Вы тут

Навацыі ў працы: Малако за шкоду, атэстацыя рабочых месцаў і аўтаматызацыя вытворчасці


На працягу апошніх трох гадоў у Беларусі назіраецца зніжэнне вытворчага траўматызму: на 8 % — агульнага і больш як на 6 % — смяротнага. Пры гэтым летась на вытворчасці пацярпела 1886 чалавек, загінула — 132. Самыя траўманебяспечныя галіны ў Беларусі — прамысловасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва, транспартная дзейнасць. Пра небяспечныя прафесіі, шкодныя ўмовы працы, нулявы траўматызм і меры паляпшэння аховы працы расказалі эксперты.


Фота: pexels.com

Тыдзень нулявога траўматызму

Пытанням аховы працы трэба аддаваць увагу кожны дзень і нават кожную гадзіну, бо работнікі заўжды знаходзяцца ў рабочым працэсе і ў зоне, дзе з імі можа здарыцца няшчасны выпадак. Сёлетняя тэматыка Сусветнага дня аховы працы Міжнароднай арганізацыяй працы вызначана як задача «Агульнымі намаганнямі сфарміраваць пазітыўную культуру аховы працы», то-бок — працаваць над пытаннямі аховы працы сумесна з сацыяльнымі партнёрамі: прафсаюзамі, аб'яднаннямі наймальнікаў, дзяржавай, акцэнтаваў увагу Ігар Старавойтаў, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны.

— У нашай краіне палітыка сумеснай работы з прафсаюзамі мае ўжо сур'ёзную гісторыю. У 2019-м Мінпрацы і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі заключылі пагадненне, згодна з якім мы сумесна вырашаем пытанні аховы працы. Летась, напрыклад, працавалі ў тым ліку і над удасканаленнем нарматыўна-прававой базы і прынялі шэраг рашэнняў, якія дапамогуць у будучым работнікам і наймальнікам вытрымліваць пытанні аховы працы.

Важная пастанова Саўміна датычыцца атэстацыі рабочых месцаў па ўмовах працы. Цяпер усе арганізацыі краіны незалежна ад формы работы, дзе работнікі працуюць у шкодных умовах працы, павінны праводзіць такую атэстацыю. Раней дадзенае пытанне было спрэчным. 21 верасня летась уступілі ў сілу Правілы па ахове працы № 53, якія вызначаюць міжгаліновыя патрабаванні і маюць вялікае значэнне для ўсіх галін. У новай рэдакцыі шмат змяненняў, і адно з асноўных — магчымасць весці дакументы па ахове працы ў электронным выглядзе, удакладніў Ігар Старавойтаў:

— Дакумент, які дапаможа мясцовым органам улады ў рэгуляванні пытанняў аховы працы, — рэкамендацыі Мінпрацы па фарміраванні тэрытарыяльных сістэм кіравання аховай працы. Сёлета ў красавіку ўнесены змяненні ў Пастанову Саўміна № 260, што рэгулюе пытанні прадастаўлення работнікам, якія працуюць у шкодных умовах, малака. Не ўсе работнікі маглі піць малако, узнікалі цяжкасці з яго набыццём і захоўваннем. Цяпер замест малака работнікі змогуць атрымліваць кісель, чай ці іншыя харчовыя прадукты, якія больш зручна захоўваць і нават браць у камандзіроўку.

Летась у краіне запрацавала праграма «Рынак працы і садзейнічанне занятасці», дзе пытанням аховы працы прысвечана задача № 4. З мінулага года сталі прымяняць новыя падыходы. Упершыню арганізавалі «Тыдзень нулявога траўматызму», абазначыў намеснік міністра:

— Сутнасць яго ў тым, каб максімальна задзейнічаць усе рычагі ўвагі: наглядных і ідэалагічных органаў, грамадскага кантролю, прафсаюзаў, каб не дапусціць траўматызму ў гэты тыдзень. Сёлета ў краіне плануем зладзіць ужо два тыдні нулявога траўматызму ў кожным рэгіёне. У краіне тры раёны: Бешанковіцкі, Краснапольскі і Хоцімскі — на працягу года не дапускалі вытворчага траўматызму.

Трэць загінулых — мужчыны са стажам да года

Тры чвэрці пацярпелых ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці (77,4 %) — мужчыны. У выніку здарэнняў інвалідамі летась прызнаныя 126 чалавек, 182-м — канстатаваны пэўны працэнт страты працаздольнасці. Рэспубліканскі каэфіцыент частаты вытворчага траўматызму — колькасці асоб, якія атрымалі траўмы, на сто тысяч работнікаў — знізіўся з 49,1 да 49. Гэты каэфіцыент у сельскай гаспадарцы складае 132, а ў будаўніцтве — 117. Зыходзячы з сезоннасці работ, цяпер у большасці абласцей аб'яўлены месячнікі бяспекі ў сельскай гаспадарцы, падзяліўся Аляксандр Семіч, дырэктар дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Мінпрацы:

— Большасць пацярпелых (фактычна кожны трэці) — мужчыны ад 51 да 60 гадоў. Прааналізаваўшы смяротны траўматызм, мы высветлілі, што 30 % загінулых летась мелі стаж работы па прафесіі да аднаго года. Значыць, не да канца адпрацаваны інструктаванне, навучанне і стажыроўкі работніка, якога выпускаюць у новую прафесію.

З іншага боку, 17,4 % загінулых маюць стаж 20 гадоў. Гэта, напэўна, іншая крайнасць — празмерная ўпэўненасць у сваіх уменнях, і тут гаворка пра забеспячэнне працоўнай і выканаўчай дысцыпліны, падкрэсліў дырэктар дэпартамента. Ён нагадаў пра леташнія змяненні ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, згодна з якімі ў кампетэнцыі ведамства — устанаўленне адміністрацыйнай адказнасці для работніка за парушэнне ім правілаў аховы працы. У большасці выпадкаў, калі работнік прызнаваў свае парушэнні і гэта было ўпершыню за год, дэпартамент выносіў папярэджанне. У краіне працуюць 80 тысяч інспектараў па ахове працы, якія за год выяўляюць больш як 400 тысяч парушэнняў.

Найбольш траўманебяспечныя прафесіі: кіроўца аўто, слесар, жывёлавод, падсобны рабочы, трактарыст. Траўмы яны атрымліваюць падчас рамонту траспартных сродкаў і прылад, а таксама падчас палявых работ. І адбываецца гэта з-за высокай долі ручной працы. Таму, дарэчы, тая ж аўтаматызацыя на малочна-таварных фермах павінна прывесці да зніжэння траўматызму, лічыць Аляксандр Семіч:

— Тым не менш, першы рубеж абароны бяспекі — сам супрацоўнік, які павінен не грэбаваць правіламі бяспекі. 22,2 % смяротных здарэнняў летась адбылося з-за таго, што работнікі парушылі правілы бяспекі.

Неспрыяльныя ўмовы працы

Супрацоўнікі дэпартамента стараюцца знаходзіць новыя формы нагляду за вытрымліваннем патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы. У прыватнасці, сёлета 28 лютага быў падпісаны Указ № 73, які ўносіць змяненні ва ўказы Прэзідэнта. Адна з нормаў гэтага дакумента ўзаконьвае новы від ажыццяўлення нагляднай дзейнасці — правядзенне аглядаў аб'ектаў будаўніцтва на прадмет вытрымлівання патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы, заўважыў дырэктар ведамства:

— Будаўнічыя аб'екты маюць спецыфіку — як правіла, тут працуе не адна арганізацыя, а некалькі. І праверка толькі адной з іх не дае эфекту, бо бяспека людзей, якія працуюць на аб'екце, можа забяспечвацца толькі ва ўзаемасувязі паміж генпадрадчыкам і субпадрадчыкам, то-бок аб'ект трэба правяраць цалкам. Раней у дэпартамента такога права не было. Як, калі і наколькі часта гэтыя праверкі, якія маюць прафілактычны характар, будуць праходзіць, пакуль вызначаецца. Калі па выніках такога мерапрыемства выяўленыя парушэнні своечасова выправяць, то меры адказнасці прымяняцца да суб'екта гаспадарання не будуць.

Яшчэ адна магчымасць зрабіць вытворчасць бяспечнай — знізіць колькасць работнікаў, якія працуюць у неспрыяльных умовах, лічыць Іван Карчэўскі, начальнік упраўлення аховы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы Мінпрацы. Ва ўмовах, якія не адпавядаюць гігіенічным нарматывам, у краіне працуюць 748 тысяч чалавек (больш як 17 % ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы). 282 тысячы працуюць пры шуме, які перавышае нарматывы, а 310 тысяч — ва ўмовах фізічнай нагрузкі, якая перавышае дапушчальныя нормы.

— Штогод нам удаецца скарачаць колькасць людзей, якія працуюць у шкодных умовах, не менш як на 1 %, — адзначыў начальнік упраўлення. — Гэта дасягаецца за кошт удасканалення тэхналогій вытворчасці, замены састарэлага абсталявання сучасным, пераводу некаторых працэсаў на дыстанцыйнае кіраванне, прымянення аўтаматызаваных ліній. Усё, каб выключыць непасрэдны кантакт работніка са шкодным фактарам.

З 2016 года колькасць работнікаў, якія працуюць у шкодных умовах, скарацілася больш як на 20 %. А ў параўнанні з 2021-м іх паменшала на 12 тысяч (0,7 %). Як прыклад — пераход на машынную нарыхтоўку драўніны, што амаль ліквідуе такія рызыкі як траўміраванне пілой ці дрэвам, а таксама ўкусы дзікіх пчол і звяроў. А на прадпрыемствах сувязі і інфарматызацыі адышлі ад многіх работ па спайцы кабеляў свінцом, перайшоўшы на оптавалакно. На жаль, змяненне тэхналогій не заўжды прыводзіць да значнага паляпшэння ўмоў працы. У сістэме аховы здароўя, напрыклад, па-сучаснаму абсталяваныя кабінеты для прамянёвай дыягностыкі па-ранейшаму вызначаюцца шкоднымі ўмовамі працы, дадаў спецыяліст. Таму эксперты паабяцалі і далей шукаць новыя шляхі для павышэння бяспекі працы.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.