Вы тут

Чытаць — як кахаць


Ці назіралі вы калі-небудзь, як працуе рэзчык па дрэве? Вось першы этап: са звычайнага палена раптам паўстае выява, потым майстар габлюе, надаючы ёй характэрныя рысы, наносячы новыя штрыхі, потым яшчэ раз адшліфоўвае і толькі затым пакрывае лакам, завяршаючы зробленае.


Згадаў пра гэта нездарма — такое ўражанне творчага працэсу і яго завершанасці пакінула ў мяне кніга прозы Алеся Бадака «Ідэальны чытач». Скажу шчыра, што сярод апошніх кніжных навінак, разнастайнасці водгукаў і ўражанняў гэтая кніга, на мой погляд, адна з нямногіх, што прыцягвае ўвагу глыбінёй і несумненным майстэрствам, садзейнічае роздуму.

З Алесем Бадаком мне давялося шмат гадоў супрацоўнічаць у сумесных праектах на каналах нашага радыё, мець нямала гутарак пра літаратуру, гаварыць пра творчасць калег. І заўсёды прыцягвалі яго цікавы арыгінальны позірк на многія літаратурныя з’явы, высокая эрудыцыя, асабліва што тычыцца ведаў пра многія факты біяграфій і творчага шляху сусветна вядомых пісьменнікаў. Гэта адчулася і ў яго аўтарскіх празаічных творах.

Бадак пачынаўся як паэт. Я добра ведаў яго вершы, пісаў нават прадмову да аднаго з яго зборнікаў. Паэт ён цікавы і самабытны.

Па сабе ведаю, наколькі няпроста паэту адчуць сябе ў прозе. Калі само неба нашэптвае творцу запаветныя радкі, калі, як імгненні маланкі, трэба лавіць хвіліны натхнення, каб потым занатаваць усё на паперу, то проза патрабуе разам з гэтым одуму, увагі да дэталяў, пэўнай эпічнасці і роздуму. І, безумоўна, карпатлівай працы.

А празаік? Вось як сам аўтар вызначае гэта вуснамі свайго лірычнага героя: «Часта, гуляючы па горадзе, я перабіраю ў памяці словы, нібы гальку для мазаікі. Я набіраю іх адно да аднаго і складаю ў фразы, каб пасля ўкласці іх у вусны сваіх герояў. Бывае слоў аж зашмат, бывае, наадварот, іх не хапае, але і ў першым, і ў другім выпадку далёка не кожны раз удаецца скласці фразы. Якія пасля зноў не распаліся б у асобныя словы — так, як гэта заўсёды бывае з банальнымі фразамі».

І няхай гэтыя думкі ўкладзены ў вусны персанажа, яны пэўным чынам раскрываюць творчае крэда аўтара. Практычна кожнае апавяданне ў кнізе разам з сюжэтам, магчыма, нават прыдуманым, прасякнута рэмінісцэнцыямі, спасылкамі, філасофскімі разважаннямі.

Паказальнае ў гэтым плане  апавяданне «Душа твая светлая», якое адкрывае кнігу. Вобразы дзяўчынкі і коткі пераступаюць праз цэлыя эпохі, чалавечыя лёсы, гэта не проста фантазіі аўтара, магчыма, навеяныя фактамі сямейнага падання, гэта нешта большае — сапраўды пра вечнасць быцця.

«Мы лічым сябе вянцом прыроды, але за мільёны гадоў існавання чалавецтва не пазбавілася ні ад аднаго са сваіх смяротных грахоў. Між тым, калі пагадзіцца, што ў жывёл таксама ёсць душы, нельга не прызнаць, што яны больш чыстыя і светлыя за чалавечыя. Ім не вядомы ні сквапнасць, ні ганарыстасць, ні зайздрасць, а ўсё непрымальнае  з пункту гледжання нашай маралі ў паводзінах жывёл праяўляецца  ад неабходнасці выжывання, не ад разбэшчанасці».

Але не толькі дзеля такой высновы вядзе аўтар свой расповед. У ім ідзе якраз гаворка пра душу чалавека, пра тую пераемнасць духоўных і маральных імператываў, што сягаюць ад продкаў да сучаснікаў.

Творы Бадака нельга хутка прабегчы, пагартаўшы старонкі, ці праглынуць за кароткі час, што гаворыцца, нагбом. Яны патрабуюць чытання ўважлівага, вяртання да фрагментаў прачытанага, каб асэнсаваць сказанае.

Аўтар часта звяртаецца да спасылак на гістарычныя падзеі, цытуе выказванні любімых пісьменнікаў.

Я ўжо нагадваў пра нашы сумесныя радыёпраекты, калі Алесь знаходзіў і прыносіў для праграм цікавыя факты з біяграфій іншых творцаў, што было, безумоўна, плёнам пошуку ў самых розных крыніцах.

Відаць, гэта адпавядала яго ўяўленню пра такога сапраўднага ідэальнага  чытача, які бачыўся яму з дзяцінства і юнацтва.

«Ідэальнае  чытанне нагадвае сапраўднае каханне: пры ім позірк бегае па словах, нібы па целе, і раней, чым пранікнуць углыб тэксту, каб атрымаць ад гэтага найвышэйшую асалоду, ён атрымлівае асалоду ад сузірання таго, як пабудаваны фразы і падзелены тэкст на абзацы».

Разумею, што з гэтым могуць пагадзіцца не ўсе. Наша часта кліпавае мысленне патрабуе хуткай змены падзей, інтрыгі, авантурнага сюжэта, таго, што раней называлася масавай літаратурай. І гэта цалкам зразумела, бо ёсць розныя чытачы, ёсць рознае ўспрыманне літаратуры. Але тое, што галоўны крытэрый — сапраўды мастацкае слова, застаецца нязменным.

Неахайны, непісьменны твор толькі псуе густ чытача, а такі ідэальны чытач, пра якога марыць герой прозы Алеся Бадака, увогуле з прыкрасцю адкіне такую кнігу. Тое, што сёння аўтарам кніжнага томіка можа стаць любы, выдаўшы кнігу за свае грошы ў любым прыватным выдавецтве, — далёка не сведчанне ўзрослай якасці літаратуры.

З уласнага вопыту ведаю, колькі часам намаганняў прыкладалі рэдактары мастацкай літаратуры, каб палепшыць твор або нават вярнуць яго на дапрацоўку.

Прычым важкай ролі не адыгрывалі аўтарытэты, званні і заслугі аўтара. Праўкі перад друкам зведалі нават класікі, за што былі ўдзячны рэдактарам.

Патрабавальнасць да слова, да якасці сваёй творчасці — у гэтым адна з пераваг кнігі Алеся Бадака.

І тут згадваюцца шэдэўры нашай прозы ад Міхася Стральцова, Алеся Жука, Анатоля Кудраўца, Вячаслава Адамчыка, Івана Пташнікава — віртуозаў слова, якія ўзбагацілі нашу літаратуру яркімі мастацкімі вобразамі, перлінамі народнай мовы.

Вернемся да творчасці Алеся Бадака.

І ў канву мастацкіх апавяданняў у класічным разуменні гэтага вызначэння натуральна ўпісаліся публіцыстычныя «Запіскі на хаду». Там нямала цікавых думак, згадак пра творчасць калег, успамінаў пра цікавыя сустрэчы.

Часам чытачы і крытыкі спрачаюцца, ці можна дзённікавыя запісы, нататкі пра літаратуру і літаратараў лічыць мастацкай прозай.

На мой погляд, калі ў іх не проста пералік, што еў, куды хадзіў, з кім сустракаўся, а глыбокае пераасэнсаванне бягучых падзей уласнага жыцця, філасофскі роздум, то, безумоўна, гэта проза.

Яшчэ Янка Брыль даказаў гэта сваёй «жменяй» цудоўных зацемак, лірычных мініяцюр, дзе галоўным героем і апавядальнікам быў сам аўтар.

Новая кніга Алеся Бадака выклікае думкі і развагі і, верагодна, паслужыць пошуку такога ідэальнага чытача, які патрэбен не толькі аўтару, але і ўсёй нашай літаратуры.

 Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.