Вы тут

Сенатары ў Магілёўскай вобласці наведалі ветэранаў ВАВ


Падчас адзінага прыёму грамадзян, што сенатары правялі ў Магілёўскай вобласці ў апошнюю сераду красавіка, адбыліся і сустрэчы некаторых з іх з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Напярэдадні 77-й гадавіны Перамогі яны віншавалі былых франтавікоў, відавочцаў страшных падзей са святам і ўручалі падарункі. Разам са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай парламентарыі наведвалі таксама месцы смутку, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай. Спікер верхняй палаты парламента неаднаразова падкрэслівала, як важна памятаць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны і рабіць усё, каб захаваць мір. Яна заклікала сваіх калег, прадстаўнікоў усіх узроўняў улады, адказных асоб, што працуюць са зваротамі грамадзян, быць уважлівымі да праблем насельніцтва, цікавіцца настроем людзей, праяўляць у адносінах да іх клопат і павагу.


Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканоміцы, бюджэце і фінансах Сяргей Анюхоўскі сустрэўся ў гэты дзень у Слаўгарадзе з былой вязніцай Антанінай Міхайлаўнай Аўдзеенкай. Лёс у жанчыны сапраўды цяжкі і пакручасты. Яна нарадзілася за год да вайны, а ў 1941-м на свет з'явілася яе малодшая сястрычка Валянціна. Бацьку прызвалі на фронт, а маці засталася адна з маленькімі дочкамі на руках. Акупанты вывезлі жанчыну з дзецьмі ў Германію. Там яе прымусілі працаваць на фабрыцы, а малыя заставаліся практычна адны, як той казаў, у холадзе і голадзе. Было цяжка, але выжылі. Пасля вайны ім дапамаглі вярнуцца на радзіму, у хуткім часе прыйшоў з фронту і бацька. Ён увесь час пакутаваў ад ран, з цяжкасцю перамяшчаўся, бо адна нага была прастрэлена. Антаніна Міхайлаўна прызнаецца, што сёння яна ўвагай не абдзелена. Атрымлівае да Дня Перамогі і віншаванні, і падарункі. Урачысты прыём для былой вязніцы мясцовыя ўлады арганізавалі ў сценах Слаўгарадскага гісторыка-краязнаўчага музея. Пасля таго як сенатар павіншаваў яе з надыходзячым святам і ўручыў падарункі, адбылася экскурсія па музейных залах.

— Клопат пра такіх людзей — вельмі важная частка нашай работы, — падкрэсліў сенатар. — Яны пражылі нялёгкае жыццё, мы ж павінны зрабіць так, каб яны ні ў чым не адчувалі патрэбы.

Сяргей Анюхоўскі звярнуў увагу на тое, што падчас прыёму грамадзян у Слаўгарадзе прыйшло няшмат людзей. На яго думку, гэта прыкмета таго, што ўлады тут працуюць добра і папярэджваюць спрэчныя сітуацыі.

— Традыцыйна хвалююць насельніцтва пытанні па ЖКГ, транспарце, дарогах. Адны праблемы вырашаюцца на працягу таго ж дня, калі паступілі, для вырашэння іншых патрэбны час. Ёсць пытанні, якія датычацца зямельных участкаў, калі суседзі не могуць дамовіцца, дзе павінна праходзіць мяжа. І тады яны пачынаюць уцягваць у гэты канфлікт трэціх асоб. Прыходзіцца шукаць выйсце разам, — кажа сенатар.

Вельмі парадавала, што на прыём завітаў чалавек, які выказаў падзяку. «Гэта дае ўпэўненасць, што тая грамадская работа, якой даводзіцца займацца, прыносіць вынік», — адзначае ён.

Пасля прыёму грамадзян Сяргей Анюхоўскі наведаў Слаўгарадскі філіял бабруйскага прадпрыемства «Чырвоны харчавік» — для яго адкрыцця ён у свой час прыклаў шмат намаганняў. Сёння тут створана 55 рабочых месцаў, а калі вытворчасць запрацуе на поўную магутнасць, будзе ўсе 100. Сярэдняя зарплата на сённяшні дзень складае тут 1200-1300 рублёў. Для маленькага горада — вельмі нядрэнныя грошы. Асноўныя спажыўцы прадукцыі «Чырвонага харчавіка» — краіны СНД, ёсць попыт на яе ў Сярэдняй Азіі. Сярод новых партнёраў — аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Саудаўская Аравія.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, генеральны дырэктар ДВА «Белпалівагаз» Аляксей Кушнарэнка правёў адзіны дзень прыёму грамадзян на тэрыторыі трох раёнаў — Круглянскага, Бялыніцкага і Шклоўскага. Менавіта гэтыя раёны ён прадстаўляе ў парламенце.

Яшчэ да пачатку сустрэч з насельніцтвам ён наведаў у аграгарадку Філатава Круглянскага раёна ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Еўдакіменку. Мужчына — удзельнік дзвюх войнаў — савецка-фінскай і Вялікай Айчыннай, ўдзельнічаў у баях за Ленінград, вызваляў Беларусь. Неаднойчы рызыкаваў жыццём, чатыры разы быў паранены. Сярод яго ўзнагарод ордэн Айчыннай вайны І ступені, ордэн Славы ІІІ ступені, медалі «За адвагу» і «За перамогу над Германіяй».

Уручаючы ветэрану падарункі, Аляксей Кушнарэнка выказаў яму ўдзячнасць за мірнае неба. «Перамога дала нам магчымасць будаваць незалежную краіну і з упэўненасцю глядзець у будучае», — падкрэсліў ён.

Пасля сустрэчы Аляксей Кушнарэнка разам з кіраўніцтвам Круглянскага раёна адкрыў патрыятычны клас у Цяцерынскай сярэдняй школе. Што датычыцца прыёму грамадзян, то іх у гэты дзень было некалькі. Асабліва актыўна ішлі людзі ў Круглянскім раёне.

— Напэўна, спрацавала інфармацыя аб адзіным дні прыёму грамадзян, — заўважыў сенатар. — Пытанні паступалі розныя, ад добраўпарадкавання тэрыторый да камунальных праблем. Усе яны ўзятыя на мой асабісты кантроль. Па некаторых з іх адразу ж былі дадзены тлумачэнні, астатнія прапрацоўваюцца.

Яшчэ некалькі чалавек прыйшло на прыём у Шклоўскім раёне. «Часам узнікаюць вельмі сур'ёзныя, маштабныя пытанні, якія патрабуюць умяшання ў дзеючае заканадаўства, — адзначыў парламентарый. — У Шклоўскім раёне, напрыклад, узнікла пытанне па нормах забеспячэння вадой у сельскай мясцовасці. Я як член Савета Рэспублікі буду разбірацца ў дадзеным пытанні, узнімаць усе неабходныя матэрыялы, і, калі спатрэбяцца нейкія карэкціроўкі, акцэнтаваць на гэтым увагу. Дзякуючы такім прыёмам мы маем магчымасць зрабіць пэўны зрэз настрою насельніцтва, зразумець, што іх хвалюе, і выпрацаваць падыходы па далейшым удасканаленні работы».

Мсціслаў, Дрыбін, Горкі — гэта тыя акругі, у якіх працуе член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Валерый Паляшчук. Акрамя прыёму грамадзян па асабістых пытаннях, ён гэтым разам узяў удзел ва ўроку памяці, які адбыўся ў Раснянскай сярэдняй школе Дрыбінскага раёна, а пасля сумесна з кіраўніцтвам раёна і школьнікамі наведаў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Аксянкова.

— У Год гістарычнай памяці вельмі важна помніць пра подзвігі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, — падкрэсліла падчас выязнога пасяджэння спікер парламента Наталля Качанава. — У нас вельмі добрая традыцыя пры наведванні рэгіёнаў, прадпрыемстваў, арганізацый прыходзіць у святыя для нас мясціны — брацкія магілы, памятныя знакі, мемарыялы. Як сказаў наш Прэзідэнт, Беларусь — гэта жывы помнік той вайне. Такіх месцаў смутку ў нас, на жаль, вельмі шмат. Мы схіляем галовы перад тымі, хто загінуў, хто адстаяў свабоду і незалежнасць нашай краіны, хто не дазволіў нацызму ўзяць верх. Мы ўшаноўваем памяць тых, хто загінуў, і не забываем пра тых, хто яшчэ з намі побач. На жаль, з году ў год ветэранаў становіцца ўсё менш, але мы шчаслівыя тым, што ёсць сведкі тых жахлівых падзей, якія могуць падзяліцца сваімі ўспамінамі і засцерагчы ад страшных памылак. Наш доўг і абавязак — перадаваць гэтую памяць з пакалення ў пакаленне. І моладзь павінна тое разумець. Хацелася б, каб усе мы разумелі каштоўнасць міру, спакою і цанілі, што маем магчымасць выхоўваць дзяцей пад мірным небам, працаваць і вучыцца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сайтаў krugloe.by, drіbіn.by, slavgorod.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.