Вы тут

Інтэлектуал і медыум


Імя Алеся Разанава я, тады выпускнік сярэдняй школы, упершыню пачуў па тэлебачанні з вуснаў выкладчыка БДУ Віктара Каратая, які даваў тэлекансультацыі для абітурыентаў. І хаця ў старшых класах я чытаў нямала з сучаснай беларускай паэзіі, але з творчасцю «таленавітага і арыгінальнага маладога паэта», як прадстаўляў яго выкладчык-кансультант не быў знаёмы. Штосьці тады занатаваў, але часу, каб пайсці ў нашу сельскую бібліятэку і папрасіць пачытаць які-небудзь зборнік Алеся Разанава, ужо бракавала, на носе былі ўступныя іспыты ў БДУ. Ды і паглядзеў яшчэ раз абітурыенцкую праграму па беларускай літаратуры: імя гэтага паэта на яе старонках нідзе не фігуравала.


Пабачыў Алеся Сцяпанавіча ўпершыню ў 1982 годзе, акурат на вуліцы, побач са сталічнай крамай «Глобус», дзе ён спыніўся і гутарыў з нейкім знаёмцам. І то, па праўдзе кажучы, я не ідэнтыфікаваў бы асобу паэта, каб не мой крыху старэйшы аднакурснік Іван Герасімовіч. «Глядзі, вунь Алесь Разанаў», — кратаючы за плячо, ціха прамовіў Іван, а калі мы мінулі мужчын, то дадаў, выказваючы сваё захапленне: «Паэт з паэтаў». Іван чытаў кнігі Алеся Разанава, быў абазнаны ў яго творчасці, а я, сам рыфмар і без пяці хвілін прэтэндэнт на званне паэта, нічога не ведаў пра самага яркага прадстаўніка сучаснай паэзіі.

У тым 1982 годзе я пазнаёміўся з Алесем Разанавым не як з паэтам, аўтарам арыгінальных твораў, а як укладальнікам зборніка Янкі Купалы «Выйдзі з сэрцам, як з паходняй!..», што выйшаў да 100-годдзя з дня нараджэння песняра. Дзякуючы гэтай кнізе ў мяне з’явілася большая цікавасць і пільнасць да купалаўскага слова, яго рыфмоўкі, тропікі. А ў наступным  годзе мне ў рукі трапіў паэтычны зборнік «Шлях-360». Атрымаў тую кніжку ў дарунак ад Варлена Бечыка, які на філфаку кіраваў маёй курсавой работай па сучаснай паэзіі. Ён прыхільна паставіўся да мяне, аднаго разу папрасіў застацца ва аўдыторыі, каб пагаварыць тэт-а-тэт. Пра некаторыя рэчы на той час ён выказваўся вельмі смела і крытычна. Мяркую, Варлен Леанідавіч быў знаёмы з маімі публікацыямі ў друку, таму імкнуўся паўплываць на аўтара-пачаткоўца: раіў паболей чытаць Максіма Танка і Алеся Разанава. І гэта атрымалася, бо пазней, пішучы пра каханне, я «касіў» пад Танкавы верлібры, а, пішучы свае вершы-карацелькі, арыентаваўся на разанаўскія паэтычныя мініяцюры.

Па-сапраўднаму грунтоўна асэнсоўваць творчасць Алеся Разанава пачаў у аспіранцкія гады, калі працаваў над тэкстам кандыдацкай дысертацыі па сучаснай беларускай паэзіі. Узяўся даследаваць тэму чалавека і прыроды на паэтычным матэрыяле, а яна ж, гэтая тэма, не толькі экалагічная, але і натурфіласофская. Разанаўскія творы пра прыродныя вобразы і з’явы тут як найлепей прыдаліся, арганічна клаліся ў канцэпцыю і змест дысертацыйнага даследавання. Захапілі мяне «Паэма рыбіны», «Паэма сланечніка», паэмны твор пра меліярацыю «Было балота», хаця часцей за ўсё маю ўвагу спынялі версэты з кнігі «Вастрыё стралы» (1988). Алесь Разанаў па-філасофску заглыбляў мяне не толькі ў пейзажны свет радзімы, але і ўключаў у самабытны беларускі космас, дэманструючы глыбіню і шматмернасць успрымання таго ці іншага вобраза і надаючы яму сімвалічнае значэнне, сваё непаўторна-аўтарскае разуменне і нацыянальна-адметную трактоўку.

З Алесем Сцяпанавічам пазнаёміўся ў рэдакцыі часопіса «Крыніца», куды прынёс свой артыкул на замову Леаніда Галубовіча. Намеснік галоўнага рэдактара Разанаў чытаў, рэдагуючы, штосьці сваё, а мы гутарылі з Леанідам Міхайлавічам. А потым падключыўся да гутаркі і Алесь Сцяпанавіч. Праз нейкі час, калі прынёс у рэдакцыю чарговы матэрыял і Галубовіча не было на месцы, мяне з прыязнасцю сустрэў намеснік галоўнага рэдактара. 

Снежань 1998 года… У рэдакцыйным пакоі Алесь Сцяпанавіч паволі перакідвае аркушы і ўважліва праглядае тэксты сваіх твораў, якія я адабраў для калектыўнага зборніка беларускай паэзіі, а рыхтавалася кніга да выдання ў серыі «Школьная бібліятэка». «У цэлым добра. Але перабор з квантэмамі і пункцірамі», — парушыўшы маўчанне, канстатуе Алесь Сцяпанавіч і, крытычна ацэньваючы падбор паэтычных мініяцюр, пачынае выкасоўваць адзін за адным творы гэтых жанраў. Падборка не далічылася больш чым дзесяці тэкстаў.

На пачатку 2000-х я актыўна ўдзельнічаў у мадэрнізацыі літаратурнай адукацыі, і мы з калегамі ўдасканальвалі змест вучэбнай праграмы па беларускай літаратуры, штосьці карэкціравалі, змянялі, пераструктуроўвалі. Узнікла ідэя прадоўжыць прапедэўтычны курс літаратурнага навучання ў 12-гадовай школе і стварыць новы падручнік для сярэдніх класаў. У выніку і быў ажыццёўлены наш праект навучальнай кнігі. Першае выданне вучэбнага дапаможніка па беларускай літаратуры для 5 класа пабачыла свет у 2002 годзе, перавыданне — у 2003-м. Створаны гэты дапаможнік мною ў творчым тандэме з метадыстам Л. Цітовай. У кнізе для пяцікласнікаў мы змясцілі выказванне Францыска Скарыны пра Біблію, якое паэтычна ўзнавіў Алесь Разанаў. Папярэдне, як здаваць рукапіс у друк, стэлефанаваўся з Алесем Сцяпанавічам і папытаў дазволу на друкаванне перакладзенага ім Скарынавага тэксту. 

Для яго гэта, здаецца, была прыемная нечаканасць. Хоць трохі няёмка казаць, але, напэўна, усё ж скажу: я непасрэдна спрычыніўся і да ўключэння твораў Алеся Разанава ў школьную праграму для старшых класаў. Хоць, шчыра кажучы, не адразу гэта атрымалася. Безумоўна, Разанаў заслугоўваў таго, каб яго творчасць вывучалася ў школе манаграфічна. Зрабіў усё гэта дзеля таго, каб аддаць належнае таленту паэта, каб даць уяўленне вучням пра жанравыя і інтэлектуальна-філасофскія пошукі сучаснай беларускай паэзіі. Дарэчы, пры распрацоўцы канцэпцыі і структуры вучэбнай праграмы па гісторыі беларускай літаратуры для філалагічных факультэтаў універсітэтаў мною асобна вылучана персаналія Алеся Разанава (першае выданне — 2006, другое перапрацаванае — 2012). Кажу пра гэта не дзеля пахвальбы ці імкнення, выбачайце, «прымазацца» да літаратурнай знакамітасці. Аднак з прыемнасцю ўспамінаю зробленае, ды і гонару ўсё-такі хаваць не буду: і я маю дачыненне да прапаганды і папулярызацыі творчасці найвыдатнейшага паэта Беларусі і Еўропы.

У часопісе «Беларуская мова і літаратура», які я рэдагую больш як дваццаць гадоў, змешчана каля дзясятка навуковых і метадычных артыкулаў, распрацовак урокаў, прысвечаных творчасці Алеся Разанава. На жаль, № 12 нашага часопіса за 2020 год з публікацыяй А. Герцыка «Вывучэнне паэзіі Алеся Разанава ў ХІ класе» перадалі мы сям’і паэта запозна, ужо тады, калі Алеся Сцяпанавіча не стала…

Шкада, што не зрабілі гэта раней. Чамусьці зацягнулі, хоць я ўзяў за правіла перадаваць нумары часопісаў, дзе пра Алеся Сцяпанавіча друкаваліся артыкулы настаўнікаў, аспірантаў, маіх калег ды і ўласна мае рэчы. Не ведаю, не магу меркаваць, як успрымаў і ацэньваў паэт напісанае пра яго. Калі неяк мы сустрэліся ў рэдакцыі часопіса «Роднае слова», то ў час размовы ў кабінеце галоўрэда Міхася Шавыркіна ён прызнаўся (а мо і прагаварыўся!), што найбольш яму імпануе тое, як піша і аналізуе яго творчасць Ева Лявонава.

…Тэлефаную Алесю Сцяпанавічу напрыканцы восені 2004 года і дзялюся задумай пра запачаткаванне ў нашым часопісе «Беларуская мова і літаратура» новай рубрыкі «Даўняя літаратура», прашу яго падрыхтаваць пераклады на сучасную беларускую мову тэкстаў Кірыла Тураўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Сімяона Полацкага. Тлумачу ідэю-мэту праекта: апрача артыкулаў пра дзейнасць і творчасць гэтых пісьменнікаў ды асветнікаў мінулага добра было б змясціць сучасныя пераклады і тым самым наблізіць вучняў да разумення і засваення зместу старадаўніх твораў. «Тэрміны сціслыя. Справа вымагае часу. За адну ноч не зраблю», — адмаўляючыся, сказаў Алесь Сцяпанавіч. На паэта-перакладчыка ў мяне была вялікая надзея: Разанаў зробіць перастварэнні прафесійна, якасна, на высокім эстэтычным узроўні. Аднак тады ў мяне не атрымалася пераканаць яго ў тым, каб далучыўся да праекта, які мы пачалі рэалізоўваць з першага нумара часопіса за 2005 год. Вынік маёй агітацыі і нашай гутаркі з Алесем Сцяпанавічам, як мяркую, ёсць: ён займеў красамоўнае ўвасабленне ў выданні «Кніга ўзнаўленняў» (2005). Усё ж паэт загарэўся ідэяй перакладу даўніх літаратурных тэкстаў і пачаў працу, якая, зразумела, вымагала і часу, і творчых высілкаў. У канцы таго ж 2005 года Алесь Сцяпанавіч зрабіў мне навагодні падарунак — згаданую кнігу, да таго ж з надпісам:

Тое, што атрымаў,
перадаю.
Алесю Бельскаму —
Алесь Разанаў.
29.12.05

…Наступная сустрэча з Алесем Сцяпанавічам адбылася ўвесну 2020 года ў Нацыянальнай бібліятэцы, акурат пад вялікім пано з выявай асветнікаў з кнігамі ў руках. Паэт, а гэта добра запомнілася, абедзвюма рукамі сціснуў маю руку, усміхаўся-радаваўся, што бачыць мяне. Мы і сапраўды даўно не бачыліся і не чуліся. І я, вітаючыся, не хаваў сваёй радасці ад гэтага нечаканага спаткання. «Во, толькі што замовіў па падказцы Анатоля Вераб’я вашу кнігу пра Лойку», — сказаў ён. Меў на ўвазе кнігу «Чалавек з сонечнаю ўсмешкай», якая выйшла ў 2019 годзе і складаецца з успамінаў і артыкулаў пра Алега Антонавіча Лойку... 

Асоба Алеся Разанава фенаменальная. Рамантык-адраджэнец, паэт-шукальнік, майстар-віртуоз, філолаг з выключным слыхам, алхімік слова, які стварыў яскравую творчую лабараторыю. Незвычайна цікавы і таленавіты, крэатыўна-вынаходлівы, з неверагоднай энергетыкай, з арыгінальным, можна сказаць, унікальным стылем. Мысляр-думальшчык, філосаф. Ён шчодра дзяліўся ўласным досведам спазнання свету і быцця, пошукаў глыбінных і новых сэнсаў. Прызнаваўся:

Засяроджанаю душою я намацваю
дрогкую лінію сэнсу, 
                               па якой мушу ісці
дарэшты.

Прайшоў паэт свой няпросты шлях годна, да канца, дарэшты. Падаўся ў вечнасць, да якой належаў сваім існым духам, бо шукаў і цаніў тое, што мае вечны сэнс. А мне Алесь Сцяпанавіч на ўспамін пакінуў даволі красамоўны аўтограф на кнізе «Лясная дарога» (2005), у радках якога адчуваецца філасафічнасць, па-разанаўску адметны, у сваёй аснове афарыстычны, склад думкі:

Завяршэнне перакладаецца ў пачатак,
досвед — у дослед,
ветах — у маладзік.
Так, Алесь?
Алесю Бельскаму —
Алесь Разанаў.

...На вялікі жаль, тая сустрэча ў Нацыяналцы з Алесем Сцяпанавічам была апошняй, але і ў чымсьці сімвалічнай: Разанаў на фоне велічных постацяў асветнікаў мінулага, яны з разгорнутымі кнігамі ў руках. Паэт між сучасным і мінулым. І калі згадваю тыя кароткія хвіліны сустрэчы, то мне Алесь Разанаў бачыцца маштабна: як чалавек кніжнай культуры, прадстаўнік вялікай кніжнай эпохі, яе інтэлектуал і медыум. З выгляду Алесь Сцяпанавіч здаваўся спакойнаціхім, самазасяроджаным, насамрэч жа быў інтэлігентны і далікатны, шчыры і адкрыты да дыялогу-сумоўя. Такім будзе помніцца.

Алесь БЕЛЬСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».