Вы тут

У 2021 годзе горад Свіслач адзначыў свой чарговы юбілей


І ў 2021 годзе намаганнямі Свіслацкага райвыканкама была выдадзена чарговая кніга філакартыста Уладзіміра Ліхадзедава з серыі альбомаў «У пошуках страчанага» — «Ад Свіслачы да Белавежскай пушчы». Такім чынам і аўтар, і выдавецтва ТАА «Альфа-кніга» прадоўжылі творчы праект па ўзнаўленні памятак гісторыі з дапамогай старых паштовак «Бацькаўшчына».


Перагортваючы старонкі фаліянта, мы трапляем у розныя адметныя мясціны старажытнага краю. Знаёмімся са Свіслаччу першых дзесяцігоддзяў XX стагоддзя. Чыгуначны вакзал, Цэнтральная плошча, Уязная брама, помнік Рамуальду Траўгуту, настаўніцкая семінарыя, алея пры ёй, царква ў Свіслачы... Быццам трапляеш у жывую даўніну, шпацыруеш па старых вулачках мястэчка, знаёмішся з прашчурамі сённяшніх жыхароў пушчанскага краю. На адным са здымкаў — выкладчыкі Свіслацкай семінарыі. Цэлая кагорта адукаваных рупліўцаў асветы... Дарэчы, вядома, што ў настаўніцкай семінарыі, якая дзейнічала ў Свіслачы з 1876 да 1921 гг., выкладаў у 1877 — 1882 гады этнограф Мікалай Нікіфароўскі. Болей за 20 гадоў этнограф, краязнавец, фалькларыст супрацоўнічаў з славутым даследчыкам П. В. Шэйнам, дасылаў яму фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы. Працавала ў Свіслачы і гімназія (была заснавана як Гродзенская губернская акадэмічная гімназія ў 1804 годзе; сродкі на адкрыццё выдаткаваў граф Вінцэнт Тышкевіч). У 1834-м навучальная ўстанова была пераўтворана ў павятовую гімназію, затым рэарганізавана ў павятовае вучылішча. Праз 16 гадоў — у пяцікласнае дваранскае вучылішча, якое было закрыта ў 1851-м... Гімназія ў Свіслачы лічылася базавай школай для Віленскага ўніверсітэта... Вучыліся ў Свіслацкай гімназіі выдавец, мемуарыст Адольф Белакоз (1826 — 1865), публіцыст Віктар Гельтман (1796 — 1874), гісторык, пісьменнік і фалькларыст Юзаф Ігнацы Крашэўскі, падарожнік Адам Сузін і шмат якія іншыя знакамітасці.

Станцыя Свіслач. Пачатак ХХ стагоддзя.

...У прадмове да кнігі старшыня Свіслацкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Вярсоцкі адзначыў: «...Старыя фатаграфіі ўзнаўляюць праўдзівую гісторыю нашага краю, адкрываюць для жыхароў раёна новыя гістарычныя факты, спрыяюць глыбокаму вывучэнню сваёй малой радзімы.

Свіслач. Уязная брама. 1920-я гады.

Кожны фотаздымак — унікальная ў сваім родзе старонка гісторыі. Гэта не проста адбітак ці вобраз эпохі, а сапраўдны гістарычны дакумент, які можа распавесці вельмі многае. Напрыклад, колькі ўсяго дзіўнага і непаўторнага мы страцілі ў гады разбуральнай Вялікай Айчыннай вайны». І далей: «Нашы продкі, ствараючы пэўны ўклад жыцця, перадаючы з пакалення ў пакаленне традыцыі і звычаі, пакінулі нам самае дарагое — памяць. І таму задача пакалення цяперашняга — зберагчы і прымножыць гісторыка-культурную спадчыну. Такі гістарычна і прыродна багаты край не можа не прыцягнуць увагу турыстаў і падарожнікаў».

Жыхары Свіслачы. 1920-я гады.

Зазірнём у Поразава. Аўтар альбома, збіральнік старых артэфактаў запрашае нас да касцёла. А вось і сустрэча з хрэсным ходам у 1930-я гады. Ад двухпавярховай плябаніі ідзём да Свята-Нікольскай царквы. Зазірнём і ў школу. Вось вучні сабраліся на свята. А наступны здымак — заняткі па гімнастыцы...Сустрэнемся мы з поразаўцамі і на жніве. Стомленыя гаспадары на фоне складзеных у бабкі снапоў. Дарэчы, збор фатаграфічных выяў на поразаўскую тэму ў калекцыянера даволі істотны, таму і асобны раздзел у кнізе прысвечаны аднаму гэтаму паселішчу — «Поразава».

Імператарскі Белавежскі палац. Канец ХІХ ст.

А ў раздзеле «Ваколіцы Свіслачы» — ілюстрацыйны расповед пра Баяры, Вердамічы, Вялікія Грынкі... Здымкі з Вялікіх Грынак — з 1917 года. На выявах — сяляне з рознымі сваімі клопатамі. Даволі цікавыя паштоўкі з Гарнастаевіч адлюстроўваюць сядзібны дом, аранжарэю, фрагмент парку... Упэўнены, што, пазнаёміўшыся з кнігай «Ад Свіслачы да Белавежскай пушчы», вы абавязкова выправіцеся ў падарожжа на Гродзеншчыну, да Свіслачы і яе ваколіц. Ды абавязкова зазірніце ў Белавежскую пушчу. А ў кнізе Уладзіміра Ліхадзедава, пра якую ідзе гаворка, — даволі цікавая віртуальная экскурсія і па Белавежскай пушчы. Сувенірныя паштоўкі з 1908 года знаёмяць з высакароднымі аленямі, зубрамі, дзікімі кабанамі, пасекай і пушчанскімі паселішчамі, прыгожым грабавым лесам... Часам здаецца, што зубры пазіравалі фатографам, даючы сябе як след разгледзець, магчымасць зрабіць надзвычай цікавыя пастановачныя кадры. Шэраг здымкаў — і пра ўраган, які нанёс Белавежскай пушчы немалую шкоду 15 чэрвеня 1904 года. Вядома, што гэтыя падзеі сфатаграфаваў В. Паўленка. Здымкі з'яўляюцца важнай гісторыка-прыродазнаўчай інфармацыяй. Уражваюць і выявы старых дрэў. Пэўна ж, магутныя дубы... А якім сімпатычным глядзіцца бор! Нельга адвесці вочы ад сувенірных паштовак з маляўнічымі фатаграфічнымі партрэтамі асобных сосен, альшаніку і асінніку...

Стокі. Вясковая хата. 1916 год.

Уражальная кніга калекцыянера, лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава — адна з шэрага іншых альбомаў, што складаюць цэлую серыю пра гарады і рэгіёны Гродзеншчыны. У гэтай серыі ёсць рэдакцыйная калегія: А. Вярсоцкі, В. Лісковіч, В. Пранюк, І. Булаўка. Ужо ўбачылі свет кнігі пра Навагрудак, Смаргонь, Слонім... Будзем спадзявацца, што ўся Гродзеншчына знойдзе сваё ўвасабленне на старонках філакартычныых альбомаў, падрыхтаваных Уладзімірам Ліхадзедавым. А мо і іншыя вобласці краіны ў межах праекта «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага» здзейсняць падобнага характару выданні? Яны, несумненна, стануць добрымі дапаможнікамі ў школьным навучанні, у выхаваўчай, асветніцкай рабоце.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Фотаілюстрацыі з кнігі Уладзіміра Ліхадзедава «Ад Свіслачы да Белавежскай пушчы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».