Вы тут

Энергія ўнутранага зместу


У юбілейны год Уладзіміра Савіча, заслужанага дзеяча мастацтваў, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, кавалера ордэна Францыска Скарыны, прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, яго персанальныя выстаўкі будуць праходзіць у некалькіх гарадах Беларусі. Сваю першую экспазіцыю графікі да 70-годдзя творца адкрыў у Полацку — на радзіме вядомых асветнікаў Беларусі. Сёння хацелася б паразважаць пра асобу славутага мастака і справу, якая стала сэнсам яго жыцця. 


Жывапіс, нібы тонкі гук, ледзь улоўны шум, прысутнічае ва ўсім, фарміруючы і кіруючы чалавечымі сэнсамі, эмоцыямі, меркаваннямі. Асноўным складнікам у ім з’яўляецца колер. Для чалавека ён — паняційнае адлюстраванне светлавых рэалій ночы і дня, пор года, усіх тых змен, што адбываюцца вакол. У ім сканцэнтраваны найважнейшыя сэнсы эмацыянальнага складніка асобы. Як чалавек бяссільны перад гукамі, так залежны ён ад колеравых уздзеянняў. Для мастака, які асабліва востра адчувае і ўспрымае датыкальную структуру прадметнага свету праз колеравую эмацыянальнасць, жывапіс з’яўляецца асноўным размоўным стымулам. 

Колеравыя коды кожнай творчай асобы грунтуюцца на адных і тых жа рэаліях, але ўспрыманне, перапрацоўка і выяўленая ёй жывапісная мова як «ідэнтыфікацыйны нумар» індывідуальныя. Мы пазнаём творы мастака-жывапісца не па стылі, не па тэхналагічных прыёмах, не па сюжэтнай зададзенасці і г. д., а па жывапісных асаблівасцях — яны раскрываюць унутраную эмацыянальную і энергетычную напоўненасць аўтара. Магутнасцю жывапіснага напаўнення адрозніваюцца і работы Уладзіміра Савіча. Яго творчасць — злучэнне ўсіх складнікаў, аб якіх было сказана вышэй. Мастак скончыў графічнае аддзяленне Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, у якім з 1976 да 2007 выкладаў на кафедры графікі. У 1966 годзе яму было прысвоена званне прафесара. Графіка на нейкі час стала для яго асноўнай, але ў лінейным малюнку, кампазіцыйнай задуме аўтара выяўлялася тая паэтычнасць, якая па эмацыянальным успрыманні была жывапіснай. 

І мастак прыйшоў да жывапісу, які на яго велізарных палотнах загучаў як таямніца, што паказваецца пласт за пластом з глыбінь часу. Яна — шматаблічная, іскрыстая, нібы сабраная з каштоўных пераліваў, — выявілася з такой завуаліраванай сілай, што вобраз, які адлюстроўваецца Уладзімірам Савічам, загучаў у колеравых рэаліях, набываючы аб’ём і матэрыяльную прысутнасць. У пацвярджэнне сказаных вышэй слоў можна ўспомніць яго твор «Мадонна» (2005). Да адлюстравання гэтага архетыпа Уладзімір Савіч звяртаўся ў розныя гады. 

Фігура мадонны з немаўлём запаўняе цэнтральную частку палатна. Такі прыём мастак выкарыстоўвае не паўсюдна, для сутнаснай пераканаўчасці заўжды шукае новае рашэнне. Часам абліччы, фігуры, дэталі адзення, выразныя сілуэты, якія нясуць у сабе асноўную сэнсавую нагрузку, мастак размяшчае ў розных частках палатна, рознымі прыёмамі акцэнтуючы на іх увагу. Такое незвычайнае кампазіцыйнае рашэнне дапамагае не толькі ўбачыць выяву галоўнага героя, але і адчуць яго псіхалагічную характарыстыку, напрыклад, як у работах «Узношу голас малітвы (2005) і «Апостал. Зваротны шлях» (2010). 

На першым палатне глядач бачыць жаночае аблічча з вэлюмам суму ў вачах, што надае ўсяму твору нейкую ціхую статычнасць. Акцэнт на ніжняй частцы кампазіцыі, старанна прапрацаваныя дэталі твару, на першы погляд, кантрастуюць з каляровым хаосам, які атачае яго і запаўняе большую частку палатна. Але менавіта ў таямнічым поглядзе, які прыцягвае да сябе ўвагу, тоіцца энергія ўсяго каляровага поля. Яно напоўнена сэнсамі, дынамікай, тым віртуальным жыццём, якое запаўняе душу чалавека. У іншай рабоце адлюстраваны вобраз змяшчаецца мастаком у верхнюю правую чвэрць, запаўняючы сабой усю кампазіцыю. Ён дынамічны і, нягледзячы на невялікі памер палатна (60×50), імкнецца да манументальнага ўспрымання. Мы бачым постаць апостала, які рухаецца па небе і пазірае з вышыні. Хочацца адзначыць кранальную бездакорнасць аўтара ў пабудове кампазіцыйнай задумы, дзе кожная рыска, каляровая пляма, дынаміка рытмаў нясуць не толькі жывапісную, але і кампазіцыйную нагрузку. У гэтым выяўляецца эмацыянальнае светаадчуванне аўтара, яго збалансаванасць, гармонія ці дысгармонія. 

Але вернемся да таго шматаблічнага жывапісу ў карціне «Мадонна». Мастак шчыльнымі пастознымі мазкамі нібы жадае вылепіць аб’ёмную выяву мадонны з немаўлём. Мазкі выпраменьваюць святло і перадаюць ззянне німбаў. Яны рухаюцца ў бясконцым хаосе нюансаў, распадаючыся на вохрыстыя, блакітныя, чырвоныя, з украпінамі жоўтых і ліловых, быццам збіраючыся і адначасова рассыпаючыся, ствараючы эфемернае воблака каляровых іскраў. Складанасць колеравых замесаў аўтара напоўнена «нотным станам» адценняў. Менавіта ў іх закладзена палітра яго жывапіснай мовы. 

Вельмі прыцягальныя кампазіцыі «Свет трывожыцца ў чаканні» (2010), «Вандраваў вінавата цень чужы» (2010), «Карціны старых сцен» (2012), «Кліч з нематы» (2012)… У іх мастак, гаворачы на мове жывапісу, выкарыстоўвае эстэтыку «мастацтва для мастацтва». Колеравыя суадносіны на яго палотнах, мякка дапаўняючы адзін аднаго, раскрываюць сэнс аўтарскіх перажыванняў. Яны жывуць сваім жыццём, уздзейнічаючы на эмоцыі гледача. Гаварыць на мове жывапісу — роўна размове з самім сабой і з усім чалавецтвам, паколькі ў нашай падсвядомасці закладзена энергія ўнутранага зместу, што грунтуецца на колеравых рэаліях светабудовы. 

Добра адукаваны, дасведчаны ў гісторыі зараджэння і развіцця мастацтва шматлікіх народаў, Уладзімір Савіч заўсёды адчуваў патрэбу выказаць мастацтва блізкае сабе, не апісанае мастацтвазнаўцамі, даследчыкамі народных традыцый. Яго ілюстрацыі да дзіцячых кніг на тэмы народных беларускіх казак сталі ўнутраным адкрыццём. На старонках паўставалі гарады, мястэчкі, з’яўляўся свет асаблівай культуры, які валодае нацыянальным каларытам. Творчасць Уладзіміра Савіча ўсхвалявала беларускую мастацкую публіку як нешта новае, здольнае стаць перадумовай фарміравання нацыянальнай спецыфікі беларускай мастацкай традыцыі. 

Сёння яго жывапіс падпарадкаваны падарожжу ў часе. Нібы застылы ў суровай гістарычнасці, перад намі паўстае вобраз князя ў партрэце пад назвай «Схаваны ў змрок, які ўкрыўся ў цень» (2010). Лёгкім подыхам ветру і імгненнем жыцця, якое праляцела, афарбаваны дынамічны партрэт «Каравайніцы» (2010), святлом чакання — мужчынскі партрэт пад назвай «…Следам» (2011). А бяздонна чорныя вочы «Барбары Радзівіл» (2004), у якіх, як у касмічнай бязмежнасці, можна патануць, не дакрануўшыся да запаветнай таямніцы ісціны... 

Надыходзіць час, калі паняцце «прафесіяналізм» саступае месца тэхналагічнасці мастацтва, калі нішу творчасці адваёўвае камп’ютарызацыя, але хочацца верыць, што непаўторнасць асобы мастака захоўваецца ў той энергіі ўнутранага зместу, што родніць аўтара з вобразамі яго творчасці.

Ларыса ЛЫСЕНКА, 
загадчыца Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.