на паверхню. І мы прыкметна пасталелі як нацыя.

Таму, актыўна ўключаючыся ў грамадскія абмеркаванні праекта і пасля, прыйшоўшы на рэспубліканскі рэферэндум, людзі падтрымалі не толькі прапанаваныя навацыі ў Асноўны Закон. Перш за ўсё мы выступілі ў абарону нашай Айчыны, міру і спакою на беларускай зямлі. Беларусы выбралі шлях эвалюцыйных стваральных пераўтварэнняў.

На самай справе лічба «83 працэнты» сведчыць пра вельмі многае: пра тое, што беларусы — гэта адзіная і суцэльная нацыя, што па ўсіх асноўных пытаннях развіцця краіны ўлада і грамадства слухаюць і чуюць адзін аднаго, што нашы грамадзяне падзяляюць і падтрымліваюць палітычны курс, які праводзіцца кіраўніцтвам краіны... Усё гэта значыць, што на пытанне нашага Прэзідэнта: «Ці гатовыя вы плаціць за суверэнітэт і незалежнасць?» беларускі народ адказаў сцвярджальна. Гэта архіважна для будучыні Беларусі.

Таму, безумоўна, у 2022 годзе Дзень Канстытуцыі, калі прынятыя на рэспубліканскім рэферэндуме навацыі ўступілі ў сілу, стаў асаблівым. Гэтая дата — не проста дзяржаўнае свята, гэта дзень па-сапраўднаму блізкі кожнаму, хто любіць Беларусь і жадае нашай краіне далейшага развіцця і росквіту.

Дзяржава — сама па сабе каштоўнасць

— На ваш погляд, якую ролю ў нацыянальным сталенні беларускага грамадства адыгралі падзеі 2020 года? Як тая сітуацыя ўспрымаецца вамі сёння?

— Няма ніякага сумнення, што мы сапраўды маглі страціць сваю краіну. Усё стала відавочным менавіта ў жніўні 2020 года, калі Беларусь падверглася масіраванай гібрыднай атацы звонку. Тое, што адбывалася, было выразна спланавана супраць незалежнасці, суверэнітэту і 30-ці гадоў дасягненняў нашай краіны.

Мы пераканаліся ў гэтым не толькі на ўласным вопыце, але і на прыкладзе іншых краін. Гісторыя неаднаразова вучыла нас: паглядзіце — што магло б быць з нашай краінай. Але ведаеце, жыццё паказвае, што, напэўна, гэта павінна было адбыцца — ва ўсякім выпадку, мы даведаліся, хто чаго варты і хто ёсць хто.

Гэтыя падзеі паказалі, наколькі выразна выбудаваная сістэма ўлады, якая не дазволіла знішчыць беларускую дзяржаўнасць, што значыць прэзідэнцкая рэспубліка і моцны Прэзідэнт — лідар сваёй краіны і нацыі.

Наш кіраўнік дзяржавы — гэта на самай справе той чалавек, вакол якога ў цяжкую хвіліну з’ядналіся ўсе, хто разумеў, што за гэтым стаіць. Таму што ў нас народны Прэзідэнт — гэта праўда. Ён той чалавек, які бязмерна любіць сваю краіну, свой народ і робіць усё для захавання міру, спакою і суверэнітэту Беларусі.

Таму ніякіх страхаў асабіста ў мяне тады не было. Я не магла ўявіць і паверыць, што краіна можа быць разбурана. У душы ў мяне не было ніякіх сумненняў — усё будзе добра. Я разумела: нам трэба жыць і працаваць, як мы жылі і працавалі да гэтага.

Хоць даводзілася і расчароўвацца ў некаторых людзях, якім давяраў і ў якіх быў упэўнены, што яны адданыя сваёй краіне, народу, Прэзідэнту. Мне шчыра шкада такіх людзей. У іх няма стрыжня і якасцяў, уласцівых нармальнаму чалавеку: сумленнасці, прыстойнасці, пачуцця справядлівасці, любові і адданасці. Людзі, здольныя на здраду, — агідныя, не больш за тое.

Разумееце, калі ў чалавека ёсць у жыцці свае асновы і перакананні, яму лягчэй жыць. Хай на нейкім этапе цяжка, наогул немагчыма... Але ў цябе ёсць жыццёвыя асновы, якія ты ніколі не аддасі, таму што самае страшнае — жыць не ў ладах з сабой і сваім сумленнем. Я заўсёды думала: «Як гэтыя людзі могуць?». Я, напрыклад, гэтага не разумею. Але разумею і іншае: сваё меркаванне не навяжаш і не ўставіш у галаву іншага чалавека.

Напэўна, з прычыны нашага менталітэту мы недастаткова гаворым аб тым, якая цудоўная наша краіна. Мы, беларусы, досыць сціплыя людзі, а трэба было б больш паказваць, каб людзі разумелі — нам ёсць чым ганарыцца! Добрыя справы трэба паказваць больш, каб усе разумелі, што маюць, і шанавалі тое.

Жылі і жыць будзем!

— Спроба дзяржаўнага перавароту правалілася, але калектыўны Захад працягвае гібрыдную вайну супраць нашай краіны, і адзін з упадабаных метадаў — санкцыйны ціск. Насуперак санкцыям беларуская эканоміка, паводле статыстыкі, дэманструе рост. Гэта парадокс ці дакладна выбудаваная эканамічная палітыка?

— Не, гэта не парадокс, а вынік работы, калі ўсе разумеюць, што трэба рабіць. Прэзідэнт выразна паставіў задачу ўраду: нашы людзі не павінны адчуць на сабе санкцый, і ўрад прымае абсалютна вывераныя і дакладныя крокі, каб забяспечыць эканамічны рост у нашай краіне. Як сказаў кіраўнік дзяржавы: «Нам трэба не проста выжыць — трэба развівацца».

А гэта задачы, якія задоўга да санкцыйнага ціску ставіліся Прэзідэнтам: імпартазамяшчэнне, дыверсіфікацыя экспарту, развіццё рэгіёнаў... Неаднаразова пра гэта гаварылася: мы павінны працаваць з усімі і знаходзіць шляхі для рэалізацыі сваёй прадукцыі, выпускаць тое, што сёння запатрабавана на рынку, мець усё сваё, забяспечваць харчовую бяспеку.

Што няправільна? Сёння мы маем усё і можам жыць аўтаномна, самастойна, забяспечваючы сваю харчовую бяспеку і яшчэ пастаўляючы на экспарт прадуктаў харчавання на 6 мільярдаў долараў. Таму ўсе задачы, якія дазвалялі б краіне жыць нармальна і развівацца, пастаўлены не сёння і не ўчора, і не тады, калі да нас пачалі прымяняць санкцыі. Паўсвету жыве пад санкцыямі, і мы да іх ужо прывыклі.

Наша Канстытуцыя — унікальная

— Вяртаючыся да тэмы канстытуцыйных пераўтварэнняў: Асноўны Закон замацоўвае паўнамоцтвы Старшыні Савета Рэспублікі фактычна на ўзроўні другой асобы ў дзяржаве. Ці ўспрымаеце вы дадзеную навацыю як павышэнне адказнасці, ускладзеную асабіста на вас?

— Канстытуцыйныя паўнамоцтвы павінны праецыравацца на пасады і ні ў якой меры на канкрэтныя персаналіі. Гэта справядліва і для паўнамоцтваў, якія ўскладаюцца на кіраўніка верхняй палаты парламента ў выпадку наступлення пэўнай сітуацыі да правядзення прэзідэнцкіх выбараў.

Тым і ўнікальная наша Канстытуцыя, што ствараўся гэты дакумент не пад асобы, а пад сістэму дзяржаўнай улады і кіравання, якая функцыянуе ў нашай краіне.

Калі ў прэм’ер-міністра будуць сканцэнтраваны ўсе ўладныя функцыі, то наколькі гэта службовая асоба можа заставацца незалежнай у прыняцці рашэнняў? У той жа час Старшыня Савета Рэспублікі — гэта кіраўнік прадстаўнічага органа, галоўнымі задачамі якога з’яўляюцца ўхваленне законапраектаў, удзел у іх далейшай рэалізацыі і работа з насельніцтвам. І таму гэта абсалютна правільнае рашэнне.

Усё найлепшае для нас — у нашых традыцыях

— Праз вас як намесніка старшыні Канстытуцыйнай камісіі, члена рабочай групы па дапрацоўцы праекта змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь прайшло мноства прапаноў. Якія новаўвядзенні найбольш блізкія асабіста вам?

— Многія змяненні і дапаўненні ў Асноўны Закон мне блізкія: аб духоўных і маральных каштоўнасцях у прэамбуле, аб захаванні гістарычнай памяці, аб шлюбе як саюзе мужчыны і жанчыны — здавалася б, трывіяльна, але замацоўвае традыцыйныя для беларускага грамадства падыходы.

У Канстытуцыі найвышэйшы орган народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь — Усебеларускі народны сход. Некаторыя кажуць: «У нас ёсць парламент, гэта будзе другі парламент». Адкажу: «Не!». У іх абсалютна розны функцыянал. Нацыянальны сход — Савет Рэспублікі і Палата прадстаўнікоў — працуе перш за ўсё над законапраектамі. А гэты дзяржаўны орган будзе стабілізацыйным, самыя дастойныя людзі будуць з’яўляцца дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу.

Тым больш што такая форма зарэкамендавала сябе вельмі добра: бо і першы, і шосты Усебеларускі народныя сходы праходзілі ў вельмі няпростых умовах. Першы — калі краіну трэба было адвесці ад прорвы і па ініцыятыве Прэзідэнта сабралі гэты сход, былі прыняты рашэнні, якія дазволілі перажыць палітычны крызіс, што меў месца ў той час, прыняты выразныя ўстаноўкі па развіцці нашага грамадства. Наступныя чатыры сходы мелі сацыяльна-эканамічную накіраванасць. У цэнтры ўвагі шостага сходу былі пытанні не толькі сацыяльна-эканамічнага развіцця, але і грамадска-палітычнага становішча ў нашай краіне.

Таму надзяленне Усебеларускага народнага сходу канстытуцыйным статусам — вельмі важная навэла. Такога інстытута ўлады няма нідзе, але я думаю, ён спрацуе эфектыўна.
Акрамя таго, Савет Рэспублікі з’яўляецца ініцыятарам з’яўлення асобнага «маладзёжнага» артыкула, бо мы разумеем, наколькі важна сёння працаваць з моладдзю. Што датычыцца дзейнасці Нацыянальнага сходу, мы ўнеслі прапанову па ўвядзенні адной сесіі ў год, каб парламентарыі маглі працаваць практычна цэлы год і аператыўна прымаць законы. Як бачым, такі фармат дзейнасці выніковы.

Законы — ад жыцця

— Наталля Іванаўна, вы — вельмі шчыры і адкрыты чалавек. Людзі гэта адчуваюць і заўсёды імкнуцца трапіць на асабісты прыём менавіта да вас. Тысячы зваротаў і жыццёвых гісторый... З якімі пытаннямі прыходзяць грамадзяне да прадстаўнікоў улады і якім чынам гэтыя пытанні вырашаюцца?

— Я неаднаразова казала пра тое, што, наведваючы той ці іншы рэгіён, можна вызначыць найбольш актуальныя пытанні ў кожным з іх: у адным гэта можа быць працаўладкаванне, у іншым — добраўпарадкаванне, у трэцім — яшчэ нешта. Але апошнім часам прыходжу да высновы, што самае галоўнае, каб чалавек, да якога звяртаюцца людзі, мог кваліфікавана падказаць і дапамагчы. У Савет Рэспублікі паступае дастаткова шмат зваротаў, калі не так пракансультавалі ў частцы пенсіённага забеспячэння, архітэктуры і будаўніцтва, пастаноўкі на чаргу ў паляпшэнні жыллёвых умоў тых, хто мае ў гэтым патрэбу... Гаворка пра тое, што кадры на месцах павінны быць высокапрафесійнымі. Жыццё змяняецца — змяняецца заканадаўства, усё трэба своечасова вывучыць, каб правільна падказаць людзям і дапамагчы ім у вырашэнні іх пытання.

Дарэчы, ні ў адной краіне свету няма такой выразна выбудаванай сістэмы работы з людзьмі, як у нашай, калі чалавек можа звярнуцца, куды ён палічыць патрэбным.

Што датычыцца традыцыйных пытанняў, з якімі звяртаюцца людзі, то звычайна гэта добраўпарадкаванне. Дастаткова шмат пытанняў па зямельных участках для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва, да якіх дадаюцца міжасобасныя адносіны. Ёсць пытанні, што датычацца судовай улады: некаторыя людзі лічаць, што несправядліва паставіліся да іх сваякоў, блізкіх, але, як правіла, колькі мы займаемся такімі пытаннямі, усе рашэнні былі раней правамерна прынятыя.

Дарэчы, прыёмы па асабістых пытаннях і сустрэчы з людзьмі важныя для нас, таму што мы працуем з законамі. Калі мы разглядаем той ці іншы законапраект, мы ведаем, дзе ёсць праблемы і на што неабходна звярнуць увагу. Напрыклад, цяпер мы займаемся праектам указа па зямлі, і я адразу згадваю пытанні, з якімі да мяне звярталіся грамадзяне: магчымасць будаўніцтва яшчэ аднаго жылога дома на выдзеленым участку, калі ў доме жыве некалькі сем’яў і яны маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і шмат іншых пытанняў, якія ідуць ад жыцця. Таму, чым больш мы ведаем інфармацыі ад людзей, тым лягчэй працаваць над праектамі законаў і іншых нарматыўных прававых актаў.

Кожны ў адказе за сваю краіну

— Мы ўжо закранулі тэму захавання гістарычнай памяці. На жаль, сёння ў заходнім свеце, у некаторых постсавецкіх краінах назіраюцца спробы рэабілітацыі нацызму. Мы замацавалі неабходнасць захавання гістарычнай памяці ў Асноўным Законе краіны. Ці дастаткова гэтага?

— Замацаваўшы нормы аб неабходнасці захавання гістарычнай памяці ў Канстытуцыі, мы разумеем, што гэта базіс, на якім павінна выбудоўвацца і патрыятычнае выхаванне моладзі, і выхаванне грамадства ў цэлым. У ходзе адной з прамых тэлефонных ліній па гэтай тэме да мяне звярнулася жанчына паважнага ўзросту і сказала вельмі мудрую думку: «Найлепшы выхавальнік — гэта патрэба». І гэта сапраўды так. Людзі, якія перажылі вайну і пасляваенны час, жылі вельмі сціпла, цяжка працуючы. Але яны былі шчаслівыя тым, што не ляцяць бомбы на іх галовы, не рвуцца снарады і можна жыць спакойна. Потым па меры ўзрастання матэрыяльнага дастатку і сацыяльнага дабрабыту ўсё пачынае ўспрымацца крыху па-іншаму.

І каб не было паўтарэння тых жахаў, нягод і страт, якія перажылі папярэднія пакаленні, людзі павінны кожны раз востра адчуваць: гэта — не данасць раз і назаўжды, у любую хвіліну можа стаць па-іншаму. Для любога чалавека самае страшнае — гэта вайна. Тады не думаеш ні аб набыцці машыны, ні аб будаўніцтве кватэры, ні аб якіх іншых выгодах... Тады ўжо нічога таго не трэба.

Калі сёння фальсіфікацыя і фэйкі запаланілі ўсё і даступнасць інфармацыі такая, што кнігі чытаць многія не хочуць, у музей схадзіць ім таксама няма калі, а за ўсё хутчэй і прасцей паглядзець навіны ў мабільным тэлефоне і ўспрыняць іх за праўду. Але праўда не ў гэтым. Праўда ў тым, каб памятаць і шанаваць людзей, якія загінулі, адстойваючы свабоду і незалежнасць нашай краіны.

Калі я распавядала сваёй чатырохгадовай унучцы пра вайну, яна казала: «Бабуля, я люблю слухаць пра вайну, але толькі мне чамусьці заўсёды хочацца плакаць». Я ёй адказвала: «Добра, што табе хочацца плакаць. Значыць, ты разумееш, як гэта дрэнна і страшна».

Трэба пастаянна нагадваць людзям, што чалавечае жыццё — неацэннае. У дадзеным кірунку патрэбна яшчэ вялікая, сур’ёзная работа. Пра гэта нельга забываць.

Акрамя таго, з намі яшчэ ёсць ветэраны, якія з’яўляюцца сведкамі той страшнай вайны. І праўду, якую яны даносяць да нас, мы абавязаны перадаваць. Яшчэ пройдзе нейкі час, і з намі не будзе гэтых людзей. Таму мы павінны вучыцца на гістарычных падзеях і фактах, якія перажыў наш шматпакутны народ. Інакш мы перастанем разумець, што кожны ў адказе за сваю краіну.

Не адзін ці два, ці дзясятак людзей, якія кіруюць краінай, — мы ўсе павінны разумець адказнасць за будучыню сваёй краіны. Тады гэта дасць вынік. Адсюль і мітынгі-рэквіемы, і наведванні музеяў, і вахты Памяці, якія нясе моладзь і ганарыцца гэтым. Аб усім гэтым трэба казаць і рабіць усё для ўсведамлення кожным, што самае галоўнае — гэта твая краіна, мір і спакой у ёй.

Вялікае свята — Дзень Перамогі

— Ёсць падзеі, даты, імёны, якія ўвайшлі ў гісторыю кожнага горада, вёскі, краю, краіны і нават у гісторыю ўсёй Зямлі. У гэтыя дні ўсёй краінай мы святкуем 77-ю гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Што б вы хацелі сказаць нашым ветэранам, цяперашняму пакаленню беларусаў, моладзі?

— Дзень Перамогі — гэта сапраўды ўсенароднае свята, і ў Год гістарычнай памяці ён набывае асаблівае значэнне. Гэта светлы дзень, але, разам з тым, чым далей мы ад гэтай даты, тым больш кранальнай яна становіцца для кожнага з нас, тым большы водгук у нашых сэрцах знаходзіць памяць аб той страшнай трагедыі, якая адбылася на нашай зямлі.

І абсалютна правамерна Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка сказаў, што наша Беларусь — гэта помнік той вялікай вайне.

Светлая памяць аб тых людзях, якія адстаялі свабоду і незалежнасць нашай краіны, захаваецца ў нашых сэрцах. Нізкі паклон усім тым, хто сёння разам з намі, нізкі паклон тым, хто злажыў галовы за свабоду і незалежнасць нашай краіны, хто не дазволіў нацызму ўзяць верх і дзякуючы каму мы сёння жывём пад мірным небам. Мы павінны памятаць гэты подзвіг. І мы будзем памятаць. Наш святы абавязак — захоўваць гістарычную памяць аб гераічным мінулым беларускага народа і перадаваць яе з пакалення ў пакаленне.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі